Антыфэйк / фактчэк Сёння

Аглядальнік Тур звязаў рост цэн на каву з санкцыямі супраць «Беларуськалію». Знайшлі памылкі ў яго развагах

Дынаміка рынку паказвае іншую храналогію падзей.

Палітычны аглядальнік Ігар Тур у эфіры сваёй перадачы «Прапаганда» распавёў, што ўзрост сусветных цэн на каву звязаны з увядзеннем санкцый супраць «Беларуськалію». Каманда Weekly Top Fake аднавіла храналогію падзей і знайшла іншыя прычынна-выніковыя сувязі. 

Кантэкст: Літва вылучыла дадаткова больш за €800 тыс. на судовыя разборы з «Беларуськаліем». Кампанія патрабуе $12 млрд кампенсацыі за тое, што ў 2022 годзе Вільня датэрмінова скасавала кантракт на транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Літоўскія ўлады называюць гэты пазоў палітычным ціскам.

«Нядобрыя рабяты ў Вашынгтоне і Бруселі» і канадцы, якія лабіявалі санкцыі супраць Беларусі і якім «на дэмакратыю насамрэч фіялетава», справакавалі ўзрост сусветных цэн на каву, распавёў палітычны аглядальнік Ігар Тур у сваёй перадачы «Прапаганда» на АНТ 16 лютага 2026 года:

«Канада — асноўны канкурэнт “Беларуськалію” па калійных угнаеннях. І як толькі супраць нас увялі санкцыі, на кававы рынак, уключаючы Бразілію і В'етнам, зайшлі замест нас канадцы з зусім іншымі цэнамі на свае ўгнаенні, якія заўсёды былі вышэйшыя за беларускія. А калі канкурэнта яшчэ і выпхалі з рынку капіталісты палітычнымі рашэннямі, канадцы зусім з глузду з’ехалі і ўзнялі цэны да нябёс».

Бразілія і В'етнам — гэта галоўныя вытворцы самых папулярных гатункаў кавы арабікі і рабусты. За месяц да ўвядзення санкцый ЗША супраць «Беларуськалію», калійныя ўгнаенні каштавалі каля $630 за тону, арабіка — $4,5 за кілаграм, рабуста — каля $2. 

Калі абмежаванні ЗША набылі моц, праз разрыў лагістычных ланцужкоў і нявызначанасці на сусветным рынку цэны на калій рэзка пайшлі ўгару. На піку, у красавіку 2022 года ўгнаенні падаражэлі прыкладна на 90%, арабіка — на 30%, рабуста — прыкладна на 10%. 

«Да нябёс», як выказаўся Тур, цэны на каву ўзляцелі не ў 2022-м, а калі на сусветным рынку калій патаннеў, — у 2024—2025 гадах. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН тлумачыць узрост цэн моцнай засухай у Бразіліі і В'етнаме. У 2025-м да неспрыяльнага надвор’я дадаліся яшчэ і 50% мыты, якімі Доналд Трамп абклаў імпарт кавы з Бразіліі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць