Расследаванні 11 верасня 2025

«Кантракт мой скончыўся, мяне ніхто не адпускае». Як расейскія акопы ператварыліся ў пастку для беларусаў

Даведаліся, колькі беларусаў ваюе за расейцаў на «СВА», і пагаварылі з некаторымі з іх пад выглядам супрацоўніка пункта прызыву.

AI Сціслы пераказ

Па інфармацыі ўкраінскай вайсковай выведкі, 1031 беларус падпісаў кантракт з расейскай арміяй з лютага 2022 года. Расследаванне выявіла, што шмат хто з гэтых кантрактнікаў апынуўся ў складанай сітуацыі.

Партрэт кантрактнікаў, якіх мы ідэнтыфікавалі:

  1. Большасць – працоўныя розных спецыяльнасцяў
  2. Амаль палова мае судзімасці
  3. Есці былыя беларускія сілавікі
  4. Шмат хто паверыў абяцанням добрых умоў і аплаты

Беларусам прапануюць атрымаць расейскае грамадзянства, а пасля яго атрымання, паводле ўказа пра мабілізацыю ў Расеі, яны не могуць пакінуць службу нават пасля сканчэння кантракта.

Чалавечыя страты:

  1. 105 беларускіх кантрактнікаў загінулі (больш за 10%)
  2. 84 лічацца загінулымі без вестак (каля 8%)
  3. Фактычна загінуў амаль штопяты

Беларускае вайсковае кіраўніцтва вывучае расейскую мадэль набору. Гэта пацвердзіў у гутарцы з журналістамі палкоўнік Юры Кузьмін, намеснік начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага кіравання Генштабу Беларусі.

Украінская вайсковая выведка паведаміла БРЦ, што больш за тысячу беларусаў заключылі кантракт з расейскім Міністэрствам абароны і адправіліся ваяваць супраць украінцаў. Частка беларусаў-наймітаў прайшла праз пункт набору кантрактнікаў у Маскве, на вуліцы Яблачкава, 5. Мы атрымалі доступ да некаторых дадзеных пра тых, хто зарэгістраваўся там, і патэлефанавалі двум дзясяткам з іх. Сярод суразмоўцаў — былыя сілавікі, людзі, асуджаныя па цяжкіх артыкулах, рознарабочыя і нават высокапастаўлены вайсковец, які падзяліўся планамі беларускага Генштабу.

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з украінскім расследавальніцкім праектам «Слідство.Інфо», пры падтрыманні беларускіх хактывістаў «Кіберпартызаны», украінскіх KibOrg і BelPol.

«Падцягнуўся да сваіх каранёў»

«Чатыры нашых сябра (на жаль, адзін ужо не з намі), і вось мы прынялі рашэнне ўсе разам пайсці і ўсё-такі дапамагчы, і нейкі свой унёсак унесці ў тое, каб не было надалей вось гэтай агіднасці, вось гэтага фашызму, нацызму і здзекавання над мірнымі жыхарамі», — так патлумачыў сваю матывацыю добраахвотна пайсці на вайну супраць Украіны 48-гадовы выхадзец з Пінску Аляксей Хлышчоў. З ім журналістка БРЦ размаўляла амаль 20 хвілін. За гэты час мужчына распавёў пра тое, як вырашыў «падцягнуцца да сваіх каранёў» (бацька Аляксея — рускі афіцэр), як падразалі выплаты за ўдзел у так званай СВА, і панаракаў на тое, што для тых, хто вярнуўся з вайны, няма праграм рэабілітацыі.

У Аляксея Хлышчова двое дзяцей. У мінулым — праца на беларускіх будаўнічых прадпрыемствах, гародніннай фабрыцы і адзнака пра судзімасць за хуліганства. У 2017-м ён пераехаў у РФ, а пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну падпісаў кантракт з расейскай арміяй.

Крыніца: БРЦ

Мужчына адказваў на пытанні БРЦ, таму што быў упэўнены: размаўляе з супрацоўніцай маскоўскага Адзінага пункта прызыву на вайсковую службу. Так прадставілася журналістка кантрактнікам, да якіх атрымалася датэлефанавацца. БРЦ запісаў 19 размоў з такімі ж добраахвотнікамі-беларусамі, як Хлышчоў: і з тымі, хто апынуўся ў акопах, і з тымі, хто пасля адмовіўся ісці на вайну. Іх спіс (звесткі ўцечкі з Адзінай медычнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы РФ) мы атрымалі ад расейскіх калегаў з выдання «Важные истории». Паводле гэтых дадзеных, за 14 месяцаў, з красавіка 2023-га па пачатак чэрвеня 2024-га, Адзіны пункт прызыву на вайсковую службу наведаў 71 грамадзянін Беларусі.

Падчас працы над матэрыялам журналісты БРЦ вывучылі

некалькі спісаў беларускіх кантрактнікаў, сярод якіх выцек з маскоўскай медычнай базы (ЕМИАС), спіс наймітаў, атрыманы ад украінскай выведкі, а таксама спісы з адкрытых крыніц (напрыклад, спіс, складзены праектам «Хачу жыць»). Апроч таго, для верыфікацыі дадзеных мы выкарыстоўвалі наступныя крыніцы:

  1. адкрытыя дадзеныя (звесткі пра загінулых і параненых, іх сацсеткі, навіны, сайт «Міратворац»);
  2. дадзеныя BELPOL (судзімасці, пазыкі, вышук);
  3. дадзеныя «Кіберпартызан» (выпіскі з дакументаў, звесткі пра працу);
  4. тэлефанаванні фігурантам спіса — мы тэлефанавалі ўсім і запісалі 19 гутарак.

Беларусы за расейцаў

Пункт вербавання на вайну супраць Украіны адкрылі ў Маскве на вуліцы Яблачкава, 5, у 2023 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як УСУ адкінулі расейцаў з Кіеўскай, Сумскай і практычна ўсей Харкаўскай вобласці і забралі назад Херсон — адзіны абласны цэнтр, які расейскія войскі паспелі захапіць падчас спробы бліцкрыгу ў першыя месяцы вайны. Крэмль зрабіў стаўку на кантрактнікаў.

Добраахвотнікаў сталі завабліваць высокімі заробкамі і аднаразовымі выплатамі. У сярэдзіне 2023 года намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў казаў пра 134 тысячы кантрактнікаў, нанятых за паўгода ў расейскую армію. Да канца таго ж года, паводле дадзеных Мінабароны РФ, іх набралі ўжо ў чатыры разы больш — 540 тысяч.

На кантракт у расейскую армію прымаюць не толькі расейцаў, але і грамадзянаў іншых краін. Беларусаў сярод іх з пачатку поўнамаштабнага ўварвання налічвалася 1031 чалавек, такія дадзеныя БРЦ атрымаў ад украінскай вайсковай выведкі. Першы кантракт падпісаны ў ліпені 2022-га, самы свежы — 15 ліпеня гэтага года. Колькасць беларускіх наймітаў рэзка падскочыла ў 2023-м. Калі годам раней было толькі шэсць кантрактнікаў, то ў 2023-м — ужо 235, а ў 2024-м — 517. Сёлета іх прыток запаволіўся: на пачатак ліпеня — 157 чалавек. Яшчэ ў 116 добраахвотнікаў не паказаная дата падпісання кантрактаў. Амаль палова спісу (498 чалавек) — радавыя, то бок маюць найніжэйшае воінскае званне. Прапаршчык у спісе адзін.

БРЦ, выкарыстоўваючы атрыманую па Адзіным пункце прызыву на вайсковую службу інфармацыю, падзяліў добраахвотнікаў-беларусаў на некалькі ўмоўных катэгорый: загінулыя (пацверджаных — пяцёра, адзін зніклы без вестак), рабочыя (людзі, якія да вайны зараблялі на жыццё фізічнай працай), з судзімасцямі (амаль палова спісу), сілавікі (былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў і вайскоўцы). Размаўляючы з некаторымі з іх, сярод іншага мы паспрабавалі зразумець, што кіравала гэтымі людзьмі.

Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
0 / 5

«Мяне мабілізавалі ў Данецку»

Рабочыя — самая шматлікая група, 52 чалавекі са спісу працавалі ў розных сферах, не звязаных з вайсковай справай: 11 у будаўніцтве, 6 кіроўцамі, 7 у калгасе і гэтак далей. Адзін з іх — 31-гадовы Фёдар Галамба, былы супрацоўнік Клімавіцкага хлебакамбінату. [*]

«На чалавечыя правы і мараль усім напляваць, таму што ідзе вайна, а на вайне ўсе сродкі добрыя», — падзяліўся ён сваімі разважаннямі з журналісткай БРЦ. 

Па дадзеных «Кіберпартызан», Галамба сірата, родам з Магілёўскай вобласці. Скончыў Касцюковіцкі прафесійны ліцэй № 8 (зараз УА «Касцюковіцкі дзяржаўны каледж»). У 18 гадоў пайшоў працаваць на хлебакамбінат. У 2016-м на старонцы Галамбы ў «Аднакласніках» з'явіліся яго фота са зброяй і сцягам так званай ДНР. [*] Галамба кажа, што захрас на вайне: яго мабілізавалі як грамадзяніна РФ. Але на той момант, са словаў мужчыны, у яго яшчэ не было расейскага пашпарта.

«У мяне з мінулай вайсковай часткай ёсць праблемы, таму што маю папярэднюю вайсковую частку расфармавалі, вось. А ў мяне кантракт да гэтага часу ўжо сканчаўся, і яны мяне замест таго, каб звольніць, яны мяне мабілізавалі. Мабілізавалі мяне ў Данецку. Ужо ідзе следства, але, як кажа адвакат, я на той час не з'яўляўся грамадзянінам Расейскай Федэрацыі», — расказвае Галамба.

Фёдар Галамба
Крыніца: БРЦ

Паводле праваабаронцы «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» Уладзіміра Яворскага, адзін з варыянтаў для беларусаў, якія жадаюць сысці з расейскай арміі, — самавольнае пакіданне часткі: «Я думаю, што яны будуць спрабаваць займацца дэзерцірствам. У такіх людзей, у прынцыпе, складаная гісторыя. Ім няма куды бегчы. Таму што іх у ЕЗ не прымуць, яны там ніхто, а ў іншыя краіны іх, калі гэта краіны, дружалюбныя Расеі і Беларусі, то іх, адпаведна, выдадуць».

Фёдар Галамба яшчэ не вырашыў, ці гатовы падпісваць новы кантракт, калі атрымаецца разабрацца з незаконнай, на яго думку, мабілізацыяй. Кантрактнікі, у адрозненні ад мабілізаваных без кантракта, атрымліваюць яшчэ і аднаразовыя выплаты.

Рызыка пераследу — мінімальная

Адзнакі пра судзімасці ў нашым спісе — у 31 чалавека. Сярод іх: 21 найміт, трое кантракт гэтак і не падпісалі, двое плануюць. З семярымі звязацца не атрымалася.

Фігурант спіса Артур Казлоў адбыў тэрмін за забойства. Аляксандр Бельскі — атрымаў 8 гадоў у калоніі строгага рэжыму за тое, што збіў табурэтам жанчыну, а потам яе згвалтаваў. [*] Ці падпісалі з Казловым і Бельскім кантракты, БРЦ не вядома. А вось нарадзінец Гомельшчыны, 52-гадовы Алег Такмакоў, асуджаны за згвалтаванне і крадзеж з рэцыдывам, адбор на кантракт з узброенымі сіламі РФ прайшоў паспяхова, нягледзячы на Федэральны закон, які выключае такую магчымасць.

Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
0 / 3

Мы патэлефанавалі Такмакову 30 чэрвеня. Мужчына паведаміў, што знаходзіцца на «СВА»: «Кантракт мой скончыўся, мяне ніхто не адпускае. Я служу проста ўжо без кантракта». Ён не можа вярнуцца дадому, таму што апроч беларускага мае расейскае грамадзянства. Па ўказе Уладзіміра Пуціна, кантракт з грамадзянінам РФ дзейнічае да сканчэння перыяду частковай мабілізацыі. 

З адзнакай пра судзімасць і Алег Скачкоў-Бачуроў, а яшчэ ён — былы супрацоўнік папраўчай калоніі. Кантракт з мужчынам падпісалі, але на фронт ён не трапіў. Не праз судзімасць, а па стане здароўя. [*]

«28 сакавіка мяне спісалі па стане здароўя. У мяне інфаркт быў. <...> У Беларусі працаваў у месцах пазбаўлення волі аператыўным», — расказаў Скачкоў-Бачуроў. На пытанне журналісткі, ці цікавіць яго ўсё яшчэ супраца з Мінабароны РФ, мужчына адказаў станоўча.

Алег Скачкоў-Бачуроў
Крыніца: БРЦ

Андрэй Ягадаў, асуджаны за крадзеж і ўхіленне ад прызыву, пасля візіту на Яблачкава ваяваць не вырашыўся. [*] «Вы разумееце, што можа быць нейкая… пераследаваць крымінальную адказнасць», — кажа ён.

Андрэй Ягадаў
Крыніца: БРЦ

Але на практыцы рызыка пераследу беларусаў за ўдзел у вайне на баку Расеі — мінімальная, тлумачыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк. 

«Ёсць артыкул “Найміцтва”, паводле якога можна прыцягнуць да адказнасці чалавека, які служыць за грошы ў прыватных фармаваннях замежнай дзяржавы без узгаднення з уладамі той дзяржавы, без грамадзянства той краіны і сталай рэгістрацыі па месцы жыхарства (у нашым выпадку ў РФ). Калі ўсе гэтыя ўмовы супадаюць, можна прыцягваць найміта да адказнасці. Фармальна кажучы, пад гэта падпадаюць тыя беларусы без пашпарта РФ, якія, напрыклад, пойдуць ваяваць у “Вагнер”», — тлумачыць Кірылюк.

«Ты ж расеец, давай да перамогі»

У атрыманым спісе мы знайшлі дзевяцярых былых супрацоўнікаў сілавых устаноў Беларусі (умоўная група «сілавікі»). Шасцёра — дакладна падпісалі кантракты. 

Адзін з іх — 61-гадовы Сяргей Бурнейка. [*] У 1999 годзе ён камандаваў аддзяленнем ваенізаванай пажарнай службы УУС Віцебскага раёну. «Я заўсёды за Расею. Гэта раз. Я прабыў на перадавой. Я яго (кантракт, — рэд.) скончыў паўтара гады таму», — расказаў Бурнейка.

Сяргей Бурнейка
Крыніца: БРЦ

Мяркуючы, што размаўляе з прадстаўніцай Адзінага пункту прызыву, ён даслаў журналістцы БРЦ копію свайго кантракта. З яго зразумела, чаму некаторыя беларусы атрымліваюць расейскае грамадзянства перад падпісаннем дакументаў: у адрозненні ад замежніка, расейскі найміт атрымлівае вайсковую іпатэку, дармавую медыцыну, страхаванне. Але звольніцца вельмі складана. У Бурнейкі атрымалася праз узрост.

«Яны адмыслова ім даюць спрошчанае грамадзянства. То бок, гэта механізм заваблівання людзей і, вядома, яны іх трошкі ашукваюць у гэтым сэнсе, гэта відавочна. Таму што ім трэба шукаць рэсурс не са сваіх грамадзянаў», — тлумачыць украінскі праваабаронца «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» Уладзімір Яворскі.

Яшчэ адзін з умоўнай групы «сілавікі» — Максім Серыкаў, былы інспектар дарожна-патрульнай службы ў Беларусі. [*] Серыкаў таксама атрымаў расейскі пашпарт і зараз скардзіцца, што не можа звольніцца пасля сканчэння кантракта. А яшчэ — на дыскрымінацыю: служыць на сяржанцкай пасадзе, хоць у Беларусі атрымаў званне капітана.

«Сітуацыя ў тым, што калі зручна, то я — беларус, і звання не прысвойваюць, і гэтак далей. А калі звольніць, дапусцім, па сканчэнню кантракту — ну, ты ж расеец, давай да перамогі… Я цяпер стаю на сяржанцкай пасадзе, атрымліваю сяржанцкі заробак», — распавёў Серыкаў.

Максім Серыкаў
Крыніца: БРЦ

Аляксандру Мацвіенка — 54 гады. [*] Ён былы вайсковец вайсковай часткі 52280. Але вырашыў не сядзець на пенсіі ў Беларусі, а пайсці на вайну. Ізноў. «У мяне Чачэнія — першая, другая. І цяпер [Украіна]», — кажа Мацвіенка. Яго кантракт скончыўся ў снежні 2024 года. Але, як і Серыкаў, Мацвіенка мае расейскі пашпарт і ваюе далей: не дазваляюць сысці.

Складана звольніцца са службы і тым беларусам, у якіх пашпарт толькі адной краіны. Мы пагутарылі з наймітам Пятром Жабіцкім. Ён распавёў, што з'яўляецца грамадзянінам толькі Беларусі, падпісаў кантракт першага чэрвеня 2024-га на год. Але ўжо тры месяцы не можа звольніцца — праз бюракратычную цяганіну.

Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
0 / 2

Генштаб пераймае досвед

У спісе наведнікаў Адзінага пункту прызыву мы знайшлі чалавека, які асабліва прыцягнуў нашу ўвагу. Гэта — намеснік начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага кіравання Генштабу Беларусі Юрый Кузьмін. [*]

У нас не было сумневаў, што ў адрозненні ад іншых, ён не збіраўся пайсці добраахвотнікам на фронт. Каб зразумець, чым там у 2023 годзе займаўся палкоўнік, узнагароджаны Аляксандрам Лукашэнкам за ўзорную службу, які апошні дзясятак гадоў наглядаў за прызывам тэрмінавікаў у Беларусі, мы патэлефанавалі Кузьміну. Выкарысталі тую ж легенду, што і з кантрактнікамі: журналістка назвалася супрацоўніцай маскоўскага Пункту прызыву на Яблачкава.

«Я сам вялікі службовец, начальнік вайсковы, так, паміж намі кажучы. Проста не называю сваёй пасады. Быў у складзе дэлегацыі. Тады, значыць, гэта было гадкі, пэўна што, два таму назад, мы былі на гэтым пункце адбору, так, на Яблачкава, па-мойму, так… Мы былі там з экскурсіяй, азнаямленнем. Нам паказвалі, мы ў вас пераймалі досвед, беларусы, вось па гэтых пытаннях: па парадку падпісання кантрактаў, прыцягнення замежных грамадзянаў».

Кузьмін заявіў, што ў Беларусі плануюць стварыць падобную да расейскай сістэму набору, у тым ліку замежнікаў, на кантракт — праз адмысловыя пункты.

«Мы ўвогуле плануем гэту сістэму стварыць у сябе, плануем менавіта, каб яна была незалежная. У нас цяпер камандзір набірае, вы разумееце, так? А мы хочам незалежна. Гэта перспектыва. То бок мы ў вас гэты досвед убачылі», — дадаў Кузьмін.

Абапіраючыся на інфармацыю з адкрытых крыніц, мы палічылі: пад канец 2024 года ў Беларусі служыла не меней за 44 тысячы кантрактнікаў (каля 4000 з іх — жанчыны). У 2021-м кантрактнікаў было каля 27 тысяч. Асноўны рост колькасці — у паўтара разу — прыйшоўся на 2023 год. Будаваць кантрактную армію па досведзе ПВК «Вагнер» загадаў Аляксандр Лукашэнка: «Я хачу пакінуць гэтых рабят (ваяроў ПВК «Вагнер» — рэд.) ва Узброеных сілах нашай краіны. І, адштурхваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію», — сказаў ён пазалетась, працягваючы каментаваць вынікі бунту кіраўніка расейскіх наймітаў (дэталёва пра іх мы расказалі ў аналітычным матэрыяле «Не Украінай адзінай, ці Шлях мяцежнага варлорда»). 

Крыніца: БРЦ
Крыніца: БРЦ
0 / 2

Загінуў амаль кожны пяты

Пункт прызыву на вайсковую службу ў Маскве — не адзінае месца, адкуль беларусы могуць трапіць на расейска-ўкраінскую вайну. У нашых украінскіх калег з выдання «Слідство.Інфо» атрымалася пагутарыць з беларусам Мікалаем Жураўлёвым. Ён падпісаў кантракт 17 лютага 2025 года ў Цверы, а пад канец красавіка трапіў у палон на тэрыторыі Харкаўскай вобласці.

«У Беларусі працаваў. Потым у Расею паехаў працаваць... Прачытаў, што праца па кантракце. [Я] патрыёт дзвюх дзяржаў — Беларусія і Расея», — кажа Жураўлёў.

На пытанне нашых калегаў, што ён думае пра пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе, палонны адказаў: «Я не глядзеў такога». Пра Беларусь як пра дзяржаву Жураўлёў адгукаецца пазітыўна: «Нармальнае. Мірна жывуць. Яны ведаюць, што можна выйсці на вуліцу, ім нічога не прыляціць. Прэзідэнт такі ў нас Беларусі: мірна жыве, не ваюе ні з кім».

Мікалай Жураўлёў
Крыніца: БРЦ

Беларусы сярод расейскіх палонных — на чацвёртым па колькасці месцы пасля ўзбекаў, таджыкаў і непальцаў. Пра гэта паведамілі ў Каардынацыйным штабе па абыходжанні з ваеннапалоннымі нашым калегам з «Слідство.Інфо».

Паводле дадзеных украінскай вайсковай выведкі, атрыманых БРЦ, вядома пра пагібель 105 беларускіх кантрактнікаў (гэта больш за 10% ад агульнай колькасці). Згінулі без вестак — 84 (яшчэ плюс 8%). То бок, з вялікай імавернасцю, ужо загінуў амаль кожны пяты беларус, які ваюе на баку Расеі.

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць