AI Сціслы пераказ

Журналісты БРЦ раскрылі схему незаконных дастаў люксавага адзення з Еўропы ў Расею праз Беларусь у абыход санкцый. Галоўныя моманты:

  • Пасля пачатку вайны ва Украіне люксавыя брэнды пайшлі з Расеі, а ЗША і ЕЗ забаранілі ўвоз тавараў даражэй €300-1000 за адзінку.
  • Беларуская кампанія «Гандлёвы дом Экспартгандаль» арганізавала схему дастаў праз Літву з істотным заніжэннем кошту тавараў у дакументах (прыкладам, куртка Balenciaga за $4 замест рэальных €3000).
  • Кампанія звязаная з бізнесоўцам Аляксандрам Зайцавым, які быў памагатым Віктара Лукашэнкі.
  • Праз заніжэнне кошту беларускі бюджэт губляе значныя сумы на мытах і ПДВ. Толькі на даставах куртак з Італіі страты маглі скласці каля €1,1 млн.
  • Гэтыя грошы маглі б пайсці на закуп медычнага абсталявання — прыкладам, ангіёграфа ці МРТ для шпіталяў.

У папярэднім расследаванні БРЦ таксама высветліў, што «Гандлёвы дом Экспартгандаль» раней браў удзел у схемах абыходу санкцый пры даставах мікрасхем і шын, але дагэтуль не ўключаны ў санкцыйныя спісы.

Расследаванне паказвае, як санкцыйныя абмежаванні не толькі парушаюцца, але і як гэта наносіць шкоду беларускаму бюджэту на карысць раскошнаму жыццю расейскіх пакупнікоў.

У Беларусі арганізавалі пастаўкі падсанкцыйнага люксавага адзення ў Расею. Гэта не толькі парушае забароны ЗША і ЕЗ, але і перашкаджае паступленню падаткаў і мытных пошлін у бюджэт нашай краіны. БРЦ высветліў, у колькі беларусам магло абысціся раскошнае жыццё расейцаў.

Расследаванне падрыхтавана сумесна з літоўскім расследвальніцкім цэнтрам Siena і расейскім выданнем «Хроники.Медиа», пры падтрыманні «Кіберпартызан».

Вы калі-небудзь бачылі новую арыгінальную куртку Balenciaga за $4? А камізэльку Dolce & Gabbana за $6,5? Менавіта такія цэны на гэтыя тавары паказаны ў мытных дакументах беларускай кампаніі, якая дастаўляе брэндавае адзенне з Еўропы ў Расею. 

Амаль адразу пасля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны кампаніі-уласніцы люксавых марак Christian Dior, Fendi, Louis Vuitton, Gucci, Saint Laurent ды іншых прыпынілі дзейнасць у Расеі. У сярэдзіне сакавіка 2022-га да прыватных рашэнняў лідараў моднай індустрыі дадаліся санкцыі ЗША і Еўразвязу — у РФ забаранілі ўвозіць прадметы раскошы.

Міністэрства гандлю ЗША з 11 сакавіка 2022 года забараніла экспартаваць у Расею і Беларусь

адзенне, абутак, торбы, парфумерыю і іншыя тавары, кошт якіх перавышае $1000 за адзінку. Праз некалькі дзён падобны санкцыйны пакет прыняў і Еўразвяз, але з больш строгімі правіламі — абмежаваў увоз у Расею тавараў даражэй за €300 за адзінку. Гэтыя забароны шырацца і на асабістыя набыткі расейцаў за мяжой. А ў чэрвені 2024 года ЕЗ увёў абмежаванні на экспарт прадметаў раскошы і ў Беларусь.

Аднак у Расею працягваюць дастаўляць модныя заходнія аксесуары і адзенне. Як часта бывае ў нашых расследаваннях, калі для адных магчымасці зачыняюцца, іншыя знаходзяць, як на гэтым зарабіць. БРЦ высветліў, якім чынам люкс абыходзіць абмежаванні на шляху ў РФ і як ад гэтага цярпяць простыя беларусы.

Немагчымае магчыма

Расейскія гандляры люксавым адзеннем дэманструюць у сацсетках брэндавыя тавары. На адным відэа дзяўчына круціць у руках бэжава-карычневы галаўны ўбор ад Gucci. «Капялюш як у Мадонны для кліенткі», — сказана ў допісе да яго. На іншым — мужчына паказвае, як на ім сядзіць, як ён кажа, «найдаражэйшы бомбер у свеце» ад Louis Vuitton. Паказана і цана — €120 тыс. 

Рэклама ў фэйсбуку кажа, што, нягледзячы на санкцыі, люксавыя абноўкі расейскім моднікам і модніцам усё яшчэ даступныя. Фірма, якая называе сябе «Белкарго», абяцае даставу з Еўропы ў Расею «без абмежаванняў па кошце». [*]

Вывучаючы яе старонку, мы натрапілі на пост ад 12 верасня 2024 года:

«Перамога ў цане: замаўляючы даставу тавараў праз нас, атрымальнікі грузу пазбягаюць патрэбы самастойна сплачваць мыты на тавары даражэй за 1000 еўра. Гэта асабліва актуальнае для люкс-брэндаў, кошт якіх значна перавышае гэту суму».

Гэта абвестка прыцягнула нашу ўвагу, таму што прадавец адкрыта прапануе свае паслугі па абыходзе санкцый. Мы адшукалі кантакты, звязаліся з фірмай у WhatsApp і аформілі пробны заказ. 

Аператар кампаніі падчас ліставання прапанавала нам такую схему даставы: мы самі замаўляем упадабанае адзенне, прыкладам, у італьянскай інтэрнэт-краме і аплачваем закуп, а далей або прадавец адпраўляе пасылку на склад пад Вільняй, або сама «Белкарго» забірае заказ у Італіі і дастаўляе яго ў Літву, там на тавар афармляюць дакументы, і ён едзе ў Расею.

Журналісту БРЦ выслалі табліцу, у якой для арганізацыі даставы трэба было прапісаць брэнд тавару, артыкул, вагу, колер, краіну вытворчасці. Графы «цана» ў ёй мы не знайшлі. У адказ на ўдакладняючае пытанне, як будуць разлічвацца пошліны без кошту, нам даслалі новую табліцу — ужо з патрэбнай графой. [*] [*]

«Цяпер абавязкова ўдакладняецца кошт тавару», — адзначыў супрацоўнік «Белкарго» ў суправаджальным паведамленні. Аднак далейшая камунікацыя з кампаніяй паказала, што рэальная цана закупу значэння не мае. [*]

У табліцу мы ўпісалі 10 мужчынскіх куртак люксавых брэндаў — Brunello Cucinelli, Cortigiani, Herno, Fradi і іншых — з артыкуламі, па якіх можна лёгка знайсці ў інтэрнэце, колькі яны каштуюць. Але ў графу «кошт» напісалі іншыя цэны, істотна ніжэй. У суме атрымалася €1730 замест €6450. Ніякіх пытанняў з гэтай нагоды ў кампаніі не паўстала. [*]

Крыніца: БРЦ. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

Пазней мы скарэктавалі спіс: замянілі некалькі мадэляў тавару, праз што агульная вага заказу зменшылася з 16 да 15 кг. Але сумарны кошт з выдуманымі цэнамі застаўся ранейшым. [*]

«Белкарго» выставіла рахунак за даставу з Мілана ў Вільню — $130, а з Вільні ў Маскву — $255. Мяркуючы па ліставанні, выніковую суму пасярэднік разлічыў, грунтуючыся на вазе грузу, без уліку кошту змесціва. У выніку санкцыйныя абмежаванні на ўвоз тавараў даражэй €300 перастаюць працаваць. [*]

Незаконная эканомія

Заніжэнне цэн пры імпарце адзення адбіваецца на прыбытках Беларусі ад падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) і ўвазных мыт (краіны ЕАЭС дзеляць паміж сабой увазныя мыты, якія паступаюць кожнай з іх, ва ўзгодненых прапорцыях). Калі імпарцёры дэкларуюць заніжаныя цэны, то і падатак, і мыты на ўвоз імпартнага адзення плацяць, адпаведна, менш. 

У выпадку нашага эксперыментальнага заказу адзення рэальным коштам €6450, мы павінны былі б заплаціць за яго ўвоз 10% мыты і 20% ад кошту тавару і мыты ўвазнога ПДВ. Атрымліваецца больш €2000. Калі б паказалі мытную цану кожнай замоўленай курткі па €300 — максімальны кошт адзення, якое можна вывозіць з ЕЗ, то памер нашых плат у бюджэт быў бы ўдвая менш. Але «Белкарго» збіралася ўзяць з нас толькі траціну нават ад гэтай меншай сумы. Прычым гэта цана за ўсё: з улікам і выплат усіх мыт, і лагістычных выдаткаў, і прыбытку кампаніі. 

Здаецца, што «Белкарго» практычна не плаціць імпартных мыт ці не плаціць зусім. У транспартавых накладных за 2023–2024 гады, якія мы атрымалі ад крыніцы ў лагістычнай галіне, пры даставе ў Расею з Беларусі куртку Balenciaga, якая каштуе больш за €3000, ацанілі ў $4. Калі ў Беларусь тавар увозілі па такой жа цане, то на кожнай тысячы ўвезеных такім чынам куртак бюджэт губляе амаль €700 тыс. Расейскі бюджэт таксама нясе страты праз заніжэнне цэн у дакументах. Пры ўвозе тавараў з Беларусі імпарцёр павінен выплаціць ПДВ, у дадзеным выпадку 20%. Сума наўпрост залежыць ад кошту тавару. То бок у выпадку з рэальнымі цэнамі расейскі бюджэт атрымаў бы каля €600 тыс. з тысячы куртак, а ў сітуацыі з заніжэннем да $4 — усяго €724.

Крыніца: БРЦ. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

Хто пад маскай

У адным з пастоў на старонцы кампаніі «Белкарго» ў фэйсбуку мы знайшлі спасылку на сайт cargo-buyer.ru і два кантактавыя нумары, па адным з якіх і звязаліся з кампаніяй у WhatsApp. Другі паказаны і на cargo-buyer.ru, на якім таксама прапануюць даставу адзення з Еўропы ў Расею праз Вільню. На сайце прапісаная юрасоба, якой ён належыць, — расейскае ТАА «Паскальтрейд».

Аднак у мытных дэкларацыях за 2023-2024 гады, якія ёсць у распараджэнні БРЦ, «Паскальтрейд» значыцца толькі атрымальнікам адзення з Беларусі. Адпраўніком ва ўсіх выпадках выступае ўжо знаёмае нам па папярэдніх расследаваннях ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль». Гэта кампанія звязаная з былым памагатым Віктара Лукашэнкі, бізнесоўцам Аляксандрам Зайцавым. З канца 2020 па сярэдзіну 2021 года ён лічыўся ўласнікам «Гандлёвага дому Экспартгандаль».

Пасля Аляксандра Зайцава ўласнікам кампаніі стаў Яўген Крахоцін.

Ён у 2013–2017 гадах працаваў у ТАА «Сцісхо», якое належала Зайцаву больш за сем гадоў. А са жніўня 2023 года «Гандлёвы дом Экспартгандаль» належыць Ганне Елпаевай, якая з 2019 года таксама працавала ў фірме, звязанай з бізнесоўцам, — ТАА «ВЛАТЭ Лагістык». Ёю да 2020 года валодала ТАА «Брэміна Груп», якое належыць Зайцаву і яшчэ двум набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцам, Аляксею Алексіну і Мікалаю Вераб'ю. «Брэміна Груп» — кампанія, якая пабудавала некалькі мытна-лагістычных цэнтраў побач з галоўнымі грузавымі памежпераходамі Беларусі і Польшчы — Бераставіцай і Брузгамі. То бок «Гандлёвы дом Экспартгандаль» звязаны з буйнымі кампаніямі, якія займаюцца абслугоўваннем у мытнай і складавай лагістыцы. [*]

Пацвярджаюць удзел «Гандлёвага дому Экспартгандаль» у схеме дастаў брэндавага адзення і іншыя дакументы. Літоўскія калегі з расследавальніцкага цэнтру Siena перадалі нам мытныя дэкларацыі на амаль 600 адзінак тавару з Італіі — сукенак, штаноў, абутку, увезеных у Беларусь. Адпраўніком у іх паказана італьянская лагістычная фірма Lemon. Кампанію стварылі за тыдзень да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Сайт зарэгістравалі годам пазней. 

