Схема працягвае працаваць і пасля ўзмацнення абмежаванняў ды публікацыі расследаванняў на гэтую тэму.

AI Сціслы пераказ

Гэта расследаванне раскрывае маштабную схему незаконнага рээкспарту падсанкцыйных еўрапейскіх аўтамабіляў у Расею праз Беларусь, якая працягвае працаваць нават пасля ўзмацнення санкцый і папярэдніх публікацый БРЦ на гэту тэму.

Сутнасць схемы

З 2023 па 2025 год расейская кампанія ТАА «Астрата» закупіла ў фірмаў, звязаных з Беларуссю, мінімум 19 падсанкцыйных еўрапейскіх аўтамабіляў на агульную суму $1,96 млн. Больш за палову аўтамабіляў, увезеных у два апошнія гады, пачаткова былі зарэгістраваныя ва Украіне. Еўразвяз забараніў экспарт такіх аўтамабіляў у Расею яшчэ ў сакавіку 2022 года, а ў чэрвені 2023-га абмежаванні пастрожылі.

Ключавыя фігуранты

Цэнтральная фігура схемы — Андрэй Свірыдаў, грамадзянін Беларусі, які з 2019 па 2021 гады быў намеснікам Віктара Шэймана, калі той узначальваў Кіраванне справамі прэзідэнта. З ліпеня 2025 года Свірыдаў валодае 80% кампаніі «Астрата», а таксама звязаны з сеткай фірмаў-удзельніц схемы праз кіпрскую кампанію Rostumel Holding Limited, дзе ён лічыўся фінансавым дырэктарам.

Механізм працы

У схеме задзейнічаны кампаніі з некалькіх краін:

  1. Кіпрская Rostumel дастаўляла нямецкія аўтамабілі з Нідэрландаў праз Санкт-Пецярбург
  2. Беларускія ТАА «НьюІнвестГруп» і ТАА «ЛегіёнГрупІнвест» (абедзве звязаныя са Свірыдавым) выступалі адпраўнікамі
  3. Расейская ТАА «Астрата» — канчатковы атрымальнік

Фінансавыя дакументы за 2023 год паказваюць наўпроставую сувязь паміж гэтымі кампаніямі праз сістэму пазык. Прыкладам, кіпрская Dimicandum (дзе працаваў Свірыдаў) давала пазыкі беларускай «НьюІнвестГруп», а тая, у сваю чаргу, — расейскай «Астраце».

Канкрэтны прыклад

БРЦ прасачыў лёс Mercedes-Benz V300d AWD, які трапіў у ДТЗ у Маскве ў верасні 2025 года. Высветлілася, што ў студзені 2024-га беларуская «НьюІнвестГруп» падпісала дамову на набыццё аўтамабіля з польскім прадпрымальнікам з Беларусі, а ўжо ў лютым паставіла яго ў Расею. На момант аварыі машына была зарэгістраваная на расейскую кампанію ТАА «Ирвин 2», якая займаецца аптовым гандлем фармацэўтычнай прадукцыяй.

Маштабы і наступствы

Толькі са студзеня па ліпень 2025 года беларускія кампаніі завезлі ў Расею еўрапейскіх падсанкцыйных аўтамабіляў прыкладна на $1,8 млн. Эксперт па санкцыях Бенджамін Хільгеншток адзначыў, што рээкспарт, які працягваецца, сведчыць пра фундаментальныя праблемы санкцыйнага рэжыму, асабліва з-за адсутнасці ў ЕЗ другасных санкцый.

Рызыкі для Беларусі

Такія схемы могуць прывесці да новых абмежаванняў супраць Беларусі і паглыбленню яе ізаляцыі ад сусветнай супольнасці. Эканамічныя наступствы гэтага адчуюць у тым ліку звычайныя беларусы.

Беларускія кампаніі працягнулі пастаўкі ў Расею еўрапейскіх аўтамабіляў — пасля ўвядзення абмежаванняў, іх узмацнення і нават агалоскі парушэння санкцыйнага рэжыму. Улетку 2024 года БРЦ выкрыў схему такога незаконнага рээкспарту з удзелам фірмаў, звязаных з паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам. Гэтым разам мы знайшлі новых удзельнікаў ланцужка, прасачылі маршруты паставак і высветлілі, хто канчатковы атрымальнік забароненых аўтаў. Такія схемы падрываюць сэнс санкцыяў супраць краіны-агрэсара і могуць прывесці да новых абмежаванняў для Беларусі, эканамічныя наступствы якіх адчуюць у тым ліку звычайныя беларусы.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай «Рабочы Рух» і ўкраінскім выданнем «Слідство.Інфо» пры падтрымцы беларускіх «Кіберпартызанаў».

У верасні 2025-га ў Маскве адбылося ДТЗ: Mercedes-Benz сутыкнуўся з іншым транспартным сродкам. Мяркуючы па выпісцы Дзяржаўтаінспекцыі гораду, прэміум аўто пацярпела нязначна — маглі быць драпіны і пацёртасці на левым борце. На першы погляд, гэта адна з дзясяткаў аварыяў, якія штодня здараюцца на маскоўскіх дарогах. Унікальнай яе робіць тое, што гэты Mercedes-Benz фігураваў у схеме па пастаўцы падсанкцыйных аўтамабіляў у Расею праз Беларусь. [*]

Еўразвяз у сярэдзіне сакавіка 2022 года забараніў экспартаваць у РФ прадметы раскошы.

Да іх аднеслі і аўтамабілі коштам больш за €50 тыс., да прыкладу, Mercedes-Benz, Ferrari, Porsche і іншыя. У чэрвені 2023-га ЕЗ увёў новы пакет санкцыяў, у якім забаранілі пастаўляць асобныя катэгорыі аўтаў з любым коштам.

Схема другая: тыя ж і «Астрата»

Улетку 2024-га БРЦ распавёў пра схему незаконнага рээкспарту прэміяльных аўтаў з Украіны ў Расею. Да яе былі датычныя кампаніі і людзі, звязаныя з Віктарам Шэйманам, які да сярэдзіны чэрвеня 2021 года ўзначальваў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Забароненыя пастаўкі з удзелам беларускіх кампаніяў, у тым ліку праз тэрыторыю нашай краіны, працягнуліся і ў 2024-м, і ў 2025 годзе. Мы знайшлі новыя звёны гэтага ланцужка і сувязі са старымі афіляванымі структурамі.

Выява створаная з выкарыстаннем ШІ
Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Падсанкцыйныя аўтамабілі еўрапейскай вытворчасці ў 2023, 2024 і 2025 гадах у фірмаў, звязаных з Беларуссю, закупляла расейскае ТАА «Астрата». Кампанія набыла не менш за 19 аўтаў агульным задэклараваным коштам $1,96 млн: каля $1,13 млн — у 2023 годзе, $604 тыс. — у 2024-м і $222 тыс. — у 2025-м. Першапачаткова больш за палову аўтамабіляў, увезеных у два апошнія гады, былі зарэгістраваныя ва Украіне.

Кампанія «Астрата» з 9 ліпеня 2025 года на 80% належыць фігуранту некалькіх нашых расследаванняў Андрэю Свірыдаву. [*] [*] [*] Гэты грамадзянін Беларусі з 2019 па 2021 гады быў намеснікам тагачаснага кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Шэймана. Рэштай «Астраты» на момант выхаду матэрыялу валодала крымчанка з расейскім пашпартам Кацярына Карніенка. Да сярэдзіны 2025-га фірма ёй належала цалкам. Сувязь Карніенка і Свірыдава прасочваецца і праз іншую кампанію. З сакавіка 2022 года Карніенка займала пасаду дырэктара ТАА «ПИК», якім з красавіка 2019-га па кастрычнік 2022-га валодала кіпрская кампанія Rostumel Holding Limited (далей — Rostumel). [*] [*] [*] У апошняй, як пазначана ў даверанасці, станам на чэрвень 2024-га фінансавым дырэктарам значыўся Свірыдаў. [*]

І адпраўнік, і атрымальнік

Кіпрская кампанія, звязаная са Свірыдавым, — адна з адпраўшчыц санкцыйных аўтамабіляў у Расею. У канцы 2024-га Rostumel пастаўляла нямецкія машыны з Нідэрландаў праз Санкт-Пецярбург. З дэкларацыяў, якімі валодае БРЦ, вынікае, што аўтамабілі афармлялі на складах у партовай зоне Вугальная гавань.

Брытанскі адвакат і кіраўнік праекту State Capture Accountability Project Алекс Прэзанці ў каментары БРЦ выказаў здагадку, што, калі б супрацоўнікі мытні Нідэрландаў ведалі пра канчатковы пункт прызначэння аўтамабіля, яны б забаранілі яго экспартаваць:

«Асобам з ЕЗ забаронена прадаваць, пастаўляць, перадаваць або экспартаваць такія тавары асобам у Расеі або для выкарыстання ў Расеі. Я не ведаю, якім чынам і чаму гэты аўтамабіль прайшоў нідэрландскую мытню», — адзначыў адвакат.

Мы накіравалі пісьмовы запыт у мытныя органы Нідэрландаў, каб яны растлумачылі, як стала магчымай адпраўка забароненага тавару з краіны ЕЗ. На момант выхаду матэрыялу адказ мы не атрымалі.

Выява створаная з выкарыстаннем ШІ
Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

У 2024-м адпраўлялі аўты ў РФ таксама дзве беларускія юрыдычныя асобы — ТАА «НьюІнвестГруп» і ТАА «ЛегіёнГрупІнвест». Першая працягнула і ў 2025-м. Яна з чэрвеня 2018-га па кастрычнік 2024-га цалкам належала фірме Dimicandum Invest Holding LTD (далей — Dimicandum), фінансавым дырэктарам якой быў Андрэй Свірыдаў. Ён жа з чэрвеня 2024-га кіруе «ЛегіёнГрупІнвест». [*] [*] [*] [*]

Агулам са студзеня да ліпеня 2025 года беларускія кампаніі завезлі ў Расею еўрапейскіх падсанкцыйных аўтамабіляў прыкладна на $1,8 млн. Колькі з іх з парушэннем заканадаўства, нам не вядома. Еўразвяз забараніў пастаўкі ў Беларусь з ліпеня 2024-га, аднак частку аўтаў маглі завезці ў краіну і да забароны.

(Не)ускосныя доказы

Удзел пералічаных вышэй кампаніяў у схеме абыходу санкцыяў невыпадковы. Іх сувязь пацвярджаюць фінансавыя дакументы за 2023 год, якія мы атрымалі дзякуючы «Рабочаму Руху». У чэрвені кіпрская Dimicandum заключыла з «НьюІнвестГрупп» дзве дамовы пазыкі. [*] [*] У тым жа месяцы тая аформіла пазыку кампаніі «Астрата». [*]  Апроч таго, назва расейскай кампаніі, якая часткова належыць Свірыдаву, супадае з назвай украінскага ТАА «Астрата», замешанага ў справе аб незаконным рээкспарце аўтамабіляў, у якой фігуруе кампанія Rostumel. [*] [*]

У 2023 годзе СБУ выкрыла схему незаконнага экспарту тавараў з Украіны, уключаючы аўты. У рамках справы вясной ва ўкраінскага бізнесоўцы Віталя Бобыра прайшлі ператрусы. Праваахоўнікі канфіскавалі дакументы, пячаткі і электронныя носьбіты, звязаныя ў тым ліку з Rostumel, дырэктарка і ўласніца якога — маці Віталя Ірына Бобыр. [*] [*] Сам жа бізнесоўца значыўся супрацоўнікам «НьюІнвестГруп» у 2023—2024 гадах.

Журналісту БРЦ удалося звязацца з Бобырам, але канструктыўнай гутаркі не атрымалася. Спярша бізнесоўца выказаў здагадку, што за нашыя «гісторыі» плацяць ягоныя ворагі, затым парэкамендаваў журналісту пайсці на фронт. Адзінае, што Бобыр сказаў па сутнасці: ён нібыта не мае дачынення да кампаніяў Rostumel, «Астрата», «НьюІнвестГруп» і «ЛегіёнГрупІнвест» — «ані фізічна, ані юрыдычна».

Канчатковы пакупнік

Па VIN-нумарах (унікальных кодах з 17 сімвалаў, якія прысвойваюцца транспартавым сродкам на заводзе) нам удалося адсачыць, хто стаў канчатковым пакупніком некаторых аўтамабіляў, увезеных у абыход санкцыяў. Некалькі машынаў зарэгістравана на юрыдычныя асобы: сярод іх ТАА «ПФ „ВИС”», ТАА «Стоўн-XXI» і ТАА «Инстанта рус».

Дзякуючы «Рабочаму Руху», мы высветлілі, каму належыць Mercedes-Benz V300d AWD, што трапіў у аварыю, пра якую мы распавялі ў пачатку, і як ён трапіў да свайго ўладальніка. У студзені 2024 года — да забароны на ўвоз аўто ў РБ — «НьюІнвестГруп», звязаная са Свірыдавым, падпісала дамову на набыццё аўтамабіля з польскім прадпрымальнікам з Беларусі, а ў лютым ужо паставіла яго ў Расею. На момант ДТЗ машына была зарэгістраваная на расейскую кампанію ТАА «Ирвин 2». Яна займаецца аптовым гандлем фармацэўтычнай прадукцыяй. [*]

Выява створаная з выкарыстаннем ШІ
Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Праблемы ў рэжыме

Рээкспарт аўтамабіляў еўрапейскай вытворчасці, які працягваецца, сведчыць аб фундаментальных праблемах рэжыму санкцыяў, у якім многія краіны не ўдзельнічаюць, растлумачыў у каментары БРЦ нямецкі эканаміст і эксперт па санкцыях Бенджамін Хільгеншток.

«Забеспячэнне выканання санкцыяў ускладняецца адсутнасцю ў ЕЗ другасных санкцыяў, то бок экстэрытарыяльнага ўжывання захадаў. Прасцей кажучы, суб'екты ў трэціх краінах зазнаюць значна меншы ціск з мэтай выканання санкцыяў», — дадаў Хільгеншток.

Забарона на пастаўкі пэўных катэгорыяў аўтамабіляў у Расею, а пазней і ў Беларусь, увялі, каб спыніць гандаль таварамі не першай неабходнасці і абмежаваць матэрыяльныя рэсурсы краіны-агрэсара. Кампаніі, якія дапамагаюць у абыходзе санкцыяў, рызыкуюць наклікаць на Беларусь новыя абмежаванні і паглыбіць яе ізаляцыю ад сусветнай супольнасці. Эканамічныя наступствы гэтага могуць легчы ў тым ліку на звычайных беларусаў.

БРЦ накіраваў пісьмовыя запыты Андрэю Свірыдаву, Кацярыне Карніенка і кампаніям, якія фігуруюць у гэтым расследаванні. На момант публікацыі адказаў мы не атрымалі.

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць