Кантэкст: У канцы красавіка ў ЗША затрымалі спецназаўца, які зрабіў буйную стаўку на адхіленне ад улады прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура і зарабіў на гэтым $400 тыс. Амерыканскі Мінюст лічыць, што ён мог ведаць пра падрыхтоўку аперацыі загадзя, а выкарыстанне інсайдарскай інфармацыі пры заключэнні здзелак забаронена законам. Адначасова ўвагу прыцягнулі і здзелкі на нафтавым рынку: паводле звестак Financial Times, 23 сакавіка некалькі трэйдараў паставілі паўмільярда долараў на падзенне цэн на нафту ўсяго за 15 хвілін да публікацыі допісу Доналда Трампа пра перамір’е з Іранам, якое гэта падзенне і выклікала. Падобная гісторыя, паводле інфармацыі выдання, паўтарылася і 7 красавіка, толькі памер стаўкі тады наблізіўся да мільярда долараў.
На фоне рэзкіх ваганняў нафтавых цэн у беларускіх медыях пачалі з’яўляцца такія паведамленні:
«Еўразвяз разглядае магчымасць увесці карткі на прадукты і тавары першай неабходнасці праз блакаду Хурмузскай пратокі. Улады таксама збіраюцца прыдумаць, як не дапусціць нястрымнага росту кошту жыцця і апусташэння паліц», — паведамілі 22 красавіка 2026 года ў навінах на тэлеканале СТБ.
Днём раней пра тое ж расказалі і на Першым інфармацыйным канале (News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі). У пацвярджэнне там прывялі цытату кіраўніцы Еўрапейскага цэнтрабанку Крыстын Лягард:
«Трэць усіх угнаенняў перавозіцца праз Хурмузскую пратоку. Калі цэны на прадукты харчавання значна вырастуць, гэта будзе рост інфляцыйных чаканняў, паколькі мы ведаем, што людзі надаюць асаблівую ўвагу двум рэчам: цэнам на прадукты харчавання і цэнам на бензін на запраўках».
Аднак у рэальным выступленні Лягард не было словаў пра карткі на прадукты. Яна сапраўды ўжывала слова «нармаванне», але не ў дачыненні да харчавання. Гаворка ішла пра дэфіцытныя рэсурсы і тавары, пастаўкі якіх залежаць ад Хурмузскай пратокі: паліва, гелій для паўправаднікоў, метанол і ўгнаенні. У сваёй прамове яна прыводзіла канкрэтныя прыклады. У прыватнасці, гаварыла, што каля траціны сусветнай вытворчасці гелію прыпадае на краіны Персідскага заліва і яго страта сур’ёзна ўдарыць па вытворчасці паўправаднікоў і высокатэхналагічнай прамысловасці. Асобна Лягард згадала і метанол, перабоі з пастаўкамі якога пагражаюць праблемамі для хімічнай і пластыкавай галін.
То-бок кіраўніца ЕЦБ не прапаноўвала ўводзіць карткі і не сцвярджала, што ў Еўразвязе пачнуць нармаваць прадукты харчавання. Яе думка была іншай: пакуль парушэнні ў ланцужках паставак застаюцца абмежаванымі, эканоміка прыстасоўваецца да іх праз рост цэн. Але чым даўжэй цягнуцца перабоі, тым вышэйшая рызыка, што дэфіцытныя рэсурсы і сыравіну давядзецца выкарыстоўваць у абмежаваным рэжыме. Больш за тое, яна прывяла прыклад ужо дзейнага нармавання — але зноў жа не прадуктаў.
«У цэлым пакуль што назіраюцца толькі нязначныя прыкметы збояў у ланцужках паставак як у глабальным маштабе, так і ў еўразоне, аднак лакальныя праблемы ўсё ж прыкметныя. З пачатку канфлікту цэны на авіяцыйнае паліва выраслі прыкладна ўдвая, а з пачатку красавіка ў некаторых аэрапортах уведзены рэжым нармавання», — сказала Лягард.
Менавіта пра гэта ж пісалі і еўрапейскія медыі і кампаніі. Euronews 10 красавіка паведаміў, што запасаў авіяцыйнага паліва ў шэрагу краін Еўропы хапае толькі на 8–10 дзён і затым можа спатрэбіцца нармаванне. Lufthansa, у сваю чаргу, ужо планавала адмяніць 20 тысяч рэйсаў за пяць месяцаў, каб ашчадзіць 40 тысяч тон авіяцыйнага паліва.
Такім чынам, Крысцін Лягард гаварыла не пра дэфіцыт ежы і не пра харчовыя карткі для жыхароў Еўразвязу. Яна папярэджвала пра рызыкі для энергарэсурсаў, прамысловай сыравіны і ўгнаенняў, якія ідуць праз Хурмузскую пратоку.