Анексія Крыму дазволіла людзям, звязаным з беларускімі ўладамі, атрымаць нерухомасць на паўвыспе. Яны скарысталіся сітуацыяй: новая адміністрацыя адбірала кватэры, камерцыйныя памяшканні і гасцінічныя апартаменты, якія знаходзіліся ва ўласнасці ва ўкраінскіх банкаў, і выстаўляла іх на продаж. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну і наступнага ўвядзення заходніх санкцыяў удача адвярнулася ад новых уладальнікаў – набытыя аб'екты трапілі пад нацыяналізацыю.

Журналісты БРЦ выявілі як мінімум 20 аб'ектаў у Крыме, якія набылі кампаніі, звязаныя з асяроддзем Віктара Шэймана, аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Сярод іх – памяшканні ў Алушце, Сімферопалі, Севастопалі, абʼекты ў Джанкоі, Керчы і Ялце. У розныя перыяды гэтай нерухомасцю валодалі розныя кампаніі, але да канца 2022 года ўсе абʼекты перайшлі да зарэгістраванага ў Сімферопалі ООО «Первая инвестиционная компания» (далей – ПИК). Як і ў іншых нашых расследаваннях, фігуранты перадавалі актывы ад адной фірмы да іншай, ускладняючы выяўленне канчатковых бенефіцыяраў. Пры гэтым у структурах на розных этапах зʼяўляліся адныя і тыя ж людзі.

«Крым з'яўляецца інвестыцыйна непрывабнай тэрыторыяй пасля 2014 года. Зразумела, што на яго распаўсюджваюцца ўсе віды санкцыяў. ... З іншага боку, гэта вельмі прывабная тэрыторыя для тых, хто хацеў бы адмываць свае брудныя грошы, хаваць актывы, набытыя не зусім законным ці нават адкрыта злачынным спосабам. І такім чынам Крым ператварыўся ў такую шэрую зону, дзе шматлікія фінансавыя маніторынгавыя механізмы недаступныя», – сказала ў каментары БРЦ галоўная рэдактарка крымскага «Цэнтру журналісцкіх расследаванняў» Валянціна Самар.

Цень Шэймана

Перш чым перайсці кампаніі ПИК, два памяшканні – у Алушце (больш за 100 кв. м у цэнтры курорта, у дзесяці хвілінах хады ад набярэжнай) і ў Сімферопалі (нежылая частка дому ў цэнтры крымскай сталіцы) – змянілі двух уладальнікаў. У канцы 2020 года новым уласнікам гэтых аб'ектаў, якія раней належалі ўкраінскім банкам, стала ТзОВ «Шольц-Транс». Кампанія была зарэгістраваная ва Украіне на Марыю Назаркевіч. [*] [*] Яе муж бізнесовец Віталь Бобыр і свякроў Ірына Бобыр фігуравалі ў расследаванні БРЦ пра схему абыходу санкцыяў па продажы люксавых аўтаў. Тады мы знайшлі шэраг ускосных сувязяў паміж імі і Віктарам Шэйманам. [*]

Крыніца: БРЦ

Цягам года аб'екты ў Алушце і Сімферопалі перадалі маскоўскаму ООО «Мальборк». У той перыяд дырэктарам і ўладальнікам кампаніі лічыўся беларус Уладзіслаў Асташэнка. [*] [*] Паводле звестак «Кіберпартызанаў», ён называў сваім працадаўцам Дзмітрыя Вараксу, экс-дырэктара беларускага ТАА «НьюІнвестГруп». Часткова валодае гэтай кампаніяй кіпрская Dimicandum Invest Holding LTD (далей – Dimicandum), [*] [*] раней замешаная ў схеме па продажы беларускага калію па завышаным кошце і абыходзе санкцыяў. Фінансавым дырэктарам гэтай кіпрскай фірмы, прынамсі ў 2022-2023 гадах, быў быў экс-намеснік Віктара Шэймана ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта Андрэй Свірыдаў. [*]

Свірыдаў таксама з'яўляецца сузаснавальнікам і да лютага 2024 года дырэктарам ценявой бізнес‑імперыі Шэймана –

ЗАТ «Вектар Капiтал Груп». Ён фігураваў у расследаванні БРЦ пра абыход санкцыяў супраць «Беларуськалію».

Крыніца: БРЦ

Ва ўласнасць да ПИК памяшканні ў Алушце і Сімферопалі перайшлі ў сакавіку і лістападзе 2021 года.

Падобным чынам змяняліся ўладальнікі і іншай нерухомасці – памяшкання плошчай 1700 кв. м у цэнтры Сімферопаля. У 2018 годзе былы аб'ект украінскага банку набыло ООО «Арма». На той момант кампаніяй валодала «НьюІнвестГруп», [*] [*] якую мы згадалі вышэй, апісваючы ланцужок перадачы аб'ектаў у Алушце і Сімферопалі. У 2019 годзе нерухомасць перайшла ва ўласнасць ПИК.

Крыніца: БРЦ

У лістападзе 2022-га ў валоданні ПИК апынуліся і 13 жылых кватэраў у прэстыжным апарт-гатэльным комплексе Respect Hall у горадзе Ялта.

Тыя ж людзі

Да 2022 года ПИК валодала крымскай нерухомасцю сумарным коштам больш за €2 млн. Сама ж кампанія з красавіка 2019-га па кастрычнік 2022 года належала кіпрскай Rostumel Holding Limited (далей – Rostumel). [*] [*] Гэтая фірма фігуравала ў некалькіх расследаваннях БРЦ. У адным з іх мы давялі, што яна ненаўпрост крэдытавала будаўніцтва меркаванага прыватнага шале Аляксандра Лукашэнкі пад Сочы.

Фінансавым дырэктарам Rostumel з сярэдзіны 2024-га і да канца 2025 года быў Андрэй Свірыдаў, якога мы згадвалі вышэй на той жа пасадзе ў кіпрскім Dimicandum. [*] Ягоная бізнес-партнёрка, крымчанка з расейскім пашпартам Кацярына Карніенка (у замужжы Алтухова) значыцца дырэктаркай ПИК. [*] Разам яны замяшаныя не толькі ў схеме з крымскай нерухомасцю: іх сумеснае ООО «Астрата», зарэгістраванае ў Расеі, [*] [*] [*] пастаўляла падсанкцыйныя аўтамабілі з Еўразвязу ў Расею праз Беларусь. 

Мы патэлефанавалі Кацярыне Карніенка, каб даведацца, калі і пры якіх абставінах яна стала дырэктаркай «Первой инвестиционной компании». Пасля таго як журналіст прадставіўся і сказаў, што тэлефануе з нагоды ПИК, яна пачала крычаць, не даўшы задаць ніводнага пытання:

«А хто вы такі і навошта вы мне тэлефануеце?! Забудзьцеся пра гэты нумар! Яшчэ раз я ўбачу ваш нумар – я проста звярнуся ў паліцыю, потым правядзем расследаванне і даведаемся, з якой мэтай вы тэлефануеце на мой нумар!»

Пасля гэтага дырэктарка ПИК кінула слухаўку. Тым жа скончылася размова з Андрэем Свірыдавым. Усім астатнім фігурантам гэтага расследавання мы не змаглі датэлефанавацца – акрамя экс-дырэктара «НьюІнвестГруп» Дзмітрыя Вараксы, які сказаў, што яму нічога не вядома пра ўгоды з крымскай нерухомасцю.

У спісе «недружалюбных» 

Калі анексія Крыму дазволіла людзям, звязаным з беларускімі ўладамі, атрымаць нерухомасць на паўвыспе, то прававы хаос пасля пачатку поўнамаштабнай вайны перашкодзіў яе захаваць.

За напад на Украіну Еўразвяз неадкладна ўвёў санкцыі супраць Расеі – у адказ у сакавіку 2022-га Уладзімір Пуцін зацвердзіў адмысловы парадак выканання абавязацельстваў перад суб'ектамі з недружалюбных дзяржаваў. Урад РФ уключыў у гэты спіс усе краіны ЕЗ. На падставе гэтых рашэнняў крымскія ўлады выдалі ўласную пастанову, якой вырашылі канфіскаваць маёмасць рэзідэнтаў краінаў, якія ўваходзяць у спіс недружалюбных. Актывы «Первой инвестиционной компании» на паўвыспе апынуліся пад пагрозай, бо яе мацярынская кампанія Rostumel зарэгістраваная на Кіпры, які зʼяўляецца чальцом Еўразвязу.

Прадставіўшыся прадстаўніком патэнцыйнага інвестара, журналіст БРЦ звязаўся з адвакаткай ПИК Ірынай Нанікашвілі, каб даведацца, што адбываецца з крымскай маёмасцю кампаніі. Паводле яе, мясцовыя ўлады вынялі і ўжо прадалі практычна ўсе аб’екты:

«Наколькі мне вядома, што яны (аб'екты ў Respect Hall – рэд.) перададзеныя ў дзяржаўную ўласнасць, у веданне памежнай службы ФСБ. <...> На сённяшні дзень 90% абʼектаў прададзена, а мы ў судзе намагаемся гэтыя абʼекты вярнуць назад, таму што мы лічым, што абʼекты нацыяналізаваныя без дастатковых прававых падставаў», – распавяла Нанікашвілі. 

Непрацоўная стратэгія

Ірына Нанікашвілі стала ўдзельніцай першай спробы выратаваць крымскую нерухомасць кампаніі. ПИК перайшоў да крымскай адвакаткі ад Rostumel праз тры дні пасля таго, як пастанова аб нацыяналізацыі набыла моц. [*]  Верагодна, паспадзяваліся, што як грамадзянка Расеі яна не патрапіць пад дзеянне пастановы ў адрозненне ад кампаніі, якая зарэгістраваная ў «недружалюбнай» юрысдыкцыі. Гэта, аднак, не дапамагло: 3 лютага 2023 года аб'екты ў Алушце, Сімферопалі, Севастопалі, Джанкоі і Керчы нацыяналізавалі. [*] [*]

Крыніца: БРЦ

Праз некалькі дзён, 7 і 9 лютага, у суд звярнуліся дзве кампаніі, якія сцвярджалі, што набылі адабраныя аб'екты ў ПИК да нацыяналізацыі. [*] [*] [*] [*] Адна з іх – ТАА «Симекс» – належыць беларускаму ТАА «Бел-Бітфайндэр», [*] [*] што фігуравала ў расследаванні БРЦ як удзельнік схемы незаконнага імпарту люксавых аўтамабіляў у Расею праз Беларусь, на якой, імаверна, зарабляў Віктар Шэйман. Другая – ТАА «Гюрги». Генеральным дырэктарам гэтай кампаніі была тая самая крымская адвакатка Ірына Нанікашвілі, якая стала ўласніцай ПИК пасля кіпрскай Rostumel. Суд адхіліў пазовы «Симекс» і «Гюрги» супраць ПИК.

Крыніца: БРЦ

Пасля дзвюх няўдалых спробаў вярнуць маёмасць ПИК змяніла стратэгію — кампанія спрабавала аспрэчыць законнасць пастановы крымскіх уладаў аб нацыяналізацыі. Юрысты настойвалі на неадпаведнасці пастановы Дзяржаўнай рады Рэспублікі Крым, якая аспрэчваецца, патрабаванням федэральнага заканадаўства. Але і ў гэтым выпадку арбітражны суд прыняў бок акупацыйнай адміністрацыі, заявіўшы, што рэгіянальныя ўлады маюць права прымаць уласныя пастановы.

«Спадарства, да пабачэння»

Суды ўжо разгледзелі 16 пазоваў ад ПИК аб прызнанні права ўласнасці на вынятыя аб'екты – раз за разам кампаніі адмаўлялі ў апеляцыях. Хутчэй за ўсё, першапачаткова «не разабраліся, хто рэальны бенефіцыяр», «не дастаткова артыкулявана, не дастаткова ярка бачная асоба Шэймана за гэтымі кіпрскімі кампаніямі», выказаў здагадку ў каментары БРЦ сябра рады Transparency International Russia Ілля Шуманаў. Праз тры гады вярнуць нерухомасць будзе складана, сказаў эксперт:

«Калі яно трапляе фактычна ў рэестр гэтай маёмасці, то адтуль ужо выхаду няма назад. Не было прэцэдэнтаў, калі яны (крымскія ўлады — рэд.) адтуль гэтую маёмасць вымалі. <...> Можа быць, яны (юрысты ПИК — рэд.) паспрабуюць змяніць падставы для падачы пазову, неяк памяняць, знайсці іншую матывіроўку парушэння заканадаўства, але па аналагічных падставах яны ўжо не могуць падаць. То бок аспрэчваць ненарматыўны акт не могуць, таму што ёсць ужо рашэнне суда, незаконнасць дзеянняў органаў улады [аспрэчваць] не могуць». 

Са словаў Іллі Шуманава, нават калі Віктар Шэйман дамовіцца з генеральным пракурорам РФ Аляксандрам Гуцанам, станоўчы вынік малаверагодны «проста праз тое, што фактычна яны прасудзіліся і ўжо ёсць прэюдыцыяльнае, так званае, рашэнне, якое кажа: ”Не, гэтая ўласнасць была законна вынятая. Спадары з ПИК, да пабачэння”».

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць