Антыфэйк / фактчэк Сёння

Рэферэндум, якога не было: як на дзяржТБ апісалі далучэнне Заходняй Беларусі да БССР у 1939-м

Вядоўца Ксенія Лебедзева заявіла, што Чырвоная армія напала на Польшчу, бо СССР хацеў «абараніць сваіх».

Вядоўца Першага інфармацыйнага тэлеканалу Ксенія Лебедзева заявіла, што ў 1939 годзе Заходнюю Беларусь уключылі ў склад БССР шляхам рэферэндуму. Аднак усенароднага галасавання па гэтым пытанні не праводзілі. Праз месяц пасля ўступлення Чырвонай арміі, 29 кастрычніка, Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю аб уваходжанні ў БССР. У пачатку лістапада Вярхоўны Савет СССР прыняў рашэнне аб уключэнні гэтай тэрыторыі ў склад СССР.

Кантэкст: 17 верасня ў Беларусі адзначаюць Дзень народнага адзінства. У гэты дзень у 1939 годзе Чырвоная армія ўвайшла ў Польшчу, пасля чаго землі Заходняй Беларусі далучылі да БССР. Аляксандр Лукашэнка заснаваў свята ўказам у 2021 годзе. Улады ставяць яго паводле значнасці ў адзін шэраг з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці, аднак параду 17 верасня не праводзяць і дадатковага выходнага ў беларусаў няма. Лукашэнка тлумачыў гэта тым, што ў краіне і так занадта шмат выходных.

15 верасня 2026 года вядоўца праграмы «Гэта іншае» на Першым інфармацыйным тэлеканале* Ксенія Лебедзева заявіла, што Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР у выніку рэферэндуму:

«У верасні 1939 года Чырвоная армія ўвайшла ва ўсходнія раёны Польшчы, пасля таго як польскі ўрад пакінуў краіну разам з залатым запасам і перабраўся ў Лондан. На той момант Польшча практычна не існавала, а людзей, значная частка якіх была беларусамі, не было каму абараніць ад гітлераўскай армады, якая тады наступала. Калі б не Чырвоная армія тады, то войскі Вермахта стаялі б тады ля Менску ўжо ў 39-м. СССР прыняло рашэнне абараніць сваіх. Шляхам рэферэндуму гэтыя землі былі ўключаныя ў склад Украінскай і Беларускай ССР».

Сцвярджэнне пра тое, што да моманту савецкага ўварвання Польшча практычна перастала існаваць, а яе кіраўніцтва ўжо пакінула краіну, мы разбіралі раней.

Польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі пакінуў краіну ўжо пасля ўварвання савецкіх войскаў. У звароце 17 верасня ён заявіў, што вышэйшыя органы дзяржаўнай улады вымушаныя з’ехаць з Польшчы, паколькі краіна апынулася пад ударам адначасова з захаду і ўсходу.

Польскія вайскоўцы таксама аказвалі савецкім войскам узброены супраціў. Гэта зафіксавала ў тым ліку савецкая кінахроніка. У дакументальным фільме «Да падзей у Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі», знятым «Маскоўскай студыяй кінахронікі» ў 1939 годзе, паведамлялася:

«Польскія афіцэры, схаваўшыся ў казармах і касцёлах, з гармат і кулямётаў абстрэльвалі чырвонаармейскія часці, якія ўваходзілі ў гарады».

Не было і рэферэндуму аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Рэферэндум прадугледжвае ўсенароднае галасаванне, на якім грамадзяне непасрэдна выказваюцца па вынесеным пытанні. У 1939 годзе працэдура была іншая. Праз месяц і 11 дзён пасля ўступлення Чырвонай арміі на гэтых тэрыторыях правялі Народны сход Заходняй Беларусі. Ён складаўся з дэпутатаў, абраных на папярэдніх выбарах. 29 кастрычніка Народны сход прыняў дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР.

У пачатку лістапада рашэнне аб далучэнні тэрыторыяў прынялі на ўзроўні Вярхоўнага Савету СССР. То-бок жыхары выбіралі дэпутатаў, а ўжо тыя прымалі рашэнне аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР. Асобнага ўсенароднага галасавання аб далучэнні сярод жыхароў Заходняй Беларусі ці СССР не праводзілі.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць