Унутраныя звесткі кампаніі Worldclear, якія выцеклі, уключаюць спісы кліентаў, запісы пра канфідэнцыйныя трансакцыі і ўнутраную перапіску. Яны паказваюць, што кліенты ўносілі грошы на рахункі кампаніі, адкрытыя ў банках Новай Зеландыі, ЗША, Еўропы і іншых краін. У перыяд з 2014-га па 2019 год Worldclear апрацоўвала шматмільённыя грашовыя пераводы для высокарызыкоўных кліентаў па ўсім свеце.
Аляксей Алексін праз Worldclear атрымаў шэраг пераводаў ад кіпрскай кампаніі. Яны былі аформленыя як пагашэнне пазык. Трансакцыі правялі ў 2017–2018 гадах, да таго, як на беларускага бізнесоўца, вядомага як «тытунёвы кароль», наклалі санкцыі. У абмежавальныя спісы ЕЗ і ЗША ён трапіў у 2021 годзе — у абгрунтаванні Алексіна назвалі ключавым прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі з бізнес-інтарэсамі ў некалькіх сектарах, уключаючы энергетыку.