У прааналізаваных намі гандлёвых дадзеных апынулася і польская фірма.

Аўтары: Ігар Кулей, Яна Міцкевіч
Рэдактары: Станіслаў Івашкевіч, Лола Бурыева

Беларускія кампаніі маглі зарабіць дзясяткі мільёнаў еўра звышпрыбыткаў: зімой 2023-га пасля скачку коштаў на энерганосьбіты, а сёлета яшчэ раз — у часе нязвыкла халоднай зімы ў Еўропе. У краіне наладзілі вытворчасць высакаякаснага чыстага паліва, выбудавалі каналы паставак для яго і напрацавалі сталых пакупнікоў. Але рашэнні ўладаў пазбавілі Беларусь дадатковай валютнай выручкі, а буйная галіна прамысловасці аказалася ў крызісе. БРЦ высветліў, як з яго намагаліся выйсці — прыбытковы экспарт спрабавалі ратаваць альтэрнатыўнымі маршрутамі, у тым ліку, праз Турцыю.

Расследаванне падрыхтаванае ў партнёрстве з турэцкім выданнем The Black Sea, дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Мільёны на апілках: магчымасці і рэальнасць

Зарабіць мільёны на адкідах дрэваапрацоўкі? У гісторыі нешматлікіх поспехаў беларускай прамысловасці апошніх трох дзесяцігоддзяў ёсць і такі прыклад. Усяго за тры гады ў краіне з нуля стварылі новую галіну па вытворчасці экалагічнага біяпаліва — пелетаў. Але толькі стварыць — мала, трэба яшчэ і прадаць. І з гэтым беларускія кампаніі таксама справіліся на выдатна, увайшоўшы ў топ-5 краінаў-экспарцёраў пелетаў на вельмі канкурэнтным рынку Еўразвязу. 

Пелеты, ці іначай драўляныя гранулы, — гэта раздробненая, спрэсаваная і высушаная драўніна, больш эфектыўная за дровы ці вугаль пры ацяпленні дамоў. Для спальвання пелетаў патрэбныя адмысловыя нятанныя катлы, але гэты выдатак кампенсуецца зручнасцю і эканоміяй у эксплуатацыі. Для вытворчасці гэтага біяпаліва можна выкарыстоўваць розныя адкіды дрэваапрацоўкі: апілкі, шчапу, невялікія галіны дрэваў і нават падгнілую ці трухлявую драўніну. У Беларусі, якая да 2022 году зарабляла на экспарце лясной прадукцыі $1,5—2 млрд на год, сыравіны для вытворчасці драўляных гранулаў хапала з лішкам. 

Найбольш пелетаў у свеце спажывае Еўразвяз, які зацвердзіў за гэтым палівам статус экалагічнай і аднаўляльнай крыніцы энергіі. У адной толькі Польшчы ім абаграюцца каля паўмільёна хатніх гаспадарак. У 2022 годзе ЕЗ спажыў амаль 23 млн т драўляных гранулаў, пры гэтым уласная вытворчасць складала няпоўныя 21 млн т. Розніца ў два мільёны рабіла рынак Еўразвязу найвялікшым адзінкавым пакупніком пелетаў у свеце. Кошт адной тоны на ім вагаецца ў залежнасці ад сезону ад €200 да €450 і даходзіць да €750 у крызісныя моманты.

У Беларусі пастанавілі выкарыстаць абодва фактары — уласную развітую галіну дрэваапрацоўкі і вялікі суседні рынак. У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка асабіста распарадзіўся запусціць праграму пабудовы першых шасці пелетных заводаў. У іх інвеставалі 81 млн руб. ці амаль $40 млн. Ужо праз два гады Беларусь заняла чацвёртае месца сярод краінаў-экспарцёраў пелетаў у Еўразвяз.

Крыніца: БРЦ

3% ад амбіцыяў

Да 2023 года ў Беларусі запусцілі 64 пелетныя заводы. Іх сумарная вытворчая магутнасць складала 900 тыс. т на год, то бок палову ўсяго замежнага імпарту Еўразвязу. Але гэтыя дзясяткі прадпрыемстваў так і не выйшлі на максімальныя прадукцыйныя лічбы. У першыя дзевяць месяцаў 2023 году агульная вытворчасць пелетаў у Беларусі не перавысіла 30 тыс. т — 3% ад патэнцыйных магчымасцяў. Гэта менш, чым магутнасці аднаго толькі Мазырскага заводу, які здольны выпускаць 36 тыс. т пелетаў у год, і ў 20 разоў менш, чым Беларусь экспартавала ў Еўразвяз у 2021 годзе.

Прычынай правалу праекту беларускіх уладаў сталі іхныя ж дзеянні. У адказ на палітычныя рэпрэсіі ўнутры краіны пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 2020 года і саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны Еўразвяз наклаў на дрэваапрацоўчую галіну санкцыі. У сакавіку 2022-га амаль адначасова адклікалі міжнародны сертыфікат якасці на беларускія пелеты і прынялі рашэнне цалкам забараніць імпарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі. 

Месца Беларусі і Расеі на еўрапейскім рынку занялі шэсць краінаў: ЗША, Канада, Бразілія, Украіна, Малайзія, В’етнам і Турцыя. Першыя пяць па стане на 2022 год былі буйнымі вытворцамі пелетаў з гадавымі магутнасцямі ад паўмільёна да некалькіх мільёнаў тонаў. Але апошняя выглядала ў гэтым спісе як анамалія. Да ўвядзення эмбарга Турцыя вырабляла каля 200 тыс. т і прадавала ў ЕЗ ад 637 т у 2015-м да 22 тыс. т пелетаў у 2021 годзе. Пасля ўвядзення забароны на пастаўкі пелетаў у ЕЗ з Расеі і Беларусі пастаўкі з Турцыі выраслі ў 5,4 разу. Што магло стаць прычынай гэтага, у каментары БРЦ патлумачыў усходазнаўца з New Eurasian Strategies Centre Руслан Сулейманаў:

«У 2022 годзе Турцыя стала адной з ключавых, калі не самай галоўнай краінай для Расеі для абыходу санкцый. ... Турцыя стала краінай так званага ценявога імпарту і менавіта праз Турцыю ажыццяўляліся, прынамсі ў 2022, 2023 і збольшага 2024 гадах даставы падсанкцыйных тавараў. Апроч таго, у Турцыі ... ствараліся падстаўныя фірмы для зручнейшага ўзаемадзеяння паміж расейскімі і турэцкімі кампаніямі, і ў тым ліку для разліку ў доларах. <...> З прычыны цеснай супрацы рэжыму Лукашэнкі і рэжыму Пуціна, вядома ж, галоўным чынам буйны бізнес, бізнес, звязаны так ці інакш з дзяржавай, ён аднолькавым чынам, што ў Беларусі, што ў Расеі, абыходзіць санкцыі — у тым ліку праз турэцкую тэрыторыю».

Расследавальнікі БРЦ пацвердзілі, што беларускія пелеты сапраўды спрабавалі прадаваць у абыход санкцыяў праз Турцыю.

Мытны след

БРЦ прааналізаваў мытныя дадзеныя за 2022—2025 гады і выкрыў 81 пастаўку беларускіх пелетаў у Турцыю на агульную суму $750 тыс. У здзелках удзельнічалі 15 беларускіх, 11 турэцкіх і адна польская кампанія. Сем турэцкіх фірмаў выступалі адначасна і імпарцёрамі, і экспарцёрамі: набывалі пелеты з Беларусі і прадавалі такі ж тавар у ЕЗ, што можа сведчыць пра рээкспарт. 

Як працавала схема, бачна на прыкладзе беларускіх ТДА «Азімут Оптыма» і ТАА «Кронатэкс-Бел». З 2022-га па 2024 год яны паставілі каля 150 тыс. кг драўляных гранулаў турэцкай кампаніі Lsk Makro Agac Sanayi Ve Ticaret Anonim Sirketi. За той жа перыяд гэтая кампанія прадала 900 тыс. кг пелетаў у Еўразвяз. Паводле дадзеных з базаў міжнароднага гандлю, частка гэтага экспарту мела беларускае і расейскае паходжанне, а адным з еўрапейскіх пакупнікоў беларускай прадукцыі ад турэцкай LSK Makro Agac Sanayi Ve Ticaret была польская кампанія ANS Group Sp. z o.o. На момант пастаўкі ёй кіраваў беларус Андрэй Кунц. У 2024 годзе ён атрымаў долю ва ўласнасці гэтай кампаніі, а ягоная жонка Вікторыя ўвайшла ў кіраўніцтва. Сям'я таксама валодае польскай фірмай Kunctrade Sp. z o.o., якая спецыялізуецца на аптовым гандлі лесам.

«Калі польская кампанія свядома набывае беларускія прадукты дрэваапрацоўкі, нават праз Турцыю, такі ўскосны закуп або імпарт ахопліваюцца санкцыямі, і перанакіраванне праз названыя дзяржавы юрыдычна не мае значэння», — ацаніў прававы аспект гэтай супрацы доктар юрыдычных навук Марцін Мэнкес, прафесар Галоўнай гандлёвай школы ў Варшаве.

ANS Group у адказе на наш зварот падкрэсліла, што не можа пацвердзіць знаходкі БРЦ аб пастаўках пелетаў і іх паходжанні. Кампанія адзначыла, што вядзе дзейнасць у адпаведнасці з дзеючымі нормамі права, у тым ліку правіламі, якія тычацца санкцыяў Еўразвязу, а таксама верыфікуе контрагентаў і гандлёвую дакументацыю.

Вядомыя і адметныя

Айчынныя пелеты ў Турцыю пастаўлялі як прыватныя, так і дзяржаўныя беларускія фірмы і лясгасы. Найбольш вядомыя сярод іх: ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынгу, УП «Беллесэкспарт» і ТАА «Еўрагандаль», уласнік брэнду «Еўраопт». Дзве менш вядомыя фірмы з нашага спісу маюць адметных уласнікаў: адным з бенефіцыяраў ТАА «Профітсістэм» з’яўляецца Сяргей Мезенцаў — поўны цёзка былога супрацоўніка службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі, а бенефіцыярам ТАА «Свудс экспарт» выступае расейскі мільярдэр Ігар Рыбакоў, які знаходзіцца пад санкцыямі Польшчы і Украіны.

Eurotorg Holding PLC, якая валодае «Еўрагандлем», назвала інфармацыю пра пастаўкі яе даччынай кампаніі на адрас турэцкай фірмы Pelkur Heat Industry And Trade Ltd. Co, апісаныя ў нашым запыце, памылковай. Кампанія паведаміла, што «Еўрагандаль» ніколі не мела камерцыйных і іншых адносінаў з турэцкай Pelkur Heat Industry And Trade, а камерцыйныя аперацыі з пелетамі не адпавядаюць профілю «Еўрагандлю», які з’яўляецца аператарам сеткі раздробнага гандлю прадуктамі харчавання і тавараў паўсядзённага карыстання. 14 іншых беларускіх фірмаў, якія згадваюцца ў расследаванні, не адказалі на запыт БРЦ.

З сямі турэцкіх фірмаў, якія імпартавалі пелеты з Беларусі і экспартавалі такога ж тыпу тавары ў ЕЗ, адказ прыйшоў толькі ад кампаніі Etraa International Turizm Ticaret Limited Sirketi. Кампанія пацвердзіла, што набывала пелеты з Беларусі, але ўвесь аб’ём прадала на хатнім рынку. У адказе адзначылі, што Турцыя не накладала санкцыі на прадукцыю беларускай дрэваапрацоўкі, таму імпарт з Беларусі адбываўся ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Крыніца: БРЦ

Польскі пасярэднік

Адзіная еўрапейская кампанія з нашага спісу, якая, імаверна, пастаўляла беларускія пелеты ў Турцыю, — польская Supinvest Sp. z o.o. Яе заснавалі 9 траўня 2022 года — за месяц да ўступлення ў сілу ляснога эмбарга. У дзвюх не звязаных паміж сабой базах гандлю, якія праверыў БРЦ, ёсць сведчанні пра тое, што праз паў гады пасля рэгістрацыі кампанія занялася экспартам беларускіх пелетаў. У кастрычніку—лістападзе 2022 года Supinvest паставіла з Беларусі ў Турцыю 10 партый драўляных гранул агульным коштам $150 тыс. Набыла іх турэцкая фірма Pelkur Heat Industry And Trade, якая, паводле інфармацыі з базаў, атрымлівала беларускія пелеты і ад кампаніі «Еўрагандаль».

«Той факт, што драўляная [прадукцыя] не трапіла ў Еўразвяз, насамрэч не мае значэння. Кожны раз, калі аператар з Еўразвязу, у дадзеным выпадку польская [фірма], альбо транспартуе, альбо спрыяе транспартаванню беларускага дрэва, якое паступае з Беларусі ў Турцыю, гэта зноў жа, хутчэй за ўсё, парушае санкцыі Еўразвязу», — адзначыў доктар юрыдычных навук Марцін Мэнкес, прафесар Галоўнай гандлёвай школы ў Варшаве.

Крыніца: БРЦ

Валодаюць Supinvest грамадзяне Малдовы Антон Цвіцінскі і Польшчы Наталля Цвіцінская. Цвіцінская — доктарка юрыдычных навук, дацэнтка Пазнаньскага ўніверсітэту, адмыслоўца ў галіне міжнароднага права і правоў чалавека. Яна рэгулярна ўдзельнічае ў прэстыжных міжнародных навуковых форумах, сярод якіх мерапрыемствы ў Оксфардскім і Тэхаскім універсітэтах. У інтэрнэце можна знайсці дзясятак яе публікацыяў у прэстыжных журналах, у тым ліку на тэму прававых наступстваў анексіі Крыму. 

На наш запыт пракаментаваць законнасць паставак Наталля Цвіцінская адказала, што, паводле яе інфармацыі, яны не тычыліся драўляных пелетаў. Яна таксама паведаміла, што, паводле наяўных у яе звестак, Supinvest выконвае правілы абмежаванняў у гандлёвым абароце. За больш дакладнай інфармацыяй яна папрасіла звяртацца непасрэдна да кампаніі. У кампаніі нам адказалі, што ў акрэсленым часе ажыццяўлялі пастаўкі тавару ў адрас турэцкай Pelkur Heat Industry And Trade, але здзелкі не тычыліся драўляных пелетаў ці іншага тавару, які знаходзіцца пад санкцыямі, на што фірма мае адпаведныя дакументы (але не далучылі ўзгаданыя дакументы да адказу, таму мы не можам спраўдзіць іх змест). У кампаніі дадалі, што палітыка фірмы грунтуецца на выкананні правілаў, якія датычацца санкцыяў, забаронаў і абмежаванняў у гандлі.

Санкцыі як сцяна

Цягам 2022—2024 гадоў Турцыя экспартавала ў ЕЗ амаль 250 тыс. т драўляных гранулаў на €66 млн. Гэта ў 10 разоў болей па грашовай вартасці, чым за тры папярэднія гады. У 2025 годзе анамальны экспарт з Турцыі ў ЕЗ вярнуўся да дасанкцыйнай велічыні з гадавымі пастаўкамі на ўзроўні €3 млн.

Дакументы, якія БРЦ перадаў «Рабочы Рух», сведчаць пра тое, што рээкспарт беларускіх і расейскіх пелетаў праз Турцыю аказаўся эканамічна немэтазгодным. Пры сярэднім кошце €350 за тону на нямецкім рынку восенню—зімой 2023—2024 гадоў палову ад гэтай сумы давялося б аддаць на дастаўку тавару з Беларусі ў ЕЗ праз Турцыю. Таму колькасць паставак пелетаў з Беларусі ў Турцыю падала штогод. З 81 выяўленай БРЦ пастаўкі пелетаў у Турцыю 75 прыпалі на 2022 год, калі ўвялі санкцыі, чатыры — на 2023 год і толькі дзве — на 2024-ы.

Другой праблемай для жадаючых прадаваць беларускія пелеты ў ЕЗ аказалася рынкавая спецыфіка гэтай галіны. Якая менавіта — мы пабачылі ў праекце ліста ад тагачаснага прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі кіраўніку Камітэту дзяржкантролю Васілю Герасімаву, які нам перадаў «Рабочы Рух»:

«Аналіз гандлёвых плыняў у вытворчасці пелет сведчыць, што гэты рынак з’яўляецца празрыстым і адсочваемым <...> што не дазваляе аператыўна змяняць механіку рынку і перанакіроўваць плыні паставак паліўных гранул (напрыклад, выкарыстоўваючы схему са зменай краіны паходжання тавару)».

У перапісцы чыноўнікаў дэталёва апісаныя 17 спробаў абыходу санкцыяў. У дзевяці з іх фірмы страцілі грошы, у трох — еўрапейскі пакупнік не змог разлічыцца з беларускім дзяржпрадпрыемствам. І толькі адзін раз трансакцыя прайшла паспяхова: пакупніком выступіла эстонская кампанія MVG Trading OU, якая належыць грамадзяніну Беларусі Вячаславу Мігаю. Спробы падмануць еўрапейскіх мытнікаў, выдаўшы беларускія паліўныя гранулы за тавар з Казахстану, ці пастаўка пелетаў праз паўночныя парты Расеі ў Латвію, або пад выглядам кітайскіх — у Літву, скончыліся фінансавымі стратамі, арыштам рахунку і ў адным выпадку нават крымінальнай справай. 

Магла згубіць грошы і згаданая вышэй польская фірма Supinvest — амаль €50 тыс. У перапісцы паміж Галоўчанкам і Герасімавым апісваецца, як кампанія купіла пелеты ў дзяржаўнага лясгаса, але не знайшла спосабу збыту прадукцыі і не вывезла яго з Беларусі. На зварот у лясгас з просьбай вярнуць грошы Supinvest атрымала адказ, што сродкі выдаткавалі на вытворчасць і захоўванне грузу. 

У іншым выпадку турэцкі пакупнік не паспеў своечасова зрабіць мытную ачыстку вялікай партыі пелетаў, транспартаваную чыгункай. Улады канфіскавалі груз у даход дзяржавы. Страты склалі каля $300 тыс. 

Спробу казахскай кампаніі ТАА AV GROUP 2022 падмануць польскіх мытнікаў заблакавалі мытныя органы Казахстану. Яны паведамілі польскай пракуратуры аб парушэнні санкцыяў пакупніком. У выніку рахункі фірмы арыштавалі, а ўласнік кампаніі схаваўся і перастаў выходзіць на сувязь. Пакупнік страціў перадплату ў €80 тыс.

Паводле звестак польскай пракуратуры, атрыманых на запыт БРЦ, на сярэдзіну 2026 года ў вытворчасці знаходзілася 187 крымінальных справаў па фактах абыходу санкцый супраць Беларусі і Расеі. Усяго з пачатку дзеяння абмежаванняў было зарэгістравана амаль 2,5 тыс. такіх кейсаў: 85% з іх датычылі Беларусі, прынамсі 91 крымінальны працэс быў звязаны менавіта з прадукцыяй дрэваапрацоўкі. Частка справаў даходзіць да арыштаў і судоў. Адзін з апошніх на момант публікацыі прыкладаў: у снежні 2025 года Паморская мытна-падатковая адміністрацыя затрымала трох палякаў і двух расейцаў, якія падраблялі даты ў кантрактах на прадукцыю дрэваапрацоўкі і замянялі краіну паходжання тавараў на Казахстан ці Турцыю. Зараз ім пагражае ад 3 да 30 гадоў зняволення.

Правал пераклалі на беларусаў

Каб ратаваць галіну, якая пацярпела экспартавае фіяска, у траўні 2022 года беларускія ўлады запусцілі праграму па павелічэнні спажывання паліўных гранулаў унутры краіны. У рамах праграмы на ТЭЦ і цэментных заводах правялі эксперыменты па пераводзе газавых печаў і катлоў на пелеты. Па іх выніках прадпрыемствы пагадзіліся купляць драўлянае паліва, але на 37% танней за сабекошт, што рабіла здзелку нерэнтабельнай. Паралельна ўлады далі старт праграме спажывання пелетаў насельніцтвам. Яна прадугледжвала кампенсацыю з дзяржаўнага бюджэту да 40% кошту пелетных катлоў і ільготны продаж фіксаванага аб’ёму драўляных гранулаў.

Эканамічны аглядальнік і вядоўца праграмы «Чалы: Эканоміка» Сяргей Чалы апісаў вынік праграмы:

«Калі палічыць аб’ёмы продажу насельніцтву і падзяліць на квоту, па якой ты гэтыя пелеты купляеш па субсідаваным кошце, то атрымаецца, што насельніцтва набыло прыблізна 1200—1300 катлоў. То бок гэта неверагодна мала, у параўнанні нават з суседнімі краінамі. І гэта, агулам, правал. <...> Трэба разумець, што нават гэтыя 1300 людзей, якія паддаліся на гэтую праграму, яны ж могуць апынуцца ў самым найгоршым становішчы ў выпадку, калі ўсё ж такі рынак [Еўразвязу] для гэтага пелету адкрыецца. Адпаведна, гэта ўжо будзе зусім іншы кошт — еўрапейскі. І адпаведна, ці будзе жаданне ў дзяржавы субсідаваць не толькі катлы, але і кошт гэтага пелету для насельніцтва?»

Чыноўнікі разлічвалі, што да 2025 года ўнутранае спажыванне пелетаў у Беларусі дасягне 250 тыс. т на год. Рэальнасць аказалася ў пяць разоў горшай — 52 тыс. Нягледзячы на правал плану, Мінлясгас збіраецца будаваць чарговы пелетны завод ва Уздзенскім лясгасе. З-за санкцыяў праект замарозілі, «але ў раёне маюць намер запусціць новую кацельню на паліўных гранулах», а гэта, па словах журналісткі аднаго з дзяржаўных выданняў, «адкрывае дадатковыя перспектывы».