Кантэкст: У кастрычніку 2026 года выйшаў штогадовы даклад Poverty Watch, прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю галечы. Паводле прыведзеных дадзеных, каля 15 млн жыхароў Польшчы жывуць ніжэй за сацыяльны мінімум, прыкладна 2 млн — ва ўмовах крайняй беднасці. Гэта розныя паказнікі. Сацыяльны мінімум, які разлічвае польскі Інстытут працы і сацыяльных пытанняў, апісвае выдаткі, якія дазваляюць весці сціплы лад жыцця. Даходы ніжэй за гэты парог нельга аўтаматычна прыраўноўваць да крайняй беднасці.
24 кастрычніка 2026 года на сайце News.by апублікавалі выпуск праграмы «Актуальнае інтэрв'ю» з загадчыцай кафедры менеджменту, тэхналогіяў бізнесу і ўстойлівага развіцця БДТУ Ірынай Новікавай. Абмяркоўваючы паведамленне пра беднасць у Польшчы, яна параўнала яго з сітуацыяй у Беларусі:
«Для параўнання я прывяду лічбу ў нас. У нас 0,2% ад колькасці насельніцтва знаходзяцца вось за межамі. Калі ў іх з гэтых 15 мільёнаў два мільёны знаходзяцца за межамі, то ў нас 0,2% — гэта ўсяго 18 тысяч на ўсю Беларусь. Мы ведаем, ёсць дэкласаваныя элементы, якія п'юць, і гэтак далей».
Два мільёны жыхароў Польшчы, пра якіх гаварыла Новікава, — гэта людзі, якія жывуць ніжэй за парог крайняй беднасці. Для яго вызначэння выкарыстоўваюць паказнік minimum egzystencji — мінімум сродкаў, неабходных для існавання. Паводле апісання польскай методыкі, для хатняй гаспадаркі з аднаго чалавека працаздольнага ўзросту гэты парог складаў 1021,67 злотага на месяц — каля €230. У 2025 годзе ніжэй за мяжу крайняй беднасці жылі 5,3% насельніцтва Польшчы, або прыкладна 2 млн чалавек.
У Беларусі малазабяспечанасць вызначаюць праз бюджэт пражыткавага мінімуму. Да малазабяспечаных адносяць людзей, чые даходы не дасягаюць гэтага парогу. Яго памер — 535 рублёў, або прыкладна €160. Паводле дадзеных Белстату, у 2025 годзе даходы ніжэйшыя за бюджэт пражыткавага мінімуму мелі амаль 3,5% насельніцтва Беларусі. Гэта больш за 300 тысяч чалавек, а не 18 тысяч. Новікава занізіла долю малазабяспечаных прыкладна ў 17 разоў.
Беларускі паказнік ніжэйшы за польскія 5,3%, але наўпрост рабіць з гэтага выснову пра розніцу ва ўзроўні жыцця нельга. Краіны выкарыстоўваюць розныя парогі: польскі мінімум існавання і беларускі бюджэт пражыткавага мінімуму. Асобна трэба разглядаць 15 млн жыхароў Польшчы з даходамі ніжэй за сацыяльны мінімум. Гэты паказнік апісвае больш шырокае кола матэрыяльных абмежаванняў, чым крайняя беднасць. Аналагічнага паказніка, з якім можна было б супаставіць гэтую ацэнку, у беларускай статыстыцы няма.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.