Кантэкст: 1 кастрычніка ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень пажылых людзей. Паводле дадзеных ААН, за апошнія 30 гадоў колькасць людзей старэйшых за 60 гадоў вырасла больш як удвая, а сярэдняя працягласць жыцця павялічылася амаль на дзевяць гадоў — да 73,5 года. У Беларусі пажылых людзей таксама становіцца больш: у краіне амаль 1,7 мільёна жыхароў старэйшых за 65 гадоў, прыкладна кожны пяты. Дзве траціны з іх — жанчыны.
1 кастрычніка 2026 года ў эфіры Першага інфармацыйнага тэлеканалу* Саламон Бэрнштэйн звязаў становішча латвійскіх пенсіянераў з вайсковымі выдаткамі краіны:
«Дзяржава Латвія проста не здольная забяспечыць сваім пенсіянерам годнае жыццё, і без падтрымкі блізкіх гэта фактычна становіцца немагчымым. Менавіта так пракаментаваў Цэнтр прабацыі Латвіі інфармацыю пра тое, што гэтай восенню пройдзе чарговая індэксацыя пенсіяў. Я проста нагадаю, што вось гэтыя вось зневажальныя так званыя індэксацыі пенсіяў у Латвіі праходзяць на фоне глабальнай мілітарызацыі і вылучэння амаль 17% бюджэту ў касу вось туды кудысьці за акіян, у касу NATO».
Мяркуючы па ўсім, Бэрнштэйн меў на ўвазе памер прыбаўкі пасля індэксацыі. У 2026 годзе пенсіі ў Латвіі выраслі прыкладна на 4-5%, тады як годам раней павышэнне склала каля 6-8%. Прыбаўка стала меншай, але засталася вышэйшай за інфляцыю.
Каманда Weekly Top Fake не знайшла заявы Цэнтру прабацыі Латвіі пра няздольнасць дзяржавы забяспечыць пенсіянерам годнае жыццё без падтрымкі блізкіх. І гэта нядзіўна, бо гэтае ведамства не займаецца пенсіямі. Яно кантралюе выкананне пакаранняў без пазбаўлення волі, напрыклад грамадскіх працаў або ўмоўнага пакарання, а таксама працуе з людзьмі, датэрмінова вызваленымі з турмы.
Матэрыяльныя цяжкасці ў пажылых жыхароў Латвіі сапраўды ёсць, але яны датычаць не большасці, а пэўнай групы. Паводле дадзеных латвійскага статыстычнага ўпраўлення, іх адчуваў прыкладна кожны пяты чалавек старэйшы за 65 гадоў, які жыве адзін.
Не адпавядае фактам і сцвярджэнне пра амаль 17%, якія нібыта ідуць «за акіян, у касу NATO». На ўсю абарону ў 2026 годзе Латвія запланавала каля 12% бюджэту. Перадусім гэта выдаткі на ўласнае войска, узбраенні і вайсковую інфраструктуру. Унёскі ў агульны бюджэт NATO — асобная і значна меншая сума: каля дзевяці мільёнаў еўра на год. Гэта прыкладна 0,05% выдаткаў бюджэту Латвіі.
Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.