Кантэкст: Золатавалютныя рэзервы Беларусі напачатку 2026 года наблізіліся да $16 млрд — гэта гістарычны максімум. Па ацэнцы Еўразійскага банку развіцця, як піша БелТА, студзеньскі прырост стаў найбуйнейшым з чэрвеня 2017 года. Пры гэтым асноўны ўнёсак у павелічэнне забяспечыла падаражэнне золата.
Чаму беларуская эканоміка — самая развітая сярод краін былога СССР, эканамічны аналітык Аляксей Аўдонін патлумачыў 9 лютага 2026 года ў эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост» на СТБ.
«Мы пачалі зарабляць на экспарце, акумуляваць у сябе золатавалютныя рэзервы, ствараць падушкі, прыцягваць інвестыцыі. <...> Дзе, пакажыце мне, на постсавецкай прасторы так, давайце выкарыстоўваць такі тэрмін, стрэліла нацыянальная эканоміка? Ды нідзе!» — сам на сваё пытанне няправільна адказаў Аўдонін.
Каманда WTF знайшла іншы, правільны адказ. Па выніках мінулага года экспарт Беларусі перавысіў $41 млрд. Аднак імпарт быў яшчэ вышэй. У выніку сальда гандлю таварамі апынулася адмоўным — мінус $7 млрд. Калі падсумоўваць паказнікі па таварах і паслугах, разрыў паміж экспартам і імпартам скароціцца, але застанецца адмоўным — за 11 месяцаў прыкладна $1,3 млрд. Гэта значыць, што Беларусь выдаткоўвае больш, чым зарабляе.
Золатавалютныя рэзервы ў Беларусі хоць і выраслі, але яны ў чатыры разы меншыя, чым, напрыклад, у Казахстану, з насельніцтвам толькі ўдвая большым. У Расеі ЗВР перавышае беларускі прыкладна ў 51 раз — пры насельніцтве, большым у 16 разоў.
Калі ацэньваць доўгатэрміновую дынаміку, з 1995 па 2024 гады ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі вырас у шэсць разоў. Для параўнання: у Латвіі і Эстоніі ён павялічыўся ў дзевяць разоў, у Казахстане — амаль у 12, у Літве — у 13, у Грузіі — амаль у 16, у Арменіі — у 19 разоў.
На 2024 год ува ўсіх пералічаных краінах гэты паказнік быў вышэйшы, чым у Беларусі: у Казахстане — прыкладна ўдвая, у Латвіі — утрая, у Літве і Эстоніі — у чатыры разы.