У схеме ўдзельнічалі грамадзяне Літвы і Расеі.

Аўтары: Яна Міцкевіч, Дзмітры Чарапахаў
Рэдактары: Станіслаў Івашкевіч, Лола Бурыева

Беларус, літовец і расеец… Гэта пачатак не анекдота, а гісторыі пра схему з прыкметамі адмывання грошай і ўхілення ад падаткаў. БРЦ выявіў падазроныя пазыкі, дзясяткі скасаваных дамоваў ды ланцужкі пераводаў праз звязаныя афшорныя кампаніі і новазеландскую плацежную платформу. У цэнтры гэтага — Аляксей Алексін, бізнесовец з атачэння Аляксандра Лукашэнкі, і ягоныя партнёры ў Літве ды Расеі. Яны выбудавалі, а мы выкрылі, складаную інфраструктуру для вываду і легалізацыі шэрых прыбыткаў праз заходнія юрысдыкцыі.

Расследаванне падрыхтаванае ў супрацы з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, новазеландскай платформай фінансавых навінаў interest.co.nz, арганізацыяй па фінансавай адукацыі журналістаў Finance Uncovered, літоўскім парталам 15min.lt, шведскай газетай Expressen і ініцыятывай «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Што агульнага ў амерыканскага інвестыцыйнага махляра і беларускага бізнесоўца, набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі? БРЦ атрымаў адказ на гэтае пытанне дзякуючы дакументам ад партнёраў, ключавымі сярод якіх былі выцекі файлаў зарэгістраванай у Новай Зеландыі кампаніі Worldclear Limited (далей Worldclear) і вануацкага банку Pacific Private Bank (PPB). [*]

Сябар тых, каму ёсць, што хаваць?

Кампанія Worldclear займаецца пошукам карэспандэнцкіх банкаў, праз якія яе карыстальнікі могуць пераводзіць грошы з рахунка на рахунак у розных краінах. Навошта гэта рабіць? Калі ў банка-адпраўніка няма філіялаў у краіне прызначэння пераводу, то ён звяртаецца да банкаў-карэспандэнтаў. Гэтыя фінансавыя ўстановы дзейнічаюць як пасярэднікі — праводзяць грошы праз свае рахункі і дазваляюць атрымаць іх за мяжой. Але калі карэспандэнцкі банк палічыць плацеж сумнеўным, напрыклад, узнікнуць пытанні да паходжання грошай, сродкі могуць вярнуць адпраўніку або нават замарозіць. Арганізацыі кшталту Worldсlear шукаюць пасярэднікаў, якія з найбольшай доляй верагоднасці возьмуцца за перавод, — такую выснову дазваляе зрабіць адзін з унутраных дакументаў кампаніі.

Крыніца: БРЦ

У адным з чарнавых маркетынгавых праспектаў гаворыцца: «Праблемы з карэспандэнцкім банкаўскім абслугоўваннем?? Праблемы з плацяжамі ў доларах?? Зачыненыя рахункі?? Мы можам дапамагчы». Можна выказаць здагадку, што Worldclear арыентавалася на кліентаў, якія маглі мець праблемы з буйнымі банкамі. [*]

Пацвярджаюць гэта і паказанні ў паліцыі, якія ў 2018 годзе даў заснавальнік Worldclear Дэвід Хілары ў рамках расследавання ў дачыненні да былога супрацоўніка. Згодна з імі, кампанія «абслугоўвае кліентаў, якіх звычайныя банкі не будуць», а цяжкасці заказчыкаў, як правіла, «абумоўлены іх месцазнаходжаннем у свеце або іх бізнес-структурай».

Новазеландскі эксперт па барацьбе з адмываннем грошай Марцін Дылі кажа, што перавод сродкаў праз такога кшталту плацежныя сістэмы звычайна павольны і дарагі, але кліенты яго выкарыстоўваюць, таму што гэта можа ўскладніць адсочванне іх грашовых плыняў. Згодны з ім і эксперт па барацьбе з фінансавымі злачынствамі і дырэктар падкасту The Dark Money Files Рэй Блэйк:

«Складанасць — сябар тых, каму ёсць, што хаваць. Гэта ўскладняе працу расследавальнікаў — якія могуць працаваць у паліцыі, аддзеле па кантролі за выкананнем заканадаўства, падатковых органах, аўдытарскіх службах або сродках масавай інфармацыі — па разблытванні ланцужка трансакцыяў і высвятленні таго, што насамрэч адбылося».

Пра тое ж сведчаць імёны з кліентскай базы Worldclear. Напрыклад, кампанія West Kingdom Holdings. Журналісты высветлілі, што яе фактычным бенефіцыярам быў Майкл Уілсан. На час, калі кампанія адкрывала рахунак, было вядома, што пракуратура ЗША выставіла яму шматлікія абвінавачванні ў махлярстве з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі. Праз некалькі тыдняў пасля таго, як кампанія стала кліентам Worldclear, Уілсан пералічыў грошы на банкаўскі рахунак West Kingdom Holdings. Неўзабаве пасля атрымання плацяжоў ён арандаваў прыватны самалёт і разам з жонкай, маці і трыма сабакамі збег з Канады ва В'етнам, дзе яго затрымалі і, пазней, экстрадавалі ў ЗША. У 2018 годзе амерыканскі суд вынес прысуд Майклу Уілсану — 9 год пазбаўлення волі за шматмільённыя інвестыцыйныя махінацыі

Мы не маем пацверджання, што ў Worldclear ведалі пра махлярства Уілсана ці пра яго сувязь з West Kingdom Holdings на момант трансакцыі. Заснавальнік арганізацыі Хілары адмовіўся каментаваць канкрэтных кліентаў або пераводы, але аспрэчыў любую незаконную дзейнасць, паўтараючы, што ні кампанія, ні ён «свядома ці неабдумана не садзейнічалі ўчыненню злачынстваў». 

Яго словы разыходзяцца з вынікамі правярання ў 2018 годзе. Тады інспектары МУС Новай Зеландыі выявілі, што Worldclear толькі часткова выконвала патрабаванні ўраду краіны па маніторынгу супрацьдзеяння адмыванню грошай і не заўсёды праводзіла належную праверку кліентаў. У адказе на запыт журналістаў Хілары прызнаў, што падчас правярання «было ўстаноўлена, што Worldclear сур'ёзна не адпавядае патрабаванням», але адзначыў, што выснова інспектараў не была заснавана на належнай праверцы запісаў і сістэм кантролю Worldclear ды была памылковай. Новазеландскі МУС назваў безпадстаўнымі прэтэнзіі Хілары.

Тым не менш кампанія пазбегла пакарання — пасля выкрыцця парушэнняў ёй толькі выдалі наказ выправіць іх. Адна з вядучых новазеландскіх экспертак па барацьбе з адмываннем грошай, юрыстка Фіёна Хол выказала здзіўленне тым, што Worldclear не сутыкнулася з больш рашучымі дзеяннямі з боку мясцовых уладаў.

Майстэрства маскавання

Выцек файлаў Worldclear утрымлівае спіс з прыкладна 200 кліентаў. Больш за ўсё ў ім нас зацікавіла кампанія Pacific Private Bank ці ў перакладзе «Ціхаакіянскі прыватны банк». Ён зарэгістраваны на выспах Вануату, сярод Ціхага акіяну паміж Новай Зеландыяй, Аўстраліяй і Фіджы. З 2014-га па 2018 год PPB валодаў літовец Вілюс Каваляўскас. [*] [*] Гэты бізнесовец і ягоная кампанія UAB Lewben (у 2023-м змяніла назву на Noewe UAB; далей — Lewben) прынамсі двойчы фігуравалі ў нашых расследаваннях: пра кантрабанду забароненага еўрапейскага шакаладу і сапраўдных бенефіцыяраў буйных беларускіх казіно. Lewben аказвае паслугі па рэгістрацыі, юрыдычным суправаджэнні, намінальным сэрвісе і адміністраванні кампаній у юрысдыкцыях з ільготным падаткаабкладаннем. 

Вывучаючы выпіскі PPB, расследавальнікі БРЦ знайшлі шэраг пераводаў на мільёны долараў на імя беларускага бізнесоўцы Аляксея Алексіна, фігуранта шматлікіх нашых расследаванняў. Грошы прыходзілі з 2016 па 2018 гады на яго асабісты рахунак у беларускім МТБанку, які на той момант належаў Алексіну. Ішлі яны ад кіпрскай фірмы Wallitus Investments Limited, якой таксама валодаў Каваляўскас, пра што сведчыць выцек з PPB. У тлумачэннях да гэтых пераводаў напісана, што такім чынам кампанія вяртала Алексіну $13 млн пазыкі, якую той выдаў у 2015 годзе. Пры гэтым у нас няма доказаў, што яе насамрэч выдалі, — у выцеку файлаў ёсць інфармацыя аб падпісанні дамовы, змене ўмоваў выплаты, пералічэнні грошай для вяртання доўга, але няма пацверджання трансакцыяў ад Алексіна ў бок Wallitus Investments Limited.

Прыкладна ў той жа час, калі Wallitus Investments Limited адпраўляла грошы Алексіну, такія ж сумы кампанія атрымлівала ад зарэгістраванай на Кіпры Sumsteg International Limited. Гэтыя сродкі таксама праводзілі як вяртанне пазыкі праз банк Каваляўскаса.

Мы пераказалі гэтую схему амерыканскаму юрысту з больш чым 25-гадовым стажам барацьбы з адмываннем грошай Росу Дэлстану. Ён патлумачыў, што гэта класічны прыклад наслаення:

«То бок выкарыстання некалькіх банкаў і некалькіх кампаніяў для таго, каб схаваць паходжанне, крыніцы сродкаў. Другое — гэта афшорныя фінансавыя цэнтры, што выкарыстоўваюцца. Кіпр славіцца сваёй гасціннасцю ў дачыненні да расейцаў. <...> Вануату знаходзіцца далёка ззаду ў плане адпавядання патрабаванням [фінансавай празрыстасці]. І гэтым карыстаюцца ўсе».

Спраўджанае партнёрства

Вілюс Каваляўскас і Аляксей Алексін — даўнія партнёры. Больш за 10 гадоў таму яны ўжо разам зараблялі на схемах, якія медыі называлі кантрабанднымі: кампанія літоўца Lewben дапамагла беларускаму бізнесоўцу цягам 2014—2015 гадоў вывесці ў Літву €46 млн.

Аляксей Алексін вядомы ў Беларусі як «тытунёвы кароль».

Летам 2021-га ён трапіў пад санкцыі ЗША і Еўразвязу як «гаманец» Аляксандра Лукашэнкі. Сярод іншага бізнесовец займаецца нафтаперапрацоўкай. Яго сям’і належаць СЗАТ «Энерга-Оіл» і ТДА «Белнафтагаз». Праз гэтыя кампаніі Алексін валодаў зарэгістраваным на Кіпры MTB Investments Holdings Limited, якому амаль цалкам належыць ЗАТ «МТБанк».

За некалькі дзён да ўключэння ў санкцыйны спіс Еўразвязу Алексін перадаў кіпрскую фірму-уласніцу МТБанку эмірацкай кампаніі Stoneva Limited, якой валодае звязаны з Беларуссю ліванскі бізнесовец Рамэа Абдо. Але адрас кампаніі пазначаны ў тым жа офісе, што і Petrotrade FZE — адна з фірмаў сына Алексіна, Дзмітрыя.

На момант публікацыі галоўнага акцыянера беларускага МТБанку адмініструе кампанія структуры Noewe (раней — Lewben), [*] якая дэ-юрэ больш не належыць Вілюсу Каваляўскасу. Літовец у 2021 годзе перадаў кіраванне сваёй жонцы Рыце, а ў 2025-м сям’я цалкам перааформіла кампанію на давераных менеджараў.

Аднак сувязь літоўца з набліжаным да ўладаў беларускім бізнесоўцам схаваная ад вачэй грамадскасці. На першы погляд, Каваляўскас — узорны грамадзянін. У яго сацыяльных сетках — збольшага сям’я і мастацтва. Ён пазіцыянуе сябе як мецэната сучасных артыстаў. На аватарцы ў фэйсбуку бізнесоўца — украінскі сцяжок, ён прынамсі аднойчы ўдзельнічаў у дабрачынным зборы для ўкраінскіх уцекачоў. Таксама Каваляўскас перапошчваў допісы ў падтрымку беларускіх незалежных медыяў. 

Пры гэтым ягоная біяграфія апроч Алексіна багатая супрацай і з іншым вядомым «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі: у 2011—2012 гадах ён дапамог Юрыю Чыжу зарабіць больш за мільярд долараў на перапродажы кантрабандных расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў. А кампанія, якой сувалодаў Каваляўскас, Charter Jets, па дадзеных ад «Кіберпартызанаў», прадстаўляла свае бізнес-джэты ў карыстанне жонцы, сыну, нявестцы і ўнукам Лукашэнкі, [*] а таксама набліжанаму да яго бізнесоўцу Мікалаю Вараб’ю. [*]

«Чырвоныя сцяжкі»

Вывучаючы гісторыю шматмільённых разлікаў паміж Алексіным і афшорнымі фірмамі, журналісты БРЦ заўважылі шэраг «чырвоных сцяжкоў» — прыкметаў адмывання грошай. Першы — храналогія падзей. У чэрвені 2014-га Каваляўскас набыў вануатскі банк, у сакавіку 2015-га — зарэгістраваў кіпрскую кампанію Wallitus Investments Limited. [*]

Праз тыдзень Алексін атрымаў кантроль над МТБанкам, а ў лістападзе таго ж года нібыта даў пазыку, за якую Wallitus Investments Limited расплачвалася пераводамі на рахунак Алексіна ў МТБанку, перад гэтым атрымліваючы іх ад Sumsteg International Limited. 

Другі «чырвоны сцяжок» — выкарыстанне новазеландскай сістэмы Worldclear, якая спрашчала рух без дадатковых пытанняў, калі банк Каваляўскаса пераводзіў грошы беларускаму бізнесоўцу.

Крыніца: БРЦ

З дакументаў, што мы маем у распараджэнні, вынікае: Аляксей Алексін атрымаў такім чынам на свой рахунак амаль $3,5 млн — з гэтай сумы $1,1 млн і €1,1 млн праз Worldclear, у якой ён сам не быў кліентам. У нас няма доказаў таго, што кампанія Worldclear ведала пра магчымае злачыннае паходжанне сродкаў, якія праходзілі праз апісаныя трансакцыі. Мы падрабязна апісалі схему Дэвіду Хілары, але на наш запыт ён не адказаў.

Схема працавала, пакуль у вануатскага банку ў студзені 2018-га не змяніўся ўласнік — ім стала кампанія, не звязаная з Lewben’ам Каваляўскаса. Пасля апошняй паспяховай трансакцыі ў лютым у Wallitus Investments Limited з’явіліся праблемы з пераводамі Алексіну — банкі-карэспандэнты трансакцыі адхілялі. Праз некалькі тыдняў і шэрагу няўдалых спробаў адправіць грошы ў Менск кіпрская кампанія Каваляўскаса перавяла больш за паўмільёна еўра адразу на свой рахунак у МТБанку. Ці змог Wallitus Investments Limited у выніку перадаць сродкі адрасату, то бок Алексіну, — нам не вядома.

Праз юрыстаў Вілюс Каваляўскас адмовіў, што ён дапамагаў Алексіну ў арганізацыі схем адмывання грошай або іншай незаконнай фінансавай дзейнасці. На пісьмовы зварот БРЦ прадстаўнікі бізнесоўцы адказалі, што Каваляўскас «ніколі не ўдзельнічаў у аперацыйнай дзейнасці Lewben (Кіпр), PPB або Charter Jets», і гэта не дазваляе яму адказаць змястоўна на нашыя запыты. Каваляўскас праз адвакатаў «пацвердзіў, што не мае ніякіх інтарэсаў, бізнесу або партнёрскіх адносін з якімі-небудзь расейскімі і/або беларускімі кампаніямі або фізічнымі асобамі». Юрысты адзначылі, што літоўскі бізнесовец прадаў PPB у 2017 годзе. Гэта супярэчыць дакументам, якія ёсць у распараджэнні рэдакцыі, — з іх вынікае продаж банку ў 2018-м.

Кіруючы дырэктар Pacific Private Bank Эймантас Казлаўскас адмовіўся каментаваць трансакцыі кліентаў і ўзгадаў, што падчас апісаных падзей «палітычны курс заходніх урадаў у дачыненні да Беларусі істотна адрозніваўся ад цяперашняй пазіцыі. У той час камерцыйныя адносіны з беларускімі юрыдычнымі асобамі і фізічнымі асобамі шырока заахвочваліся ў рамках геапалітычнай стратэгіі, накіраванай на змяншэнне залежнасці Беларусі ад Расейскай Федэрацыі». 

Дэтэктыў па фінансавых злачынствах з амаль 40-гадовым стажам Марцін Ўудз, да якога БРЦ звярнуўся па каментар, адзначыў, што не можа сцвярджаць, што апісаная вышэй схема — гэта ўхіленне ад падаткаў, але «ў гэтым ёсць прыкметы, характэрныя для здзяйснення такіх аперацый»: 

«Круглыя лічбы, выхад у афшор, адсутнасць логікі ў здзелках, адкрыццё некалькіх розных рахункаў і валоданне банкамі для атрымання большага кантролю. Чаго я не бачу ці чаго вы мне не прадставілі, дык гэта пераканаўчага апісання законнага бізнесу». 

Яшчэ адзін аргумент на карысць тэзы, што за гэтымі пераводамі хаваецца не проста вяртанне пазыкі, — умовы, на якіх яе нібыта выдалі. Згодна з дакументамі, Алексін даў пакарыстацца $13 млн пад нуль адсоткаў — бясплатна. Дэтэктыў Ўудз пацвердзіў, што гэта выглядае падазрона: 

«Без адсоткаў выглядае як штучная трансакцыя. Бо, калі няма адсоткаў, ён (Алексін — рэд.) губляе грошы, бо мог бы атрымліваць прыбытак з гэтых 13 млн. Гэта не выглядае легітымна і лагічна — гэта нелагічная трансакцыя». 

У нас ёсць падставы меркаваць, што логіка ў гэтых пераводах усё ж ёсць, і Алексін даваў карыстацца грашыма не па дабрыні душэўнай. 

Гандаль на паперы? 

Кампанію Sumsteg International Limited, якая была першай у ланцужку пераводаў на рахунак Алексіна, адмініструе кампанія Каваляўскаса Lewben. Валодае фірмай азербайджанец з расейскім грамадзянствам Мехці Мехціеў — імаверна, толькі намінальна. Пацвярджаюць гэта дэталі, якія мы знайшлі ў адказе Sumsteg International Limited на запыт МТБанку пра сумнеўныя сувязі з Wallitus Investments Limited. Гэты дакумент БРЦ атрымаў дзякуючы «Рабочаму Руху». У яго падрыхтоўцы ўдзельнічаў супрацоўнік МТБанку, а ўхваляла — галоўная бухгалтарка «Белнафтагазу», які належыць сям’і Алексіна. То бок, у не звязанай, на першы погляд, наўпрост з беларускім бізнесоўцам кампаніі справы вялі людзі, якія на яго працавалі.

Мехціеў даўно знаёмы з беларускімі бізнесоўцамі, набліжанымі да ўладаў.

У 2010-х яго кампанія ўдзельнічала ў схеме па пастаўках шакаладу ў Беларусь у абыход санкцый, на якой зарабляў сябра Лукашэнкі Сяргей Цяцерын. У 2013-м расеец разам з Аляксеем Алексіным і Мікалаем Вараб’ём на прыватным самалёце лётаў з Менску ў Стамбул (лятак суналежаў кампаніі Каваляўскаса Charter Jets). [*]

Падобна, Мехціеў сябруе са старэйшым сынам Алексіна Дзмітрыем. Ён прысутнічаў на вяселлі сына «гаманца» Лукашэнкі. У сацыяльных сетках можна знайсці фота з 2014-га, на якім абодва з голымі торсамі частуюцца чорнай ікрой з гарэлкай. У тым жа годзе яны ўвайшлі ў кіраўніцтва турэцкай фірмы, якая набыла гандлёвы цэнтр у спальным раёне Стамбула. [*]

Фірмы Мехціева (Sumsteg International Limited і KNS Trade FZE) прынамсі з 2015 па 2021 гады падпісвалі дамовы з беларускімі кампаніямі, якія належаць сям’і Алексіна, «Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз» на продаж нафтапрадуктаў з Расеі і Казахстану на сотні мільёнаў долараў. Але выглядае на тое, што гандаль адбываўся толькі на паперы. 

БРЦ атрымаў ад аб’яднання «Рабочы Рух» кантракты, якія сведчаць, што пераважную большасць угодаў разрывалі праз пару месяцаў пасля падпісання. Агулам з 2015 па 2021 гады кампаніі скасавалі дамоваў амаль на паўмільярда долараў. 

Расейскі адмысловец у нафтагазавым рынку Міхаіл Круціхін у каментары БРЦ адзначыў, што часам на нафтавым рынку ўгоды сапраўды зрываюць, але скасаванне дзясяткаў дамоў у год — нетыповае: 

«Калі ў масавым парадку такое рабілася, то гэта ўжо нейкая змова між тымі, хто пастаўляе, і тымі, хто [атрымлівае]». 

БРЦ знайшоў прыклад такой імавернай змовы. У 2019 годзе Sumsteg International Limited атрымала каля $52 млн ад кампаній Алексіна. У дакументах усё выглядае як перадплата па кантрактах на пастаўкі нафтапрадуктаў, але ў акце зверкі «Белнафтагазу» і Sumsteg International Limited бачна, што праз тры месяцы фірма Мехціева вярнула сродкі. Сярод прычын гэтага ў дакументах «Энерга-Оіл» пазначала рознае: ад змены сусветнай кан’юнктуры да нестабільнасці адносін паміж Масквой і Менскам. 

Генадзь Рабцаў, эксперт у дзяржаўнай палітыцы ў паліўна-энергетычным комплексе, сказаў, што такіх тлумачэнняў можна «наштампаваць на кожны выпадак кантрактавання» і «ўпісваць у гэтыя тлумачэнні толькі дату і ставіць электронны лічбавы подпіс пад гэтым паведамленнем. То бок, гэта ўніверсальная адмазка на ўсе выпадкі жыцця».

Мільёны на пазыках?

У справаздачнасці кампаніі Мехціева мы знайшлі магчымы адказ на пытанне, навошта партнёры маглі разрываць свае дамовы. У графе «Асноўныя віды дзейнасці» пра гандаль нафтапрадуктамі няма ні слова. Там прапісана наступнае: прадстаўленне фінансавання і дзейнасць у якасці агента. То бок Sumsteg International Limited — гэта не нафтавы трэйдар, а кампанія, якая працуе ў сферы фінансавання і зарабляе на тым, што бярэ грошы ў доўг і перапазычае іншым, пакідаючы сабе адсоткі. 

Гэта тлумачыць, што магло адбыцца з $52 млн, якія Sumsteg International Limited атрымала ад кампаній Алексіна ў 2019-м нібыта за нафтапрадукты. Прыблізна такую ж суму (каля $47 млн) у той жа час фірма Мехціева пазычыла на кароткі тэрмін іншай кампаніі. Прыбытак склаў больш за €1,2 млн. Падобна, што кампаніі Алексіна, робячы фармальна перадплаты, давалі патрымаць фірме Мехціева некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў на два-тры месяцы, каб тая зарабіла на гэтым. Затым, як мы высветлілі, Sumsteg International Limited вяртаў пазычаныя грошы ў Беларусь на персанальны рахунак Алексіна ў МТБанку.

