Фірма «Кастом-сэрвіс» з уласнікамі з мытнай сферы выкарыстоўвала Кыргызстан як пасярэдніка пры пастаўках падсанкцыйных тавараў у Расею.

Аўтары: Вера Драздовіч  
Рэсёрчары: Дзмітры Чарапахаў  
Рэдактары: Яна Міцкевіч  

Беларуская кампанія «Кастом-сэрвіс» пастаўляла расейскім пакупнікам прадукцыю, якая знаходзілася пад заходнімі абмежаваннямі. Сярод атрымальнікаў кампанія, якая, паводле іншых журналісцкіх расследаванняў, працуе з ваенна-прамысловым комплексам Расеі. У наменклатуры паставак — прамысловая электратэхніка і інструменты для металаапрацоўкі. Мінімум траціна з іх агульнага аб’ёму ў $44 млн прыпала на падсанкцыйныя тавары. 

Матэрыял падрыхтаваны дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

«Ніякага гандлю з імі ў нас няма», — запэўніў журналіста БРЦ мужчына, які адказаў на званок па нумары кыргызстанскай кампаніі «Сервис Пак ЛСД». Цягам дзесяці хвілінаў ён адмаўляў, што звязаная з ім кампанія пастаўляла беларускаму «Кастом-сэрвісу» падсанкцыйныя тавары і абыходзіла заходнія санкцыі, а напрыканцы сказаў, што не ведае фірмы «Сервис Пак ЛСД», і настойваў, што журналіст пазваніў не адпаведнай асобе.

Журналіст спытаў суразмоўцу пра гандаль з «Кастом-сэрвіс», бо ў распараджэнні БРЦ апынуліся дамова паміж фірмамі, інвойс на пастаўку электратэхнікі еўрапейскіх вытворцаў і лагістычныя дадзеныя, у якіх фігуруюць кампаніі з Кыргызстану, Беларусі, Польшчы і Расеі. 

Мільённыя планы пасля пачатку вайны

Пачалася гэтая гісторыя, праз два месяцы пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. Еўразвяз ужо ўвёў пяць пакетаў санкцыяў супраць Расеі і дадатковыя абмежаванні супраць Беларусі. Еўрапейскія вытворцы спынялі або абмяжоўвалі працу на расейскім рынку, а традыцыйныя маршруты паставак заходняй прадукцыі наўпрост у Расею ці праз беларускіх пасярэднікаў пераставалі працаваць. 

25 красавіка 2022 года беларуская фірма «Кастом-сэрвіс» і кыргызстанскі «Сервис Пак ЛСД» дамовіліся аб пастаўках тавараў ці то на мільён, ці то на два мільёны еўра — у дамове фігуруюць абедзве лічбы. «Сервис Пак ЛСД» выступіў прадаўцом, а «Кастом-сэрвіс» пакупніком. Базавым месцам перадачы тавару ў дамове пазначылі сталіцу Літвы Вільню. [*]

Нам невядома, ці кантракт выканалі на абумоўленую суму, але нават калі так, то яна стала толькі невялікай часткай агульнага кошту тавараў, якія беларускі «Кастом-сэрвіс» пераправіў у Расею. 

Мільёны на выключальніках

Беларуская фірма «Кастом-сэрвіс» з пачатку 2000-х працуе ў сферы міжнароднай лагістыкі і мытнага афармлення. На сваім сайце яна прапануе арганізаваць перавозку тавараў, дапамагчы з дакументамі і сертыфікацыяй. У ліку вядомых кліентаў у інтэрнэце можна знайсці згадкі пра Coca-Cola, «Аліварыю» і Oriflame.

У снежні 2023 года кампанія ўжо фігуравала ў журналісцкім расследаванні. Расейскае выданне «Вёрстка» разам з беларускім «Бюро» высветлілі, што за дзесяць месяцаў 2023 года «Кастом-сэрвіс» паставіў з Беларусі ў Расею люксавых аўтамабіляў больш як на $8,5 млн. Але раней ніхто не паведамляў, што аўтамабілі — толькі частка падсанкцыйнага гандлю, якім займаецца «Кастом-сэрвіс».

БРЦ вывучыў больш за 32 тысячы таварных пазіцыяў у мытных запісах кампаніі і высветліў, што з сакавіка 2022 года па жнівень 2025-га фірма экспартавала ў Расею тавараў еўрапейскага паходжання больш як на $44 млн. Амаль $16,2 млн прыпала на таварныя катэгорыі, у дачыненні да якіх увялі санкцыйныя абмежаванні. Больш за палову даследаваных намі паставак складала электратэхнічная прадукцыя: аўтаматычныя выключальнікі, рэле, кантактары, клемы, камутатары і іншыя кампаненты прамысловых электрасістэм. 

Напрыклад, у дакументах сустракаецца аўтаматычны выключальнік серыі ABB S800S. Вонкава ён нагадвае звычайны аўтамат у хатнім электрашчыце, але яго тэхнічныя характарыстыкі разлічаныя на больш складаныя ўмовы эксплуатацыі. У адпаведных мадыфікацыях адключальная здольнасць дасягае 50 кілаампераў, а ў хатніх — звычайна не болей за 6-10. Такія прылады выкарыстоўваюць у электрасетках, дзе магчымыя вялікія токі кароткага замыкання, у тым ліку на прамысловых аб'ектах. [*]

Яшчэ адзін прыклад — прылада плаўнага пуску ABB PSR85. Яна дапамагае запускаць электрарухавікі без рэзкіх электрычных і механічных нагрузак. Падобнае абсталяванне выкарыстоўваюць у вытворчых лініях, канвеерах і помпавых сістэмах дата-цэнтраў. Большасць такіх дэталяў цяжка назваць высокатэхналагічнымі, але іх адсутнасць магла б, напрыклад, прывесці да спынення вялікай вытворчай лініі. [*]

Сярод асноўных расейскіх пакупнікоў «Кастом-сэрвісу» БРЦ выявіў буйных прадаўцоў электратэхнічнага абсталявання — кампаніі «Вектор КМ» і «Электрокабель». За даследаваны перыяд беларуская кампанія паставіла ім тавараў больш як на $20 млн. Трэці буйны расейскі атрымальнік — смаленскі «Кастом-Сервис», звязаны з беларускай кампаніяй праз двух агульных уласнікаў. 

Крыніца: БРЦ

Інструменты для пастаўшчыка ВПК

У 2022 годзе ў даследаванні Маскоўскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту траціна апытаных прадпрыемстваў адзначыла дэфіцыт прамысловых расходнікаў: фрэзаў, свердзелаў, разцоў і метчыкаў. То-бок пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну цяжкасці ўзніклі як з пастаўкамі высокатэхналагічных тавараў (чыпаў ці авіяцыйны дэталяў), гэтак і са звычайнымі расходнымі матэрыяламі для прамысловых станкоў. Недахоп адчуваўся і летась. Профільны журнал «Рытм машынабудаўніцтва» пісаў пра дэфіцыт якаснага цвердасплаўнага інструменту.

У мытных дадзеных БРЦ знайшоў пастаўкі «Кастом-сэрвісам» у Расею падсанкцыйных расходных матэрыялаў для станкоў заходніх брэндаў мінімум на $213 тыс. Галоўным атрымальнікам гэтай групы тавараў выступіла расейская фірма «Компания Промарсенал». 

Паводле інфармацыі, атрыманай журналістамі праекту «Досье», яна фігуруе ў закрытым рэестры абаронных прадпрыемстваў расейскага Міністэрства прамысловасці і гандлю. Акрамя таго, у лютым 2026 года The Insider уключыў «Компанию Промарсенал» у лік прадаўцоў металаапрацоўчых станкоў і камплектуючых, якія працуюць з расейскім ваенна-прамысловым комплексам.

Каб аднавіць поўны ланцужок паставак і зразумець, як падсанкцыйныя тавары трапляюць у Беларусь, а адтуль у Расею, трэба вярнуцца на пачатак расследавання і прыгледзецца да ролі пасярэднікаў.

Польскі след і трынаццаты паверх, якога няма

Ад крыніцы ў лагістычнай галіне БРЦ атрымаў звесткі пра контрагентаў «Кастом-сэрвісу» ў 2022—2023 гадах. Сярод іх мы знайшлі дзве кампаніі з Кыргызстану. Першая — знаёмая нам ужо «Сервис Пак ЛСД». Другая — «Мавик Эксперт». Абедзве зарэгістраваныя ў Бішкеку, у 2019 і 2021 гадах адпаведна. У абедзвюх асноўны заяўлены від дзейнасці — неспецыялізаваны аптовы гандаль. 

«Сервис Пак ЛСД» і «Мавик Эксперт» раней ужо прыцягвалі ўвагу журналістаў. У супольным расследаванні літоўскіх Siena і Laisvės TV ды беларускага «Бюро» гаварылася пра пастаўкі кандыцыянераў у Кыргызстан і магчымы абыход санкцый. 

Журналісты звярнулі ўвагу на неадпаведнасці, звязаныя з адрасамі гэтых фірмаў. «Мавик Эксперт» указвала офіс на трынаццатым паверсе бізнес-цэнтру ў Бішкеку, хаця сам будынак меў толькі восем паверхаў. «Сервис Пак ЛСД» у той час указвала адрас у бізнес-цэнтры, які яшчэ не быў дабудаваны. Партнёры журналістаў наведалі абодва месцы і зафіксавалі гэтыя факты на фотаздымках. [*] [*]

Кыргызстан, у адрозненні ад краінаў Еўразвязу, не ўводзіў санкцыяў супраць Расеі і Беларусі. Гэта зрабіла яго прывабным месцам для пасярэдніцкіх гандлёвых аперацый. Але нават наяўнасць кыргызстанскай фірмы ў графе «прадавец» у дакументах не азначае, што сам тавар фізічна трапляў у Бішкек. Гэта пацвярджае інвойс ад 21 кастрычніка 2023 года, у якім «Сервис Пак ЛСД» выступае прадаўцом, а беларускі «Кастом-сэрвіс» пакупніком. У дакуменце — 17 пазіцыяў электратэхнічнай прадукцыі нямецкага вытворцы DEHN і польскага BAKS. Некаторыя з іх на той момант былі забароненыя да паставак у Расею, але, паводле нашага аналізу, менавіта туды яны ў выніку і патрапілі. 

У тым жа месяцы беларускі «Кастом-сэрвіс» паставіў такія ж 17 тавараў марак DEHN і BAKS свайму расейскаму цёзку — кампаніі «Кастом-Сервис», зарэгістраванай у Смаленску. БРЦ звярнуў увагу на геаграфію апісанай вышэй здзелкі. Пакупнік — «Кастом-сэрвіс» — знаходзіцца ў Беларусі, прадавец — «Сервис Пак ЛСД» — у Кыргызстане, але месца перадачы тавару па дакументах — горад Блоне ў Польшчы. 

Пры дапамозе ініцыятывы «Рабочы Рух» мы таксама даведаліся пра дамову паміж беларускім «Кастом-сэрвісам» і другой кыргызстанскай фірмай-пасярэдніцай — «Мавик Эксперт». Менавіта яе офіс месціўся па дакументах на неіснуючым 13-м паверсе офіснага будынку ў Бішкеку. У кантракце ідзе гаворка пра пастаўку тавараў агульнай вартасцю два мільёны еўра. Мытныя дадзеныя пацвярджаюць пастаўкі: у лістападзе 2022 года «Мавик Эксперт» прадаў «Кастом-сэрвісу» датчыкаў, кольцаў, падшыпнікаў і іншых дэталяў французскага брэнду Manitou на €17,7 тыс.

«Я бачу тут (у схеме паставак — рэд.) прыкметы мытнага злачынства, таму што мэта накіравання тавару вельмі ўплывае на мытныя кошты: на перасячэнне мяжы ці мытнага саюзу, ці Еўрапейскага звязу, ці трэціх краін.  Калі гэта мэта не выконваецца, то гэта з'яўляецца складам злачынства ў любой краіне: і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў Еўрапейскім звязе, і ў Кыргызстане. А таму, калі гэта сапраўды адбываецца, то тут ёсць падставы для расследавання па крымінальнай справе. Там можа быць пазбяганне мытных плацяжоў, можа быць падробка дакументаў, можа быць пазбяганне санкцыяў», — сказаў у каментары БРЦ юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Яшчэ адна лінія паставак таксама прывяла нас у Польшчу. У расейскіх мытных запісах за 2023 год мы знайшлі пастаўкі ў тым ліку падсанкцыйных аўтамабільных дэталяў і абсталявання на крыху больш чым $4 тыс. У дакументах фігуруе польскі індывідуальны прадпрымальнік Гжэгаж Ліхаграй. У польскім дзяржаўным рэестры яго бізнес зарэгістраваны пад назвай Lichpol Grzegorz Lichograj. Месца рэгістрацыі — Белая Падляская, непадалёк ад беларускай мяжы. Пачатак дзейнасці — 7 лістапада 2022 года, асноўная спецыялізацыя — аптовы гандаль аўтамабільнымі запчасткамі і аксесуарамі.

Краінай адпраўлення гэтых тавараў пазначаная Польшча, а атрымальнікам — смаленскі «Кастом-Сервис». У дакументах у графе «адпраўнік» побач з польскім прадпрымальнікам фігуруе кыргызстанская пасярэдніцкая фірма — «Сервис Пак ЛСД».

Свае людзі з мытні

Напрыканцы траўня 2022 года ў Бішкеку праходзіў першы Еўразійскі эканамічны форум. На ім сабраліся прадстаўнікі дзяржаў-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюзу, чыноўнікі і бізнесоўцы. Сярод прысутных быў і дырэктар «Кастом-сэрвісу» Віталь Сабалеўскі. [*]

Сабалеўскі — не толькі кіраўнік, але і асноўны ўласнік «Кастом-сэрвісу». Паводле даследаваных карпаратыўных звестак, яму належыць 54% кампаніі. Да стварэння ўласнага бізнесу Сабалеўскі працаваў у Coca-Cola — кампаніі, якая пазней стала адным з кліентаў «Кастом-сэрвісу». 

Таксама на момант публікацыі Сабалеўскі займае пасаду намесніка старшыні Асацыяцыі мытных прадстаўнікоў Беларусі. Эксперты гэтай арганізацыі ўдзельнічалі ў распрацоўцы Мытнага кодэксу Еўразійскага эканамічнага саюзу і іншых дакументаў у сферы міжнароднага гандлю. Узначальвае Асацыяцыю мытных прадстаўнікоў былы намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Сяргей Барысюк, які раней фігураваў у расследаванні БРЦ пра абыход санкцыяў.

Другі саўладальнік «Кастом-сэрвісу» Аляксандр Бортнік раней працаваў старшым інспектарам Менскай рэгіянальнай мытні, а пасля заняўся бізнесам. У 2019 годзе ён прадаў долю ў адной са сваіх кампаній — «Солартэх». Сярод яе новых уласніц апынуліся Ганна Пушкарова і Ганна Хмялеўская — жанчыны, якіх БРЦ звязваў у ранейшых расследаваннях з атачэннем Віктара Шэймана, былога кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля змены ўласнікаў «Солартэх» перайменавалі ў «Глобалкастом-комерс». Гэтая кампанія таксама неаднаразова фігуравала ў расследаваннях БРЦ.

Яшчэ па 8% «Кастом-сэрвісу» належаць сыну Віталя Сабалеўскага Уладзіславу і Вераніцы Левыкінай, якая атрымала долю ў спадчыну ад сваёй бабулі.

Крыніца: БРЦ

Пятнаццаць зваротаў, адзін адказ

Мы намагаліся дазваніцца да ўсіх фігурантаў расследавання, чые кантакты удалося здабыць. Аляксандр Бортнік, пачуўшы, што размова датычыць расследавання пра абыход санкцый праз Кыргызстан, адмовіўся яе працягваць. З іншых дзвюх асобаў, з якімі змог паразмаўляў журналіст БРЦ, толькі адна пацвердзіла датычнасць да кампаніі «Сервис Пак ЛСД», але пры гэтым не захацела прадставіцца. 

Апроч таго мы даслалі пісьмовыя запыты фігурантам гэтай гісторыі: беларускай «Кастом-сэрвіс» і яе чатыром уласнікам, расейскім кампаніям «Вектор КМ», «Электро-кабель» і «Компания Промарсенал». На гэтыя звароты мы не атрымалі адказаў.

БРЦ накіраваў запыты і еўрапейскім фірмам-вытворцам электратэхнікі BAKS і DEHN. Першая не адказала, а другая падкрэсліла, што сур’ёзна ставіцца да экспартнага кантролю і выканання санкцый — кампанія ўкараніла комплексную праграму кантролю за экспартам, каб забяспечыць выкананне адпаведных нормаў Нямеччыны, Еўразвязу ды міжнароднага заканадаўства. DEHN таксама паведаміла, што не падтрымлівае дзелавых адносінаў з партнёрамі ў Расеі і Беларусі, а таксама не мае наўпроставых дзелавых сувязяў з «Сервис Пак ЛСД» і «Кастом-сэрвісам». У кампаніі патлумачылі, што пераважна прадаюць прадукцыю праз аўтарызаваных дыстрыб’ютараў, таму не заўсёды могуць адсачыць яе далейшае перамяшчэнне. 

Ад перамоваў да забаронаў

Калі рэзкі рост экспарту ў Кыргызстан пасля 2022 года прыцягнуў увагу Еўразвязу, Брусель намагаўся дамовіцца з Бішкекам аб больш пільным кантролі пасярэдніцкага гандлю. Але перамовы не прывялі да дастатковых захадаў з боку кыргызстанскіх уладаў. Еўразвяз прызнаў рызыку абыходу санкцыяў праз Кыргызстан сістэматычнай і ўстойлівай. У красавіку 2026 года ЕЗ упершыню ў гісторыі застасаваў адмысловы механізм супраць абыходу санкцыяў праз трэція краіны. Пад забарону паставак у Кыргызстан трапілі дзве групы тавараў: металаапрацоўчыя станкі і абсталяванне для прыёму, пераўтварэння і перадачы дадзеных. 

Іншыя Расследаванні
IKEA сышла — мэбля засталася. Як беларускі завод літоўскага мільянера пастаўляў у Расею аналагі шведскага брэнда
Расследаванні IKEA сышла — мэбля засталася. Як беларускі завод літоўскага мільянера пастаўляў у Расею аналагі шведскага брэнда
За заводам «Новус Індустры» да верасня 2026 года стаяў Сігітас Паўлаўскас — уладальнік літоўскага пастаўшчыка IKEA, холдынгу VMG Group.
08 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць