Антыфэйк / фактчэк Учора

Тур заявіў пра трохразовы рост ураджаю збожжа пры Лукашэнку. Статыстыка паказвае паўтарачны

Паказнік за 1994 год вядоўца АНТ занізіў амаль удвая, а да ўраджаю 2025-га дадаў рапс — алейную культуру.

Вядоўца праграмы «Прапаганда» на АНТ Ігар Тур заявіў, што за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі ўраджай збожжа ў Беларусі вырас больш як утрая. Каманда Weekly Top Fake параўнала дадзеныя Белстату за 1994 і 2025 гады. Тур занізіў пачатковы паказнік і супаставіў яго з ураджаем, у які ўключылі рапс. Калі параўноўваць збожжавыя і зернебабовыя за абодва гады, рост склаў каля 50%.

Кантэкст: Паводле дадзеных Мінсельгасхарчу на 21 кастрычніка 2026 года, у Беларусі сабралі 10,3 млн тонаў збожжа з улікам рапсу і кукурузы. Найбольш намалацілі ў Менскай вобласці, следам ішлі Гарадзенская і Берасцейская. Для параўнання: да 22 кастрычніка 2025 года сабралі 9,923 млн тонаў. Прамежкавы вынік 2026 года аказаўся вышэйшым, але гэта яшчэ не азначае, што выніковы ўраджай таксама будзе большы.

19 кастрычніка 2026 года ў праграме «Прапаганда» на АНТ Ігар Тур параўнаў ураджаі збожжа на пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі і ў 2025 годзе:

«У 1994 годзе ў Беларусі было сабрана 3,5 млн тонаў збожжа. Тады здавалася, што гэта прыстойна. Летась у Беларусі сабрана больш як 11 млн тонаў збожжа з улікам рапсу і кукурузы. Сёлета нібыта будзе яшчэ крыху больш. Што пра гэты ашаламляльны вынік кажа прэзідэнт? Выдатна, але мала. Натуральна, трэба больш».

Аднак у 1994 годзе ў Беларусі сабралі значна больш, чым назваў Тур. Паводле дадзеных Белстату, валавы збор збожжавых і зернебабовых культураў склаў 6,095 млн тонаў. Годам раней ён быў яшчэ вышэйшы — 7,508 млн тонаў.

З паказнікам за 2025 год іншая праблема. Мінсельгасхарч сапраўды паведамляў пра збор больш як 11 млн тонаў, але з улікам рапсу і кукурузы. Рапс — алейная культура, таму ўключаць яго ў параўнанне ўраджаю збожжавых і зернебабовых некарэктна. Паводле дадзеных Белстату, у 2025 годзе збожжавых і зернебабовых сабралі крыху больш як 9 млн тонаў. У параўнанні з 6,095 млн тонаў у 1994-м гэта рост прыкладна на 50%, або ў паўтара разу.

Каб ацаніць вынік у рэгіянальным кантэксце, каманда WTF параўнала змены ўраджаю за 1994—2025 гады ў суседніх краінах. Пры гэтым склад паказнікаў адрозніваецца: для Расеі і Латвіі, як і для Беларусі, улічаныя збожжавыя і зернебабовыя, а для Польшчы і Літвы — толькі збожжавыя.

У Расеі збор збожжавых і зернебабовых вырас з 81,297 млн да прыкладна 141,15 млн тонаў — на 73,6%, паводле дадзеных Расстату.

У Польшчы ўраджай збожжавых павялічыўся з 21,763 млн да 37,335 млн тонаў — на 71,6%, паводле дадзеных польскага статыстычнага ўпраўлення GUS.

У Літве за той жа перыяд збор збожжавых вырас з 2,098 млн да 6,334 млн тонаў — прыкладна ўтрая.

У Латвіі збор збожжавых і зернебабовых павялічыўся з 900,6 тыс. да 3,404 млн тонаў — прыкладна ў 3,8 разу. У дадзеных за 1994 год зернебабовыя ўжо ўключаныя ў паказнік збожжавых, што асобна тлумачыць статыстычнае ўпраўленне краіны.

Змены збору збожжавых і зернебабовых з 1994-га да 2025 года: Беларусь — з 6,1 да 9,1 млн тонаў (+50%), Расея — з 81,3 да 141,2 млн (+74%), Латвія — з 0,9 да 3,4 млн (+278%). Збор толькі збожжавых: Польшча — з 21,8 да 37,3 млн тонаў (+72%), Літва — з 2,1 да 6,3 млн (+202%). Расейскія дадзеныя за 2025 год уключаюць акупаваны Крым. Крыніцы: нацыянальныя статыстычныя службы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Гігін патлумачыў перамогі «Альтэрнатывы для Нямеччыны» патрабаваннем спыніць дапамогу Украіне. Выбарцы называлі іншыя прыярытэты
Антыфэйк / фактчэк Гігін патлумачыў перамогі «Альтэрнатывы для Нямеччыны» патрабаваннем спыніць дапамогу Украіне. Выбарцы называлі іншыя прыярытэты
Нават падтрымка пазіцыі партыі супраць паставак зброі не азначае, што менавіта гэтае пытанне вызначыла выбар яе прыхільнікаў.
31 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць