Расследаванні 26 лістапада 2024

Дэталі для знішчальнікаў і ракет. Як Беларусь прадае Расеі заходнія мікрасхемы ў абыход санкцыяў

БРЦ знайшоў ланцужкі кампаніяў, звязаных з асяроддзем Лукашэнкі і расейскім ВПК.

Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Барысюк, Аляксей Мацвееў, Уладзімір Пуцін
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Барысюк, Аляксей Мацвееў, Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Знішчальнікі, ракеты і беспілотнікі — БРЦ высветліў, што некаторыя неабходныя элементы для гэтай тэхнікі Расеі пастаўляе Беларусь. Гаворка пра мікрасхемы заходняй вытворчасці. Увозіць іх у РФ забараняюць санкцыі. Каб абыйсці іх, створаныя ланцужкі кампаніяў, якія, з аднаго боку, звязаныя з асяроддзем Аляксандра Лукашэнкі, а з другога — з расейскімі абароннымі прадпрыемствамі. Прадстаўнікі дзвюх кампаніяў самі распавялі БРЦ, як можна замовіць мікрасхемы.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Смяротныя пастаўкі

Беларускія кампаніі з верасня 2022 па чэрвень 2024 года прадалі расейскім прадпрыемствам мікрасхемаў больш чым на $125 млн. Частка з іх, амаль на $400 тыс., — заходняй вытворчасці. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне іх забаронена прадаваць Расеі і Беларусі.

ЗША і Еўразвяз склалі спіс высокапрыярытэтных тавараў, якія неабходныя Расеі для вытворчасці зброі.

У яго ўвайшло 50 мытных кодаў, якімі пазначаюць розныя тавары. Сярод гэтых 50 кодаў найвышэйшы прыярытэт аддадзены чатыром, пад якімі згрупаваныя мікрасхемы: 8542.31, 8542.32, 8542.33, 8542.39. Кодам 8542.31 пазначаюць працэсары і кантролеры, на іх ускладзеныя, напрыклад, функцыі кіравання сістэмай. Прылады пад кодам 8542.32 адказваюць за захоўванне інфармацыі. Мікрасхемы 8542.33 — гэта ўзмацняльнікі магутнасці, а тыя, якія абазначаюць кодам 8542.39, належаць да іншых. Тавары пад гэтымі кодамі амерыканскім і еўрапейскім вытворцам забаронена прадаваць Расеі і Беларусі.

Нягледзячы на гэта, беларускія кампаніі не толькі самі набывалі мікрасхемы вытворчасці ЗША і краінаў Еўразвязу, але і перапрадавалі іх расейскім фірмам. Журналісты БРЦ высветлілі, што за 22 месяцы з Беларусі ў Расею адправілі амаль 10 тысячаў мікрасхемаў заходняй вытворчасці. Сярод тых, хто прадае і набывае іх, — кампаніі, якія не першы год супрацоўнічаюць з расейскімі абароннымі прадпрыемствамі і не ўпершыню трапляюцца на экспарце забароненай прадукцыі.

У красавіку 2024 года, паводле Уладзіміра Зяленскага, расейскія вайскоўцы скінулі на Украіну больш за тры тысячы кіраваных авіябомбаў. Для іх запуску і навігацыі Масква выкарыстоўвае ў тым ліку мікрасхемы заходняй вытворчасці. Напрыклад, амерыканскай кампаніі Intel. Менавіта іх мы выявілі ў пастаўках з Беларусі ў Расею.

Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Расейскія вайскоўцы могуць выкарыстоўваць прадукцыю Intel, напрыклад, як кампаненты знішчальнікаў Су-35С, Су-34, беспілотнікаў «Корсар» і ракет «Калибр». Гэта вынікае з заключэння ўкраінскіх Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны (ГУР) і Незалежнай антыкарупцыйнай камісіі (НАКА). Гэта ж нам пацвердзілі і профільныя эксперты.

Пад кіраўніцтвам мытніка

Адна з кампаніяў, якая пастаўляла Расеі мікрасхемы, — ТАА «Алексвіт лтд». З верасня 2022 па чэрвень 2023 года яна адправіла ў Расею 131 мікрасхему амерыканскага, фінскага і нямецкага паходжання. «Алексвіт лтд» пастаўляе ў Расею і іншую санкцыйную прадукцыю, у прыватнасці шыны. Мы распавядалі пра гэта ў папярэднім расследаванні. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны яе выручка вырасла прыкладна ў тры разы і ў 2023 годзе перавысіла 740 млн беларускіх рублёў (прыкладна $247 млн).

З канца чэрвеня 2021 года ўладальнікам «Алексвіт лтд» значыцца Сяргей Барысюк — былы намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі. Ён таксама ўваходзіў у экспертную раду пры Мытным камітэце, дзе раней працаваў, і ўзначальваў беларускую Асацыяцыю мытных прадстаўнікоў. [*] [*]

Сяргей Барысюк
Крыніца: БРЦ / Сяргей Барысюк. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

«Алексвіт лтд» прапануе паслугі па перавозцы грузаў з Еўропы праз Турцыю ў Беларусь і Расею, мытнаму афармленню аўтазапчастак з Еўропы і ЗША для наступнага продажу ў Расеі, прадае свежазрэзаныя кветкі, расліны і саджанцы ў тым ліку з Еўразвязу. Як высветліў БРЦ падчас аднаго з папярэдніх расследаванняў, кампанія звязаная з Віктарам Шэйманам, даўнім і найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі. Раней ён узначальваў Упраўленне справамі прэзідэнта, але ў 2021 годзе сышоў у адстаўку. Пры гэтым Шэйман працягнуў браць удзел у дзяржаўных справах у статусе спецыяльнага пасланніка Лукашэнкі.

Структуры, звязаныя з Шэйманам, ужо фігуравалі ў расследаваннях пра пастаўкі тавараў у абыход як заходніх, так і расейскіх абмежаванняў. БРЦ, напрыклад, распавядаў пра тое, як ягоныя кампаніі экспартуюць у Расею падсанкцыйныя аўтамабілі.

Карэспандэнт БРЦ звязаўся з «Алексвіт лтд». Ён назваўся прадстаўніком кампаніі, якая хоча замовіць у Еўропе мікрасхемы з дастаўкай у Расею, і пацікавіўся, ці можа кампанія з гэтым дапамагчы. Пасля ўдакладнення, што мы хочам прывезці партыю да тысячы мікрасхемаў, разбітую на некалькі паставак, супрацоўніца «Алексвіт лтд» адзначыла, што кампанія бярэцца толькі за вялікія аб'ёмы: «Альбо гэта машына, альбо кантэйнер, а ў вас мікрасхемы, гэта будзе невялікая скрынка». Яна дадала, што на ўсялякі выпадак запісала нумар тэлефона, і паабяцала, што менеджар звяжацца з намі.

БРЦ даслаў афіцыйны запыт «Алексвіт лтд» з просьбай пракаментаваць пастаўкі забароненай прадукцыі ў Расею і сувязі кампаніі з Віктарам Шэйманам. На момант публікацыі рэдакцыя не атрымала адказу.

Курс на «Усход»

Сярод пастаўшчыкоў забароненых мікрасхемаў БРЦ выявіў яшчэ адну кампанію, звязаную з чалавекам з атачэння Аляксандра Лукашэнкі, — ТАА «Лагістычная кампанія Усход». Па нашых падліках, яна прадала ў Расею больш за паўтары тысячы мікрасхемаў амерыканскай вытворчасці са снежня 2022 па сакавік 2023 года. Усяго ж за гэты час кампанія экспартавала ў Расею больш за 215 тысячаў мікрасхемаў амаль на $800 тысячаў.

Валодае ТАА «Лагістычная кампанія Усход» Аляксей Мацвееў. [*] [*] Як мінімум у 2017-2019 гадах ён працаваў у «Беларускай тэніснай федэрацыі». [*]

У тыя гады яе ўзначальваў Сяргей Цяцерын. Ён знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ як чалавек з блізкага кола Аляксандра Лукашэнкі. У 90-я Цяцерын быў ягоным трэнерам па тэнісе, пазней стаў першым намеснікам міністра спорту і турызму, а пасля гэтага — памочнікам Лукашэнкі па гэтых жа пытаннях. Цяцерын і Лукашэнка разам колюць дровы, косяць траву і заўзеюць за беларускіх спартоўцаў на міжнародных спаборніцтвах.

У адным з папярэдніх расследаванняў БРЦ высветліў, што Цяцерын імпартуе некаторыя тавары ў абыход санкцыяў і прадае іх па больш высокім кошце. Напрыклад, звязаныя з ім кампаніі возяць у Беларусь шакалад Ritter Sport.

Аляксей Мацвееў, Таццяна Мацвеева, Сяргей Цяцерын
Крыніца: БРЦ / Аляксей Мацвееў, Таццяна Мацвеева, Сяргей Цяцерын. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Мы знайшлі яшчэ два факты, якія звязваюць уладальніка «Лагістычнай Кампаніі Усход» з экс-трэнерам Лукашэнкі. Бізнес-партнёрка Цяцерына Таццяна Мацвеева — сястра Аляксея Мацвеева. А кампаніяй ТАА «ТАС глобал», якую апошні ўзначальваў у 2017 годзе, з канца таго ж года валодаў Сяргей Цяцерын. [*] [*]

Ракіроўка прадаўца і пакупніка

Мы змаглі даведацца, што «Лагістычная Кампанія Усход» не займаецца лагістыкай, але можа дапамагчы з мытнай ачысткай дакументаў. Так сказалі карэспандэнту БРЦ супрацоўнікі кампаніі ў тэлефоннай размове.

«Рухі — звычайныя. Вы даеце нам, з кім заключыць кантракт на куплю. Імпартны кантракт. Падрыхтоўваюцца дакументы таварасуправаджальныя. З нашай дапамогай. Мы правяраем, па якіх коштах, прахадныя яны ці не прахадныя. Далей мы робім мытную ачыстку і рэалізуем вашаму пакупніку. Ну, дакладней вам. Тут, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, або там, на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Усё праз дамовы куплі–продажу», – паведаміла прадстаўніца кампаніі журналісту, які прадставіўся патэнцыйным кліентам.

Паводле яе словаў, пры куплі тавару ў Еўропе пакупніком у дакументах будзе пазначаная «Лагістычная Кампанія Усход». Пасля дастаўкі замовы ў Беларусь яна стане прадаўцом, а пакупніком у паперы ўпішуць рэальнага заказчыка.

Рэдакцыя запрасіла каментар ТАА «Лагістычная Кампанія Усход» аб пастаўках забароненай прадукцыі ў Расею і сувязях з Сяргеем Цяцерыным. На момант публікацыі мы не атрымалі адказу.

Знішчальнік Су-57
Крыніца: Costfoto / NurPhoto / Reuters / Знішчальнік Су-57, для вытворчасці якога могуць выкарыстоўвацца мікрасхемы Enpirion і Intel, якія пастаўляюцца з дапамогай Беларусі

Серыйныя экспартцёры «забаронкі»

У ланцужках паставак санкцыйных мікрасхемаў БРЦ выявіў фірмы, якія маюць сувязі і з іншымі набліжанымі Лукашэнкі. Напрыклад, ТАА «ОФС-экспарт», якая з кастрычніка 2022 да лютага 2024 года прадала Расеі больш за 1200 чыпаў. Гэтая кампанія звязаная з Аляксандрам Шакуціным, уладальнікам холдынгу «Амкадор». ЕЗ і ЗША ўвялі супраць бізнесоўцы санкцыі, назваўшы яго «гаманцом» Лукашэнкі. У 2023 годзе БРЦ высветліў, што Шакуцін прадае ў Беларусі і Расеі тэхніку з камплектуючымі, якія таксама трапілі пад абмежаванні.

Яшчэ адзін пастаўшчык — ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль». Гэта кампанія звязаная з бізнесоўцам Аляксандрам Зайцавым, былым памочнікам Віктара Лукашэнкі, гаворыцца ў тлумачэнні да санкцыяў ЕЗ. Ён трапіў у чорны спіс як чалавек, набліжаны да кіруючай у Беларусі сям’і.

З лістапада 2020 па канец траўня 2021 года Зайцаў валодаў ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль», пасля чаго яго ўласнікам стаў Яўген Крахоцін. [*] [*] Апошні працаваў у ТАА «Сцісхо», якое належала Зайцаву больш за сем гадоў (са студзеня 2013 года па канец траўня 2020-га). [*] [*] [*]

Па нашых падліках, ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль» пасля ўвядзення забароны і да красавіка 2024 года паставіў у Расею не менш за 825 мікрасхемаў амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці.

Мікрасхемы — не адзіны санкцыйны тавар, які пастаўляе «Гандлёвы дом Экспартгандаль». У адным з папярэдніх расследаванняў мы высветлілі, што кампанія экспартуе ў Расею шыны, прадае нямецкае маторнае масла, тэхніку Apple. Акрамя таго, яна атрымала сертыфікаты аб увозе мяса з Іспаніі.

БРЦ звярнуўся да кампаніяў «ОФС-экспарт» і ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль» з пытаннямі аб сувязях з набліжанымі да Лукашэнкі бізнесоўцамі і пастаўках санкцыйнай прадукцыі ў Расею. На момант публікацыі рэдакцыя не атрымала адказу.

Разбурэнні ў Адэсе
Крыніца: Viacheslav Onyshchenko / SOPA Images / Sipa USA/ Reuters / Разбурэнні ў Адэсе пасля таго, як Расея выпусціла па горадзе пяць тыпаў ракет, у тым ліку «Калибр», у ноч на 23 ліпеня 2023 года

Звёны абароннага ланцуга

Сярод расейскіх пакупнікоў мікрасхемаў, якія абаронныя прадпрыемствы краіны могуць выкарыстоўваць для знішчальнікаў, беспілотнікаў і ракет, — ТАА «Балтэлектрон». Гэтая кампанія знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі як пастаўшчык мікраэлектронікі падвойнага прызначэння і іншых тэхналогіяў для абароннай прамысловасці РФ.

Кампанія называе сябе «першым звяном у ланцужку імпарту радыё-электронных кампанентаў» на тэрыторыю Расеі. «У нас наўпроставыя кантракты з самымі папулярнымі пастаўшчыкамі з ЗША, Кітая і Еўропы, што дае магчымасць нам прыемна здзіўляць нашых кліентаў як коштам і тэрмінамі, так і магчымасцю пастаўкі некаторых РЭК [радыёэлектронных кампанентаў] у прынцыпе», — гаворыцца на сайце кампаніі.

«Балтэлектрон» у 2022-2023 гадах набываў мікрасхемы ў трох беларускіх кампаніяў: ТАА «Чып Экспрэс», ТАА «Чыпімпарт» і ТАА «Электрасэйл». Гэтыя тры кампаніі звязаныя паміж сабой. У розны час іх дырэктарамі і ўладальнікамі былі адныя і тыя ж людзі: беларусы Дзмітрый Савашынскі, Віктар Цыбулька, Міхаіл Рэхмунаў, Яўген Крывалапаў і Уладзімір Калонскаў.

Генеральны дырэктар і заснавальнік «Балтэлектрона» — беларус Дзмітрый Савашынскі. [*] [*] [*] У 2017 годзе — за некалькі месяцаў да рэгістрацыі «Балтэлектрона» — Савашынскі заснаваў у Беларусі ТАА «Чыпімпарт». [*] [*] Ён зрабіў гэта разам з партнёрам Віктарам Цыбулькам — сузаснавальнікам «Чып Экспрэсу». [*] [*]

Гэтая кампанія пастаўляла мікрасхемы «Балтэлектрону» да сакавіка 2023 года. Потым яе месца заняла іншая беларуская кампанія — ТАА «Электрасэйл». Разам з кліентам — «Балтэлектроном» — з «Чыпімпарту» ў «Электрасэйл» перайшоў і кіраўнік Міхаіл Рэхмунаў. Ён кіраваў кампаніяй да траўня 2024 года. [*] [*]

З красавіка 2024-га «Электрасэйл» цалкам належыць Яўгену Крывалапаву — на момант публікацыі аднаасобнаму ўладальніку «Чып Экспрэс», які знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. У траўні 2024-га Уладзімір Калонскаў перайшоў у «Электрасэйл» з ліквідаванага «Чып Экспрэс» услед за Крывалапавым. [*] [*]

«Чыпімпарт» быў ліквідаваны ў лютым 2024-га.

БРЦ звярнуўся па каментары ў ТАА «Балтэлектрон» і ТАА «Электрасэйл». Рэдакцыя папрасіла расейскую кампанію распавесці аб прызначэнні мікрасхемаў, якія яна набывае ў Беларусі, а беларускую — растлумачыць, дзе тая набывае санкцыйныя тавары, якія пазней прадае ў Расею. На момант публікацыі мы не атрымалі адказу.

Падтрымка пагрозы з неба

Яшчэ адна беларуская кампанія, якая пастаўляла Расеі мікрасхемы, якія можна выкарыстоўваць для стварэння знішчальнікаў і беспілотнікаў, — ТАА «СД Электра». ГУР і НАКА назвалі іх кампанентамі ваенных самалётаў Су-34 і Су-30СМ, а таксама беспілотніка «Орион». Пакупнік гэтых тавараў — расейская кампанія ТАА «Грин-Чип».

Уладзімір Пуцін
Крыніца: БРЦ / Уладзімір Пуцін. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Кліенты «Грин-Чип» супрацоўнічаюць з расейскімі ўладамі і вайскова-прамысловым комплексам. Мы высветлілі гэта дзякуючы нашай крыніцы ў падатковай службе Расеі.

Сярод пакупнікоў «Грин-Чип», напрыклад, АТ «Научно-Промышленная Компания “Высокие Технологии и Стратегические Системы”» (ВТиСС), якая знаходзіцца пад санкцыямі Украіны. Яна праз ланцужок кампаніяў належыць ПАТ АФК «Система» — структуры сям'і расейскага мільярдэра Уладзіміра Еўтушэнкава. Украінскія СМІ называлі яго «каралём расейскай абаронкі». ВТиСС займаецца распрацоўкай сістэмаў для органаў улады, сілавых ведамстваў і прадпрыемстваў. 

Таксама ў ліку кліентаў «Грин-чип» — ПАТ «НПО “Алмаз”», якое належыць канцэрну паветрана-касмічнай абароны Алмаз-Антей, і АТ «Ангстрем-Телеком». Прадукцыя апошняга выкарыстоўваецца ў праектах ДК «Росатом», ПАТ «Газпром», ПАТ «Ростелеком», ПАТ «Россети» і іншых арганізацыяў.

Сілавыя ведамствы ёсць сярод заказчыкаў яшчэ аднаго кліента «Грин-Чип» — ТАА КБ «Пульсар-Телеком». Акрамя таго, яно прапаноўвае тэхнічныя рашэнні для Маскоўскага метро і РЖД. The Insider у ліпені 2024 года зазначаў «Пульсар-Телеком» у ліку кампаніяў, якія дапамагаюць Расейскім чыгункам абыходзіць санкцыі.

Каналы паставак

Магчымасць пастаўкі мікрасхемаў з ЗША і Еўропы БРЦ пацвердзілі і ў самім «Грин-Чип». У тэлефоннай размове з нашым карэспандэнтам, які прадставіўся патэнцыйным пакупніком, супрацоўніца кампаніі паведаміла, што на замову даступныя тавары з ЗША, Нямеччыны, Малайзіі і Тайваню. На пакінуты журналістам нумар пазней патэлефанавалі — з беларускага нумару тэлефону. Суразмоўца прадставіўся Дзянісам, які звязваецца з нагоды заяўкі, пакінутай ў «Грин-Чип».

Паводле яго, «такі від тавару» ідзе на замову. Калі ён ёсць на стоках, пастаўка зойме 6-10 тыдняў, калі ж трэба замовіць выраб складаных кампанентаў, то — 12-15 тыдняў і яшчэ два-тры тыдні спатрэбіцца на дастаўку.

«У Еўропе ёсць кампанія, якая кансалідуе еўрапейскі склад, і потым сюды тавар прыязджае. Гэта значыць два шляхі — або праз Еўропу, або праз Азію. У залежнасці ад таго, якія мікрасхемы», — падсумаваў суразмоўца.

У пастаўках ад азіяцкага адпраўніка грузаў «Грин-Чип» мы таксама выявілі санкцыйныя мікрасхемы. Зарэгістраваная ў Ганконгу Day king Technology Co., Limited ў 2024 годзе адправіла кампаніі тавары міжнародных брэндаў Analog Devices Inc, Microchip Technology Incorporated і Mini-Circuits. У 2023-м сярод брэндаў фігуравалі Analog Devices і Microchip, Intel, Texas Instruments, Xilinx. Штаб-кватэры ўсіх гэтых вытворцаў размешчаныя ў ЗША. Гэта значыць, што на іх распаўсюджваюцца правілы экспартнага кантролю, якія забараняюць пастаўляць у Расею і Беларусь тавары, вырабленыя з выкарыстаннем амерыканскіх тэхналогіяў.

У 2023 годзе Dauking Technology паставіла «Грин-Чипу» амаль 144 тысячы мікрасхемаў, у студзені 2024-га — як мінімум 2400 мікрасхемаў міжнародных кампаніяў з вытворчасцю ў Кітаі.

Замаўленне мікрасхемаў не нясе ў сабе рызыкаў, запэўніў нас Дзяніс: «Проста дашліце запыт з пералікам таго, што вам трэба, якая колькасць. А далей ужо справа тэхнікі». Ён удакладніў, што «кампанія наша тут у Менску называецца "СД Электра"», і выслаў свой e-mail, прывязаны да дамену sdelectro.by.

Рэдакцыя адправіла запыты ТАА «СД Электра» і ТАА «Грин-Чип» з пытаннямі аб тым, дзе кампаніі набылі мікрасхемы і для якіх мэтаў. На момант публікацыі мы не атрымалі адказу.

Санкцыйны айсберг 

Лідар па агульнай суме паставак заходніх мікрасхемаў у Расею з Беларусі — беларускае ТАА «Першы Кантынент». Гэтую кампанію стварылі праз два месяцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Ад студзеня да чэрвеня 2024 года яна прадала расейскім прадпрыемствам 1665 мікрасхемаў на суму звыш $155 тысячаў.

Уладальнік і кіраўнік кампаніі — Ілля Тарасюк — каля 20 гадоў прапрацаваў на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу. [*] [*] [*]

Сярод іх ААТ «Пеленг» і НП ТАА «ОКБ ТСП», якія займаюцца ў тым ліку вытворчасцю электронікі для ваеннай тэхнікі. 

Асноўны пакупнік мікрасхемаў «Першага Кантыненту» ў Расеі — ТАА «Стаут». Гэтая кампанія знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Еўразвязу. Як і некаторыя яе расейскія кліенты — напрыклад ТАА «Фрегат». Апошні называе сваімі ключавымі заказчыкамі і партнёрамі расейскія абаронныя кампаніі: АТ «Концерн “Калашников”», «Ростех», дзяржкарпарацыю «Роскосмос» і канцэрн ПКА «Алмаз-Антей». [*]

Бенефіцыяры кампаніі «Фрегат» — Станіслаў Болт, Юрый Крашэннікаў і Кірыл Сцяхоўскі. Ім жа належаць і іншыя кампаніі, з якімі працуе «Стаут». Паводле звестак нашай крыніцы з падатковай службы Расеі, абарот паміж «Стаутом» і «Фрегатом» са студзеня 2023 да верасня 2024-га перавысіў 7 млрд расейскіх рублёў (больш за $71 млн).

Дом у Запарожжы, разбураны падчас расейскай атакі беспілотнікамі
Крыніца: Ukrinform / Sipa USA / Reuters / Дом у Запарожжы, разбураны падчас расейскай атакі беспілотнікамі Shahed 18 лістапада 2024 года

БРЦ накіраваў ТАА «Першы Кантынент» і ААТ «Стаут» запыты з просьбай пракаментаваць пастаўкі забароненай прадукцыі. 

Рэдакцыя таксама адправіла запыты амерыканскаму Бюро прамысловасці і бяспекі (Bureau of Industry and Security, USA) і Радзе Еўропы з пытаннямі аб тым, што яны робяць, каб абмежаваць доступ Беларусі і Расеі да санкцыйных тавараў, і як адсочваюць выкананне забаронаў. На момант публікацыі мы не атрымалі адказаў ані ад кампаніяў, ані ад рэгулятараў.

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць