Антыфэйк / фактчэк Сёння

У ЕЗ меншасць важнейшая за большасць? Праверылі словы Пятроўскага пра Лісабонскую дамову

Абарону правоў меншасцяў палітолаг прадставіў як прыярытэт іх інтарэсаў.

Палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў, што Лісабонская дамова наўпрост ставіць інтарэсы меншасці вышэй за інтарэсы большасці. Так ён супрацьпаставіў Еўразвяз Беларусі, дзе, паводле яго, улада дзейнічае ў інтарэсах большасці. Аднак палажэнне аб правах меншасцяў, на якое, верагодна, спасылаўся Пятроўскі, такога прыярытэту не ўсталёўвае.

Кантэкст: У Вялікай Брытаніі абмяркоўваюць будучыя адносіны з Еўразвязам праз шэсць гадоў пасля выхаду з яго. 29 верасня 2026 года прэм'ер-міністр Эндзі Бэрнэм выступіў на канферэнцыі Лейбарысцкай партыі, а затым у інтэрв'ю BBC назваў вяртанне ў ЕЗ адным з магчымых варыянтаў. Рашэння аб новым рэферэндуме ён не абвяшчаў. Паводле апытання YouGov, праведзенага 24-25 верасня і апублікаванага 30 верасня, вяртанне падтрымліваюць 59% брытанцаў, супраць выступаюць 32%.

25 верасня 2026 года на ютуб-канале Słowo Prawdy («Слова праўды») Пётр Пятроўскі заявіў, што ўлады Еўразвязу, у адрозненне ад беларускіх, дзейнічаюць у інтарэсах меншасці. Паводле яго словаў, гэта наўпрост замацавана ў Лісабонскай дамове:

«І вось такая розніца — калі ўлада ў Беларусі дзейнічае ў інтарэсах большасці, то нават у Лісабонскай дамове Еўрапейскага звязу наўпрост напісана ў артыкуле 2, што ў Еўрапейскім звязе нейкая дзіўная дэмакратыя. Дэмакратыя меншасці. Што інтарэс меншасці важнейшы за інтарэс большасці».

Артыкул 2 Лісабонскай дамовы змяшчае змены ў Дамову аб заснаванні Еўрапейскай супольнасці. Палажэння пра тое, што інтарэсы меншасці важнейшыя за інтарэсы большасці, у ім няма. Лісабонская дамова змяніла і іншы асноватворны дакумент — Дамову аб Еўрапейскім звязе. У яе артыкуле 2 сапраўды згадваюцца меншасці. Верагодна, менавіта яго меў на ўвазе Пятроўскі.

Гэты артыкул пералічвае каштоўнасці, на якіх заснаваны Еўразвяз: павагу да чалавечай годнасці, свабоду, дэмакратыю, роўнасць, вяршэнства права і павагу да правоў чалавека. Апошнія ўключаюць правы людзей, якія належаць да меншасцяў. Артыкул таксама называе недыскрымінацыю і талерантнасць сярод прынцыпаў грамадства, у якім гэтыя каштоўнасці з'яўляюцца агульнымі для дзяржаваў ЕЗ. Прыярытэту інтарэсаў меншасці над інтарэсамі большасці ён не ўсталёўвае.

Абароне меншасцяў прысвечаная і рэзалюцыя Еўрапарламенту ад 13 лістапада 2018 года аб мінімальных стандартах для меншасцяў у ЕЗ. У ёй адзначаецца, што дыскрымінацыя, пераслед і гвалт перашкаджаюць людзям карыстацца асноўнымі правамі і свабодамі і ўдзельнічаць у жыцці грамадства на роўных. Еўрапарламент таксама нагадвае, што кожны грамадзянін ЕЗ павінен атрымліваць аднолькавую ўвагу з боку інстытутаў Еўразвязу.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
СТБ запісаў Вільню ў лідары паводле падаражэння грамадскага транспарту. Але паводле росту цэн на доўгатэрміновыя праязныя яна дзясятая з 14
Антыфэйк / фактчэк СТБ запісаў Вільню ў лідары паводле падаражэння грамадскага транспарту. Але паводле росту цэн на доўгатэрміновыя праязныя яна дзясятая з 14
Greenpeace параўнаў доўгатэрміновыя праязныя ў еўрапейскіх сталіцах — у літоўскай за тры гады яны падаражэлі прыкладна на 10%.
10 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць