Антыфэйк / фактчэк Сёння

Пятроўскі звязаў мадэрнізацыю чыгуначнага вузла ў Польшчы са здзелкай Трампа па беларускім каліі. Праверылі даты — не сыходзяцца

Праект пачалі рыхтаваць у 2017 годзе, а фінансаваць будаўніцтва з польскага бюджэту вырашылі за тры гады да заявы Трампа.

Палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў, што Польшча мадэрнізуе чыгуначны вузел у Малашэвічах за ўласныя грошы, каб зарабіць на транзіце беларускага калію. Паводле яго, Польшча разлічвае зарабіць на пастаўках, пра якія Трамп загаварыў увосень 2026-га. Але праект пачалі рыхтаваць яшчэ ў 2017 годзе, а рашэнне аплаціць будаўнічыя працы з польскага бюджэту прынялі ў 2023-м.

Кантэкст: У кастрычніку 2026 года ў ЗША чакаецца пастаўка 30 тысяч тон беларускага калію. Пра яе паведаміла галіновае агенцтва Argus Media. Доналд Трамп заявіў, што Вашынгтон рыхтуе «маштабную здзелку» з Беларуссю і разлічвае купляць калій «істотна танней», чым у Канады. Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс, аднак, заявіў, што транзіт беларускага калію ў ЗША праз Літву немагчымы, паколькі забаронены санкцыямі Еўразвязу.

30 верасня 2026 года ў эфіры «Альфа Радыё» і СБТВ Пётр Пятроўскі, адказваючы на пытанне пра наступствы допісу Доналда Трампа аб здзелцы па закупе калійных угнаенняў, звязаў нядаўнія польска-беларускія дыпламатычныя кантакты з магчымасцю Варшавы зарабіць на транзіце калію. У пацвярджэнне ён прывёў мадэрнізацыю чыгуначнага вузла на мяжы з Беларуссю:

«Не праз тое, што там палякі раптам празрэлі і захацелі палепшыць адносіны з Беларуссю, яны вось гэтым займаюцца. Не, не праз гэта. Яны гэтым займаюцца з адной простай прычыны — таму што запахла грашыма, запахла магчымасцю зарабіць на транзіце, і, вядома ж, яны адразу ўключыліся. Больш за тое, калі вы паглядзіце, яны за ўласны кошт, без грошай Еўрапейскага звязу, цяпер мадэрнізуюць там перавалачны пункт і іншае ў Люблінскім ваяводстве на мяжы з Беларуссю, чыгуначнае. Для чаго? Для таго, каб павялічыць прапускную здольнасць і транзітныя магчымасці Польшчы».

Польшча сапраўды плануе мадэрнізаваць чыгуначны вузел у Малашэвічах на мяжы з Беларуссю. Пасля рэканструкцыі яго прапускная здольнасць павінна вырасці прыкладна ўдвая — да больш як 30 пар цягнікоў за содні. Будаўнічыя працы плануюць аплаціць з польскага бюджэту.

Падрыхтоўку праекту пачалі яшчэ ў 2017 годзе. Прычым на гэтым этапе Еўразвяз пакрыў 85% выдаткаў. То-бок еўрапейскія грошы ў праекце ўдзельнічалі.

Польшча працягнула рыхтаваць мадэрнізацыю і пасля ўвядзення санкцыяў ЕЗ супраць беларускага калію. У студзені 2022 года Варшава падала заяўку на еўрапейскае фінансаванне будаўнічых працаў: меркавалася, што Еўразвяз аплаціць палову кошту праекту. Гэтага фінансавання Польшча не атрымала. У 2023 годзе ўлады вырашылі правесці мадэрнізацыю за дзяржаўныя сродкі. Рашэнне выкарыстаць уласны бюджэт, якое Пятроўскі звязаў з перспектывай транзіту калію, прынялі за некалькі гадоў да цяперашніх перамоваў пра пастаўкі ў ЗША.

Затым праект застопарыўся. Вярнуцца да яго рэалізацыі ўдалося пасля таго, як у студзені 2026 года кампанію, якая кіруе інфраструктурай Малашэвічаў, перадалі пад кіраванне дзяржаўнай чыгуначнай кампаніі PKP PLK. Гэта адбылося за два месяцы да зняцця амерыканскіх санкцыяў з беларускага калію. Пра маштабную здзелку па яго закупе Трамп загаварыў толькі ў верасні — праз восем месяцаў пасля аднаўлення працы над праектам.

Польскія ўлады тлумачылі неабходнасць пашырэння вузла ростам перавозак паміж Азіяй і Еўропай, перадусім грузаў з Кітая, Японіі і Паўднёвай Карэі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць