Антыфэйк / фактчэк Учора

Дэпутат Шпакоўскі заявіў, што Еўропа ездзіць на кітайскіх машынах. Праверылі статыстыку продажаў у ЕЗ

Па афіцыйных дадзеных, аўто з Кітая — у другім і трэцім дзясятку рэйтынгу.

Кітайскі аўтапрам у Еўропе займае перадавыя пазіцыі, распавёў у эфіры ток-шоу «Будні» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі. Прычына, як ён кажа, — пагаршэнне якасці еўрапейскіх аўто. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што дэпутат двойчы не меў рацыі. 

Кантэкст: У Нямеччыне з 13 па 15 лютага прайшла 62-я Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы. На ёй упершыню арганізавалі дыскусію пра Беларусь: абмяркоўвалі санкцыі і іншыя магчымасці ЕЗ паўплываць на афіцыйны Менск. 

У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТБ 18 лютага 2026 года вядоўца Паліна Канога і госць праграмы дэпутат Аляксандр Шпакоўскі абмеркавалі «эканамічныя праблемы Старога Свету». Парламентар заявіў, што ў прамысловасці Нямеччыны з 2019 года працоўныя месцы скарацілі прыкладна на 200 тыс. 

«Галіна, якая найбольш пацярпела, — гэта аўтамабільная прамысловасць. І якасць валіцца знакамітага нямецкага аўтапрама. <...> Наш рынак кітайскі аўтапрам цалкам забраў. На шчасце, мы ў час стварылі разам вытворчасць з Кітайскай Народнай Рэспублікай, з іх бізнесам. Так, Belgee — гэта і наша марка. Таму наш спажывец абірае Belgee. І ў Расеі шмат хто абірае Belgee. Дый у Еўропе кітайскі аўтапрам стабільна ўжо займае, скажам так, перадавыя пазіцыі», — распавёў Шпакоўскі.

Большасць аўтамабіляў, якія прадаюцца ў Беларусі, сапраўды кітайскіх марак. Самая папулярная сярод іх — Belgee. Яна займае амаль траціну айчыннага рынку новых аўто. Праўда, Аляксандр Шпакоўскі не згадаў сапраўдную прычыну падзення продажаў еўрапейскіх аўто ў Беларусі: пасля поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну буйныя вытворцы заявілі пра спыненне выпуску заходніх марак у Расеі і дастаў сваіх аўто на расейскі рынак. Беларусы атрымлівалі новыя іншамаркі адтуль. 

У 2024 годзе Еўразвяз забараніў дастаўляць вырабленыя ў ЕЗ аўто з аб'ёмам рухавіка звыш 1,9 літра, а таксама электрамабілі і гібрыды і ў Беларусь.

Кітайскі аўтапрам не лідаруе ў Еўропе. Паводле дадзеных Еўрапейскай асацыяцыі аўтавытворцаў у Еўропе, машынамі, якія больш за ўсё прадаваліся і ў 2024-м, і ў 2025-м, былі еўрапейскіх і японскіх марак: на першым месцы — Volkswagen, на другім — Toyota, на трэцім — Skoda. За імі ідуць BMW, Renault, Mercedes. Кітайскія SAIC Motor — на 16 месцы, а BYD — на 22-м.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць