Антыфэйк / фактчэк Сёння

Насельніцтва Баранавічаў пры Польшчы скарацілася? У «Галоўным эфіры» прапусцілі зноску ў статыстычных дадзеных

Без часова размешчаных у бараках людзей перапісы паказваюць амаль двухразовы рост насельніцтва за 1921—1931 гады.

У праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным канале* заявілі, што за першыя дзесяць гадоў у складзе Польшчы насельніцтва Баранавічаў скарацілася больш чым на 20%. Каманда Weekly Top Fake вывучыла польскую статыстыку і высветліла, што ў паказнік за 1921 год уключылі тысячы людзей, якія часова знаходзіліся ў горадзе. Без іх параўнанне паказвае амаль двухразовы рост насельніцтва.

Кантэкст: У верасні 2026 года міністры замежных спраў Польшчы і Беларусі Радослаў Сікорскі і Максім Рыжанкоў сустрэліся ў Нью-Ёрку на палях Генасамблеі ААН. Яны абмеркавалі сітуацыю на мяжы і рэгіянальную бяспеку. Сікорскі назваў сустрэчу азнаямленчай і паведаміў пра будучае адкрыццё новага будынку польскай амбасады ў Менску. Паводле яго, дыялогу спрыялі стабілізацыя сітуацыі на мяжы дзякуючы польскім памежным агароджам і вызваленне палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута. Пачобут — журналіст і актывіст Саюзу палякаў Беларусі. Пасля вызвалення ён прыехаў у Беларусь 8 верасня 2026 года, а 15 верасня вярнуўся ў Польшчу.

20 верасня 2026 года ў праграме «Галоўны эфір» паказалі сюжэт пра «першы і адзіны пакуль музей народнага адзінства» ў Баранавічах, у якім паказваюць «жыццё гораду ў складзе Польшчы — з беспрацоўем, тады адсутнасцю лекараў і немагчымасцю атрымаць базавую адукацыю».

«За першыя 10 гадоў пад Польшчай насельніцтва Баранавічаў скарацілася з 28 да 22 тысяч. Гэта больш чым на 20%. Беспрацоўе было хранічным», — расказала карэспандэнтка.

У польскім статыстычным зборніку паводле вынікаў перапісу 1931 года для Баранавічаў сапраўды прыведзеныя блізкія лічбы: каля 28 тысяч чалавек у 1921 годзе і амаль 23 тысячы — у 1931-м. Аднак там жа ёсць зноска, без якой параўнанне ўводзіць у зман. Яна тлумачыць: у лік за 1921 год уключылі 16 630 чалавек, якія знаходзіліся ў бараках Упраўлення па рээміграцыі. Гэта былі людзі, якія вярталіся ў Польшчу, у тым ліку ўцекачы і ваеннапалонныя. Яны часова размясціліся ў Баранавічах — буйным чыгуначным вузле.

Статыстычная служба тут жа ўдакладняе: калі выключыць гэтых людзей, насельніцтва гораду за дзесяць гадоў амаль падвоілася. У «Галоўным эфіры» гэтага тлумачэння не прывялі.

Крыніца: Цэнтральная статыстычная бібліятэка Польшчы / «Wiadomości Statystyczne» («Статыстычныя весткі»), № 7 ад 5 сакавіка 1932 года

Alt: Фрагмент польскай статыстычнай табліцы: падкрэсленыя дадзеныя пра Баранавічы і зноска пра 16 630 людзей у бараках. Без іх рост насельніцтва за 1921–1931 гады склаў 99,2%.

Асобны лік жыхароў Баранавічаў ёсць і ў зборніку паводле вынікаў перапісу 1921 года — каля 11,5 тысячы. Менавіта яго трэба параўноўваць з амаль 23 тысячамі жыхароў у 1931 годзе.

Сярод беларускіх гарадоў, прадстаўленых у польскай статыстыцы, няма ніводнага, насельніцтва якога за гэтыя дзесяць гадоў скарацілася.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць