Нягледзячы на абмежаванні ЕЗ на экспарт радыёнавігацыйнага абсталявання ў Беларусь і Расею, тавары заходніх брэндаў працягваюць паступаць на беларускі і расейскі рынкі. БРЦ прасачыў адзін з такіх маршрутаў на прыкладзе GPS-трэкераў літоўскай Teltonika. Абсталяванне гэтага вытворцы паступала беларускай кампаніі ад расейскай, якая набывала тавар у тым ліку праз трэцюю краіну. Пры гэтым сама беларуская кампанія працягвала прадаваць трэкеры Teltonika расейскаму пакупніку.
Расследаванне падрыхтаванае пры падтрымцы ініцыятывы «Рабочы Рух», у партнёрстве з Цэнтрам расследавальніцкай журналістыкі Siena.
Teltonika сышла, электроніка засталася
«З [прадукцыяй] Teltonika мы працуем, Teltonika у нас ёсць», — гэта словы супрацоўніка беларускай «БелТрансСпадарожнік», якая пазіцыянуе сябе як IT-кампанію ў галіне кіравання транспартам. Журналістка БРЦ паразмаўляла з ім, назваўшы сябе патэнцыйнай пакупніцай.
Група Teltonika — літоўскі тэхналагічны гігант, які вырабляе GPS-трэкеры, датчыкі і іншыя сістэмы маніторынгу транспарту. Экспарт радыёнавігацыйнай апаратуры ў нашую краіну ЕЗ забараніў у жніўні 2023 года — «у сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны». Аднак «БелТрансСпадарожнік» працягвае з ёй працаваць, распавёў суразмоўца журналістцы БРЦ. Хоць цяпер толькі на замову і ўжо не ў тых аб'ёмах, як было раней, удакладніў ён:
«Teltonika — гэта тое абсталяванне, якое, як правіла, мы падключаем, ставім на цягачы ў тых выпадках, калі гэта міжнародныя перавозкі, калі кліенту трэба падключэнне да тахографу (прылада, якая фіксуе хуткасць, прабег аўтамабіля, час працы кіроўцы і іншыя паказнікі — рэд.)».
«БелТрансСпадарожнік» мае дзейную з 2025 па 2030 год беларускую дэкларацыю адпаведнасці на аўтамабільныя трэкеры Teltonika серыі FMC, якія могуць працаваць у сетцы 4G. І гэта нягледзячы на тое, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Teltonika абвясціла аб выхадзе з рынкаў Беларусі і Расеі. Са словаў заснавальніка брэнда Арвідаса Паўкшціса літоўскай тэлекампаніі LRT, арганізацыя разарвала сувязі з кліентамі ў гэтых краінах, а новыя мадэлі наладзілі так, каб яны не маглі працаваць на іх тэрыторыі. Пры гэтым у размове з журналісткай БРЦ супрацоўнік «БелТрансСпадарожнік» сказаў, што складанасцяў з абслугоўваннем на тэрыторыі Беларусі ў кампаніі няма:
«З Teltonika у Беларусі праблема не абслугоўваць, абслугоўваць мы можам і абслугоўваем, большая частка [нашых] кліентаў з ёй працуюць, а менавіта [праблема] з пастаўкамі».
Як відаць, праблемы з пастаўкамі «БелТрансСпадарожнік» развязвае, набываючы тавар цяпер не наўпрост у еўрапейскіх суседзяў. Як мінімум да лютага 2025 года трэкеры кампаніі пастаўляла расейская «Лаборатория интернета вещей». У верасні 2023 года яна атрымлівала электроніку з маркіроўкай Teltonika ад гон-конгаўскай Sinalex.
Sinalex ужо фігуравала ў расследаванні літоўскай тэлекампаніі LRT аб пастаўках прадукцыі Teltonika у Расею. Сярод іншых пастаўшчыкоў журналісты называлі турэцкія Aavat Endustriyel Sistemleri і Olimpik Gama Logistics. Пры гэтым у каментары LRT вытворца не выключыў, што ягоны брэнд маглі незаконна выкарыстоўваць на прадукцыі, вырабленай іншымі кампаніямі.
З Расеі — і назад
«БелТрансСпадарожнік» не толькі набывае абсталяванне з маркіроўкай Teltonika у Расеі, але і сама пастаўляе прылады гэтага брэнда на расейскі рынак. З сакавіка 2023 па сакавік 2025 года беларуская кампанія прадала туды 345 GPS-кантролераў і аўтамабільных трэкераў Teltonika на агульную суму больш за $100 тыс. Усе пастаўкі атрымала смаленская «Евросвязь» — кампанія, у якой працуюць два чалавекі.
Пры гэтым кошт, па якім «БелТрансСпадарожнік» пастаўляў у Расею некаторыя мадэлі абсталявання, мог прыкладна ўдвая перавышаць кошт закупу ў Расеі прылад тых жа мадэляў. Напрыклад, у сакавіку 2025 года «Евросвязь» за 45 трэкераў Teltonika FMC650 заплаціла $17677 — каля $393 за прыладу. Месяцам раней «БелТрансСпадарожнік» набыў трэкеры такой жа мадэлі па $186 за штуку. На еўрапейскіх маркетплэйсах прылады гэтай мадэлі праз паўтара года можна набыць яшчэ танней — каля $145 за штуку. [*] [*]
Такі тавараабарот адбываецца на фоне санкцыйных абмежаванняў не толькі супраць Беларусі. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Еўразвяз забараніў экспартаваць у Расею радыёнавігацыйнае абсталяванне, якое часта неабходнае ў лагістыцы. У 2024 годзе падобныя абмежаванні ўвялі ЗША і Вялікая Брытанія.
Прычынай трапляння GPS-трэкераў і ў цэлым радыёнавігацыйнага абсталявання ў санкцыйныя спісы можа быць магчымасць іх выкарыстання ў ваеннай сферы, сказаў у каментары БРЦ Фрэдэрык Брунэта, кіроўны дырэктар кансалтынгавай групы Ptolemus, якая займаецца тэлематычнымі тэхналогіямі.
«[GPS-прылада] падыходзіць для любога транспартнага сродку, які рухаецца, або яго можна нават пакласці ў торбу. Па сутнасці, яно выкарыстоўваецца для вызначэння месцазнаходжання чаго заўгодна: гэта можа быць кантэйнер, цяжкавік, аўтамабіль, танк, ровар — гэта значыць яго можна ўжываць дзе заўгодна. Вядома, яго можна выкарыстоўваць і ў дроне».
Да і пасля званка БРЦ
Прадукцыяй Teltonika у Беларусі гандлюе не толькі «БелТрансСпадарожнік». Абсталяванне брэнда прапануе і «Віссэн» — невялікая кампанія, якая займаецца транспартным маніторынгам і абсталяваннем аўтамабіляў электроннымі модулямі.
У пачатку жніўня гэтага года «Віссэн» называла сябе на сваім сайце афіцыйным залатым партнёрам адной з кампаніяў групы Teltonika, Teltonika Telematics. Пасля адпраўкі журналісцкага запыту кампаніі мы заўважылі, што апісанне змянілася: на старонцы з'явілася ўдакладненне, што партнёрам літоўскай кампаніі «Віссэн» была толькі да канца 2022 года. Такі статус, паводле актуальнага апісання на сайце, дазваляе ёй прадаваць і ўсталёўваць навігацыйныя тэрміналы Teltonika, наладжваць і дыягнаставаць іх, а таксама праводзіць гарантыйны і паслягарантыйны рамонт.
У каментары на запыт БРЦ група Teltonika звярнула ўвагу, што статус афіцыйнага залатога партнёра кампанія «Віссэнн» мела да снежня 2020 года, а не 2022-га, як пазначана на сайце беларускай кампаніі. У адказе арганізацыя таксама падкрэсліла, што прытрымліваецца «строгай, прынцыповай пазіцыі ў адносінах да супрацы з краінамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі».
Поўны адказ групы Teltonika на запыт БРЦ
Дзякуй за вашы пытанні. Мы адказваем афіцыйна, як і было запытана, і звяртаем Вашу ўвагу на тое, што нашы каментары ніжэй датычаць усіх пранумараваных пытанняў у вашым паведамленні.
У 2022 годзе ў падтрымку Украіны Кампанія Teltonika IoT Group публічна абвясціла аб прыпыненні продажаў і закрыцці офісаў у Расеі і Беларусі. Гэтае прыпыненне застаецца ў сіле.
Мы не прадаем, не займаемся маркетынгам і свядома не пастаўляем прадукцыю кліентам, дыстрыб'ютарам або рэсэлерам у Расеі ці Беларусі, і мы не ўхвалялі, не дазвалялі і не падтрымлівалі якім-небудзь іншым чынам продаж, перапродаж або распаўсюд нашай прадукцыі ў гэтых краінах трэцімі асобамі, уключаючы кампаніі, якія вы згадалі. Мы прытрымліваемся строгай, прынцыповай пазіцыі ў дачыненні да супрацы з краінамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Мы выдзелілі больш за 3 мільёны еўра на падтрымку Украіны ў яе барацьбе супраць Расеі і працягваем працу офісу ў Кіеве. Мы ўдзячныя нашым калегам за іх рашучасць працягваць працу нават ва ўмовах ваеннага часу.
Што тычыцца канкрэтнага сцвярджэння аб тым, што ТАА «Віссэн» называе сябе нашым «афіцыйным залатым партнёрам»: мы вывучылі дакумент, пазначаны на іх вэб-сайце, і высветлілі, што ён страціў сілу ў снежні 2020 года, да прыпынення намі продажаў у Беларусь і Расею ў 2022 годзе. Такім чынам, любы статус партнёра, на які можа спасылацца ТАА «Віссэн», страціў сілу і больш не дзейнічае, і не адлюстроўвае ніякіх бягучых або аўтарызаваных адносін з Teltonika. Мы просім не прадстаўляць гэты састарэлы дакумент у якасці доказу бягучага партнёрства, паколькі гэта можа ўвесці ў зман.
Улічваючы, што дадзенае канкрэтнае цверджанне заснавана на дакуменце, тэрмін дзеяння якога скончыўся пяць гадоў таму, мы асцерагаемся, што іншыя здагадкі ў вашых пытаннях могуць аналагічным чынам абапірацца на інфармацыю, якая не была цалкам праверана. Па гэтай прычыне, а таксама таму, што нам невядомая інфармацыя аб канкрэтных транзакцыях, імпартных запісах або сертыфікатах, згаданых у вашых іншых пытаннях, уключаючы тыя, якія адносяцца да ПУП «Белтраспадарожнік» або турэцкіх і кітайскіх арганізацыяў, якія вы згадваеце, мы не можам пацвердзіць, абвергнуць або пракаментаваць дакладнасць запісаў, заяў або сцвярджэнняў трэціх асоб, якія мы не бачылі і да якіх не мелі дачынення.
Кампанія Teltonika інвеставала ў даследаванні і распрацоўкі для стварэння тэхналагічных рашэнняў, якія альбо перашкаджаюць выкарыстанню яе прадукцыі ў Расеі ці Беларусі, альбо значна абмяжоўваюць яе функцыянальнасць у гэтых краінах. Мы працягваем пераглядаць і ўзмацняць нашы механізмы комплаенс-кантролю, уключаючы праверку дыстрыб'ютараў і дагаворныя абмежаванні на перапродаж на рынкі, якія падпадаюць пад санкцыйныя абмежаванні, і сур'ёзна ставімся да любых пэўных, канкрэтных доказаў абыходу такіх абмежаванняў.
Мы будзем рады любой дакументацыі, якую вы зможаце даць, каб мы маглі расследаваць канкрэтныя транзакцыі, згаданыя ў вашых пытаннях. Мы будзем удзячныя, калі ў любым апублікаваным артыкуле будзе цалкам адлюстраваны гэты адказ і ўлічана, што дакумент аб «залатым партнёры», на які вы маеце намер спасылацца, састарэў і тэрмін яго дзеяння скончыўся.
Пры гэтым мы знайшлі сведчанні працы «Віссэн» з прадукцыяй Teltonika і пасля 2022 года. На сайце беларускай кампаніі дагэтуль дэманструецца абсталяванне брэнда. А ў верасні 2023 года Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі зарэгістраваў чатыры мадэлі GPS-трэкера Teltonika у якасці навігацыйнага рэсурсу. У рэгістрацыйных дакументах уласнікам рэсурсу паказаны «Віссэн», вытворцам прылады — Teltonika Telematics.
У 2022—2023 гадах «Віссэн», паводле звестак аб імпарце кампаніі, завезла ў Беларусь каля 1770 трэкераў вытворчасці Teltonika Telematics. На іх кампанія атрымала беларускія дэкларацыі адпаведнасці. Вызначыць, адкуль менавіта абсталяванне трапляла ў Беларусь, БРЦ не ўдалося.
Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні:
Пад групай Teltonika у гэтым матэрыяле разумеецца UAB Teltonika IoT Group. Краіна рэгістрацыі — Літва. Рэгістрацыйны код 124429895.
Пад Teltonika Telematics у гэтым матэрыяле разумеецца UAB Teltonika Telematics. Краіна рэгістрацыі — Літва. Рэгістрацыйны код 305578349.
Пад «БелТрансСпадарожнік» у гэтым матэрыяле разумеецца ПУП «Белтрансспадарожнік». Краіна рэгістрацыі — Беларусь. Рэгістрацыйны нумар — 190604746.
Пад «Віссэн» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Віссэн». Краіна рэгістрацыі — Беларусь. Рэгістрацыйны нумар 193339631.
Пад «Лаборатория интернета вещей» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Лаборатория интернета вещей» (ранейшая назва: ТАА «Иван Глонассов ЭКСП»). Краіна рэгістрацыі — Расея. Рэгістрацыйны нумар 7804605305.
Пад Sinalex у гэтым матэрыяле разумеецца SINALEX LIMITED. Краіна рэгістрацыі — Кітай (Гон-Конг).
Пад Aavat Endustriyel Sistemleri у гэтым матэрыяле разумеецца кампанія Avat Endustriyel Sistemleri Ic Ve Dis Ticaret Limited Sirketi (Avat Endüstri̇yel Si̇stemleri̇ İç Ve Diş Ti̇caret Li̇mi̇ted Şi̇rketi̇). Краіна рэгістрацыі — Турцыя. Рэгістрацыйны нумар 394880-5.
Пад Olimpik Gama Logistics у гэтым матэрыяле разумеецца Olimpik Gama Ic Ve Dis Ticaret Sanayi Limited Sirketi (Oli̇mpi̇k Gama İç Ve Diş Ti̇caret Sanayi̇ Li̇mi̇ted Şi̇rketi̇). Краіна рэгістрацыі — Турцыя. Рэгістрацыйны нумар 693447-0.
Пад «Евросвязью» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Евросвязь». Краіна рэгістрацыі — Расея. Рэгістрацыйны нумар 6729024160.
Гандаль пасля забароны
Замяніць еўрапейскія трэкеры Беларусь і Расея могуць расейскімі або кітайскімі аналагамі, але важна ўлічваць сумяшчальнасць такіх альтэрнатываў з праграмным забеспячэннем, якое выкарыстоўвае пэўная кампанія. Як патлумачыў у каментары БРЦ Антон Тананаеў, вядучы распрацоўшчык платформы GPS-трэкінгу Traccar, хоць большасць платформаў падтрымліваюць прылады з Расеі і Кітая, у электронікі Teltonika ёсць свае перавагі.
«Прылады Teltonika агулам лічацца больш надзейнымі. З пункту гледжання магчымасцяў супастаўныя альтэрнатывы існуюць, але яны не будуць такімі ж таннымі. Вельмі танныя кітайскія прылады звычайна маюць вельмі абмежаваны функцыянал і вядома менш надзейныя».
Пастаўкі Teltonika — частка больш шырокага патоку заходняй радыёнавігацыйнай электронікі з Беларусі ў Расею. Паводле звестак, якія мы маем, са студзеня 2022 па чэрвень 2025 года беларускія кампаніі паставілі туды GPS-кантролераў, трэкераў, навігацыйных сістэмаў і іншага абсталявання заходняй вытворчасці больш чым на $400 тыс. Сярод іх былі як новыя, так і былыя ва ўжыванні тавары. Не ўсе гэтыя пастаўкі абавязкова сведчаць аб абыходзе санкцыяў: забароны розных краінаў уводзіліся ў розны час і распаўсюджваліся на розныя катэгорыі абсталявання.
БРЦ скіраваў журналісцкія запыты кампаніям «БелТрансСпадарожнік», «Віссэн», Sinalex і групе Teltonika, а таксама кіраўнікам арганізацый «Лаборатория интернета вещей» і «Евросвязь». На момант публікацыі мы не атрымалі ад іх адказу.