Антыфэйк / фактчэк Сёння

$170 млрд на паўзах для вады? Як на тэлекампаніі «Гомель» завысілі даходы ФІФА

Госць эфіру Анікін заявіў, што федэрацыя зарабіла вялізныя грошы на паўзах для вады. Але такія паўзы не з’яўляюцца крыніцай даходу ФІФА.

Футбольны функцыянер Арцём Анікін на тэлекампаніі «Гомель» заявіў, што ФІФА зарабіла больш за $170 млрд толькі на паўзах для вады падчас матчаў чэмпіянату свету — 2026. Але гэты лік не сыходзіцца з адкрытымі фінансавымі дадзенымі самой федэрацыі. ФІФА планавала выручку $11 млрд за ўвесь чатырохгадовы цыкл.

Кантэкст: Чэмпіянат свету па футболе — 2026 завяршыўся 19 ліпеня перамогай зборнай Іспаніі над Аргенцінай. Турнір праходзіў у ЗША, Канадзе і Мексіцы і стаў нагодай для крытыкі ў беларускіх дзяржаўных медыя. Напрыклад, у эфіры тэлекампаніі «Гомель» 12 ліпеня 2026 года блогер і начальнік аддзелу развіцця футболу Гомельскай абласной федэрацыі футболу Арцём Анікін заявіў, што гэта нібыта першы чэмпіянат свету, дзе ФІФА забараніла паказваць камерцыйныя назвы стадыёнаў. Насамрэч правіла «чыстага стадыёна» ўжываецца шмат гадоў.

У эфіры тэлекампаніі «Гомель» 12 ліпеня 2026 года блогер і начальнік аддзелу развіцця футболу Гомельскай абласной федэрацыі футболу Арцём Анікін заявіў, што Міжнародная федэрацыя футболу зарабіла мільярды долараў на паўзах для вады падчас матчаў.

«Чэмпіянаты свету — гэта непрыбытковая справа. На пальцах можна пералічыць колькасць чэмпіянатаў свету, якія былі ў даход, у плюс. Гэты ж пабіў усе рэкорды. Ён выйшаў у такі вялізны плюс, ён зарабіў такія вялізныя грошы. Больш за 170 млрд зароблена толькі на паўзе для піцця вады. А іх дзве ў матчы. Памнажаем на колькасць матчаў — вялізныя грошы», — сказаў Анікін.

Чэмпіянат свету — 2026 сапраўды можа стаць самым даходным турнірам у гісторыі ФІФА. Яго выручка, паводле прагнозаў, можа быць у паўтара-два разы вышэйшай, чым на папярэднім чэмпіянаце ў Катары. Але гаворка не ідзе пра $170 млрд. У бюджэце ФІФА планавала выручку $11 млрд за ўвесь чатырохгадовы цыкл.

Прагнозы па самым 2026 годзе таксама былі ніжэйшыя — эксперты ацэньвалі магчымую выручку прыкладна ў $9 млрд за год. The Guardian паведамляла, што фактычна турнір прынёс $15 млрд. Гэта рэкордныя сумы, але яны ўсё роўна на парадак ніжэйшыя за $170 млрд, названыя Анікіным.

Акрамя таго, ФІФА не зарабляе на паўзах для вады. Асноўныя даходы федэрацыі звязаныя з продажам тэлевізійных і камерцыйных правоў, квіткоў і ліцэнзіяў. Рост даходаў ад тэлеправоў сапраўды планаваўся, у тым ліку таму, што на чэмпіянаце павялічылася колькасць камандаў і матчаў. Але ў планах ФІФА гаворка ішла прыкладна пра $4 млрд даходу ад тэлевізійных правоў. Рэклама ж падчас трансляцыйных паўзаў — гэта даход тэлеканалаў, а не ФІФА.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць