Кантэкст: 10 красавіка скончыўся дзесяцідзённы палёт амерыканскага карабля «Арыён» з экіпажам на борце — першы за паўстагоддзя палёт людзей да Месяца і найдалейшы пілатаваны лёт у гісторыі. Місія «Артэміда-2» стала другім этапам амерыканскай месяцавай праграмы, у рамках якой ЗША разлічваюць у будучыні стварыць на Месяцы сталую аўтаномную базу. У гэты ж час у Расеі адзначалі 65-годдзе палёту Юрʼя Гагарына, праводзілі Тыдзень космасу і абвясцілі пра перанос найбліжэйшай расейскай месяцавай місіі з 2027 на 2032 год.
Вядоўца праекту СТБ «Пытанні ад бландзінак» Андрэй Мукавозчык усумніўся, што амерыканцы сапраўды адправілі карабель да Месяца.
«А хто вам сказаў, што яны туды ляцяць — самі амерыканцы? <...> У наш тэхналагічны час, ды яшчэ ўжываючы штучны інтэлект, можна ж такіх дыпфэйкаў з фоткамі Зямлі і Месяца накляпаць, што родная мама не адрозніць, дзе тут заднія двары NASA, а дзе зваротны бок нашага спадарожніка», — сказаў ён у эфіры 6 красавіка 2026 года.
Лёт місіі пацвярджалі не толькі самі ЗША. NASA вяла наўпроставую трансляцыю палёту «Арыёна» да Месяца ў рэальным часе.
Асобна дзённік місіі публікавала Канадскае касмічнае агенцтва, бо ў экіпажы быў канадскі астранаўт. Хоць там не было бесперапыннай трансляцыі, агенцтва рэгулярна выкладвала агляды лёту.
За караблём сачылі і незалежныя назіральнікі. У прыватнасці, канадскі даследнік-аматар Скот Цілей, знаходзячыся ў сябе ўдома, фіксаваў сігнал карабля антэнай па траекторыі яго руху і публікаваў вынікі ў сетцы X.
Назіранні вяла і абсерваторыя Бохум у Нямеччыне. Яна фіксавала радыётэлескопам сігнал, які зыходзіць ад «Арыёна» ў космасе, і выкладвала гэтыя дадзеныя на YouTube у рэальным часе.
Апроч таго, італьянская астранамічная лабараторыя зафіксавала рух карабля рабатызаванымі тэлескопамі. Здымкі былі зроблены з тэрыторыі Італіі з розніцай у адзін дзень, калі карабель знаходзіўся ўжо на адлегласці сотняў тысяч кіламетраў ад Зямлі.

Крыніца: The Virtual Telescope Project. Касмічны карабель «Арыён» місіі «Артэміда-2». 6 красавіка 2026 года.
Мукавозчык працягнуў: «Дарэчы, дзявулі. А чаго гэта яны высаджвацца памкнуліся на тым баку Месяца, які з Зямлі не бачна, а? Можа акурат для таго, каб ніхто не бачыў?»
І гэта не адпавядае рэчаіснасці. Ніякай высадкі місія «Артэміда-2» не прадугледжвала. Карабель абляцеў Месяц са зваротнага боку і зрабіў здымкі яго паверхні. Высадка запланавана толькі ў адной з наступных місіяў, праз два гады, у 2028-м. Для яе абраны Паўднёвы полюс Месяца — вобласць на мяжы бачнай і зацемненай частак спадарожніка. З дзевяці патэнцыйных месцаў пасадкі ўсе або ўвесь час, або вялікую частку часу знаходзяцца ў бачнай зоне. Гэта звязана з тым, што на зваротным баку Месяца прападае наўпроставая радыёсувязь з Зямлёй, а стабільная сувязь з экіпажам — адзін з ключавых крытэраў пры выбары месца пасадкі.