Рэдакцыйная палітыка БРЦ

Калі вы не хочаце ці не можаце прачытаць рэдпалітыку БРЦ цалкам, вось 8 ключавых правілаў і адзін факт, якія дапамогуць вам зразумець прынцыпы нашай працы:
  1. Дакладнасць і праверка фактаў. Усе нашыя матэрыялы праходзяць шматэтапную праверку фактаў, уключаючы праверку незалежнымі фактчэкерамі, дзеля забеспячэння аб’ектыўнасці і верагоднасці дадзеных. Мы не прымаем да публікацыі матэрыялы, калі не можам пацвердзіць іх фактычную аснову.
  2. Незалежнасць. Мы цалкам захоўваем рэдакцыйную незалежнасць ад знешніх уплываў, ці то гэта палітычныя, ці камерцыйныя або грамадскія інстытуты. Мы не публікуем артыкулы па просьбе донараў і не прымаем фінансаванне, звязанае з абавязацельствамі па ўзгадненні кантэнту. Усе нашыя рэдакцыйныя рашэнні прымаюцца выключна на падставе грамадскага інтарэсу.
  3. Адказнасць і выпраўленне памылак. Мы аператыўна прызнаем і выпраўляем памылкі, робячы гэта максімальна празрыста.
  4. Права на адказ. Мы даем фігурантам права выказацца і даць каментары перад публікацыяй матэрыялаў, якія могуць закрануць іх інтарэсы або рэпутацыю.
  5. Празрыстасць. Мы максімальна адкрыта паведамляем аб крыніцах фінансавання, метадах працы і нашых донарах, за выключэннем тых, інфармацыя аб якіх засакрэчаная ў мэтах бяспекі. Мы імкнемся да таго, каб уся інфармацыя аб нашай дзейнасці была даступная і зразумелая аўдыторыі.
  6. Этыка мовы. Мы не дапускаем выкарыстання мовы нянавісці, дыскрымінацыі і пазбягаем тэрмінаў, якія могуць зняважыць або абразіць каго-небудзь.
  7. Аб'ектыўнасць. Мы пазбягаем выказвання асабістых меркаванняў і перакананняў у матэрыялах.
  8. Выкарыстанне тэхналогіяў. Мы выкарыстоўваем ШІ і іншыя тэхналогіі для паляпшэння якасці матэрыялаў, але ўсе важныя рэдакцыйныя рашэнні прымаюцца чалавекам. Любое выкарыстанне ШІ ў нашых матэрыялах заўсёды адкрыта і празрыста для аўдыторыі, а вынік праходзіць рэдакцыйную праверку.

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў БРЦ «экстрэмісцкай арганізацыяй». Працягваючы займацца журналістыкай, мы зазнаем бесперапынную небяспеку пераследу з боку ўладаў краіны. Узаемадзеянне з нашым кантэнтам можа быць небяспечным для нашай аўдыторыі, асабліва для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Мы цэнім смеласць нашых чытачоў і гледачоў, якія працягваюць сачыць за намі і падтрымліваць нас, нягледзячы на рызыкі.

Уступ: Хто мы такія?

Беларускі расследавальніцкі цэнтр — гэта незалежны медыя праект, у якім працуе міжнародная каманда прафесіяналаў з Беларусі і іншых краінаў. Мы спецыялізуемся на журналісцкіх расследаваннях, выкрыцці дэзінфармацыі, эканамічнай і палітычнай аналітыцы.

БРЦ — сябра глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў (GIJN, Global Investigative Journalism Network), міжнароднай сеткі праверкі фактаў пры Інстытуце Пойнтэра (IFCN), Еўрапейскай сеткі стандартаў праверкі фактаў (EFCSN, European Fact-Checking Standards Network) і частка журналісцкай сеткі Цэнтру па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP, Organized Crime and Corruption Reporting Project).

Пасля 2020 года нашая каманда была вымушаная пакінуць Беларусь праз пагрозу пераследу з боку ўладаў. У верасні 2023 года Вярхоўны суд краіны прызнаў БРЦ «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Кожны з чальцоў каманды Беларускага расследавальніцкага цэнтру выконвае стандарты і падзяляе каштоўнасці, прыведзеныя ў гэтай рэдакцыйнай палітыцы.

Місія і каштоўнасці

Медыйная місія БРЦ — увесь час павышаць планку беларускай журналістыкі, развіваючы самыя складаныя жанры. Сацыяльная місія БРЦ — накладаць дадатковыя выдаткі на карупцыю і ўхіленне ад санкцыяў, а таксама процідзейнічаць прапагандзе і ілжывым наратывам у медыях. На практыцы гэта азначае, што мы робім якасную журналістыку дзеля таго, каб карупцыянерам і парушальнікам санкцыяў было складаней узбагачацца за наш кошт, а прапагандыстам — цяжэй нас падманваць.

У працы мы кіруемся каштоўнасцямі, якія дапамагаюць нам падтрымліваць высокі стандарт журналістыкі і ствараць якасны, аб'ектыўны кантэнт. Мы ўпэўненыя, што гэтыя прынцыпы ляжаць у аснове нашай місіі і дазваляюць даваць аўдыторыі дакладную інфармацыю, спрыяючы лепшаму разуменню бягучых падзеяў і працэсаў.

Незалежнасць

Мы прытрымліваемся прынцыпу абсалютнай незалежнасці ад палітычных, камерцыйных і іншых знешніх уплываў. Гэта асабліва важна ў працы над нашымі ключавымі напрамкамі: журналісцкімі расследаваннямі, развянчаннем фэйкаў, палітычнай і эканамічнай аналітыкай. Мы не паддаемся ціску, што дазваляе нам аб'ектыўна асвятляць важныя і часам нязручныя тэмы.

Павага да правоў чалавека

Мы паважліва ставімся да асабістага жыцця, свабодаў і годнасці кожнага чалавека, пра якога пішам. У нашых матэрыялах мы кіруемся прынцыпамі этыкі, пазбягаем сенсацыяналізму і не парушаем асабістыя межы людзей без важкіх прычынаў. Мы перакананыя, што журналістыка павінна служыць грамадскім інтарэсам, не парушаючы правы асобных людзей.

Грамадская адказнасць

Мы разумеем нашую адказнасць перад грамадствам і імкнемся да таго, каб наш кантэнт спрыяў разуменню складаных працэсаў, выкрыццю ілжывых наратываў і павышэнню ўзроўню інфармаванасці аўдыторыі. Мы ўсведамляем, што нашая праца можа ўплываць на грамадскую думку і развіццё грамадзянскай супольнасці. Таму нашыя матэрыялы ўтрымліваюць інфармацыю, якая мае грамадскі інтарэс, а не патурае грамадскай цікаўнасці.

Рэдакцыйныя стандарты і метады

Нашыя рэдакцыйныя стандарты скіраваныя на забеспячэнне якасці, дакладнасці і незалежнасці ўсіх матэрыялаў. Яны вызначаюць, як мы падыходзім да стварэння кантэнту і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, захоўваючы высокі ўзровень прафесіяналізму і выконваючы этычныя прынцыпы.

Дакладнасць і праверка фактаў

Кожны наш матэрыял заснаваны на дакладных дадзеных. Мы старанна правяраем факты на падставе некалькіх крыніцаў, каб выключыць памылкі і дэзінфармацыю. Кожны матэрыял перад публікацыяй праходзіць не толькі рэдактарскую вычытку, але і этап фактчэку. Калі факт немагчыма пацвердзіць, мы сумленна паведамляем пра гэта ў матэрыяле.

Як сябра OCCRP мы прытрымліваемся стандартаў арганізацыі і не лічым доказам каментар эксперта, публікацыі ў СМІ, Вікіпедыю, публікацыі на форумах і ў блогах, дадзеныя ў дакументах, якія не прайшлі верыфікацыю. Доказам для нас з'яўляюцца: афіцыйныя дакументы дзяржаўнага ўзору, сведчанні першакрыніцаў, падмацаваныя доказамі з іншых незалежных ад іх крыніцаў, якія пацвярджаюць матэрыялы, арыгінальныя дакументы, падмацаваныя доказамі з іншых незалежных ад іх крыніцаў.

Мы заўсёды імкнемся выкарыстоўваць першакрыніцы, калі яны даступныя і адпавядаюць нашым крытэрам. Калі першакрыніцы адсутнічаюць або недаступныя, мы звяртаемся да выкарыстання другасных крыніцаў, пры гэтым пазначаем прычыны такога выбару і тлумачым, чаму выкарыстанне другаснай крыніцы з'яўляецца неабходным у дадзеным кантэксце.

Празрыстасць і падсправаздачнасць

Мы прытрымліваемся прынцыпу поўнай празрыстасці, публікуем толькі правераныя дадзеныя і выразна размяжоўваем факты і меркаванні. Калі ў матэрыялах знойдзены памылкі, мы аператыўна іх прызнаем і выпраўляем.

Якасць і стыль матэрыялаў

Усе матэрыялы БРЦ павінны быць напісаныя яснай, зразумелай мовай. Мы пазбягаем выкарыстання загалоўкаў і фармулёвак, якія могуць уводзіць аўдыторыю ў зман. Усе тэксты праходзяць стараннае рэдагаванне дзеля паляпшэння стылю, структуры і дакладнасці.

Адказнасць перад аўдыторыяй

Мы вітаем узаемадзеянне з аўдыторыяй, прымаем да ведама крытыку, прапановы і адкрыта абмяркоўваем нашыя памылкі або спрэчныя моманты. Нашая мэта — падтрымліваць давер аўдыторыі, даючы дакладную, правераную інфармацыю і гарантуючы, што нашыя матэрыялы не ўводзяць у зман і не наносяць шкоды.

Аб'ектыўнасць і непрадузятасць

БРЦ фінансуецца шырокім колам донараў на ўмовах абсалютнай рэдакцыйнай незалежнасці. Мы не публікуем артыкулы або відэаматэрыялы па просьбе каго-небудзь, а таксама не прымаем фінансаванне, звязанае з абавязацельствамі па ўзгадненні кантэнту. БРЦ цалкам захоўвае кантроль над рэдакцыйнымі рашэннямі і кіраваннем праектамі. Пры выбары тэмаў мы кіруемся выключна іх значнасцю для грамадскіх інтарэсаў і журналісцкімі стандартамі, а не інтарэсамі донараў. Прыняцце фінансавага падтрымання не азначае, што мы падтрымліваем дзейнасць донараў або іх пазіцыі. Донары не маюць доступу да матэрыялаў, над якімі працуе рэдакцыя, не ўдзельнічаюць у іх праглядзе да публікацыі і не ўплываюць на вынікі журналісцкіх расследаванняў.

БРЦ прытрымліваецца кодэксу Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), які, у сваю чаргу, заснаваны на прынцыпах кодэксу этыкі Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ, International Federation of Journalists). Мы маем абавязак прытрымлівацца стандартаў рэдакцыйнай незалежнасці, а таксама бесстароннасці і адмовы ад супрацы з палітычнымі арганізацыямі, якія могуць паўплываць або паставіць пад пагрозу нашую незалежнасць і бесстароннасць.

Супрацоўнікі БРЦ не могуць прымаць падарункі або паслугі коштам вышэй за €30, якія могуць паставіць пад пагрозу іхную незалежнасць, а таксама ўдзельнічаць у дзейнасці якіх-кольвечы арганізацыяў, якая можа прывесці да таго ж. Усе супрацоўнікі маюць абавязак раскрываць магчымыя канфлікты інтарэсаў, такія як асабістыя, фінансавыя або прафесійныя сувязі, якія могуць паўплываць на аб'ектыўнасць іх працы. У такіх выпадках рэдакцыя прымае захады, каб журналіст не ўдзельнічаў у асвятленні тэмаў, звязаных з ягонымі інтарэсамі.

Нашыя супрацоўнікі не ўдзельнічаюць у палітычнай ці грамадскай дзейнасці, якая можа паўплываць на іх здольнасць асвятляць падзеі бесстаронна. Гэта азначае ўстрыманне ад публічнага ўдзелу ў мітынгах, акцыях або кампаніях, звязаных з тэмамі, якія яны могуць асвятляць у сваёй працы. Мы захоўваем дыстанцыю ад любых палітычных партыяў, рухаў і арганізацыяў, каб выключыць магчымасць уплыву знешніх інтарэсаў на наш кантэнт.

Мы строга размяжоўваем рэдакцыйную і камерцыйную дзейнасць. Ніводзін журналіст ці рэдактар не можа прымаць рашэнні, звязаныя з кантэнтам, пад уплывам спонсараў або іншых партнёраў.

Журналісты і аўтары матэрыялаў абавязаныя ўстрымлівацца ад выказвання сваіх асабістых меркаванняў і перакананняў у матэрыялах БРЦ. Нашая задача — даць факты, а не навязваць чытачам пэўную пазіцыю. У выпадку, калі неабходна прадставіць аналіз або інтэрпрэтацыю падзеяў, такія матэрыялы, іх фрагменты або цытаты мусяць быць дакладна пазначаныя.

Вымушаная ананімнасць

Нягледзячы на агульнапрынятыя журналісцкія стандарты, якія прадугледжваюць адкрытае аўтарства, мы вымушаныя забяспечваць ананімнасць для многіх чальцоў нашай каманды. Гэта звязана з двума ключавымі фактарамі: спецыфікай расследавальніцкага жанру, які патрабуе асаблівых захадаў засцярогі дзеля абароны журналістаў, і прызнаннем беларускімі ўладамі БРЦ экстрэмісцкай арганізацыяй, што павялічвае рызыкі для нашых супрацоўнікаў. Пры гэтым мы нязменна падтрымліваем высокі ўзровень журналісцкіх стандартаў, гарантуючы дакладнасць, аб'ектыўнасць і верагоднасць усіх публікацыяў, нават калі аўтары застаюцца ананімнымі.

Мы не хаваем інфармацыю аб ключавых персонах рэдакцыі. Заснавальнік БРЦ і галоўны рэдактар Станіслаў Івашкевіч, а таксама вядоўцы праграмаў застаюцца публічнымі асобамі. Гэта дапамагае забяспечыць празрыстасць у кіраванні і стварэнні кантэнту, захоўваючы давер аўдыторыі. Такім чынам, мы балансуем паміж абаронай нашай каманды і захаваннем высокіх прафесійных стандартаў, забяспечваючы бяспеку супрацоўнікаў без шкоды для якасці нашай працы.

Цытаванне і праца з крыніцамі

Нашая рэдакцыйная палітыка грунтуецца на строгіх прынцыпах праверкі фактаў і працы з крыніцамі. Мы імкнемся забяспечыць дакладнасць, верагоднасць і аб'ектыўнасць ва ўсіх нашых матэрыялах. Наш падыход да выкарыстання цытатаў экспертаў, фігурантаў і відавочцаў уключае наступныя ключавыя палажэнні:

Выказванні экспертаў

Мы правяраем не толькі дакладнасць перадачы словаў экспертаў, але і адпаведнасць сказанага экспертам фактычнай інфармацыі. Калі меркаванне эксперта заснаванае на асабістым досведзе і не можа быць аб'ектыўна праверана, мы выразна пазначаем гэта ў матэрыяле, каб аўдыторыя ўсведамляла прыроду гэтых выказванняў. Мы пазбягаем уключэння эмацыйна афарбаваных выказванняў экспертаў. У выпадку выкарыстання такіх цытатаў неабходна пераканацца ў іх абгрунтаванасці.

Выказванні фігурантаў

Мы абавязаныя даць усім фігурантам нашых расследаванняў права выказацца, незалежна ад таго, што менавіта яны кажуць. Гэта дапамагае збалансаваць матэрыял і даць розныя пункты гледжання. Эмацыйна афарбаваныя выказванні фігурантаў могуць быць уключаныя толькі ў выпадку, калі яны апраўданыя і адпавядаюць кантэксту. Калі ўзнікае падазрэнне, што такія цытаты могуць быць маніпулятыўнымі, яны павінны быць аддадзены дадатковаму аналізу. Рашэнні па спрэчных момантах прымаюцца адказнымі рэдактарамі.

Выказванні відавочцаў

Інфармацыя, атрыманая ад відавочцаў, заўсёды правяраецца на адпаведнасць фактам. Калі інфармацыю відавочцы не атрымліваецца спраўдзіць, мы паведамляем пра гэта ў матэрыяле наўпрост. Пры падазрэнні на маніпуляцыю або спробу сказіць факты такія цытаты не ўключаюцца. Як і ў выпадку з фігурантамі, эмацыйна афарбаваныя выказванні відавочцаў уключаюцца толькі пры наяўнасці важкіх прычынаў, дзеля перадачы кантэксту. Спрэчныя пытанні абмяркоўваюцца і вырашаюцца адказнымі рэдактарамі.

Усе цытаты павінны быць перададзеныя дакладна, без зменаў і скажэнняў сэнсу. Калі ў цытаце патрабуецца скарачэнне або праўка дзеля яснасці, гэта павінна быць зроблена такім чынам, каб не змяняць асноўнае значэнне сказанага. Ніякія змены не могуць быць унесеныя без відавочнага абазначэння карэкціровак. Напрыклад, калі цытата патрабуе тлумачэнняў, яны дадаюцца ў дужках.

Цытаты мусяць суправаджацца тлумачэннем кантэксту. Экспертныя цытаты заўсёды павінныя суправаджацца пазначэннем прафесійнага статусу крыніцы (напрыклад, «эканаміст», «палітолаг»), каб чытач або глядач разумеў узровень кампетэнтнасці таго, хто гаворыць. Для афіцыйных асобаў і дзяржаўных служачых важна пазначаць не толькі іх пасаду, але і час або месца выступу. Мы заўсёды пазначаем крыніцу цытаты, ці то гэта будзе інтэрв'ю, публічнае выступленне, афіцыйны дакумент або публікацыя ў адкрытых крыніцах.

Мы не плацім спікерам за інтэрв'ю, за іх фотаздымкі або запіс. Мы не даем спіс пытанняў загадзя і не даем інтэрв'юяванаму магчымасці ўхваліць наш тэкст або відэа перад публікацыяй.

Праца з крыніцамі

У працэсе працы з інфарматарамі мы прытрымліваемся строгіх стандартаў праверкі іх верагоднасці. Для пацвярджэння асобы крыніцы мы выкарыстоўваем розныя метады, уключаючы праверку нумару мабільнага тэлефону, вывучэнне актыўнасці ў сацыяльных сетках, а таксама, пры неабходнасці, выкарыстанне пашпартных і іншых базаў дадзеных. Усе прадстаўленыя факты старанна аналізуюцца, а сапраўднасць дакументаў спраўджваецца з выкарыстаннем незалежных крыніцаў. Мы імкнемся пацвердзіць інфармацыю і дакументы праз дадатковыя крыніцы, не звязаныя з першакрыніцай, каб гарантаваць іх дакладнасць і верагоднасць.

Мы намагаемся мінімізаваць выкарыстанне неназваных крыніцаў, паколькі гэта можа паўплываць на давер аўдыторыі да матэрыялаў. У тых выпадках, калі крыніца настойвае на ананімнасці, мы павінныя выразна растлумачыць чытачам, чаму мы лічым гэтую крыніцу надзейнай. Саступкі ў плане ананімнасці робяцца толькі па важкіх прычынах і ў наступным парадку:

  1. без імя, але з пазначэннем пасады і кампаніі;
  2. без імя і пасады, але з пазначэннем кампаніі; 
  3. без імя і кампаніі, але з пазначэннем пасады; 
  4. пазначэнне роду заняткаў; 
  5. без канкрэтыкі, але са ступенню дачынення да пытання.

Неназваная крыніца не можа каментаваць рэпутацыю іншага чалавека ці арганізацыі.

Права на адказ

Перад публікацыяй любога матэрыялу, які можа закранаць інтарэсы або рэпутацыю асобных персонаў або арганізацыяў, мы маем абавязак даслаць афіцыйны запыт з прапановай даць каментар або тлумачэнне. Гэта з'яўляецца неад'емнай часткай нашай рэдакцыйнай палітыкі, скіраванай на забеспячэнне аб'ектыўнасці, справядлівасці і дакладнасці ў нашых публікацыях.

Мы даем фігурантам магчымасць адказаць на прад'яўленыя факты або абвінавачванні на працягу пяці працоўных дзён. Калі адказ не паступае ў названыя тэрміны, матэрыял можа быць апублікаваны з пазнакай, што запыт быў адпраўлены, але адказ не быў атрыманы.

Правы чалавека і ўразлівасць

БРЦ прытрымліваецца строгіх стандартаў у пытаннях павагі да правоў чалавека, асабліва пры асвятленні ўразлівых тэмаў, такіх як гвалт, трагедыі і канфлікты. Нашыя матэрыялы заўсёды ствараюцца з улікам этычных нормаў, каб пазбегнуць сенсацыяналізму. Мы звяртаем асаблівую ўвагу на абарону асабістага жыцця і прыватнасці як крыніцаў, так і герояў нашых публікацыяў. Гэтыя прынцыпы скіраваныя на забеспячэнне таго, каб нашыя матэрыялы заўсёды былі створаныя з павагай да правоў чалавека, абараняючы ўсіх удзельнікаў журналісцкага працэсу і ўлічваючы іх бяспеку і канфідэнцыяльнасць.

Павага да асабістага жыцця і абарона канфідэнцыяльнасці

Мы прытрымліваемся права кожнага чалавека на прыватнае жыццё. Асабістая інфармацыя, якая не мае дачынення да грамадскіх інтарэсаў, не павінна быць раскрытая без відавочнай згоды. Калі публікацыя асабістых дадзеных неабходная для асвятлення грамадсказначнай інфармацыі, гэта робіцца з максімальнай асцярожнасцю і толькі ў выпадку пільнай неабходнасці.

Асцярожнасць пры асвятленні гвалту, трагедыяў і канфліктаў

Тэмы, якія тычацца гвалту, трагедыяў і канфліктаў, патрабуюць асаблівай асцярожнасці. Мы пазбягаем публікацыі матэрыялаў, якія могуць траўмаваць пацярпелых або іх блізкіх. Мы не публікуем дэталі, якія могуць нашкодзіць рэпутацыі людзей або парушыць іх права на справядлівасць. У такіх выпадках важна засяродзіцца на грамадскім інтарэсе і пазбягаць залішняга акцэнту на гвалтоўных падрабязнасцях або зневажальных сітуацыях.

Асаблівая асцярожнасць пры працы з дзецьмі

Мы надаем асаблівую ўвагу бяспецы і абароне правоў дзяцей у нашых матэрыялах. Выкарыстанне выяваў і інфармацыі пра дзяцей дапускаецца толькі з відавочнай згоды іх бацькоў або апекуноў. Матэрыялы, якія датычаць дзяцей, павінны быць створаныя з улікам іх інтарэсаў і бяспекі, пазбягаючы публікацыі інфармацыі, якая можа нанесці ім шкоду ў будучыні.

Бяспека крыніцаў

Ахова крыніцы з'яўляецца адным з ключавых прынцыпаў нашай працы. Мы забяспечваем канфідэнцыяльнасць усіх, хто дае нам інфармацыю, асабліва калі яе разгалошанне можа падставіць іх пад рызыку. Для абароны крыніцаў мы выкарыстоўваем бяспечныя каналы сувязі, а таксама гарантуем, што іх асобы не будуць раскрытыя без іх відавочнай згоды. У выпадку неабходнасці мы ўжываем дадатковыя захады бяспекі, каб мінімізаваць магчымыя пагрозы для нашых інфарматараў, усведамляючы важнасць іх ролі ў журналісцкім працэсе.

Беларускія ўлады прызналі БРЦ экстрэмісцкай арганізацыяй, што цягне за сабой рызыкі для тых, хто супрацоўнічае з намі. Мы абавязаныя папярэджваць усе крыніцы, герояў інтэрв'ю і іншых удзельнікаў нашых матэрыялаў аб нашым статусе і магчымых наступствах супрацы. Наш прыярытэт — бяспека людзей, і мы робім усе магчымыя захады дзеля яе забеспячэння.

Этыка мовы і кантэксту

Адказнасць за мову варожасці (хэйт-спіч)

БРЦ прытрымліваецца прынцыпу нягвалту і павагі да любога чалавека. Мы не дапускаем выкарыстання мовы варожасці, дыскрымінацыі або нянавісці ў любой з нашых публікацыяў.

Мы ўстрымліваемся ад выкарыстання любых тэрмінаў, выразаў ці прэзентаванняў, якія могуць быць успрынятыя як дыскрымінацыйныя ў адносінах да любой расы, полу, сексуальнай арыентацыі, рэлігіі, узросту, нацыянальнасці або любой іншай сацыяльнай прыкметы.

Мы не пазначаем у тэксце без неабходнасці для раскрыцця тэмы: расу, колер скуры, пол, мову, рэлігію, палітычныя і іншыя меркаванні, нацыянальнае або сацыяльнае паходжанне, уласнасць, паходжанне з карэннага народу або самаідэнтыфікацыю з карэнным народам, інваліднасць, статус мігранта або ўцекача, сексуальную арыентацыю, гендарную ідэнтычнасць.

Мы не выкарыстоўваем мову, якая магла б падбухторваць да гвалту ці агрэсіі. Мы асабліва асцярожныя пры апісанні канфліктных сітуацыяў, дзе тон і выбар словаў могуць няяўна падтрымліваць або апраўдваць гвалт.

Мы заўсёды паважаем годнасць і пачуцці людзей, пра якіх пішам. Мы не выкарыстоўваем зневажальныя або абразлівыя тэрміны нават у дачыненні да тых, хто можа быць агульнапрызнаным праціўнікам або ворагам.

Мы не выкарыстоўваем мову, якая б неабгрунтавана прымяншала або дыскрэдытавала чыю-небудзь пазіцыю або погляды.

Мы не толькі пазбягаем выкарыстання мовы варожасці, але таксама маем абавязак забяспечыць тлумачэнне кантэксту цалкам у тых выпадках, калі цытуем выказванні, якія змяшчаюць спрэчныя або дыскрымінацыйныя элементы.

Выкарыстанне лаянкі і нецэнзурнай лексікі

Мы ўстрымліваемся ад выкарыстання нецэнзурнай лексікі і лаянкі ў нашых матэрыялах. Калі такія выразы сустракаюцца ў простай мове або цытатах, мы публікуем іх толькі ў тых выпадках, калі яны маюць асаблівае значэнне для раскрыцця тэмы (напрыклад, пры апісанні канфліктных сітуацыяў або агрэсіўных паводзінаў). Пры гэтым мы не рэдагуем такія выказванні, каб захаваць іх дакладнасць і кантэкст, і папярэджваем аўдыторыю пра змест цытатаў перад публікацыяй.

Адказнасць за цытаты

Мы цалкам усведамляем сваю адказнасць за кожнае слова, апублікаванае ў нашых матэрыялах, уключаючы цытаты. Нягледзячы на тое, што цытаты — гэта словы не аўтара БРЦ, нашая задача — даць іх у кантэксце, які не спрыяе распаўсюджванню мовы нянавісці ці дыскрымінацыі.

Калі ў цытаце прысутнічае хэйт-спіч або абразы, мы мусім або не выкарыстоўваць яе, або забяспечыць поўнае тлумачэнне і крытыку такіх выказванняў, каб не дапусціць іх папулярызацыі або легітымізацыі. Мы таксама абавязаныя выконваць прынцып празрыстасці, калі цытуем спрэчныя выказванні, і падаваць кантэкст, неабходны для іх правільнага ўспрымання, пазбягаючы ўхвалення або падтрымання агрэсіі.

Прапаганда і развянчанне фэйкаў

Калі мы займаемся выкрыццём фэйкаў або прапагандысцкіх наратываў, мы маем абавязак падыходзіць да гэтага з асаблівай асцярожнасцю. Нашая мэта — інфармаваць, а не ўзмацняць або распаўсюджваць прапагандысцкія ідэі. Дзеля гэтага мы пазбягаем паўтарэння ілжывых сцвярджэнняў без іх крытычнага аналізу і кантэкстуалізацыі. Важна не проста развенчваць фэйкавыя навіны ці прапаганду, але і даваць факты і доказы, якія супярэчаць маніпулятыўным наратывам, захоўваючы пры гэтым аб'ектыўнасць і нейтралітэт. Мы не прасоўваем або падтрымліваем ідэалогіі, палітыкі ці наратывы, якія могуць быць выкарыстаныя ў мэтах дэзінфармацыі.

Адказнасць за выпраўленне памылак

У БРЦ мы імкнемся падтрымліваць сумленныя і канструктыўныя адносіны з нашай аўдыторыяй, што ўключае ў сябе гатовасць прызнаваць памылкі і выпраўляць іх аператыўна і празрыста.

Як мы рэагуем на запыты аб памылках

Мы просім нашую аўдыторыю ў выпадку выяўлення памылкі ў нашым матэрыяле паведаміць пра гэта, напісаўшы на нашую рэдакцыйную пошту, пазначыўшы наступныя дадзеныя:

  1. спасылку на матэрыял,
  2. дакладнае месца памылкі,
  3. сутнасць памылкі з максімальна падрабязнай інфармацыяй.

Мы правяраем запыт двума этапамі:

  1. Унутраная праверка рэдакцыі, каб вызначыць характар памылкі.
  2. Праверка незалежным фактчэкерам дзеля дадатковай аб'ектыўнасці і выкарыстання сучасных метадаў верыфікацыі.

Класіфікацыя памылак і іх выпраўленне

Вынікі праверкі могуць прывесці да аднаго з наступных рашэнняў:

Буйная памылка: памылкі, якія падрываюць асноўную сутнасць публікацыі або ўплываюць на яе праўдзівасць — напрыклад, фактычныя памылкі, памылкі ў лічбах, няправільнае тлумачэнне цытатаў або дрэнная праца з крыніцамі. У выпадку выяўлення такой памылкі:

  1. Мы размяшчаем выпраўленне ў наступным выпуску, у каментары да відэа ці ў публікацыі, дзе была выяўленая памылка, а таксама ў тых сацыяльных сетках, дзе распаўсюджваўся зыходны матэрыял. Акрамя таго, мы абавязуемся зрабіць асобную публікацыю на сайце з прызнаннем нашай памылкі. 
  2. Мы тлумачым прычыны ўзнікнення памылкі і ўдакладняем, што яна была выяўленая дзякуючы ўвазе нашай аўдыторыі.
  3. Мы таксама інфармуем заяўніка аб выніках разгляду ягонага запыту.

Нязначная памылка: памылкі, якія не ўплываюць на асноўны сэнс матэрыялу, такія як памылкі друку і агаворкі. У гэтым выпадку:

  1. Выпраўленне публікуецца ў наступным выпуску, у каментары да відэа ці ў матэрыяле, дзе была выяўленая памылка, каб забяспечыць празрыстасць.
  2. Мы інфармуем заяўніка аб выпраўленні і тлумачым, што гэта была нашая памылка.

Памылкі не выяўленыя: калі пасля праверкі ані рэдакцыя, ані незалежны фактчэкер не знаходзяць пацверджанняў меркаванай памылкі, мы інфармуем заяўніка аб выніках і тлумачым нашае рашэнне.

Мы пакідаем за сабой права адхіляць скаргі, калі яны:

  1. носяць абразлівы або пагрозлівы характар,
  2. не ўтрымліваюць дастаткова інфармацыі аб меркаванай памылцы,
  3. ці маюць прыкметы скаардынаванай спам-атакі.

Публікацыя выпраўленняў і празрыстасць

Усе выпраўленні публікуюцца адкрыта і празрыста. Мы інфармуем аўдыторыю праз платформы, на якіх быў размешчаны зыходны кантэнт. Калі неабходна, мы таксама даем дадатковае тлумачэнне аб прычынах памылкі, ці гэта была вытворчая праблема або ілжывая інфармацыя ад раней надзейнай крыніцы. Усе выяўленыя памылкі мы публікуем у журнале выпраўленняў на нашым сайце.

Выкарыстанне чужога кантэнту

У БРЦ мы строга выконваем аўтарскія правы і прынцыпы выкарыстання кантэнту, створанага іншымі. Усе матэрыялы, узятыя са знешніх крыніцаў, такія як тэксты, выявы, відэаматэрыялы і графіка, павінны быць выкарыстаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскіх правах і правіламі сумленнага выкарыстання.

Цытаванне і пазначэнне крыніцаў 

Мы заўсёды пазначаем крыніцу любога кантэнту, які не з'яўляецца вынікам нашай уласнай працы. Гэта тычыцца як тэкставых матэрыялаў, так і выяваў, відэа, аўдыё і графікі. Пры цытаванні або выкарыстанні дадзеных з іншых публікацыяў, мы падаем дакладную спасылку на першакрыніцу і выразна пазначаем, дзе сканчаюцца нашыя каментары і пачынаецца кантэнт, запазычаны з іншай крыніцы.

Аўтарскія правы і ліцэнзіі 

Перад выкарыстаннем любога матэрыялу, абароненага аўтарскімі правамі, мы правяраем умовы яго выкарыстання. Гэта можа ўключаць набыццё ліцэнзіі або ўзгадненне з праваўладальнікам. У выпадку выкарыстання кантэнту, даступнага пад ліцэнзіяй Creative Commons, мы прытрымліваемся ўмоваў гэтай ліцэнзіі, уключаючы пазначэнне аўтара, спасылку на ліцэнзію і інфармацыю пра змены, калі такія былі ўнесеныя.

Сумленнае выкарыстанне 

Мы можам выкарыстоўваць абаронены кантэнт на ўмовах сумленнага выкарыстання (fair use) толькі тады, калі гэта абгрунтавана, напрыклад, для адукацыйных, аналітычных мэтаў або ў навінавых матэрыялах. Аднак нават у гэтых выпадках аб'ём запазычанага матэрыялу павінен быць мінімальным і павінен адпавядаць мэце ягонага выкарыстання. Мы заўсёды намагаемся пазбягаць празмернага запазычання, якое можа парушыць правы ўладальніка кантэнту.

Перапрацоўка і адаптацыя 

Пры неабходнасці выкарыстання чужога кантэнту ў адаптаваным або змененым выглядзе (напрыклад, пры перакладзе або мадыфікацыі выяваў), мы пазначаем гэта і выконваем умовы ліцэнзіі. Мы заўсёды спраўджваем, ці дазваляе аўтар перапрацоўку свайго матэрыялу.

Кантэнт у грамадскім набытку 

Мы можам выкарыстоўваць матэрыялы, якія знаходзяцца ў грамадскім набытку, без неабходнасці атрымання дазволу або ліцэнзіяў. Аднак, нават у такіх выпадках, мы лічым за лепшае пазначаць крыніцы, каб захаваць празрыстасць і яснасць у нашай працы.

Праверка крыніцаў 

Мы заўсёды правяраем крыніцы кантэнту, каб пераканацца ў іх дакладнасці і правамернасці. Выкарыстанне нелегальна атрыманых дадзеных або матэрыялаў, якія парушаюць чые-небудзь правы, недапушчальна ў рамках нашай рэдакцыйнай палітыкі.

Прытрымліванне заканадаўства

БРЦ строга прытрымліваецца законаў і нарматыўных актаў краіны, у якой зарэгістраваны, пры стварэнні і публікацыі кантэнту. Мы ўсведамляем важнасць юрыдычнай адказнасці ў нашай дзейнасці і прымаем усе неабходныя захады дзеля таго, каб нашыя матэрыялы адпавядалі еўрапейскаму заканадаўству.

Узаемадзеянне з аўдыторыяй

Узаемадзеянне з аўдыторыяй з'яўляецца важнай часткай нашай працы ў БРЦ. Мы лічым, што адкрыты дыялог з нашымі чытачамі і гледачамі дапамагае не толькі палепшыць якасць нашых матэрыялаў, але і спрыяе празрыстасці і давернасці. Мы імкнемся ствараць кантэнт, які выклікае цікавасць, дапамагае аўдыторыі разумець складаныя пытанні і дае магчымасць быць часткай працэсу атрымання і распаўсюджвання інфармацыі.

Зваротная сувязь і ўцягнутасць

Мы вітаем любыя каментары, прапановы, і крытыку ад нашай аўдыторыі. Нам важна ведаць, што думаюць нашыя чытачы і гледачы аб матэрыялах, якія мы ствараем, і якім чынам мы можам палепшыць сваю працу.

Каб падтрымліваць канструктыўны дыялог:

  1. Мы ўважліва чытаем усе паведамленні і каментары, якія прыходзяць на нашую электронную пошту, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя каналы сувязі.
  2. Мы даем магчымасць аўдыторыі задаваць пытанні, дзяліцца думкамі і ўдзельнічаць у абмеркаваннях як на нашых платформах, так і падчас спецыяльных мерапрыемстваў, такіх як жывыя эфіры або запісы праграмаў, дзе прадугледжаны ўдзел гледачоў.

Даступнасць і адкрытасць

Мы імкнемся зрабіць інфармацыю даступнай і зразумелай для шырокай аўдыторыі. У гэтым кантэксце важна:

  1. Пісаць на зразумелай мове, пазбягаючы залішняй тэхнічнай тэрміналогіі або складаных выразаў, якія могуць ускладніць успрыманне.
  2. Выкарыстоўваць інфаграфіку, дыяграмы і іншыя візуальныя сродкі для таго, каб інфармацыя была пададзена наглядна і зразумела.
  3. Быць адкрытымі да абмеркавання нават самых складаных тэмаў, даючы аўдыторыі магчымасць не толькі даведацца новыя факты, але і лепш зразумець кантэкст падзеяў, якія адбываюцца.

Удзел аўдыторыі ў стварэнні кантэнту

Мы лічым, што аўдыторыя — гэта не толькі спажыўцы, але і актыўныя ўдзельнікі працэсу стварэння інфармацыі. Мы заахвочваем і падтрымліваем ініцыятывы аўдыторыі:

  1. Запрашаем дзяліцца сваімі гісторыямі і інфармацыяй, якая можа стаць асновай для новых расследаванняў.
  2. Далучаем аўдыторыю ў працэсы праверкі фактаў, каб ствараць матэрыялы на падставе калектыўнай экспертызы.
  3. Прызнаем унёсак аўдыторыі ў нашых публікацыях, калі іх інфармацыя ці каментары дапамаглі палепшыць якасць нашых матэрыялаў.

Адказнасць перад аўдыторыяй

Мы разумеем, што нашая аўдыторыя разлічвае на дакладную і аб'ектыўную інфармацыю. Таму:

  1. Мы аператыўна рэагуем на заўвагі аб магчымых памылках у нашых матэрыялах, як гэта апісана ў раздзеле «Адказнасць і выпраўленне памылак».
  2. Мы пазбягаем прадузятасці ў нашым кантэнце і стараемся падаваць як мага больш поўны і аб'ектыўны погляд на тэмы, якія абмяркоўваюцца.
  3. Мы надаем увагу абароне прыватнасці нашых чытачоў і крыніцаў, каб забяспечыць бяспеку і давер да нашых платформаў.

Этыкет і правілы зносінаў

Мы падтрымліваем культуру паважлівых зносінаў. Усе ўдзельнікі дыскусіяў на нашых платформах мусяць прытрымлівацца правілаў, якія выключаюць:

  1. Выкарыстанне мовы варожасці, абразаў або дыскрымінацыі.
  2. Распаўсюджванне ілжывай інфармацыі або спаму.
  3. Умяшанне ў канструктыўнае абмеркаванне, скіраванае на падрыў даверу да матэрыялаў.

Мы пакідаем за сабой права выдаляць каментары, якія парушаюць гэтыя правілы, каб падтрымліваць здаровую атмасферу зносінаў.

Выкарыстанне ШІ і іншых тэхналогіяў

У БРЦ мы выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі, уключаючы штучны інтэлект (ШІ), для павышэння якасці нашых журналісцкіх матэрыялаў і эфектыўнасці працы рэдакцыі. Аднак мы ўсведамляем важнасць этычных і прававых пытанняў, звязаных з выкарыстаннем ШІ і тэхналогіяў, і кіруемся строгімі прынцыпамі іх выкарыстання. Таксама мы не замяняем тэхналогіяй чалавека, а выкарыстоўваем яе як інструмент для дапамогі і ўзмацнення журналісцкай працы.

Празрыстасць і адказнасць

Выкарыстоўваючы ШІ для аналізу дадзеных, стварэння кантэнту або праверкі фактаў, мы цалкам забяспечваем празрыстасць гэтых працэсаў. Любое выкарыстанне ШІ павінна быць ясна пазначанае, каб аўдыторыя разумела, як былі атрыманыя тыя ці іншыя вынікі або высновы. Мы пазначаем матэрыялы, якія былі згенераваныя або апрацаваныя з дапамогай тэхналогіяў, і заўсёды нясем адказнасць за вынікі іх ужывання.

Чалавечы кантроль

Хоць ШІ можа значна паскорыць працэсы, звязаныя з аналізам інфармацыі, выніковыя рашэнні заўсёды прымаюцца чалавекам. Штучны інтэлект з'яўляецца інструментам, але не замяняе рэдакцыйную экспертызу. Кожны матэрыял правяраецца журналістам, рэдактарам і фактчэкерам, каб гарантаваць, што дадзеныя, атрыманыя з выкарыстаннем ШІ, карэктныя і адпавядаюць нашым рэдакцыйным стандартам.

Этыка і папярэджанне староннасці

Пры выкарыстанні ШІ мы ўлічваем магчымыя рызыкі, звязаныя з алгарытмічнай староннасцю. Мы імкнемся мінімізаваць уплыў перадузятых алгарытмаў, старанна адбіраючы інструменты і метады аналізу. БРЦ абавязваецца пазбягаць выкарыстання тэхналогіяў, якія могуць нашкодзіць справядлівасці, празрыстасці або аб'ектыўнасці матэрыялаў.

Канфідэнцыяльнасць і абарона дадзеных 

Мы абараняем усе дадзеныя, якія праходзяць праз сістэмы ШІ, і гарантуем, што яны выкарыстоўваюцца выключна ў межах этычных і прававых нормаў. Мы асабліва асцярожныя пры працы з персанальнымі дадзенымі і канфідэнцыяльнай інфармацыяй.

Аўтаматызацыя і генерацыя кантэнту

Мы можам выкарыстоўваць ШІ для аўтаматызацыі некаторых руцінных працэсаў або дапамогі ў стварэнні кантэнту (напрыклад, аўтаматычныя пераклады, структураванне дадзеных, падрыхтоўка інфаграфікі). Але любы кантэнт, створаны пры дапамозе ШІ, заўсёды праходзіць праверку на адпаведнасць рэдакцыйным стандартам, і яго стварэнне кантралюецца супрацоўнікамі рэдакцыі. Таксама ён заўсёды маркіруецца адпаведным чынам.

Этычныя абмежаванні

Мы ніколі не выкарыстоўваем ШІ або іншыя тэхналогіі для маніпуляцыі аўдыторыяй, распаўсюджвання дэзінфармацыі або ўвядзення ў зман. Мы выступаем супраць выкарыстання тэхналогіяў у мэтах прапаганды, агітацыі або прасоўвання ілжывых наратываў. БРЦ імкнецца выкарыстоўваць ШІ і іншыя тэхналогіі ў якасці інструментаў для ўзмацнення журналісцкай працы, захоўваючы пры гэтым высокія стандарты дакладнасці, празрыстасці і этычнасці.

Роўнасць і супрацьдзеянне харасмэнту

У БРЦ мы імкнемся ствараць інклюзіўнае, паважлівае і бяспечнае працоўнае асяроддзе, дзе кожны супрацоўнік мае роўныя правы і магчымасці. Мы не церпім дыскрымінацыі, харасмэнту або любых іншых паводзінаў, якія парушаюць правы і годнасць калегаў. Нашая палітыка скіраваная на абарону ўсіх супрацоўнікаў, незалежна ад іх полу, узросту, расы, нацыянальнасці, рэлігійных ці палітычных перакананняў, сексуальнай арыентацыі ці іншых характарыстыкаў.

Этыка паводзінаў па-за рэдакцыяй

Чальцы каманды БРЦ не толькі прадстаўляюць сябе, але і рэпутацыю ўсяго медыя, нават за межамі рэдакцыі. Мы лічым важным падтрымліваць нашыя прафесійныя стандарты і этычныя прынцыпы не толькі ў працоўным кантэксце, але і ў паўсядзённым жыцці, уключаючы паводзіны ў сетцы і ўдзел у грамадскім жыцці.

Прынцыпы паводзінаў офлайн

Мы чакаем ад нашых супрацоўнікаў паводзінаў, якія адпавядаюць грамадскім нормам і ўлічваюць правы іншых людзей. Важна пазбягаць дзеянняў, якія могуць нанесці шкоду рэпутацыі БРЦ, уключаючы ўдзел у незаконнай дзейнасці, або выклікаць канфлікт інтарэсаў.

Прынцыпы паводзінаў онлайн

Празрыстасць і прафесіяналізм: Узаемадзеянне з аўдыторыяй і калегамі ў сацыяльных сетках і пры выкарыстанні іншых каналаў сувязі павінна адпавядаць высокім стандартам прафесіяналізму. Мы пазбягаем выкарыстання мовы варожасці, дыскрымінацыйных выказванняў ці іншай рыторыкі, якая можа паўплываць на рэпутацыю БРЦ.

Абмежаванне асабістых меркаванняў: Чальцы каманды БРЦ устрымліваюцца ад публічнага выказвання сваіх асабістых палітычных перакананняў у сацсетках, калі гэта можа стварыць уражанне аб падтрыманні тых ці іншых ідэалогіяў ад імя БРЦ. Мы імкнемся падтрымліваць аб'ектыўнасць і нейтралітэт, пазбягаючы актывізму, які можа паставіць пад пагрозу нашую рэдакцыйную незалежнасць.

Канфідэнцыяльнасць: Мы абавязаныя абараняць канфідэнцыяльную інфармацыю, якая тычыцца нашай рэдакцыйнай дзейнасці, крыніцаў і калегаў. Публікацыя службовых дэталяў або далікатных дадзеных у інтэрнэце без адпаведнага дазволу катэгарычна забароненая.

Адказнасць за дзеянні па-за рэдакцыяй

Усе чальцы каманды нясуць адказнасць за свае дзеянні, як у сетцы, так і ў паўсядзённым жыцці. Любыя парушэнні, якія могуць нанесці шкоду рэпутацыі БРЦ або супярэчаць нашым каштоўнасцям, будуць разглядацца на ўзроўні этычнага камітэту і ў залежнасці ад сур'ёзнасці парушэння могуць прывесці да дысцыплінарных захадаў, аж да спынення супрацы.

Нашая мэта — не толькі быць прафесіяналамі ў рэдакцыі, але і паказваць высокі ўзровень этыкі ў любой сферы жыцця. Мы верым, што адказныя паводзіны па-за працоўным асяроддзем спрыяюць умацаванню даверу да БРЦ і падтрымліваюць нашую рэпутацыю як незалежнай і надзейнай крыніцы інфармацыі.

Рэдакцыйная палітыка прынятая радай БРЦ

18 снежня 2024 года.