Антыфэйк / фактчэк Сёння

Аўдонін назваў узровень беларускага пашпарта надзвычай высокім. Але бязвізавых напрамкаў з ім менш, чым у суседзяў

З беларускім пашпартам даступныя 78 напрамкаў без загадзя аформленай візы — на 30 менш за сярэднесусветны паказнік.

Старшыня праўлення «Беларускага таварыства „Веды“» Аляксей Аўдонін заявіў, што беларускі пашпарт мае «надзвычай высокі» ўзровень і выклікае здзіўленне на пашпартным кантролі ў іншых краінах. Каманда Weekly Top Fake вывучыла два сусветныя рэйтынгі: паводле колькасці напрамкаў, даступных без загадзя аформленай візы, Беларусь саступае ўсім суседнім краінам.

Кантэкст: Беларусь і Мальдывы падпісалі пагадненне аб узаемнай адмене віз, паведаміла 24 верасня 2026 года прэс-служба беларускага МЗС. Пры гэтым беларускім турыстам і раней бясплатна афармлялі турыстычную візу па прылёце — як і грамадзянам большасці краін свету.

17 верасня 2026 года ў перадачы «Лятучка» на СБТВ Аляксей Аўдонін расказаў пра перавагі беларускага пашпарта:

«Калі ты прыходзіш з беларускім пашпартам у многія дзяржавы, ды вось і праз пашпартны кантроль, і далей на тэрыторыі, усе дзівяцца, таму што ў нас унікальны пашпарт, у нас са шматлікімі дзяржавамі заключаны бязвіз, і многія візу не могуць атрымаць, а ў нас — раз, пайшоў, і ў нас узровень пашпарта, менавіта вось апошніх пашпартоў, ён надзвычай высокі. Многія глядзяць нават на пашпартных кантролях іншых дзяржаў, глядзяць, кажуць: “Які ўзровень пашпарта і які ўзровень развіцця менавіта ўвогуле інстытуту грамадзянства”».

Аднак паводле колькасці напрамкаў, даступных без загадзя аформленай візы, беларускі пашпарт не ўваходзіць у лік лідараў сусветных рэйтынгаў.

У Henley Passport Index Беларусь займае 63-е месца сярод пашпартоў 199 краін. З беларускім пашпартам можна наведаць без загадзя аформленай візы 78 з 227 дзяржаў і тэрыторый, якія ўлічвае рэйтынг. Гэта на 30 напрамкаў менш за сярэднесусветны паказнік. Для параўнання: з пашпартам Сінгапуру, лідара рэйтынгу, даступныя 192 напрамкі.

Крыніца: Henley Passport Index

У іншым рэйтынгу, Passport Index, Беларусь займае 112-е месца сярод 199 краін. Рэйтынгі выкарыстоўваюць розныя методыкі, таму наўпрост параўноўваць гэтыя пазіцыі нельга. Аднак у абодвух беларускі пашпарт саступае пашпартам усіх суседніх краін.

Крыніца: Passport Index

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць