Кантэкст: Хрысціяне ўсяго свету рыхтуюцца да Вялікадня, які сёлета пройдзе ў каталікоў 5 красавіка, а ў праваслаўных — 12 красавіка. У Ерусаліме 28 лютага зачынілі для наведання паломнікаў Храм Магілы Гасподняй. Гэта зрабілі з меркаванняў бяспекі пасля падзення недалёка ад храму аскепкаў ракеты.
Вядоўца тэлеканалу СТБ Рыгор Азаронак у сваёй перадачы «Азаронак. Наўпрост» скаментаваў закрыццё Храму Магілы Гасподняй для пілігрымаў:
«Увага, задумайцеся, у які час мы жывём: упершыню ў гісторыі хрысціянства зачынены Храм Магілы Гасподняй. За 1200 гадоў мусульманскага валадарства, кіравання Халіфата і Асманскай імперыі такога не было. І вось, упершыню за 1200 гадоў зачынены Храм Магілы Гасподняй — з 28 лютага 2026 года. <…> Недаступнае месца ўкрыжавання — Галгофа, недаступная Кувуклія — месца ўваскрашэння. Яшчэ раз — колькі войнаў было ў Ізраілі, але заўсёды гэта было даступна. І тут нехаця задумаешся, што сапраўды, самыя, такія, сурʼёзныя часы наступілі», — сказаў ён у эфіры 17 сакавіка 2026 года.
Гэтыя словы адсылаюць да паверʼя: у год, калі ў Вялікую суботу напярэдадні праваслаўнага Вялікадня прасвядны агонь не сыдзе ў Храме Магілы Гасподняй, наступіць канец свету, прыход антыхрыста ці іншыя глабальныя катастрофы.
Насамрэч цверджанне пра першае закрыццё за 1200 гадоў не адпавядае фактам. Храм ужо часова зачынялі ў час ковіду — усяго 6 гадоў назад. У 2018 годзе святыню на некалькі дзён зачыніла само духавенства. Гэта адбылося з-за нязгоды са зменамі ў падатковым заканадаўстве Ізраілю. У XIX стагоддзі там адбыўся пажар, пасля якога храм аднаўлялі два гады. А ў XI стагоддзі яго наогул разбурылі, і на працягу прыкладна 40 гадоў хрысціяне не маглі яго наведваць.
То бок за апошнія 1200 гадоў з Храмам Магілы Гасподняй адбывалася нямала падзей, з-за якіх ён апынаўся недаступны для вернікаў. Цяперашняя сітуацыя не зʼяўляецца беспрэцэдэнтнай.
Што да набажэнстваў, яны працягваюцца нават без наведнікаў. Каталіцкая грамада аспрэчыла чуткі пра іх прыпыненне. Мяркуючы па паведамленні Ерусалімскага патрыярхату, праваслаўныя набажэнствы таксама праходзяць, але іх перанеслі ў іншае месца поруч з храмам Уваскрашэння. Патрыярх пры гэтым запэўніў, што нават калі на Вялікдзень храм застанецца зачыненым, у Вялікую суботу цырымонія сыходжання прасвяднага агню ўсё адно адбудзецца. Так ужо было ў 2020 годзе.