Маркі пастаўленага адзення ў дакументах не пазначаныя, але на афіцыйным сайце Lemon напісана, што фірма працуе менавіта з люксавымі брэндамі. Атрымальнік — «Гандлёвы дом Экспартгандаль».

Пастаўшчык-рэцыдывіст

«Гандлёвы дом Экспартгандаль» — самы буйны беларускі забеспячэнец Расеі люксавым адзеннем. Летась, прыкладам, ён адправіў суседзям каля 8 тыс. мужчынскіх куртак італьянскай вытворчасці — гэта 68% па вазе і 59% па кошце ад усяго аб'ёму такога тавару, які дастаўляецца з Беларусі ў РФ. Годам раней — 55% па вазе і 47% па кошце. 

Амаль усе курткі з Італіі, якія кампанія завезла ў Расею, па дадзеных з наяўных у нас дэкларацый, афармлялі па цане да $40 за адзінку. Калі выказаць здагадку, што розніца паміж рэальным і задэклараваным коштам куртак прыкладна такая, як у выпадку з нашым заказам, то беларускі бюджэт толькі на гэтых даставах мог не далічыцца амаль €1,1 млн. Гэтыя сродкі дзяржава магла б выдаткаваць на развіццё адукацыі ці ахову здароўя. Напрыклад, на ангіёграф для даследавання крывяносных сасудаў і сэрца ці магнітна-рэзанансавы тамограф. Пад канец 2024 года з рэспубліканскага бюджэту вылучылі каля 5 млн. беларускіх рублёў (амаль €1,4 млн) на куплю такой тэхнікі для медустановы Гомельскай вобласці. Калі б тавар, які паступіў, аформілі па законе, гэта дазволіла б дзяржаве купіць як мінімум яшчэ адзін з гэтых апаратаў. 

У 2022–2024 гадах «Гандлёвы дом Экспартгандаль» браў удзел яшчэ ў некалькіх схемах па абыходзе санкцый ЕЗ і ЗША супраць Расеі і Беларусі. Па нашых падліках, за гэты час кампанія паставіла ў РФ не меней за 825 мікрасхем амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці. Кампанія таксама фігуравала ў даставах шын з Італіі — яшчэ аднаго падсанкцыйнага тавару. Нягледзячы на гэта, «Гандлёвы дом Экспартгандаль» дагэтуль не ўключылі ў санкцыйныя спісы ні Еўразвяза, ні ЗША. Гэта дазваляе яму карыстацца міжнароднай лагістыкай і банкаўскімі паслугамі.

Крыніца: БРЦ. Выява створана з выкарыстаннем ШІ

Працуючы над гэтым расследаваннем, мы выявілі яшчэ адну кампанію, не ўпершыню замяшаную ў схеме па абыходзе санкцый. Гэта — літоўская Vinges Terminalas. У ліставанні з БРЦ прадстаўнік «Белкарго» паведаміў, што на склад пад Вільнй гэтай кампаніі паступае адзенне з Еўропы перад адсыланнем у Беларусь. Выданне «Инсайдер» згадвала яе ў сваім расследаванні пра даставу ў Расею электронных прылад, якія ўжываюцца ў вытворчасці беспілотнікаў «Карсар» і «Шахед». Прадстаўнік Vinges Terminalas запэўніў нашых калегаў, што такога тавару яны не вазілі, але не выключыў, што ён мог захоўвацца на складзе. [*]

У адказе на запыт БРЦ супрацоўнік Vinges Terminalas напісаў, што яму «невядома, ці выкарыстоўваецца склад у ланцужку дастаў прадметаў раскошы ў Расею». У лісце таксама сказана, што ніякіх дамоваў пра супрацу з кампаніямі «Паскальтрейд» («Белкарго») і «Гандлёвы дом Экспартгандаль» у іх няма і не было. 

Мы таксама скіравалі запыты кампаніі «Гандлёвы дом Экспартгандаль» і італьянскай фірме Lemon, аднак на момант публікацыі расследавання адказы не атрымалі.

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць