Кантэкст: 6 кастрычніка 2026 года ў Францыі прайшлі чарговыя пратэсты з удзелам школьнікаў і студэнтаў. Паводле дадзеных МУС, у іх удзельнічалі 266 тысяч чалавек, арганізатары налічылі 450 тысяч. У 891 ліцэі заняткі цалкам або часткова прыпынілі. Пратэсты пачаліся ў верасні, сярод патрабаванняў — больш рэсурсаў для адукацыі. Удзельнікі скардзяцца на недахоп настаўнікаў, перапоўненыя класы, стан будынкаў і недахоп абсталявання.
5 кастрычніка 2026 года ў эфіры Першага інфармацыйнага тэлеканалу* Андрэй Сыч звязаў палітычную будучыню Макрона з фінансавымі праблемамі Францыі і дапамогай Украіне:
«Ён збіраецца балатавацца. На ўсе пытанні адносна будучыні спадар маленькі Маню адказвае, што ён пакуль не вызначыўся, калі яго пытаюцца: “Ці будзеце вы балатавацца?”. Хоць усе ведаюць, што паводле закону нельга, ён кажа, што гэтае пытанне пакуль не стаіць на парадку дня. То-бок, глядзіце, вось мы кажам: чаму няма грошай? Таму што ўсё ідзе на Украіну. Дзяржаўны бюджэт Францыі пакутуе каласальна».
Макрон сапраўды крытыкаваў забарону на трэці прэзідэнцкі тэрмін запар. У жніўні 2023 года, паводле словаў удзельнікаў сустрэчы з лідарамі партыяў, ён назваў абмежаванне, уведзенае пры Нікаля Сарказі, катастрафічнай памылкай. Пазней Макрон удакладніў, што сам не збіраецца балатавацца на трэці тэрмін запар. Ён лічыць, што выбар лепш пакідаць выбарнікам, але мяняць дзеля гэтага Канстытуцыю не будзе. У верасні 2026 года Макрон зноў заявіў, што ў траўні 2027-га яго тэрмін скончыцца і французы выберуць іншага прэзідэнта. Пры гэтым ён не выключыў вяртання ў будучыні — пасля перапынку. Канстытуцыя Францыі забараняе больш за два прэзідэнцкія тэрміны запар, а не ўдзел у выбарах пасля перапынку.
Не пацвярджаецца і сцвярджэнне Сыча, што ўсе грошы Францыі ідуць на дапамогу Украіне. Паводле дадзеных Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі, з 2022 года да канца жніўня 2026-га Францыя вылучыла Украіне каля €8 млрд наўпрост. Яшчэ прыкладна €19 млрд — разлічаная доля Францыі ў дапамозе, якую надаваў Еўразвяз. Разам гэта каля €27 млрд за ўвесь перыяд, або ў сярэднім прыкладна €6 млрд на год. Пры гэтым штогадовыя выдаткі французскага дзяржаўнага бюджэту складаюць каля €450 млрд — амаль у 80 разоў больш.

Сярэднегадавыя выдаткі дзяржаўнага бюджэту Францыі за 2022–2025 гады — 446 млрд еўра, сярэднегадавы аб'ём дапамогі Украіне — каля 6 млрд еўра. Крыніцы: budget.gouv.fr і kielinstitut.de.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.