Антыфэйк / фактчэк Сёння

ЕЗ патрабуе ад Латвіі выразаць чвэрць дойных кароваў? Праверылі паведамленне News.by

Колькасць кароваў, якіх плануюць ахапіць экалагічнымі захадамі, на тэлеканале выдалі за пагалоўе, якое павінна застацца ў Латвіі.

На Першым інфармацыйным тэлеканале паведамілі, што Латвія павінна знішчыць чвэрць сваіх дойных кароваў, інакш не атрымае €47 млн еўрапейскіх субсідыяў. Аднак у дакладзе латвійскага Мінсельгасу гаворка ідзе пра іншае — грошы прызначаныя для паляпшэння кармлення і ўмоваў утрымання жывёлы, а таксама развіцця арганічных малочных гаспадарак. Паказнікі гэтых праграмаў не вызначаюць, колькі кароваў павінна застацца ў краіне.*

Кантэкст: 6 кастрычніка 2026 года Еўракамісія прадставіла пакет прапановаў па падрыхтоўцы ЕЗ да пашырэння. Еўракамісарка Марта Кос патлумачыла, што частку рашэнняў прапануюць прымаць кваліфікаванай большасцю замест аднагалосся, каб адна краіна не магла блакаваць рашэнні, падтрыманыя астатнімі. Адначасова Брусель прапануе ўзмацніць гарантыі захавання дэмакратычных прынцыпаў пасля ўступлення новых краінаў. Яшчэ адзін кірунак — паступовае далучэнне краінаў-кандыдатак да еўрапейскіх праграмаў да паўнавартаснага сяброўства.

7 кастрычніка 2026 года на Першым інфармацыйным тэлеканале паведамілі, што еўрапейскае фінансаванне для Латвіі нібыта залежыць ад скарачэння пагалоўя дойных кароваў:

«Следам за рыбным промыслам Рыга пад ціскам Бруселю вымушаная знішчаць цяпер і ўласную сельскую гаспадарку. Паводле планаў Міністэрства сельскай гаспадаркі, сфармаваных на аснове “зялёных дырэктываў” ЕЗ, да 2027 года ў краіне павінна застацца ўсяго 94 тыс. дойных кароваў з цяперашніх 120 тыс. Апраўдваюць гэта тым, што выразанне чвэрці нацыянальнага статка неабходнае дзеля зніжэння выкідаў парніковых газаў на 24,5 тыс. тонаў на год. Пры гэтым план — не прапанова, а хутчэй ультыматум. Рыга атрымае €47 млн у выглядзе еўрапейскіх субсідыяў у наступным годзе толькі ў выпадку выканання дырэктывы аб ліквідацыі жывёлы».

Мяркуючы па ўсім, асновай для паведамлення стаў артыкул латвійскага выдання bb.lv. У ім сапраўды сцвярджаецца, што да 2027 года ў Латвіі застанецца 94 тысячы дойных кароваў. Для параўнання аўтар прыводзіць каля 120 тысяч жывёлаў у сярэдзіне 2020-х. Аднак лічба 120 тысяч ужо састарэла, прыкладна столькі дойных кароваў у Латвіі было ў 2023 годзе. На канец 2025-га іх налічвалася каля 112 тысяч.

Галоўная памылка — у трактоўцы паказнікаў дакладу Мінсельгасу. Яны апісваюць, колькі жывёлы плануюць ахапіць канкрэтнымі захадамі па зніжэнні выкідаў, а не колькі кароваў павінна застацца ў краіне. Для 75 тысяч кароваў плануюць змяніць рацыён і палепшыць якасць кармоў. На адпаведныя захады прадугледжана каля €34 млн. Яшчэ амаль €14 млн прызначаныя для арганічнай малочнай жывёлагадоўлі, колькасць кароваў у такіх гаспадарках хочуць павялічыць удвая, да 17 тысяч. Пры гэтым частка жывёлы можа не ўдзельнічаць ні ў адной з праграмаў.

Каля €47 млн — гэта фінансаванне змены кармлення, умоваў утрымання жывёлаў і развіцця арганічных гаспадарак. Патрабавання знішчыць чвэрць дойных кароваў дзеля атрымання гэтых грошай у апісаных захадах няма.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Пятроўскі звязаў мадэрнізацыю чыгуначнага вузла ў Польшчы са здзелкай Трампа па беларускім каліі. Праверылі даты — не сыходзяцца
Антыфэйк / фактчэк Пятроўскі звязаў мадэрнізацыю чыгуначнага вузла ў Польшчы са здзелкай Трампа па беларускім каліі. Праверылі даты — не сыходзяцца
Праект пачалі рыхтаваць у 2017 годзе, а фінансаваць будаўніцтва з польскага бюджэту вырашылі за тры гады да заявы Трампа.
13 кастрычніка 2026 Чытаць
Аўдонін назваў узровень беларускага пашпарта надзвычай высокім. Але бязвізавых напрамкаў з ім менш, чым у суседзяў
Антыфэйк / фактчэк Аўдонін назваў узровень беларускага пашпарта надзвычай высокім. Але бязвізавых напрамкаў з ім менш, чым у суседзяў
З беларускім пашпартам даступныя 78 напрамкаў без загадзя аформленай візы — на 30 менш за сярэднесусветны паказнік.
11 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць