Кантэкст: У сярэдзіне верасня 2026 года памочнік Уладзіміра Пуціна і былы кіраўнік ФСБ Мікалай Патрушаў заявіў, што ў выпадку ўступлення Польшчы ў вайсковыя дзеянні супраць Расеі яна можа знікнуць за два-тры дні. У адказ міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заклікаў Маскву «ўсвядоміць суадносіны сілаў» і разумець, «на што яна ідзе, калі пагражае» Польшчы. Паводле яго, Расея мае перавагу ў ядравай зброі, аднак вайна ва Украіне паказала, што скарыстацца ёю не так проста, а дамагчыся перамогі з дапамогай ядравага шантажу не ўдаецца.
14 верасня 2026 года ў эфіры ток-шоу «Па сутнасці» на тэлеканале СТБ палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў, што перад Другой сусветнай вайной кіраўніцтва Польшчы збіралася разам з нацысцкай Нямеччынай напасці на Савецкі Саюз і падзяліць яго тэрыторыю:
«Вялі перамовы з [рэйхсміністрам авіяцыі нацысцкай Нямеччыны Гэрманам] Гёрынгам з 35-га па 38-ы год у Белавежскай пушчы, з [маршалам Польшчы Эдвардам] Рыдзам-Сьміглым і [міністрам замежных справаў Польшчы Юзэфам] Бэкам. Кожнае лета прыязджаў і паляваў, і размаўляў: “А што ж нам рабіць?” І канкрэтныя прапановы былі. Больш за тое, польскі бок на іх пагаджаўся: падзяліць Савецкі Саюз. БССР, УССР — вось тая Усходняя Беларусь, Усходняя і Цэнтральная Украіна ўваходзяць у склад Польшчы. Прыбалтыка, Цэнтральная Расея ўваходзяць у склад Трэцяга райху. Яны наўпрост пра гэта гаварылі».
Гёрынг сапраўды прапаноўваў Польшчы сумесныя дзеянні супраць СССР. Пра гэта гаворыцца ў службовай нататцы польскага МЗС ад лютага 1935 года. Ён прапанаваў антысавецкі саюз і «сумесны паход на Расею», а Украіну называў магчымай сферай уплыву Польшчы. Але сцвярджэнне Пятроўскага пра тое, што польскі бок пагадзіўся з гэтай прапановай, не адпавядае зместу той жа службовай нататкі. У ёй апісаная рэакцыя Юзэфа Пілсудскага на ідэю Гёрынга аб сумесным паходзе супраць СССР: польскі лідар размову на гэтую тэму не падтрымаў.
Пасля смерці Пілсудскага Гёрынг працягнуў перамовы з польскім кіраўніцтвам. У лютым 1937 года ён сустрэўся з маршалам Эдвардам Рыдзам-Сьміглым. Гёрынг зноў гаварыў пра пагрозу з боку СССР і прапаноўваў развіваць супрацу Нямеччыны і Польшчы. Рыдз-Сьміглы ў адказ заявіў, што не лічыць СССР гатовым да нападу. Пры гэтым ён запэўніў, што ў выпадку міжнароднага канфлікту Польшча не стане на бок бальшавікоў. Згоды на сумесны напад на СССР гэта не азначала.
У лістападзе таго ж года міністр замежных справаў Польшчы Юзэф Бэк пісаў, што краіна не можа далучыцца нават да Антыкамінтэрнаўскага пакту Нямеччыны, Італіі і Японіі. Ён тлумачыў гэта тым, што СССР з’яўляецца суседам Польшчы, а сама краіна прынцыпова выступае супраць удзелу ў палітычных блоках.