Антыфэйк / фактчэк

28 студзеня

Азаронак назваў Зяленскага «персанажам, арыентаваным на Брытанію». Праверылі яго аргументы

Новы прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер 13 студзеня 2025 года ўпершыню прыехаў у Кіеў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з першых дзён свайго прэзідэнцтва быў залежны ад Вялікай Брытаніі і перш за ўсё пасля абрання паехаў туды, распавёў Рыгор Азаронак у эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост». Каманда Weekly Top Fake вывучыла спіс паездак Зяленскага вясной і летам 2019-га і высветліла, дзе ён быў пасля выбараў.

Новы прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер 13 студзеня 2025 года ўпершыню прыехаў у Кіеў. Рыгор Азаронак у эфіры стрыму «Азаронак. Наўпрост» 13 студзеня адрэагаваў на анонс візіту і распавёў пра залежнасць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ад Лондану. 

«Зеля таксама паехаў да Мура адразу пасля абрання. Калі Парашэнка, гэта ўсё ж такі нейкі паўбрытанскі, паўамерыканскі, паўсамастойны, паўалігархічны, але вось пры ім вайны б не было, як многія лічаць, то гэты персанаж, цалкам арыентаваны на Брытанію, на сваё эга, на свае амбіцыі. Дык вось ён тады паехаў у Брытанію», — паведаміў Азаронак.

Уладзімір Зяленскі наведаў Вялікую Брытанію восенню 2020 года. Падчас візіту ён сустрэўся з кіраўніком брытанскай выведкі МІ-6 Рычардам Мурам, абмеркаваў медыі і фэйкі. Гэта адбылося больш чым праз год пасля абрання ўкраінскага прэзідэнта. 

Першы яго візіт на пасадзе быў у Брусель, для сустрэчы з прадстаўнікамі ЕЗ. Затым Зяленскі наведаў Францыю, Нямеччыну, Канаду, Турцыю, Польшчу і многія іншыя краіны. Да паездкі ў Вялікую Брытанію ён здзейсніў больш за 20 візітаў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі