Антыфэйк / фактчэк 21 красавіка

«Зменшыць колькасць спажыўцоў». Эксперт СТБ перакруціў ідэі Фонду Рокфэлера і даследаванне пра колькасць насельніцтва

Аналітык Грыц заявіў, што на Захадзе хочуць развязваць харчовую праблему скарачэннем насельніцтва і пераводам людзей на штучную ежу.

На фоне трывог з-за ўзросту цэн на ўгнаенні і рызыкі падаражэння прадуктаў у эфіры СТБ заявілі, што заходнія структуры нібыта прапануюць развязваць харчовую праблему за кошт скарачэння насельніцтва Зямлі. Аднак дакументы, на якія спаслаўся спікер, кажуць пра іншае: пра рэформу харчовай сістэмы, доступ бедных да здаровай ежы і больш рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў.

Кантэкст: Калі вайна з Іранам зацягнецца больш чым на 40 дзён і цэны на ўгнаенні не зменшацца, гэта можа паўплываць на ўраджайнасць ужо ў 2026 годзе, папярэджвае Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO, Food and Agriculture Organization). У самай ААН таксама заявілі, што блізкаўсходні канфлікт ужо істотна парушыў глабальныя пастаўкі харчу: каля 70 тыс. тон прадуктаў захраслі, падаражэлі ці ідуць у абыход, а гэтага абʼёму хапіла б, каб пракарміць 4 млн чалавек цягам месяца.

У ток-шоу «По сутнасці» на тэлеканале СТБ 6 красавіка 2026 года эканамічны аналітык Георгій Грыц заявіў, што на Захадзе харчовую праблему нібыта хочуць вырашыць радыкальна — скараціўшы колькасць людзей на Зямлі.

«Ёсць адзін з такіх фондаў — гэта Фонд Рокфэлера. Дарэчы, Фонд Рокфэлера на 80% фінансуе вось гэты, так бы мовіць, Сусветны фонд аховы здароўя і ФАО. Нават Трамп адтуль выйшаў, грунтуючыся на гэтым. І вось дадзеныя, па-мойму, называюцца “Перазагрузка стала”. Гэта справаздача, па-мойму, быў 2022–2023 гады, і яны там кажуць пра тое, што прадукты… То бок развязваць харчовую праблему можна некалькімі шляхамі. Ісці па шляху Беларусі — падымаць прадукцыйнасць, больш эфектыўнасць і г. д. і т. п. А можна, аказваецца, вырашыць іншы шлях — зменшыць колькасць спажыўцоў, то бок насельніцтва. І вось яны кажуць пра тое, гэта прапануюць, так бы мовіць, у выглядзе канцэпцыі: натуральны харч выдаваць па рэцэпце лекара, замяніць штучнай, так бы мовіць, ежай».

Падсумоўваючы: у эфіры прагучала цверджанне, што Фонд Рокфэлера хоча абмежаваць доступ людзей да натуральнай ежы і перавесці насельніцтва на штучнае харчаванне. Аднак такое апісанне не супадае ні з роляй фонду, ні са зместам самага даклада. Фонд Рокфэлера сапраўды ўваходзіць у лік донараў Сусветнай арганізацыі здароўя, але яго доля ў фінансаванні САЗ несупастаўная з агучанымі 80% і складае толькі 0,02%. Да ФАО фонд увогуле не мае такога дачынення, як гэта прагучала ў эфіры: арганізацыю фінансуюць дзяржавы і міжнародныя структуры, а сам фонд выступаў толькі фундатарам асобных праектаў.

Што да даклада «Перазагрузка стала», то ён сапраўды існуе. Але гаворка ў ім ідзе не пра свет у цэлым, а пра праблемы харчовай сістэмы ЗША. Аўтары прапануюць перабудаваць яе таму, што дрэннае сілкаванне пагаршае здароўе амерыканцаў і павялічвае выдаткі на сістэму аховы здароўя, тады як здаровая ежа застаецца для шмат каго недаступнай з-за іх узроўню прыбыткаў. У гэтым дакладзе крытыкуюцца ранейшыя падыходы да інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, якія сапраўды дазволілі накарміць больш людзей, але зрабілі таннымі перадусім «пустыя калорыі». Замест гэтага прапануецца перанакіраваць дзяржаўныя субсідыі з вытворчасці зерневых культур на здаравейшую ежу.

Менавіта ў гэтым кантэксце зʼяўляецца і ідэя выдаваць пэўныя прадукты па рэцэпце лекара. Гаворка ідзе не пра абмежаванне доступу да натуральнай ежы, а, наадварот, пра тое, каб зрабіць гародніну і садавіну больш даступнай для бедных і хранічна хворых. Мяркуецца, што лекар зможа прызначаць такія прадукты, а іх кошт будзе аплачвацца медычнай страхоўкай. Падобную практыку ўжо ўжываюць, прыкладам, у штаце Пенсільванія, дзе людзі з дыябетам атрымліваюць прызначэнне лекара на дармовыя здаровыя прадукты на некалькі дзён.

У дакладзе няма ні слова пра патрэбу скарачэння насельніцтва ці пра перавод людзей на штучную ежу. Такія інтэрпрэтацыі характэрныя, хутчэй, для канспіралагічных трактовак, у якіх рэформу харчовай сістэмы падаюць як спробу прымусіць людзей сілкавацца мадыфікаванымі прадуктамі, а натуральную ежу пакінуць толькі для абраных.

Далей Георгій Грыц спаслаўся на яшчэ адно даследаванне:

«Я думаў, гэта фэйк нейкі, нікуды не прыдатны, але даслоўна на мінулым тыдні я ўбачыў справаздачу, па-мойму, Мельбурнскага інстытуту, універсітэту. ... Навукоўцы ў гэтай справаздачы кажуць, што натуральная колькасць насельніцтва, якое павінна быць, можа быць прахарчаванае за кошт натуральнай ежы, складае 2,5 млрд людзей. Яны там не кажуць, а куды іншыя 6 млрд дзець. Вось бачыце, наколькі нялюдская гэта гёбэльсаўская ідэалогія».

І тут эканамічны аналітык перакруціў змест даследавання. Гаворка ішла не пра Мельбурнскі ўніверсітэт, а пра працу іншага аўстралійскага ўніверсітэту — Фліндэрса. Даследнікі сапраўды ацэньвалі, колькі людзей Зямля можа ўтрымліваць. Па іх разліках, аптымальная колькасць насельніцтва складае каля 2,5 млрд чалавек, а максімальная тэарэтычная мяжа — каля 12 млрд. Аднак аўтары не заклікалі скарачаць насельніцтва да аптымальнага ўзроўню і тым больш не прапанавалі, што рабіць з лішнімі мільярдамі людзей. Іх выснова была іншай: пры больш рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў чалавецтва здольнае прахарчаваць і цяперашняе насельніцтва планеты, і нават большае.

Такім чынам, эксперт тэлеканалу СТБ дзве розныя крыніцы — амерыканскі даклад пра рэформу харчовай сістэмы і аўстралійскае даследаванне пра рэсурсавыя межы — абʼяднаў у адну канспіралагічную схему. З іх ён зрабіў выснову, быццам заходнія эліты хочуць зменшыць насельніцтва Зямлі і пасадзіць людзей на штучную ежу. Але ні Фонд Рокфэлера, ні навукоўцы, на якіх спаслаўся спікер, такіх ідэй не высоўвалі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць