Антыфэйк / фактчэк Сёння

На СТБ узрост цэн у Польшчы назвалі імклівым, хоць у Беларусі за два гады прадукты падаражэлі мацней

Вядоўца спаслалася на кошт базавага кошыка: за два гады польскі падаражэў на 7%, беларускі — прыкладна на 15%.

Пад канец лютага ў навінах на СТБ расказалі пра імклівы ўзрост цэн на прадукты ў Польшчы і прывялі дадзеныя пра падаражэнне базавага кошыка. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэту інфармацыю і высветліла, што гэта паведамленне ўводзіць у зман.

Кантэкст: Прэмʼер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Саўміна «Пра ўсталяванне для насельніцтва цэн на газ і тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію». Дакумент прадугледжвае падвышэнне тарыфаў з 1 сакавіка 2026 года: цана на газ вырасце на 7,07%, тарыф на электраэнергію — на 7%. З 1 чэрвеня плануюць павялічыць тарыф на цеплаэнергію на 7,3%.

Вядоўца праграмы навін «24 гадзіны» на СТБ паведаміла, што «у Польшчы назіраецца імклівы ўзрост цэн на прадукты». У эфіры 25 лютага 2026 года яна сказала:

«Толькі за апошні тыдзень кошт базавага кошыка павялічыўся на 1,6%. Асабліва заўважна падаражэлі асобныя тавары: бульба на 10%, пшанічная мука на 7%, цукар на 5%. Цяпер сярэдні кошт асноўных прадуктаў складае 113 злотых — гэта больш за $31. Узрост цэн працягваецца ўжо некалькі месяцаў — яшчэ ў лістападзе мінулага года кошт прадуктовага кошыка ўпершыню перавысіў псіхалагічную мяжу ў 100 злотых».

Каманда Weekly Top Fake праверыла, адкуль узялася лічба 113 злотых. Гаворка ідзе пра польскі дадатак PanParagon, які па цэнах у супермаркетах штотыдзень адсочвае кошт аднаго і таго ж набору прадуктаў. Цяпер ён і праўда каштуе каля 113 злотых — гэта крыху вышэй, чым тыдзень таму. Аднак на СТБ не ўдакладнілі, што год таму гэты ж кошык каштаваў амаль столькі ж — 112,5 злотага. То бок за год кошт набору вырас менш чым на адзін злоты — прыкладна на 0,5%.

Калі паглядзець шырэй, пазалетась у гэты ж час той жа набор прадуктаў каштаваў каля 105 злотых. Выходзіць, што за два гады прадуктовы кошык падаражэў прыкладна на 7% — гэта ўзрост, але яго нельга назваць імклівым, як сказала вядоўца ў эфіры. Такія ваганні шмат у чым тлумачацца сезоннасцю: цягам года цэны не толькі растуць, але і зніжаюцца. Падаражэнне ў студзені ці лютым можа быць часткай звычайнай сезоннай дынамікі, а ўлетку цэны нярэдка ідуць уніз.

Для параўнання: за тыя ж два гады цэны на прадукты ў Беларусі выраслі больш — паводле дадзеных Белстату, прыкладна на 15%.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Эканоміка Беларусі «стрэліла»? Эканаміст Аўдонін няправільна адказаў на сваё ж пытанне пра поспехі краін, што ўваходзілі ў СССР
Антыфэйк / фактчэк Эканоміка Беларусі «стрэліла»? Эканаміст Аўдонін няправільна адказаў на сваё ж пытанне пра поспехі краін, што ўваходзілі ў СССР
Госць СТБ заявіў, што «на постсавецкай прасторы» у нашай краіны лепшыя паказнікі ў экспарце, ЗВР і прыцягненні інвестыцый.
24 лютага 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць