Расследаванні Сёння

From Belarus with war. За два гады вялікай вайны беларускія кампаніі падвоілі пастаўкі расейскім вытворцам зброі

БРЦ прааналізаваў звесткі аб пастаўках ад 58 беларускіх прадпрыемстваў 41 заводу ВПК РФ.

Паехаць у падарожжа з мужам Яўгенам і сынам Данілам — такое жаданне загадала Наталля з украінскага Нікапаля ў свой дзень народзінаў. 16 лістапада 2025 года сям'я адсвяткавала яе 36-годдзе. На наступную раніцу муж прачнуўся першым, паснедаў учорашнім тортам, пацалаваў жонку і пайшоў даваць урокі ваджэння ў цэнтры гораду. Праз некалькі гадзінаў пачаўся абстрэл.

Крыніца: БРЦ

Ад выбуху здрыгануўся дом. Наталля зразумела: удар прыйшоўся дзесьці побач — і адразу пачала тэлефанаваць Яўгену. Безвынікова. Папрасіла сына таксама набіраць ягоны нумар. Нарэшце слухаўку ўзяла супрацоўніца хуткай і сказала: «Прыязджайце». У больніцы Наталлі аддалі рэчы мужа — нават заручальны пярсцёнак. Яна спытала, ці цэлыя рукі і ногі. У адказ пачула: «Так».

Пра смерць мужа Наталля даведалася ўжо ад лекара.

«Так нашае жыццё падзялілася на да і пасля», — кажа яна, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы.

Крыніца: БРЦ

Расейскія войскі абстралялі прыфрантавы Нікапаль у Днепрапятроўскай вобласці артылерыяй з боку акупаванага Энэргадару. [*] Апроч Яўгена загінула яшчэ адна жанчына. У выпісцы з рэестру дасудовых расследаванняў не пазначаны канкрэтны тып зброі. Але што б ні выкарыстоўвалі ў той дзень — гарматы, гаўбіцы, мінамёты або рэактыўныя сістэмы залпавага агню — за кожным такім ударам стаіць не толькі ваенны разлік, але і доўгі вытворчы ланцужок.

Шасі, оптыка, электроніка і камплектуючыя для расейскай вайсковай тэхнікі і зброі паступаюць у тым ліку з Беларусі. Ад крыніцы ў лагістычнай сферы БРЦ атрымаў звесткі аб пастаўках ад 58 беларускіх прадпрыемстваў 41 расейскаму вытворцу ўзбраення. З лютага 2022 года да жніўня 2025-га аб'ём гэтых адгрузак склаў прынамсі $1,2 млрд. Да 2024 года ён павялічыўся ўдвая ў параўнанні з 2022-м. Акрамя ўжо вядомых вайсковых падрадчыкаў, БРЦ выявіў 29 кампаніяў, якія дагэтуль не знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі, хоць такія пастаўкі наўпрост дапамагаюць Расеі працягваць атакі на Украіну.

Крыніца: БРЦ

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з украінскім выданнем «Слідство.Інфо», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» і ініцыятывы «Рабочы Рух».

Шасі для «Cмерча» і «Искандера»

У навінах пра вайну ў асноўным кажуць пра дроны як пра галоўны тып зброі, але па прыфрантавых гарадах Расея амаль штодня б'е і са звычайнага ўзбраення. Напрыклад, рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню (РСЗА). Часам з іх здзяйснялі больш за 200 абстрэлаў у дзень. З улікам адлегласці РСЗА маглі выкарыстоўваць і для абстрэлу Нікапаля, калі загінуў муж Наталлі, кажа Андрэй Харук, украінскі вайсковы гісторык, прафесар Нацыянальнай акадэміі сухапутных войскаў імя гетмана Пятра Сагайдачнага.

На многіх такіх устаноўках выкарыстоўваюць шасі беларускай вытворчасці. Сістэма «Ураган-1М» стаіць на шасі МЗКЦ-7930.
Базай для «Смерч» служыць сямейства МЗКЦ-543.
Комплекс Торнадо-С, сучасны аналаг «Смерча», складаецца з некалькіх машынаў. Баявая 9А54 таксама выкарыстоўвае МЗКЦ-543М.
Усе гэтыя шасі выпускае ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» – скарочана МЗКЦ.
Як мінімум да снежня 2024-га завод уваходзіў у пералік прадпрыемстваў Дзяржкамваенпраму Беларусі, то бок ягоную дзейнасць у абаронна-прамысловай сферы каардынавала гэтае ведамства. Паводле звестак БРЦ, менавіта кампаніі з гэтага спісу забяспечылі большую частку паставак: 11 прадпрыемстваў з лютага 2022-га да жніўня 2025-га паставілі расейскім вытворцам зброі тавараў і камплектуючых на $1,17 млрд.
МЗКЦ увайшоў у тройку лідараў.
МЗКЦ паставіў 93 шасі коштам больш за $30 млн АО «Мотовилихинские заводы». Гэтае расейскае прадпрыемства вырабляе «Грады», «Смерчи», «Торнадо» і гаўбіцы «Мста-Б».
Яшчэ каля $186 млн МЗКЦ зарабіў на пастаўках іншым расейскім вытворцам зброі. Маторы і іншыя камплектуючыя амаль на $52 млн закупіла АО «ФНПЦ “Титан-Баррикады”» – вытворца самаходнай пускавой устаноўкі «Искандер-М» і аўтаномнай пускавой ўстаноўкі ракетнага комплексу «Тополь-М».
Тавараў на $44 млн купіла АО «НЗ 70-летия Победы», якое выпускае кампаненты зенітных ракетных сістэмаў С-400, С-500 і «Витязь».

Аб кантрактах МЗКЦ з гэтымі расейскімі прадпрыемствамі раней распавёў BelPol. БРЦ атрымалася пацвердзіць пастаўкі і вызначыць іх дакладныя аб'ёмы.

Чаму беларускія шасі важныя для расейскіх ЗРК, тлумачыць Андрэй Харук і звяртае ўвагу на іх якасць:

«Цалкам пакрыць патрэбу яны (расейскія вытворцы — рэд.) не могуць, таму што расейскія зенітныя ракетныя сістэмы цяпер нясуць значныя страты ад украінскіх удараў. <...> Я павінен зняць капялюш перад беларускімі інжынерамі-канструктарамі, таму што, калі мы паглядзім на кітайскія або паўночнакарэйскія шасі для ракетных сістэмаў, яны базуюцца на беларускіх, на менскіх канструктыўных рашэннях. То бок, гэта досыць якасная, нядрэнная тэхніка».

Апошнія адкрытыя дадзеныя аб уладальніку МЗКЦ адносяцца да 2022 года: тады ён належаў дзяржаве. Аляксандр Лукашэнка ў студзені 2020 года назваў МЗКЦ адным з любімых заводаў. Ужо ў жніўні таго ж года рабочыя скандавалі яму «Сыходзь!», а ў снежні беларускае прадпрыемства трапіла пад санкцыі Еўразвязу як адказнае за парушэнні правоў чалавека. У траўні 2025 года МЗКЦ другі раз апынуўся ў санкцыйным пакеце ЕЗ, але ўжо за падтрымку абароназдольнасці Расеі. Апроч таго, прадпрыемства знаходзіцца пад абмежаваннямі Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, Швейцарыі, Японіі, Украіны і Новай Зеландыі.

Оптыка і ракетныя ўстаноўкі

Найбуйнейшым адпраўніком са структуры Дзяржкамваенпраму ў нашай выбарцы выявілася ААТ «Пеленг». Кампанія вырабляе оптыка-электронную прадукцыю вайсковага і грамадзянскага прызначэння і знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Аб'ём яе паставак склаў $875 млн.
«Пеленг» адправіў тавары, у тым ліку камплекты «Сосна-У», прыкладна на $362 млн на адрас АО «Вологодский оптико-механический завод», якое вырабляе прыцэлы для танкаў, бранятэхнікі і баявых машынаў.
Апаратуру прыцэлу наводчыка на $270 млн у беларускага прадпрыемства набыло АО «Научно-производственная корпорация “Уралвагонзавод” имени Ф. Э. Дзержинского» — вытворца танкаў, баявых і браніраваных машынаў.
Акрамя таго, «Пеленг» пастаўляў іншым расейскім арганізацыям абароннага сектару блокі оптыка-электронныя, датчыкі, а таксама модулі і сістэмы выяўлення і прыцэльвання.

Як паведаміў БРЦ прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў, прадукцыю «Пеленга» знайшлі ў экзэмплярах захопленага расейскага ўзбраення і тэхнікі: Сістэмы кіравання агнём «Калина» – у танках Т-90М, цеплавізійныя прыцэлы «Сосна-У» – у танках Т-72БА, Т-90С/М, прыцэлы наводчыка камбінаваныя – у БТР-82А.

Беларуская дзяржава валодае 49% акцыяў «Пеленгу».
У тройку пастаўшчыкоў са структуры Дзяржкамваенпраму ўвайшло таксама НВТАА «АКБ ТСП». Кампанія займаецца распрацоўваннем і серыйнай вытворчасцю новых сістэмаў узбраення, стварэннем апаратна-праграмных сродкаў для сістэмаў кіравання войскамі і зброяй, а таксама мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі.
АКБ ТСП паставіла транспартна-пускавыя і зараджальныя агрэгаты, а таксама абсталяванне для іх на $62 млн АО «ВПК “НПО Машиностроения”» – вытворцу крылатых ракет «Циркон» і «Оникс». Гэта марскія ракеты, якія Расея выкарыстоўвае па наземных цэлях ва Украіне.

З ліпеня 2025 года АКБ ТСП знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу.

Ягоным адзіным уладальнікам з'яўляецца беларускае ЗАТ «Інвестыцыйнае фінансаванне». [*] [*] Пра актуальных удзельнікаў апошняга даведацца не атрымалася, бо ў Беларусі не падаюць інфармацыю аб акцыянерных таварыствах. TUT.BY звязваў АКБ ТСП з Сяргеем Бацяноўскім, зяцем былога прэм'ер-міністра Сяргея Лінга.

БРЦ высветліў, што Бацяноўскі сапраўды працаваў у «Інвестыцыйным фінансаванні» як мінімум да траўня 2024-га і ў АКБ ТСП — да канца 2023-га. Ён таксама быў саўладальнікам апошняй з 2003-га па 2017-ы. [*] Апроч таго, ён як мінімум да 2006-га займаў пасаду кіраўніка беларускага прадстаўніцтва расейскага ООО  «Оборонительные системы», якое распрацоўвае, вырабляе і мадэрнізуе сістэмы СПА.

Дырэктар АКБ ТСП Сяргей Вінаградаў раней працаваў на заводзе ААТ «Волатаута». [*] Прадпрыемства ўваходзіць у структуру Дзяржкамваенпраму і займаецца вытворчасцю, рамонтам і мадэрнізацыяй зброі і вайсковай тэхнікі.

«Цяпер Расея не можа вырабляць аналагі оптаэлектронных сістэмаў, што змушае яе працягваць закупкі ў Беларусі. Пастаўкі такой прадукцыі з іншых краінаў вельмі ўскладненыя, улічваючы яе вайсковае прызначэнне. У большасці іншых катэгорыяў іх можна замяніць. Але працяг закупак, напрыклад, колавых шасі, паказвае на тое, што расейская прамысловасць не можа забяспечыць неабходныя аб'ёмы вытворчасці», — кажа Андрэй Харук, вайсковы гісторык, прафесар Нацыянальнай акадэміі сухапутных войскаў імя гетмана Пятра Сагайдачнага.

ГУР у адказе на запыт БРЦ ацаніла залежнасць Расеі ад беларускіх оптыка-электронных сістэмаў, прыцэлаў і блокаў навядзення амаль у 85%, колавых шасі для ракетных комплексаў і цяжкай тэхнікі — да 90%, транспартна-пускавых і транспартна-зараджальных агрэгатаў — да 80%, электронных кампанентаў і мікрасхемаў — да 20%, прыбораў, падшыпнікаў, дысплэяў і іншай камплектуючай прадукцыі падвойнага або вайсковага прызначэння — да 60%.

«Асобныя беларускія кампаненты можна замяніць кітайскімі аналагамі. Аднак гэта запатрабуе дадатковых выдаткаў і часу на выпрабаванні і адаптацыю, унясенне змяненняў у канструктарскую дакументацыю, а таксама навучанне расейскіх вайсковых правілам эксплуатацыі і абслугоўвання новай тэхнікі», — гаворыцца ў адказе ГУР.

Пад крылом дзяржавы

Другое месца па аб'ёме паставак у выбарцы заняла група кампаніяў з дзяржаўным кантролем.
У ёй самыя вялікія адгрузкі прыйшліся на ўнітарнае прадпрыемства «ІЛТ Гарызонт», Аптычны завод «Сфера» і ААТ «Інтэграл» – кіруючая кампанія холдынгу «Інтэграл».
ІЛТ «Гарызонт», які знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, распрацоўвае і вырабляе спецыяльныя і тавары падвойнага прызначэння, напрыклад, прылады відэаназірання для бранятэхнікі. Кампанія таксама супрацоўнічае з Міністэрствам абароны Беларусі пры стварэнні і мадэрнізацыі палігоннага абсталявання.
Прадпрыемства паставіла тавараў, у тым ліку 45 сістэмаў адлюстравання інфармацыі, прыкладна на $14 млн на адрас ПАО ОАК. Яно вырабляе самалёт Су-34 – адзін з асноўных носьбітаў авіябомбаў для ўдараў па Украіне. Толькі ў 2024 годзе ад такіх бомбаў загінулі 360 чалавек, 1861 мірны жыхар быў паранены, вынікае з паведамлення місіі ААН па правах чалавека ва Украіне.
Аптычны завод «Сфера» – гэта філіял холдынгу «БелОМО», які вырабляе аптычныя элементы і пакрыцці. Паводле звестак, якія мае БРЦ, завод паставіў у Расею люстэркі, ахоўныя і назіральныя шкла, лінзы, прызмы і пласціны амаль на $7 млн. Сярод атрымальнікаў – АО «ВОМЗ», АО «КБП» і АО «МЗП».
ВОМЗ вырабляе прыцэльную оптыку. КБП – супрацьтанкавы ракетны комплекс «Корнет». Мічурынскі завод выпускае датчыкі для ракет Х-101. Адзін з апошніх на момант публікацыі ўдараў такімі ракетамі Расея нанесла з Самарскай вобласці ў пачатку красавіка 2026 года. Расейская армія выпусціла 25 Х-101, 24 з якіх збілі.
Мікрасхемы, дыёды і транзістары для расейскіх ваенных вытворцаў пастаўляла ААТ «Інтэграл». Паводле дадзеных БРЦ, прадпрыемства адправіла прадукцыі на $13 млн на адрас АО «НПО Электромашина», АО «Ульяновский механический завод», ПАО «НПО Алмаз» і сямі іншых расейскіх прадпрыемстваў ВПК.

«НПО Электромашина» выпускае дыстанцыйна кіраваныя баявыя модулі, у тым ліку для бранятэхнікі «Армата» і Т-90. Ульянаўскі механічны завод вырабляе зенітны ракетны комплекс «Бук-М3». ПАО «НПО Алмаз» выпускае зенітныя ракетныя комплексы сямействаў С-75, С-125, С-200, С-300П, С-350, С-400 і С-500, а таксама сістэмы супрацьракетнай супрацьпаветранай абароны.

У студзені 2025 года БРЦ апублікаваў расследаванне аб тым, як мікрасхемы «Інтэграла» выкарыстоўваюцца ў расейскай зброі.

Журналісты знайшлі маркіроўку з лагатыпам прадпрыемства на платах у расейскіх ракетах. У лютым 2025 года кампанія трапіла пад санкцыі Еўразвязу.

Са словаў Андрэя Харука, з улікам таго, што практычна ўсе атрымальнікі беларускай прадукцыі з выбаркі БРЦ — гэта прадпрыемствы расейскага ВПК, сумневаў у яе вайсковым прызначэнні практычна няма.

«Калі нават выказаць здагадку, што нейкая часціца гэтых вырабаў можа трапіць пад катэгорыю прадукцыі падвойнага прызначэння, то гэта мізэрная часціца. Уся астатняя прадукцыя з дадзенай наменклатуры дакладна паказвае, што гэта прадукцыя ваеннага прызначэння, якую няма сэнсу ўжываць у грамадзянскіх вырабах».

Прыватная ініцыятыва

Сярод беларускіх пастаўшчыкоў расейскіх вытворцаў зброі ёсць і менш вядомыя прыватныя кампаніі.
Напрыклад, прадпрыемства былога начальніка аднаго з аддзелаў вытворцы сродкаў СПА УП «Тэтраэдр», а таксама сямейная кампанія, уладальніцы якой афішуюць зусім іншую дзейнасць – пякуць тарты і займаюцца відэаграфіяй. Больш падрабязна пра іх БРЦ распавёў у асобным расследаванні.
Некаторыя кампаніі дагэтуль застаюцца не пад санкцыямі. Адна з іх – беларуская «дачка» брытанскай кампаніі, якая, як высветліў БРЦ, звязаная з беларускім мільянерам Віталём Арбузавым. Гаворка пра ўнітарнае прадпрыемства «Брэйк Хайдролікс», якое сярод іншага паставіла дэталі вытворцу БТР-аў. Пра яго чытайце тут.
Шукаць замену беларускім пастаўкам Маскве нявыгадна, тлумачыць Андрэй Харук:
«Пакуль Расея можа атрымліваць прадукцыю вайсковага прызначэння з Беларусі без усялякіх перашкодаў, навошта ёй шукаць альтэрнатыву? Нават з тым жа Кітаем – гэта праблема лагістыкі. З любымі іншымі краінамі – гэта праблема санкцыяў».
«Будучы суагрэсарам у вайне ва Украіне, Беларусь сама знаходзіцца пад санкцыямі і ізаляваная ад міжнароднага ланцужка паставак, таму ў яе мала партнёраў, акрамя Расеі, якім яна можа экспартаваць сваю прадукцыю», – кажа старэйшая асацыяваная навуковая супрацоўніца Каралеўскага інстытуту аб'яднаных службаў (RUSI) Эмілі Фэрыс.
Нягледзячы на заходнія абмежаванні за саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, 29 з 58 вывучаных намі беларускіх пастаўшчыкоў тавараў і камплектуючых расейскім вытворцам узбраенняў застаюцца не пад заходнімі санкцыямі.

Са словаў навуковага супрацоўніка па пытаннях санкцыяў Кіеўскай школы эканомікі Паўло Шкурэнкі, адсутнасць такіх кампаніяў у абмежавальных спісах можа тлумачыцца некалькімі фактарамі: павольнай юрыдычнай працэдурай, паслабленнем захадаў праз інтарэсы асобных дзяржаваў-чальцоў ЕЗ і розным узроўнем іх гатовасці забяспечваць захаванне абмежаванняў.

«Тым не менш, хоць распрацоўванне і рэалізацыя санкцыяў не ідэальныя, яны павялічваюць кошт і дэфіцыт крытычна важных кампанентаў для расейскай/беларускай вайсковай прамысловасці, узмацняюць унутраную канкурэнцыю, якая падрывае грамадзянскі сектар, яшчэ больш распыляючы абмежаваныя рэсурсы Расеі».

Вір тавараў для ВПК

Гандлёвы ланцужок працуе ў абодва бакі. Пакуль беларускія прадпрыемствы забяспечваюць расейскі ВПК, Расея пастаўляе некаторым з іх заходнія падсанкцыйныя тавары. Гаворка ідзе аб прадукцыі еўрапейскага, амерыканскага, японскага і паўднёвакарэйскага паходжання.

З красавіка 2022 года па ліпень 2025-га беларускія пастаўшчыкі з нашага спісу атрымалі такіх тавараў прыкладна на $800 тыс.
Больш за ўсё сярод іх было прадукцыі нямецкага паходжання — на $254 тыс. У асноўным гэта апаратура для вымярэння і кантролю электрычных велічыняў, а таксама прыборы для фізічнага і хімічнага аналізу. Сярод найбуйнейшых атрымальнікаў — ААТ «Пеленг» і УП «НТЦ ЛЭМТ БелОМА».
Улічваючы аб’ём паставак, БРЦ звярнуўся ў Федэральнае ведамства Нямеччыны па эканоміцы і экспартным кантролі BAFA з пытаннем, ці сведчаць падобныя выпадкі пра недахопы існуючай сістэмы і як іх прадухіліць. На першае пытанне ведамства нам не адказала. Па другім паведаміла, што эфектыўнасць санкцыяў залежыць ад сумеснай працы бізнесу і дзяржавы, адзначыўшы, што кантроль і расследаванне магчымых парушэнняў забяспечваюць мытныя і праваахоўныя органы.
Швейцарскія рухавікі, генератары і кампаненты для электрычнай апаратуры на $198 тыс. закупіла УП «НТЦ ЛЭМТ БелОМА».
Брытанскія інтэгральныя схемы і вылічальныя машыны на $84 тыс. набыў «Пеленг».
Амерыканскія мікрасхемы, апаратуру для кіравання электрычным токам, паўправадніковыя прыборы і вылічальныя машыны на $50 тыс. атрымала ТАА «СД Электра». Гэтая кампанія ўжо фігуравала ў расследаванні БРЦ як пастаўшчык мікрасхемаў, якія можна выкарыстоўваць для стварэння знішчальнікаў і беспілотнікаў, у Расею.
Сярод заходніх тавараў былі і італьянскія. У лютым 2023 года ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод”» атрымала італьянскія рухавікі на $17 тыс. Італьянская прадукцыя паступала праз Расею і на «Інтэграл». Са студзеня па ліпень 2023 года прадпрыемства атрымала часткі і прылады да станкоў, а таксама апаратуру для вытворчасці мікрасхемаў на $16 тыс.
«Вымяральнае/кантрольнае абсталяванне і абсталяванне для вытворчасці мікрачыпаў адносяцца да “доўгатэрміновых” тавараў, якія падтрымліваюць і забяспечваюць абаронную вытворчасць на працягу доўгага часу, у той час як іншыя апісаныя вамі тавары адносяцца да “кароткатэрміновых” тавараў, якія адразу ж паступаюць у сістэмы ўзбраення. Імпарт “доўгатэрміновых” тавараў двайнога прызначэння ў большай ступені сведчыць пра доўгатэрміновую залежнасць», — паведаміў БРЦ Ален Маггард, старэйшы аналітык некамерцыйнай арганізацыі па глабальнай бяспецы C4ADS, які спецыялізуецца на расейскім абаронна-прамысловым комплексе.
Найбуйнейшымі расейскімі пастаўшчыкамі санкцыйных тавараў у Беларусь былі ООО «Инелсо», ООО «Термо-Решения», ООО «Грин-Чип», ООО «Промтехпоставка» і ООО «БЛМ Синержи». Для некаторых з іх БРЦ удалося прасачыць пачатковыя звёны ланцужка паставак і высветліць, што санкцыйная прадукцыя трапляла да іх з краінаў Азіі.

ООО «Инелсо», якое пастаўляла ў Беларусь швейцарскія рухавікі, у 2022-2023 гадах атрымлівала іх з Гон-Конґу ад двух мясцовых кампаніяў Cargo Marketing Logistics (HK) Limited, і Guangzhou Orientir Limited, а таксама ад турэцкай Scitech Tasimacilik Ticaret, Limited Sirketi. Апошняя з кастрычніка 2023 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША як кампанія, якая надавала падтрымку расейскай абароннай прамысловасці.

БРЦ даслаў запыты фірмам, якія адпраўлялі санкцыйныя тавары «Инелсо», але атрымаў адказ толькі ад адной з іх. Прадстаўніца Guangzhou Orientir Limited заявіла, што кампанія выступала ў гэтых пастаўках толькі як агент па афармленні экспартна-імпартнай дакументацыі і не была фактычным уладальнікам тавару. Па інфармацыі Guangzhou Orientir Limited, фірма працягвала працаваць з «Инелсо» па інерцыі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, паколькі кліент нібыта запэўніваў іх у адсутнасці сувязяў з пастаўкамі, якія маюць дачыненне да вайны ў Украіне. Пасля ўвядзення санкцыяў супраць «Инелсо» ў снежні 2023-га супрацу спынілі.

Сама «Инелсо» займаецца аптовым гандлем вытворчым электратэхнічным абсталяваннем і таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Кампанія супрацоўнічае з арганізацыямі Міністэрства абароны Расеі. У снежні 2022 года яна пастаўляла электронныя кампаненты АО «Специальное конструкторское бюро МО РФ», якое распрацоўвае і вырабляе ўзбраенне, вайсковую і спецыяльную тэхніку, у тым ліку робататэхнічныя комплексы. Пры гэтым, на сваім сайце «Инелсо» адкрыта прапануе электроніку заходніх брэндаў: нідэрландскіх Tecnotion і Delta Elektronika, амерыканскага Celera Motion, брытанскага Zettlex, нямецкага Stefan Mayer Instruments і ірландскага InnaLabs.

Са згаданых вышэй кампаніяў заходніх брэндаў БРЦ адказалі толькі тры. Tecnotion паведаміла, што да лютага 2022 года сапраўды пастаўляла прадукцыю ў Расею, у тым ліку для «Инелсо», аднак пасля неадкладна спыніла пастаўкі ў Расею і Беларусь, разарвала стасункі з «Инелсо» і неаднаразова прасіла выдаліць згадку пра сябе з сайта кампаніі, але рэакцыі не атрымала. Падобны адказ мы атрымалі ад Innalabs і Stefan Mayer Instruments. Паводле прадстаўнікоў кампаніі, апошні раз яны паставілі тавары «Инелсо» ў 2021 годзе, спынілі супрацу з Расеяй і Беларуссю пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і будуць патрабаваць выдаліць згадкі іх фірмаў з сайта «Инелсо».

ООО «Грин-Чип» пастаўляла ў Беларусь нямецкую электронную апаратуру. У 2023-2024 гадах кампанія атрымлівала яе з Гон-Конґу, Кітаю і Тайланду ад зарэгістраванай у Гон-Конґу Dauking Technology Co., Limited. Тая ж кампанія пастаўляла «Грин-Чипу» санкцыйныя тавары швейцарскага, амерыканскага, брытанскага і французскага паходжання.

Раней БРЦ ужо высветліў, што «Грин-Чип» закупляў у Беларусі мікрасхемы, а ягоныя кліенты супрацоўнічалі з расейскімі ўладамі і прадпрыемствамі ВПК.

У тэлефоннай размове з карэспандэнтам БРЦ магчымасць пастаўкі мікрасхемаў з ЗША і Еўропы пацвердзілі і ў самой кампаніі. Незадоўга да гэтага «Грин-Чип» трапіў пад абмежаванні ЗША. Dauking Technology Co., Limited пры гэтым да гэтага часу не ўключана ні ў адзін санкцыйны спіс.

ООО «БЛМ Синержи» у 2022-2023 гадах атрымлівала з Індыі ад кампаніі Ayush Technologies нямецкія геліевыя цечашукальнікі — прыборы для пошуку вельмі малых уцечак, а затым пастаўляла такія ж тавары ў Беларусь.

Сярод кліентаў «БЛМ Синержи» былі дзяржаўныя інстытуты і даследчыя цэнтры.

Напрыклад, кампанія пастаўляла цечашукальнікі на адрас НИЦ «Курчатовский институт», які займаецца ядравай фізікай і нанатэхналогіямі і ўдзельнічаў у стварэнні атамнай зброі. У кастрычніку 2024 года «БЛМ Синержи» трапіла пад санкцыі ЗША за продаж прамысловага абсталявання, якое выкарыстоўвае «Ростех».

«Асноўнае абмежаванне эфектыўнасці санкцыяў, як правіла, носіць структурны характар, — паведаміў Ален Маггард. — Ведамствам часта не хапае рэсурсаў у параўнанні з маштабам іх глабальнага мандата, што абмяжоўвае іх магчымасці па забеспячэнні выканання санкцыяў мацней, чым адсутнасць намеру дзейнічаць. Гэта пагаршаецца праз абмежаваную бачнасць дадзеных, асабліва ў непразрыстых юрысдыкцыях і ва ўмовах усё больш абмежаванага доступу да расейскіх рэестраў, што ўскладняе і запавольвае адсочванне і пацвярджэнне сувязяў у ланцужках паставак».

На іншым канцы ланцужка

Ланцужок, які пачынаецца ў Гон-Конґу, праз Расею ідзе ў Беларусь, а затым зноў у Расею, для Наталлі з Нікапаля абрываецца раніцай 17 лістапада 2025 года. У дзень абстрэлу Яўген выйшаў з машыны папаліць у перапынку паміж вучнямі. Усё адбылося хутка: снарад стукнуўся аб бардзюр, аскепак трапіў яму ў жывот. Праз 40 хвілін мужчына памёр.

Да моманту публікацыі гэтага расследавання Наталля жыве без мужа ўжо амаль шэсць месяцаў. Ёй дапамагае трымацца неабходнасць клапаціцца пра сына і маці ў сталым веку.

«Як я сябе адчуваю? Як сірата. Вось, як сірата», — кажа Наталля.

Крыніца: БРЦ

Напрыканцы размовы, ужо перад развітаннем, Наталля просіць нас затрымацца. Яна хоча звярнуцца да беларусаў, якія працуюць у кампаніях, што пастаўляюць кампаненты расейскім вытворцам зброі. Паводле падлікаў БРЦ, на такой вытворчасці занятыя амаль 38 тысячаў чалавек.

«Яны працуюць, каб ім плацілі заробак, карміць свае сем'і, так? Я гэта ўсё разумею. Хацелася б, каб гэтыя людзі ўсё ж такі, разумелі, што вось такі вось кошт гэтаму ўсяму».

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі па канец студзеня 2026 года ва Украіне загінулі больш за 15 тысячаў мірных жыхароў, больш як 41 тысяча атрымала раненні і мільёны былі вымушаныя пакінуць свае дамы, вынікае з дакладу маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне.

Мы даслалі запыты ўсім фігурантам расследавання, а таксама ў Дзяржкамваенпрам. Адказы, атрыманыя ва ўстаноўленыя тэрміны, прыведзеныя ў тэксце. Ад рэшты адрасатаў каментароў не паступіла.

Гэты матэрыял уваходзіць у цыкл публікацыяў пра супрацу беларускіх кампаніяў з расейскімі вытворцамі ўзбраенняў:

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць