Выхаванне пад наглядам сілавікоў
«Патрыятызм, — патлумачыла Ірына, чаму ў 2021 годзе прывяла сваю дачку, шасцікласніцу Дашу, у ваенна-патрыятычны клуб “Доблесць”. — Калі мужчына праходзіць армію, ён вяртаецца зусім іншым чалавекам. Я думаю, не абавязкова быць мужчынам. Можна быць і жанчынай, і дзяўчынкай, каб хоць трошкі да гэтага дакрануцца».
Далучыцца да клуба сям’і прапанавалі ў школе. «Не ведаю, у шостым класе наколькі гэта была яго [дзіцяці] матывацыя — хутчэй матывацыя бацькоў, чым дзяцей. Нам падказалі, што дзіцяці трэба больш актыўнасці», — кажа Ірына. Пра прасоўванне клубаў ваенна-патрыятычнага выхавання ў школах расказалі і іншыя бацькі, нумары тэлефонаў якіх БРЦ атрымаў дзякуючы ініцыятыве «Рабочы рух». Мы тэлефанавалі ім і прадстаўляліся сакратаром «Маладой гвардыі», што збірае водгукі, а імёны маці і дзяцей у публікацыі змянілі дзеля іх бяспекі.
«Доблесць», як і яшчэ 22 клубы пры частках унутраных войскаў МУС Беларусі, уваходзіць у склад мясцовага дабрачыннага фонду «Маладая гвардыя». Яго стварылі ў траўні 2024 года ў межах загаду Аляксандра Лукашэнкі «Аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў».
На сайце арганізацыі заяўлена, што яе асноўныя задачы — патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці і выхаванне любові да Радзімы. Мерапрыемствы Фонду наведваюць намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў, які ўдзельнічаў у разгоне пратэстаў пасля выбараў 2020 года, найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і іншыя высокапастаўленыя прыхільнікі кіраўніка краіны.
«Яна казала: “Усё, магу тыдзень руку не мыць”, — пасля таго, як з ёй павіталіся і звярнулі ўвагу, — падзялілася ўражаннямі дачкі Марыны з гарадзенскага клуба “Цыркон” яе маці Вольга. — Ёй падабаецца глядзець на дарослых і цягнуцца да іх».
Баявая зброя для дзяцей
Мы патэлефанавалі і ў клубы — пад выглядам зацікаўленых бацькоў. У мазырскім «Беркуце» фармат заняткаў апісалі як «падрыхтоўку дзяцей да вайсковай службы». У «Доблесці-Лельчыцы» нам паведамілі, што падлеткі страляюць з баявой зброі, кіруюць дронамі, вучацца штурмаваць будынкі і капаць акопы пад кіраўніцтвам вайсковых інструктараў. «То бок, у асноўным, такія прадметы, якія спатрэбяцца ім і ў паўсядзённым жыцці», — зрабіў выснову прадстаўнік клуба.
Асабліва нас зацікавіў факт, што падлеткі атрымліваюць доступ да баявой зброі. Гэта пацвердзіла і маці выхаванкі «Доблесці» Ірына. Прадстаўнік «Маладой гвардыі» спачатку гэта адмаўляў, але ўрэшце дапусціў магчымасць стральбы для старшакласнікаў: «Нармальных хлопцаў заўсёды цягне да зброі».
«Мы навучым быць мужыком», — каротка апісаў ён праграму.
БРЦ знайшоў у сацсетках Фонду фота і відэа спаборніцтваў па стральбе з аўтамата Калашнікава. Дырэктар арганізацыі Сяргей Грабеннікаў звярнуўся да дзяцей: «Баявая стральба — гэта вельмі адказна». Відэа мы паказалі прадстаўніку ініцыятывы BelPol Уладзіміру Жыгару. Былы супрацоўнік міліцыі пацвердзіў: зброя сапраўды баявая. «Гэта, увогуле, абсурд», — падкрэсліў Жыгар, адзначыўшы, што раней атрымаць у рукі баявую зброю можна было толькі пасля складаных тэстаў.