Эксперт па дзяржаўнай палітыцы ў паліўна-энергетычным комплексе Генадзь Рабцаў, якога журналісты БРЦ папрасілі падзяліцца меркаваннем, чаму кампаніі Алексіна і Мехціева дзейнічалі такім чынам, сказаў, што па гэтых кантрактах рэальных продажаў не было і не планавалася: 

«Яны неабходныя для таго, каб або падаць адпаведны дакумент у тыя ці іншыя кантрольныя органы для таго, каб закрыць пытанне, або для таго, каб правесці трансакцыі пад прыкрыццём дзейнага кантракта. Як толькі гэтыя бюракратычныя працэдуры будуць здзейснены, патрэбы ў тым, каб гэты кантракт недзе свяціўся, ужо няма. І таму ён разрываецца, і ніякіх слядоў ад усяго гэтага не застаецца».

З дазволу дзяржавы?

Калі грошы выходзяць ад фірмы, а адсоткі ад іх абароту вяртаюцца на прыватны рахунак яе ўладальніка без падстаў і праз фіктыўныя схемы, — гэта выглядае як эканамічнае злачынства. Эканаміст Дзмітрый Крук у каментары БРЦ патлумачыў, чаму ў эканамічным свеце ўласны гаманец бізнесоўца і фінансы яго кампаніі — дзве розныя рэчы. Да ўласніка грошы кампаніі могуць трапіць, толькі калі яны трансфармуюцца ў прыбытак і будуць размеркаваныя паміж атрымальнікамі.

«Пастулат вядзення бізнесу: юрыдычная асоба жыве асобным фінансавым жыццём. Кампанія прымае на сябе дадатковыя абавязанні, напрыклад, бярэ крэдыты, плаціць дастаўнікам і г. д. Калі наймае супрацоўнікаў, плаціць ім заробак. Гэта ўсё абавязак кампаніі, але не ўласніка. <...> Кампанія плаціць значна больш падаткаў, у тым ліку і падатак на прыбытак. І толькі пасля выплаты падатку грошы могуць быць выняты на карысць уласніка ў выглядзе размеркавання прыбытку. Калі акцыянернае таварыства, то ў форме дывідэндаў. Гэта рэгулюецца эканамічным заканадаўствам».

Ухіленне ад аплаты падаткаў і адмыванне грошай самі па сабе з’яўляюцца парушэннем закону. Але апісаная ў гэтым расследаванні схема мае кантэкст, які вымагае асвятлення. Аляксей Алексін не проста бізнесовец, які зарабляе грошы ў свабоднай канкурэнцыі. Кампаніі «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл», якія належаць яго сям’і, маюць прыбытак за кошт дзяржаўных прэферэнцыяў, якія ім выдае Аляксандр Лукашэнка. Квоты на закуп нафтапрадуктаў з Расеі таксама размяркоўваюць дзяржаўныя арганізацыі. Пры гэтым Алексін знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Еўразвязу менавіта як «гаманец» Лукашэнкі. Ці Лукашэнка асабіста ўхваліў схему заробку, якую БРЦ выкрыў у гэтым расследаванні, нам не вядома.

Каб спытаць, як сам Аляксей Алексін можа патлумачыць гэтыя маніпуляцыі з грашыма, мы патэлефанавалі бізнесоўцу. Ён перастаў чуць журналіста, як толькі той прадставіўся супрацоўнікам БРЦ і згадаў Worldclear. Званок працягваўся каля паўтары хвіліны, напрыканцы Алексін прапанаваў «пісаць галасавымі паведамленнямі». На наш пісьмовы запыт ён не адказаў.

Не адказаў на запыт і Мехці Мехціеў, а калі падчас тэлефанавання даведаўся, што размаўляе з журналістам, адразу паклаў слухаўку.

БРЦ і партнёры даслалі запыты з просьбай пракаментаваць выкладзеныя вышэй факты і іншым згаданым у артыкуле асобам і кампаніям. Адказаў, апроч згаданых у артыкуле, на момант публікацыі мы не атрымалі.