Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай «Рабочы рух» і літоўскім расследавальніцкім цэнтрам Siena пры падтрымцы «КіберПартызанаў».
«Горадня Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі, выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі. БРЦ разам з партнёрамі даведаўся пра дзве такія кампаніі. Адна перавозіць угнаенні на фурах, іншая — па чыгунцы. На гэтых схемах зарабляюць у тым ліку «гаманцы» Аляксандра Лукашэнкі.
Да наладжвання шэрых паставак наўпрост маюць дачыненне беларускія ўлады: адну з фірм-пракладак адкрыў Гарадзенскі райвыканкам. У схеме таксама задзейнічаныя кампаніі-прывіды і структуры, якія раней выпампоўвалі грошы з «Беларуськалія».
Сетка кампаній, праз якія да беларускіх уладаў у абыход санкцый ідуць еўрапейскія грошы, пазбаўляе ЕЗ інструментаў ціску на нашых чыноўнікаў. У выніку Еўразвяз не можа спрыяць вызваленню палітвязняў Беларусі, у тым ліку — былых працаўнікоў «Горадня Азота».
Засада на мяжы
У ноч з 13 на 14 лютага на літоўскай мяжы неспакойна. Актывісты з арганізацыі «Рабочы рух» зладзілі засаду на беларускія фуры, гружаныя санкцыйнай прадукцыяй. Першая з іх праходзіць літоўскую мытню позняй ноччу, але неўзабаве дарогу ёй перакрываюць актывісты. Разгублены кіроўца паказвае дакументы на груз. З іх вынікае, што ў Еўропу вязуць угнаенні з падсанкцыйнага прадпрыемства «Горадня Азот».
У якасці карэспандэнта акцыю асвятляе кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч. Яму ўдаецца паразмаўляць з кіроўцам затрыманай фуры, і той пацвярджае: грузіўся на «Горадня Азоце». Прыкладна праз гадзіну актывісты блакуюць яшчэ адну фуру. Яе кіроўца таксама прызнаецца, што вязе ўгнаенні «Горадня Азота».