Антыфэйк / фактчэк 11 сакавіка

(Не)літасцівая Беларусь: як дзяржмедыі маніпулююць тэмай эвакуацыі з Дубаю

Літва, у адрозненне ад нашай краіны, кінула сваіх грамадзянаў у зоне блізкаўсходняга канфлікту, паведамілі СТБ і СБТВ. Усё не так.

На беларускім дзяржтэлебачанні заявілі, што Літва адмовілася вывозіць сваіх грамадзянаў з зоны блізкаўсходняга канфлікту, супрацьпаставіўшы ёй «літасцівую» Беларусь. Каманда Weekly Top Fake вывучыла паведамленні пра эвакуацыйныя рэйсы і высветліла, што Вільня абвясціла аб вывазе людзей яшчэ да выхаду сюжэтаў на СТБ і СБТВ.

Кантэкст: У сакавіку 2026 года пасля пачатку вайсковага канфлікту паміж ЗША, Ізраілем і Іранам сотні тысяч замежных турыстаў і рэзідэнтаў апынуліся заблакаваныя ў зоне абстрэлаў. У іх ліку — каля 3 тыс. беларусаў. З-за ўдараў Ірану па суседніх краінах і атак дронаў на аэрапорт Дубаю авіякампанія «Белавія» скасавала рэгулярныя рэйсы і замяніла іх на эвакуацыйныя: самалёты адпраўлялі ў рэгіён пустымі выключна дзеля вяртання грамадзянаў на радзіму.

Беларускія дзяржаўныя медыі выкарысталі тэму эвакуацыі суайчыннікаў з зоны блізкаўсходняга канфлікту як нагоду для крытыкі суседніх краін. Госць праграмы «Будні» на ютуб-канале СБТВ палітолаг Аляксей Дзермант так скаментаваў цверджанне аглядальніка «Альфа Радыё» Вадзіма Шэпета пра тое, што дзеянні афіцыйнага Менску па эвакуацыі беларусаў — гэта паказнік моцнай дзяржавы:

«[Беларусь — гэта] дзяржава літасцівая, што ставіцца належным чынам і шануе сваіх грамадзянаў, сапраўды. Таму што мы разумеем, што гэта вялікія выдаткі — ганяць пусты самалёт. Гэта нямала, увогуле, каштуе. І, дапусцім, якая Літва магла б сабе гэта дазволіць, не такая яна зусім бедная дзяржава, але гэта паказвае, што насамрэч гэтыя грамадзяне для Літвы, ну, не гэтак важныя, не гэтак каштоўныя, пэўна што», — сказаў Дзермант у эфіры 6 сакавіка 2026 года.

У выпуску навін на тэлеканале СТБ паказалі сюжэт пад назвай «Кідаюць на волю лёсу». Вядоўца наўпрост заявіла пра нежаданне літоўскіх улад браць удзел у выратаванні людзей:

«А вось МЗС Літвы заявіў, што рэспубліка не плануе дапамагаць сваім грамадзянам эвакуявацца з краін Блізкага Усходу».

Гэта навіна СТБ выйшла 4 сакавіка — амаль праз содні пасля таго, як прэмʼер-міністарка краіны Інга Ругінене абвясціла пра эвакуацыю найболей уразлівых катэгорый насельніцтва. Усяго ў небяспечным рэгіёне знаходзілася каля тысячы літоўцаў, ужо 6 сакавіка ў Вільні прызямліўся першы самалёт з прыкладна 120 грамадзянамі. Бо ў Літвы няма нацыянальнага авіяперавозніка, урад падпісаў дамову з кампаніяй Flydubai. Пры гэтым 75% кошту пералёту пакрыў Еўразвяз.

Дапамогу арганізавалі і іншыя краіны ЕЗ. Латвія вылучыла €752 тыс. на эвакуацыю, дзякуючы чаму яе грамадзяне сплачваюць толькі каля €350 за квіток. Для грамадзянаў Эстоніі пералёт абыходзіцца ў €400.

Параўнанне з нібыта дармовай беларускай эвакуацыяй таксама вымагае ўдакладнення. «Белавія» сапраўды перавозіць без даплат тых, у каго ўжо былі квіткі на скасаваныя рэйсы. Аднак для ўсіх іншых кошт квітка з Дубаю ў Менск на красавік на сайце авіякампаніі складае ад €400 да €1000.

Такім чынам, спроба выставіць Беларусь адзінай «літасцівай дзяржавай» будуецца на ігнараванні фактаў: вывазныя рэйсы для сваіх грамадзянаў у сакавіку 2026 года арганізавалі шмат якія краіны рэгіёну, улучаючы Літву.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць