Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю

Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 24.04.2026
Вядоўца тэлеканалу «Брэст» заявіла, што Петэр Мадзяр зрабіў заяву, ад якой кіраўніцтва Еўразвязу нібыта павінна было прыйсці ў жах. Яна выдала за свежую навіну старое інтэрв’ю 2024 года, у эфіры яго пераказалі так, нібыта новы вугорскі прэм’ер-міністр хваліў Віктара Орбана, хоць насамрэч яго словы былі крытычнымі.

Кантэкст: 22 красавіка 2026 года Украіна аднавіла прапампоўку расейскай нафты ў Вугоршчыну і Славакію па трубаправодзе «Дружба», які праходзіць праз яе тэрыторыю. Перапампоўка спынілася яшчэ ў студзені: Кіеў тлумачыў гэта пашкоджаннем трубаправоду ў выніку расейскіх удараў і рамонтам, які зацягнуўся. У адказ Вугоршчына і Славакія заблакавалі прадстаўленне Украіне крэдыту ў €90 млрд з еўрапейскага бюджэту. Хоць вострага дэфіцыту нафты гэта не выклікала, у Славакіі нават абвясцілі надзвычайную сітуацыю ў нафтавым сектары. Пасля аднаўлення паставак абедзве краіны знялі сваё вета.

24 красавіка 2026 года вядоўца тэлерадыёкампаніі «Брэст» Ала Грыгарчук у перадачы «Прамая размова» заявіла, што ў Еўразвязу з’явіліся прычыны расчаравацца ў Петэры Мадзяры, які выйграў парламенцкія выбары ў Вугоршчыне і павінен заняць пасаду прэм’ер-міністра 9 траўня.

«Ну а Еўрапейскі звяз зноў ліхаманіць. Тое, што ўчора здавалася перамогай, сёння пагражае правалам. <...> Здавалася б, што магло пайсці не так? Аказалася, усё. Петэр Мадзяр патрабуе вярнуць пастаўкі расейскай нафты, асадзіў Зяленскага, высунуў ультыматум вугорскаму прэзідэнту. Ну а днямі ўвогуле зрабіў заяву, ад якой Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела», — сказала вядоўца.

Пасля гэтага ў праграме паказалі сюжэт з замазаным лагатыпам тэлеканалу, дзе закадравы голас паведаміў: «[Петэр Мадзяр] прапанаваў Віктару Орбану, які пакідае пасаду кіраўніка ўрада, разгледзець магчымасць вылучэння на пасаду старшыні Еўракамісіі замест Урзулі фон дэр Ляен: “У яго ёсць бачанне і жорсткая палітыка ў дачыненні да міграцыі, ён папулярны сярод простых людзей. Пакуль заходнія палітыкі хлусілі людзям, менавіта Орбан казаў ім праўду пра міграцыю”, — заявіў Мадзяр у інтэрв’ю парталу Telex».

Петэр Мадзяр сапраўды даў інтэрв’ю вугорскаму парталу Telex. Аднак у беларускім эфіры яго прадставілі скажона адразу ў двух аспектах. Па-першае, гэта была не новая заява. Цытата, якую выдалі за актуальную рэакцыю на апошнія падзеі, прагучала яшчэ ў траўні 2024 года. Апошнім часам Мадзяр падобных словаў не паўтараў. Па-другое, сам сэнс выказвання ў сюжэце прыкметна змянілі. Вось як гэтая фраза гучала ў інтэрв’ю:

«Цяпер я скажу нешта рэзкае: што было б, калі б Віктар Орбан стаў старшынём Еўрапейскай камісіі або Еўрапейскага савету? У яго ёсць бачанне, а гэта, на мой погляд, вельмі важна для палітыка — каб у яго было бачанне. Не факт, што мы з ім згодныя. І ў Вугоршчыне, верагодна, большасць ужо з ім не згодная, таму што адчувае на ўласнай скуры “дабратворны” эфект гэтага. Але мушу сказаць, што ў Еўропе — не сярод палітыкаў, а сярод людзей — Віктар Орбан папулярны. І ён папулярны таму, што кажа рэчы проста або казаў іх проста. Вядома, з зразумелых палітычных меркаванняў, але звычайны чалавек гэтага не заўважае. Ён з самага пачатку адкрыта гаварыў пра міграцыю, тады як уласныя палітыкі людзей у Заходняй Еўропе ім хлусілі».

У такім выглядзе гэтае выказванне выглядае не як адабрэнне Орбана, а як больш складаная і ў значнай ступені крытычная ацэнка. Мадзяр проста кажа, што большасць вугорцаў, на яго думку, ужо не падтрымлівае тое палітычнае бачанне, якое прапануе прэм’ер. Ён толькі дапускае, што падобны стыль можа падабацца частцы еўрапейскай публікі за межамі Вугоршчыны.

Далей у тым жа інтэрв’ю іранічны сэнс становіцца яшчэ больш відавочным. Мадзяр дадае: 

«Прычына ўсёй гэтай турбулентнасці ў тым, што прэм’ер-міністр апошнія два гады забыўся кіраваць краінай тут, ва ўнутранай палітыцы, таму што яму ўжо хацелася гуляць на больш буйной пляцоўцы. Ён хацеў — або хоча — гуляць у адной лізе з прэзідэнтам Турцыі, прэзідэнтам Расеі, прэзідэнтам ЗША, прэзідэнтам Кітая. Ну што ж, тады самы час, спадар прэм’ер-міністр: трэба рабіць крок, можна сыходзіць, можна займаць пасаду».

Менавіта гэтая рэпліка паказвае, што прапанова адправіць Орбана ў Брусель была не кампліментам, а палітычнай насмешкай. Мадзяр фактычна папракаў прэм’ера тым, што той больш цікавіцца сусветнай палітыкай, чым кіраваннем уласнай краінай.

Такім чынам, у сюжэце тэлеканалу «Брэст» старое інтэрв’ю 2024 года прадставілі як свежую сенсацыю, а іранічную крытыку Віктара Орбана — як ледзь не захопленую рэкамендацыю на высокую еўрапейскую пасаду.