Кантэкст: У красавіку YouTube выдаліў каналы БелТА, АНТ і асноўны канал СТБ. 14 верасня платформа выдаліла некалькі каналаў Беларускага радыё, канал «Беларусь-РТР» і некалькі праектаў СТБ. 18 верасня міністр інфармацыі Беларусі Дзмітрый Жук заявіў, што ўлады пакуль не збіраюцца блакаваць YouTube у адказ. Паводле яго, гэта было б «самай вялікай памылкай» і азначала б паддацца на «правакацыю».
22 верасня 2026 года ў эфіры «Альфа Радыё» і СБТБ Іван Эйсмант распавёў, што дзяржаўныя медыі загадзя падрыхтавалі іншыя пляцоўкі на выпадак выдалення іх каналаў з YouTube. Паводле яго словаў, прагляды там значна выраслі:
«Моцна развіваюцца іншыя пляцоўкі. Велізарны рост на альтэрнатыўных пляцоўках. Прычым глядзяць людзі адтуль жа, адкуль глядзелі YouTube. Калі нас глядзелі з Украіны — дзясяткі, сотні мільёнаў праглядаў, то і на іншыя пляцоўкі заходзяць і нас з Украіны глядзяць. Мы ж бачым, адкуль нас глядзяць. Калі з Нямеччыны глядзелі — то глядзяць. Са Злучаных Штатаў Амерыкі».
Каманда Weekly Top Fake (WTF) вывучыла прагляды відэа СТБ, АНТ і БелТА на Rutube і «VK Видео». Большасць ролікаў набіраюць там ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень праглядаў.
У лютым 2026 года медыяна праглядаў ролікаў АНТ на Rutube складала каля 80 праглядаў: палова набірала менш, палова — больш. Пасля выдалення канала з YouTube гэты паказнік вырас прыкладна ў чатыры разы, да 325 праглядаў. Але да верасня ён знізіўся амаль утрая.
У СТБ палова ролікаў набірала прыкладна 100 праглядаў. Адразу пасля выдалення канала з YouTube на пачатку красавіка росту не было, а да верасня паказнік скараціўся амаль удвая.
БелТА стварыла канал на Rutube ужо пасля выдалення свайго канала з YouTube, таму параўнаць паказнікі да і пасля нельга. Ролікі агенцтва набіраюць каля 300 праглядаў, хоць асобныя інтэрв'ю з расейскімі экспертамі глядзяць па некалькі тысяч разоў.
Дзяржаўныя медыі публікуюць відэа і на беларускім сэрвісе Videobel, які стваралі як альтэрнатыву YouTube. Акрамя АНТ, СТБ і БелТА, там размяшчаюць матэрыялы яшчэ каля дзясятка дзяржаўных СМІ. Videobel не паказвае колькасць праглядаў асобных ролікаў. Паводле інфармацыі Мінінфарма, айчынны рэсурс наведваюць 700 тысяч чалавек на месяц. Каманда Weekly Top Fake не знайшла незалежнага пацвярджэння гэтай лічбы. Паводле ацэнкі сэрвісу для аналізу наведвальнасці сайтаў Similarweb, у жніўні сайт атрымаў каля 17 тысяч наведванняў, у сярэднім прыкладна 550 на дзень.
Асобныя кароткія ролікі дзяржаўных медыяў у TikTok набіраюць сотні тысяч праглядаў (кароткія відэа гэтых медыяў глядзяць і ў «VK Видео»). Але доўгія выпускі і перадачы ў TikTok не размяшчаюць.
Каманда WTF таксама параўнала, як расла колькасць падпісчыкаў TikTok-акаўнтаў АНТ, СТБ і БелТА да выдалення іх каналаў з YouTube і пасля. Каб параўнаць перыяды рознай працягласці, мы разлічылі сярэдні прырост падпісчыкаў за дзень.
У «АНТ life» да выдалення канала дадавалася ў сярэднім каля 308 падпісчыкаў на дзень, пасля — каля 290. У СТБ тэмп знізіўся прыкладна з 36 да 28 падпісчыкаў на дзень. У БелТА, наадварот, ён крыху вырас: прыкладна з 76 да 81 падпісчыка на дзень. Гэтыя змены не падобныя да рэзкага прытоку падпісчыкаў пасля выдалення каналаў з YouTube. У іншага акаўнту, «АНТ Беларусь», з 19 кастрычніка 2025 года да 27 верасня 2026-га колькасць падпісчыкаў амаль не змянілася: 19,3 тысячы і 19,6 тысячы адпаведна.
Такім чынам, даступныя дадзеныя не пацвярджаюць агульнага рэзкага росту праглядаў дзяржаўных медыяў на альтэрнатыўных пляцоўках пасля выдалення каналаў з YouTube.