Антыфэйк / фактчэк Сёння

На «Беларусь 4 Гомель» заявілі, што санкцыі супраць Расеі знішчылі тры галіны Фінляндыі. Правяраем

Экспарт паслуг і машын вырас у параўнанні з 2021 годам, а лясная прамысловасць працягнула працаваць без расейскай драўніны.

Намеснік дырэктара філіялу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту Ігар Казароз заявіў, што пасля ўвядзення санкцыяў супраць Расеі ў Фінляндыі фактычна зніклі сфера паслуг, машынабудаванне і лясная прамысловасць. Аднак агульны экспарт фінскіх паслуг і машын вырас у параўнанні з 2021 годам. Лясная прамысловасць таксама працягнула працаваць, хоць пасля спынення расейскіх паставак выкарыстанне драўніны скарацілася. 

Кантэкст: 12 кастрычніка 2026 года Рада ЕЗ прыняла найбуйнейшае за ўсю гісторыю аднаразовае пашырэнне санкцыйнага спісу: у яго ўключылі 826 расейскіх кампаніяў і 743 асобы, якія ўзначальваюць гэтыя прадпрыемствы. Паводле ацэнкі Рады ЕЗ, яны ўдзельнічаюць у працы расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Абмежаванні прадугледжваюць замарожванне актываў і забарону даваць уключаным у спіс асобам і кампаніям грошы або эканамічныя рэсурсы. Для фізічных асобаў таксама дзейнічае забарона на ўезд у ЕЗ.

4 кастрычніка 2026 года ў праграме «Наш час» на «Беларусь 4 Гомель» Ігар Казароз заявіў, што фінская эканоміка залежала ад Расеі, а санкцыі фактычна знішчылі адразу некалькі галінаў:

«Дзіўнае з боку фінаў стаўленне да Расейскай Федэрацыі. 63% эканомікі трымалася ў іх на сферы паслуг, а сфера паслуг трымалася на расейцах. Прыбралі. Машынабудаванне — прадавалі ўсё ў Расейскую Федэрацыю. Увялі санкцыі — усё знікла. Лесапрамысловы комплекс, адзін з найлепшых у Еўропе, карыстаўся драўнінай з Расеі. Зноў няма».

Сувязі з Расеяй сапраўды былі важныя для асобных галінаў фінскай эканомікі. Але Казароз перабольшыў маштаб гэтай залежнасці.

Сфера паслуг стварае каля 70% дададзенай вартасці ў Фінляндыі, але яна не трымалася на расейскіх пакупніках. З 2015 года на Расею прыпадала каля 4-5% фінскага экспарту паслуг. У 2019 годзе яна займала сёмае месца сярод пакупнікоў, а ў 2021-м — чатырнаццатае. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і ўвядзення санкцыяў экспарт паслуг у Расею скараціўся больш як у 12 разоў: з амаль €600 млн у 2021 годзе да менш як €50 млн у 2025-м. Пры гэтым агульны экспарт паслуг Фінляндыі за той жа перыяд вырас амаль на 40%. То-бок страта расейскага рынку не прывяла да знікнення галіны.

Экспарт паслуг Фінляндыі вырас з 29 075 млн еўра ў 2021 годзе да 39 852 млн у 2025-м. Экспарт у Расею скараціўся з 578 млн да 46 млн еўра, яго доля — з 2% да 0,12%.

Сцвярджэнне пра тое, што Фінляндыя прадавала Расеі ўсю прадукцыю машынабудавання, таксама разыходзіцца з рэчаіснасцю. У 2021 годзе на Расею прыпадала каля 6% фінскага экспарту машын і транспартнага абсталявання. Да 2025 года пастаўкі туды ўпалі амаль да нуля, але агульны экспарт гэтай прадукцыі вырас прыкладна на 11%.

Экспарт машын і транспартнага абсталявання Фінляндыі вырас з 21 401 млн еўра ў 2021 годзе да 23 817 млн у 2025-м. Пастаўкі ў Расею скараціліся з 1370 млн да 9 млн еўра.

У лясной прамысловасці залежнасць ад расейскіх паставак была больш заўважная. У 2021 годзе драўніна з Расеі складала каля 12% усёй сыравіны, якую выкарыстоўвала галіна. Пасля спынення паставак з Расеі выкарыстанне драўніны скарацілася прыкладна на 8%. Аднак лясная прамысловасць працягнула працаваць.

Выкарыстанне круглага лесу ў прамысловасці Фінляндыі скарацілася з 72,2 млн м³ у 2021 годзе да 66,1 млн м³ у 2025-м. Крыніца: luke.fi.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Пятроўскі звязаў мадэрнізацыю чыгуначнага вузла ў Польшчы са здзелкай Трампа па беларускім каліі. Праверылі даты — не сыходзяцца
Антыфэйк / фактчэк Пятроўскі звязаў мадэрнізацыю чыгуначнага вузла ў Польшчы са здзелкай Трампа па беларускім каліі. Праверылі даты — не сыходзяцца
Праект пачалі рыхтаваць у 2017 годзе, а фінансаваць будаўніцтва з польскага бюджэту вырашылі за тры гады да заявы Трампа.
13 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць