Завезці падсанкцыйны тавар у Беларусь, а потым у Расею — такі маршрут можа быць выгадным, распавёў БРЦ адмысловец у галіне лагістыкі.

«З-за ўсіх гэтых ланцужкоў перапродажаў (Аўстрыя, Турцыя, Расея, там яшчэ бывае ўстаўляюць нейкае звяно) вельмі моцна расце кошт. Таму робяць крук у Беларусь праз мытны склад, перапрадаюць, заніжаюць кошт, каб зменшыць мытныя плацяжы. Таму што кожнае звяно ў ланцужку дадае кошт. Аўстрыя прадала ў Турцыю — плюс адсотак, Турцыя прадала яшчэ, магчыма, камусьці (у ААЭ, у Гон-Конг) — яшчэ плюс адсотак. Калі везці адразу наўпрост у Расею, то ўсё гэта будзе бачна, і вельмі вялікія мытныя плацяжы ўзнікаюць. Таму прасцей зрабіць крук праз Беларусь, занізіць кошт да мінімальнага ўзроўню. І, адпаведна, потым прадаюць у Расею», — патлумачыў інсайдар на ўмовах ананімнасці.

Расследаванні БРЦ пацвярджаюць гэты трэнд. Напрыклад, на пачатку 2024 году кампанія «Брандсхандэль» паставіла ў Расею фінскія гадзіннікі коштам няпоўныя $13 за штуку. Гуртавы кошт пры гэтым, які БРЦ знайшоў у пастаўцы з Турцыі ў Туркменістан, для параўнання — амаль $270. У гэтым выпадку мы бачым і пастаўку тавару забароненай катэгорыі ў Расею, і заніжэнне мытнага кошту, каб абысці выплаты ў расейскі бюджэт. 

Кампанія «Брандсхандэль» звязана з асяроддзем Віктара Шэймана. [*] [*]  Яна пастаўляе ў Расею шырокую наменклатуру тавараў заходняга паходжання, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенна-прамысловым комплексе. Сярод іх — навігацыйныя прыборы, антэны, апаратура перадачы і прыёму дадзеных, аптычныя і інфрачырвоныя прыборы, падшыпнікі. З пачатку 2024 года такіх тавараў еўрапейскага і амерыканскага паходжання «Брандсхандэль» паставіла ў Расею больш чым на $400 тыс. Аналагічнымі пастаўкамі займаліся яшчэ дзве фірмы з арбіты Шэймана — «Алексвіт лтд» [*] і Winshun Trade Limited, якая 21 жніўня гэтага года года змяніла назву на Avenir Winsourcing Limited. [*]

Сувязі Winshun Trade Limited з Віктарам Шэйманам

Са студзеня 2023-га па студзень 2024-га адзіным акцыянерам Winshun Тrade Limited быў Сяргей Грабенкін — пляменнік Сяргея Аношкі, былога менеджара «Матавела» і аднаго з ключавых людзей у бізнес-імперыі Віктара Шэймана. У 2024-м сам Сяргей Аношка атрымаў даверанасць на кіраванне гэтай кампаніяй тэрмінам на пяць гадоў.

Раней Аношка разам з былым намеснікам Віктара Шэймана па Упраўсправамі прэзідэнта Андрэем Свірідавым заснаваў «Вектар Капітал Груп», кампанію, дакументы якой ухваляў Віктар Шэйман, паводле расследавання BelPol.

Жонка Сяргея Аношкі працавала ў «ГБК-Шаўковы шлях», акцыянерам якога быў сын Віктара Шэймана. БРЦ таксама мае дадзеныя пра сумесныя пералёты Шэймана і Аношкі ў часе, калі першы кіраваў Упраўсправамі прэзідэнта, а другі — працаваў у падпарадкаваным прадпрыемстве.

Winshun Тrade Limited фігуравала ў ланцужку кампаній з арбіты Шэймана, які заніжаў імпартныя плацяжы пры пастаўках з Кітая ў Расею матацыклаў. Winshun Тrade Limited выступала пакупніком матацыклаў у кітайскага прадаўца, а атрымальнікам грузу ў Беларусі быў вышэйзгаданы «Брандсхандэль». Акрамя таго, паводле дакументаў, якія атрымаў БРЦ, Winshun Тrade Limited выдаваў займы на агульную суму больш за $10 млн на будаўніцтва меркаванага прыватнага шале Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Атрымальнікам крэдыту была расейская фірма «Комплекс-Инвест» — забудоўнік гэтага аб’екту.

У 2025 годзе Winshun Тrade Limited пастаўляла ў Расею і тавары, экспарт якіх на той момант ужо быў абмежаваны краінамі адпраўлення. З Латвіі ў Расею ішлі польскія фільтры для фарбавальна-сушыльных камер і італьянскія часткі вентыляцыйнага абсталявання, якія падпадалі пад абмежаванні ЕЗ. З Іспаніі — авіяцыйныя шыны брытанскай і японскай вытворчасці, экспарт якіх у Расею ЕЗ забараніў яшчэ ў кастрычніку 2022 года. З ЗША Winshun Тrade Limited  адпраўляла авіяцыйную індыкатарную панэль і модуль запальвання: з траўня 2023 года для экспарту такіх тавараў у Расею патрабуецца ліцэнзія амерыканскага Бюро прамысловасці і бяспекі (BIS).

Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні

Пад кампаніяй «Брандсхандэль» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Брандсхандэль», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 193674952.

Пад кампаніяй «Алексвіт лтд»  у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Алексвіт лтд», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 192200332.

Пад кампаніяй Winshun Trade Limited у гэтым матэрыяле разумеецца Avenir Winsourcing Limited (раней — Winshun Trade Limited), краіна рэгістрацыі — Гон-Конг, рэгістрацыйны нумар — 2430604.

Пад кампаніяй «Комплекс-Инвест» у гэтым матэрыяле разумеецца ООО «Комплекс-Инвест», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7730265490.

Пад кампаніяй «Матавела» у гэтым матэрыяле разумеецца ААТ «Матавела», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 190017558.

Пад кампаніяй «Вектар Капітал Груп» у гэтым матэрыяле разумеецца ЗАТ «Вектар Капітал Груп», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 193519098.

Пад кампаніяй «ГБК-Шаўковы шлях» у гэтым матэрыяле разумеецца ЗАТ «ГБК-Шаўковы шлях», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 192839871.

Яшчэ адзін спосаб, якім Менск заахвочвае пастаўкі маршрутам Беларусь-Расея — дакументальнае афармленне грузаў.

«Другі момант, чаму вязуць праз Беларусь: на многія тавары патрэбны сертыфікат паходжання. Расейцы, як правіла, не прымаюць па ланцужках сертыфікаты паходжання, таму што адпраўнік, атрымальнік там не супадаюць. Адпаведна, аплачваюць антыдэмпінг. У Беларусі сертыфікат можна перарабіць праз БелТПП, адпаведна, пазбегнуць яшчэ дадатковых плацяжоў», — падзяліўся з БРЦ гулец рынку.

Раней плыні падсанкцыйнай кантрабанды ішлі праз Беларусь у Расею наўпрост з краінаў Еўразвязу. Пры вывазе з Польшчы ці краінаў Балтыі груз афармлялі як транзіт праз Беларусь і Расею ў краіны Азіі ці Паўднёвага Каўказу. Але гэтыя плыні маглі істотна зменшыцца пасля 1 ліпеня 2024 году. Тады, у рамках «шостага пакету» санкцый супраць афіцыйнага Менску ЕЗ забараніў «транзіт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння; тавараў і тэхналогіяў, якія могуць спрыяць умацаванню ваеннага і тэхналагічнага патэнцыялу Беларусі ці развіццю яе сектару абароны і бяспекі; тавараў, якія могуць спрыяць, у прыватнасці, павелічэнню прамысловых магутнасцяў Беларусі; тавараў і тэхналогіяў, прыдатных для выкарыстання ў авіяцыі ці касмічнай галіне; а таксама ўзбраенняў, якія экспартуюцца з Саюзу». Штопраўда і гэтая схема ўсцяж дзейнічае для некаторых падсанкцыйных тавараў, канстатуе крыніца БРЦ.

«Ёсць санкцыйныя тавары, якія забароненыя да вывазу, але дазволеныя да транзіту. Вось гэтыя тавары могуць ехаць з Польшчы ў Беларусь непасрэдна. Там ёсць выключэнне», — адзначыў адмысловец.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць