Сярод іх — саўладальніца фірмы з эксклюзіўным правам ад Лукашэнкі і бізнесоўцы з польскага санкцыйнага спісу.

Кватэра з відам на Палм Джумэйра і нерухомасць сярод штучных лагун — БРЦ знайшоў у закрытых дадзеных дубайскага рэестру аб'екты, звязаныя з беларускімі бізнесоўцамі і фігуранткай некалькіх нашых расследаванняў. Мы вывучылі звесткі пра сотні тысяч аб'ектаў, якія апынуліся ў распараджэнні журналістаў дзякуючы выцеку. Расказваем гісторыі іх пакупнікоў. 

Расследаванне падрыхтаванае ў партнёрстве з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў». 

Чатыры аб'екты і польскія санкцыі

Дзясяткі хмарачосаў выстраіліся ўздоўж штучнага канала, каля прычалаў стаяць яхты, а набярэжная з рэстаранамі і крамамі цягнецца на некалькі кіламетраў — гэта Dubai Marina, адзін з самых прэстыжных раёнаў Дубая. Каля вады высіцца 44-павярховая жылая вежа са шкляным фасадам і панарамным відам на яхтавую гавань, заліў і штучную выспу ў выглядзе пальмы. Асобны паверх будынку займае інфраструктура для жыхароў: інфініці-басейн над марынай, трэнажорная зала, саўны і парныя, студыя ёгі, лаўнж, гульнявыя пакоі і віртуальны гольф. У комплексе працуе кругласутачны кансьерж, а да пляжу можна дайсці пешшу.

Тут у кастрычніку 2022 года набыў кватэру беларускі бізнесовец з санкцыйнага польскага спісу Уладзімір Ляшчук. За 48 кв. м ён заплаціў амаль $400 тыс. Па дадзеных зямельнага дэпартаменту Дубая, беларускі бізнесовец валодае гэтым жыллём і на момант публікацыі.

Крыніца: LIV Developers
Крыніца: LIV Developers
0 / 2

Ляшчуку належыць кантрольная доля кампаніі Steeltrade, [*] [*] якая займаецца аптовым гандлем металамі і сталёвай прадукцыяй. Яна зарэгістраваная ў Польшчы. На працягу паўтара года да таго, як Еўразвяз канчаткова забараніў пастаўляць шэраг вырабаў з жалеза і сталі ў Расею, кампанія прадавала свае тавары ў асноўным менавіта туды. Пасля гэтага — кампанія Ляшчука павінна была страціць асноўны рынак збыту, але, як высветліла польская падатковая адміністрацыя (Krajowa Administracja Skarbowa, KAS), яна працягнула пастаўляць сталеліцейныя тавары ў Расею ў абыход санкцый. Прадукцыю адпраўлялі ў Казахстан, Кітай, Турцыю, а ўжо адтуль яна трапляла на расейскі рынак. Хаця ў абгрунтаванні санкцый ЕЗ гаворыцца, што гэтыя тавары могуць спрыяць умацаванню прамысловага патэнцыялу краіны.

Ва Уладзіміра Ляшчука ёсць бізнес-партнёр — беларус Андрэй Карповіч. У Польшчы ён валодае кантрольнай доляй кампаніі OMNI GRP. [*] [*] Ляшчука і Карповіча аб'ядноўвае не толькі агульная сфера дзейнасці, але і шэраг сумесных кампаній у Расеі, дзве з якіх куплялі тавары ў Steeltrade. Кампанія Карповіча таксама ўдзельнічала ў схеме з пастаўкамі прадукцыі ў Расею праз трэція краіны, высветліла польская падатковая адміністрацыя.

У кастрычніку 2025 года Ляшчука, Карповіча і іх кампаніі Steeltrade і OMNI GRP унеслі ў нацыянальны санкцыйны спіс Польшчы. Улады краіны расцанілі іх дзейнасць як ускосную падтрымку расейскага вайсковага патэнцыялу. Сярод тавараў, якія прадавалі Steeltrade і OMNI GRP, польская падатковая адміністрацыя вылучыла высокатэхналагічную інструментальную сталь прэміум-класа, разлічаную на працу пры высокіх тэмпературах і нагрузках. Такі матэрыял запатрабаваны ў тым ліку ў абароннай прамысловасці.

«Існуюць падставы меркаваць, што гэтыя тавары паступаюць на расейскія абаронныя прадпрыемствы», — заявіла польская падатковая адміністрацыя.

Андрэй Карповіч, як і Уладзімір Ляшчук, купляў нерухомасць у Дубаі. У 2022 годзе ён і яго жонка набылі ў найбуйнейшым горадзе ААЭ тры аб'екты агульным коштам каля $2 млн. Мы не ведаем, ці належыць ім гэтая нерухомасць да цяперашняга часу.

Самы дарагі набытак Карповіча — кватэра плошчай 117,5 кв. м, за якую ён заплаціў каля $820 тыс. На момант публікацыі комплекс будуецца ў Central Park at City Walk — зялёным жылым квартале недалёка ад цэнтру Дубая. Паміж жылымі карпусамі тут разбілі вялікі парк, а для рэзідэнтаў прадугледжаны басейны, спа і саўны, тэнісныя і сквош-корты, бегавыя дарожкі, спартовыя пляцоўкі і зоны для ёгі.

Крыніца: Meraas By Dubai Holding Real Estate
Крыніца: Meraas By Dubai Holding Real Estate
0 / 2

Там жа набыла кватэру і жонка бізнесоўца Наталля Карповіч: амаль 73 кв. м абышліся ёй прыкладна ў $482 тыс. У жніўні 2022 года Андрэй Карповіч купіў яшчэ адзін жылы аб'ект прыкладна за $700 тыс. плошчай амаль 220 кв. м у DAMAC Lagoons — жылым раёне, пабудаваным вакол штучных лагун. [*] [*]

Дубай, Сочы, Шэйман

Яшчэ адзін аб'ект з дубайскага рэестра знаходзіцца на беразе Дубай-Крык — марскога рукава, вакол якога калісьці фармаваўся стары Дубай. Тут, у раёне Culture Village, зараз будуюць Art Bay — комплекс з двух карпусоў з кватэрамі і камерцыйнымі памяшканнямі. Нерухомасць размешчана проста каля вады. Уздоўж Дубай-Крык праходзіць набярэжная з рэстаранамі, кавярнямі і крамамі, а архітэктуру самога Art Bay забудоўнікі звязалі з культурным кварталам: фасады з кубічнымі элементамі, якія выступаюць, натхнёныя размешчаным непадалёк цэнтрам сучаснага мастацтва Jameel Arts Centre. У комплексе прадугледжаны басейн, фітнес- і ёга-студыі, тэатр і клуб мастацтваў на даху. 

Крыніца: Ellington Properties
Крыніца: Ellington Properties
Крыніца: Ellington Properties
0 / 3

У заходнім корпусе — Art Bay West — знаходзіцца камерцыйнае памяшканне плошчай больш за 140 кв. м, якое купіла грамадзянка Украіны Ірына Бобыр. Яна заплаціла за яго амаль мільён долараў. Мы не ведаем, ці належыць нерухомасць ёй да гэтага часу.

Бобыр валодае кіпрскай Rostumel Holding Limited. [*] [*] Гэтая кампанія неаднаразова фігуравала ў расследаваннях БРЦ аб бізнес-схемах людзей з атачэння былога кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана.

У 2023 годзе ў сына Ірыны Бобыр, львоўскага бізнесоўца Віталя Бобыра, прайшлі ператрусы ў рамках справы аб незаконным экспарце прэміяльных аўтамабіляў з Украіны ў Расею. Сярод іншага канфіскавалі пячатку Rostumel. Пазней БРЦ высветліў, што ў канцы 2024 года кампанія адпраўляла нямецкія аўтамабілі з Нідэрландаў праз Санкт-Пецярбург.

На чэрвень 2024-га фінансавым дырэктарам Rostumel лічыўся Андрэй Свірыдаў, які ў 2019—2021 гадах працаваў намеснікам Віктара Шэймана ва Упраўленні справамі прэзідэнта. У тым жа годзе Rostumel пазычыла $1,5 млн «Комплекс-Инвесту», звязанаму з бізнес-імперыяй Шэймана. Гэтая кампанія будуе аб'ект у Сочы — меркаваную першую замежную прыватную рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, пра якую БРЦ распавёў восенню 2025 года.

Сувязь бізнесу Бобыр з беларускай уладай прасочваецца прынамсі з 2011 года. Тады кампанія бізнес-вумен стала сузаснавальніцай «Белферумгруп». Праз паўтара месяца пасля рэгістрацыі Аляксандр Лукашэнка ўказам надзяліў «Белферумгруп» выключным сярод прыватных кампаніяў правам займацца ў Беларусі закупам лому і адкідаў чорных і каляровых металаў.

«Сейф у бетоне»

БРЦ спрабаваў атрымаць каментары ад уладальнікаў нерухомасці, згаданых у расследаванні. Андрэй Карповіч і Уладзімір Ляшчук завяршылі размову, пачуўшы тэму званка. Датэлефанавацца да Наталлі Карповіч і Ірыны Бобыр не ўдалося. Чаму менавіта героі гэтага расследавання набывалі нерухомасць у Дубаі, мы не ведаем. Але эмірату ёсць што прапанаваць заможным замежнікам. Тут няма штогадовага падатку на нерухомасць, а набыццё жылля пры пэўных умовах можа даць права на рэзідэнцкую візу.

«Нерухомасць дазваляе адносна хутка размясціць буйную суму ў зразумелым матэрыяльным актыве. <…> Для буйных капіталаў гэта свайго роду сейф у бетоне», — тлумачыць генеральная дырэктарка «Трансперенси Интернешнл — Россия в изгнании» Алена Вандышава.

Укладваць грошы ў дубайскую нерухомасць можна і з дапамогай крыптавалюты — яе прымаюць некаторыя забудоўнікі і рыэлтары. Купіць аб'ект можна дыстанцыйна, не прыязджаючы ў краіну. Паводле слоў эксперткі, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Дубай стаў асабліва прывабным для расейцаў, якія сутыкнуліся з санкцыямі і абмежаваннямі ў заходніх банках. Па тых жа прычынах, лічыць Вандышава, ён можа быць прывабным і для беларусаў.

Пры гэтым усталяваць уласнікаў дубайскай нерухомасці няпроста. Рэестр нерухомасці закрыты для пошуку па імёнах уладальнікаў, а публічнага рэестру канчатковых уласнікаў кампаній няма. Нерухомасць можна аформіць на кампанію або сваяка, а пасярэднікі — агенты, юрысты і кансультанты — дазваляюць выбудоўваць больш складаныя структуры валодання. Усталяваць уладальнікаў нерухомасці, пра якую ідзе гаворка ў гэтым расследаванні, БРЦ змог дзякуючы выцёкам дадзеных з закрытага дубайскага рэестру, якія затым пераправерыў у зямельным дэпартаменце эмірата.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць