Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Нанеслі шкоду заводам у Еўропе». Экспертка белрадыё выдала адзінкавы выпадак забруджвання нафты з Азербайджану за правіла

Госця эфіру Новікава заявіла, што азербайджанскую нафту трэба разбаўляць расейскай.

Прафесарка Ірына Новікава заявіла на Беларускім радыё, што азербайджанскую нафту трэба разбаўляць расейскай, інакш яна нібыта наносіць шкоду еўрапейскім заводам. Насамрэч азербайджанская нафта больш якасная і даражэйшая за расейскую Urals. Гісторыя, якую як аргумент прывяла госця эфіру, была адзінкавым выпадкам.

Кантэкст: The New York Times 11 ліпеня 2026 года апублікавала матэрыял, у якім назвала дзяржсакратара ЗША Марка Руб’ё фактычным кіраўніком Венесуэлы. Паводле дадзеных выдання, фармальна краінай кіруе былая віцэ-прэзідэнтка Дэльсі Радрыгес, але многія ключавыя рашэнні яна ўзгадняе з Руб’ё. У публікацыі таксама сцвярджалася, што грошы ад продажу венесуэльскай нафты спачатку ідуць у ЗША, а ўжо потым часткамі пераводзяцца ў Каракас. Белы дом гэты матэрыял на момант публікацыі не каментаваў.

Праз два дні пасля публікацыі The New York Times артыкул «Як Марка Руб’ё кіруе Венесуэлай здалёк» абмеркавалі на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Загадчыца кафедры менеджменту, тэхналогіяў бізнесу і ўстойлівага развіцця БДТУ, доктарка эканамічных навук Ірына Новікава правяла паралель паміж венесуэльскай і азербайджанскай нафтай, якую закупляюць еўрапейскія краіны.

«Венесуэльская нафта… гэта ж не проста вывез яе на рынак і прадаў. Яе трэба разбаўляць. Дакладна гэтак жа, як і азербайджанскую нафту. Вы ж ужо ведаеце, што яна разбаўляецца расейскай нафтай. Таму што паспрабавалі азербайджанцы прадаваць нафту — і нанеслі шкоду там шэрагу заводаў у Еўропе», — заявіла Новікава.

Венесуэльскую нафту сапраўды трэба разбаўляць, каб яна магла ісці па трубах: яна цяжкая, густая і ўтрымлівае шмат серы. Але азербайджанская нафта зусім іншая. Яна, наадварот, лёгкая і па шэрагу характарыстык больш якасная за расейскую: у ёй менш серы і ніжэйшая шчыльнасць. Гэта адбіваецца і на цане. Азербайджанская нафта каштуе амаль у паўтара разу даражэй за расейскую Urals і крыху даражэй за агульнасусветны эталон Brent.

Гісторыя з забруджваннем азербайджанскай нафты сапраўды была, але Новікава прадставіла яе скажона. Год таму ў партыю азербайджанскай нафты, якая ішла ў Еўропу, трапіў анамальна высокі ўзровень арганічных хларыдаў. У невялікай колькасці такія рэчывы ў нафце дапушчальныя, але пры высокай канцэнтрацыі падчас перапрацоўкі яны могуць раз’ядаць абсталяванне нафтаперапрацоўчых заводаў. Гэтая нафта накіроўвалася ў Румынію, Італію і Чэхію. Аднак забруджванне выявілі своечасова, і ніводная з гэтых краін не заяўляла, што яе заводы пацярпелі.

Падмена ў словах Новікавай заключаецца ў тым, што яна гаворыць пра забруджванне так, нібыта гэта звычайны стан азербайджанскай нафты. Насамрэч гэта быў адзінкавы выпадак. У адкрытым доступе няма інфармацыі пра тое, як шкоднае рэчыва трапіла ў трубу. Румынскія СМІ паведамлялі, што расследавалася магчымая датычнасць Расеі, але афіцыйна ўлады такіх заяваў не рабілі.

Азербайджан пастаўляў і працягвае пастаўляць нафту ў еўрапейскія краіны. Сёлета ён ужо прадаў 10 млн тон сваёй лёгкай нафты, і ніводзін завод не заяўляў пра пашкоджанні праз яе.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць