Антыфэйк / фактчэк 15 ліпеня

Беларускае радыё абвясціла пра транспартны заняпад Балтыі. Але Літва, Латвія і Эстонія наперадзе Беларусі

У эфіры заявілі, што пасля ўступлення ў ЕЗ краіны Балтыі страцілі транспартную сістэму.

Няма чыгункі, няма транспартнай сістэмы — так экспертка Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё апісала краіны Балтыі пасля ўступлення ў ЕЗ. Але дадзеныя паказваюць адваротнае: па шчыльнасці чыгуначнай сеткі яны не саступаюць Беларусі, а па якасці гандлёвай і транспартнай інфраструктуры і ўзроўні жыцця апярэджваюць яе.

Кантэкст: Беларусь абышла Расею ў рэйтынгу якасці жыцця кансалтынгавай кампаніі CS Global Partners. У ім аб’ядналі дадзеныя двух сусветных індэксаў — індэксу чалавечага развіцця ААН і індэксу экалагічнай эфектыўнасці. Рэйтынг улічвае не толькі эканоміку, але і адукацыю, працягласць жыцця і стан навакольнага асяроддзя. Аўтары не раскрываюць, якую вагу мае кожны паказнік, але ў індэксах, на якія яны абапіраліся, Беларусь апярэдзіла Расею, верагодна, за кошт экалогіі. У выніку Беларусь заняла 44-е месца са 152, а Расея апынулася на шэсць пазіцыяў ніжэй.

У перадачы «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 6 ліпеня 2026 года абмеркавалі рэйтынг якасці жыцця. Вядоўца Дзмітрый Рубашны папрасіў эканамістку Юлію Абуховіч параўнаць Беларусь не толькі з Расеяй, але і з краінамі з падобным патэнцыялам. У адказ яна прывяла Літву, Латвію і Эстонію як негатыўны прыклад развіцця пасля ўступлення ў Еўразвяз.

«Тая ж Прыбалтыка*, то бок гэта краіны, якія таксама былі членамі Савецкага Саюзу, краінамі Савецкага Саюзу, мы побач заўсёды развіваліся, гэта была прамысловасць. <…> Але сёння пры ўступленні ў Еўрапейскі звяз яны ўсё гэта аддалі: няма прамысловасці, банальна няма чыгункі, няма транспартнай сістэмы», — сказала Абуховіч.

Сцвярджэнне пра тое, што ў краінах Балтыі няма чыгункі і транспартнай сістэмы, не пацвярджаецца дадзенымі. Шчыльнасць чыгункі — то бок працягласць чыгуначных лініяў на тысячу квадратных кіламетраў тэрыторыі — за час сяброўства ў ЕЗ скарацілася толькі ў Латвіі. У Літве і Эстоніі яна, наадварот, вырасла. Паводле апошніх дадзеных, у Эстоніі гэты паказнік такі ж, як у Беларусі, а ў Літве і Латвіі — нават крыху вышэйшы. У 2024 годзе на 1000 кв. км тэрыторыі ў Беларусі прыпадала 26 км чыгунак, у Эстоніі — столькі ж, у Латвіі — 28 км, у Літве — 29 км.

Тэзу пра разбурэнне транспартнай інфраструктуры ў краінах Балтыі не пацвярджае і індэкс эфектыўнасці лагістыкі Сусветнага банку. Яго складалі на аснове апытанняў спецыялістаў па лагістыцы са 115 краін свету: яны ацэньвалі шэсць паказнікаў, уключаючы якасць гандлёвай і транспартнай інфраструктуры. Паводле гэтага кампаненту ацэнкі Літвы, Латвіі і Эстоніі, як і суседняй Польшчы, аказаліся вышэйшыя за ацэнку Беларусі.

У рэйтынгу якасці жыцця, які абмяркоўвалі ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, усе тры краіны Балтыі таксама знаходзяцца значна вышэй за Беларусь. Таму прыклад Літвы, Латвіі і Эстоніі хутчэй супярэчыць словам Юліі Абуховіч, чым пацвярджае іх.

*Тэрмін «Прыбалтыка» атрымаў шырокае распаўсюджанне ў савецкі час. Пасля аднаўлення незалежнасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі слова «Прыбалтыка» не выкарыстоўваецца ў афіцыйнай тэрміналогіі. Яго ўжыванне можна параўнаць з ужываннем назвы «Беларусія» замест «Беларусь»: фармальна яна сустракаецца, але не адпавядае афіцыйнай назве краіны і можа ўспрымацца як састарэлая. У артыкуле слова «Прыбалтыка» выкарыстоўваецца толькі ў наўпроставай цытаце. У рэдакцыйным тэксце ўжываецца фармулёўка «краіны Балтыі».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць