Расследаванне падрыхтаванае ў супрацы з ініцыятывай «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Гучныя загалоўкі пра нацыяналізацыю «Амкадору» і выхад на пенсію яго былога ўласніка, якія з'явіліся ў медыях летась у сакавіку, аказаліся далёкімі ад рэчаіснасці. БРЦ высветліў, што набліжаны да ўлады прадпрымальнік Аляксандр Шакуцін, які давёў холдынг да фактычнага разарэння, захаваў значную частку бізнесу і працягвае зарабляць на брэндзе «Амкадор». Больш за тое, ён можа вярнуць долі ў кампаніях, што перайшлі пад кантроль дзяржавы. Пры гэтым разлікі па пазыках на сотні мільёнаў долараў, узятых на развіццё прадпрыемства, перакладаюцца на беларускі бюджэт.
Не страціць імперыю
Найноўшы раздзел у гісторыі гіганта беларускай прамысловасці, кампаніі «Амкадор», адкрываецца на пачатку 2000-х. Менавіта ў гэты перыяд Аляксандр Шакуцін разам з партнёрам пачаў скупаць акцыі прыватнага прадпрыемства. У 2012 партнёр выйшаў з гэтага бізнесу, што зрабіла Шакуціна мажарытарным уласнікам з кантрольным пакетам у руках. Цягам 25 гадоў ён разбудоўваў сваю імперыю, ствараючы з нуля новыя заводы ці купляючы дзяржаўныя, нярэдка па ільготным кошце.
Паралельна з ростам капіталу раслі і палітычныя ўплывы бізнесоўца. Для Аляксандра Лукашэнкі Шакуцін стаў блізкім прыяцелям: лётаў з ім на прэзідэнцкім самалёце, [*] [*] наведваў сямейныя сустрэчы і заўзята абараняў рэжым падчас пратэстаў 2020 года. Кіраўнік Беларусі публічна называў яго па-сяброўску Сашам. Менавіта за гэтую блізкасць у 2020 годзе Шакуцін патрапіў пад санкцыі ЕЗ — як асоба, якая чэрпае карысці ад прэзідэнтуры Лукашэнкі. Таму не дзіўна, што, калі на пачатку 2020-х імперыя Шакуціна пачала тануць у запазычанасцях, дзяржава некалькі разоў прыходзіла яму на дапамогу, [*] [*] [*] [*] [*] [*] а калі справы пайшлі зусім кепска, выкупіла даўгі кампаніі бізнесоўца разам са стратным актывам. Але нават страціўшы цэнтральную частку сваёй імперыі, Шакуцін працягвае зарабляць на «Амкадоры», бо перададзены дзяржаве холдынг быў толькі адной з частак ягонага маштабнага бізнесу па вытворчасці і продажы тэхнікі.
«Амкадор» — не проста адна вялікая фабрыка, гэта холдынг-калос, які па стане на 2025 год складаўся з 19 заводаў і дзясятка іншых фірмаў, што забяспечвалі ягоную бесперабойную працу. Наменклатура прадукцыі холдынгу вельмі шырокая: ад экскаватараў, дарожных каткоў, лесазагатовачных харвестараў і запчастак для шырокай лінейкі машынаў да кухонных міксераў, фенаў, мясарубак, медычных прыладаў і нават дзяржаўных ордэнаў ды медалёў. Гаспадарчая дзейнасць «Амкадору» раскінулася не толькі па ўсёй Беларусі, але і ў дзясятку іншых краінаў, сярод якіх Расея, Казахстан, Узбекістан і нават далёкі Бангладэш.
Холдынг «Амкадор» займаўся перадусім вытворчасцю тэхнікі, а ягоныя фірмы-спадарожнікі, якія таксама знаходзіліся ў партфоліа бізнесоўца, спецыялізаваліся на пастаўках запчастак і продажы гатовай прадукцыі. Фармальна яны не ўваходзілі ў склад холдынгу, але без іх асноўныя заводы маглі б спыніцца з дня на дзень. Сярод такіх кампаніяў — ААТ «Салео-Кобрын», якое выпускала гідрацыліндры для большасці амкадораўскіх машынаў, або фабрыка СТАА «Проді», што вырабляла пластыкавыя дэталі экстэр’ераў і інтэр’ераў для колавай тэхнікі. Да гэтай жа інфраструктуры адносіцца і шырока разбудаваная дылерская сетка па продажы амкадораўскай тэхнікі ў Расеі. Паколькі ўся гэтая імперыя выбудоўвалася больш за 20 гадоў, структура ўласнасці атрымалася складанай і заблытанай — менавіта гэта дазволіла Аляксандру Шакуціну не страціць усе свае актывы адным махам.
Выйгрыш у выпадку страты
Нягледзячы на тое, што ў 2020-х «Амкадор» працягваў выводзіць на рынак новыя мадэлі і інвеставаў у новыя праекты, фінансавая сітуацыя паступова пагаршалася праз усё новыя пазыкі на мадэрнізацыю і бягучую дзейнасць. У 2022 годзе кіруючая кампанія холдынгу мела каля $200 млн даўгоў. [*] На гэты ж год прыпадала выплата ўзятай у 2016-м дзяржаўнай пазыкі памерам $45 млн, з якіх сплацілі толькі $500 тыс., відавочна, больш грошаў у бюджэце арганізацыі на гэтыя мэты не было. [*] Вярнуць пазыку дзяржаве дапамагла сама дзяржава. Адмысловым указам Лукашэнкі, пад прэтэкстам «стабілізацыі фінансавага стану» прадпрыемства, «Амкадору» выдалі з беларускага бюджэту новую пазыку на $44,5 млн, каб выплаціць рэшту доўгу. Адсотак па крэдыце знізілі з 7% да 5% гадавых — амаль удвая ніжэй за інфляцыю, то бок пазыку вылучылі на ільготных умовах. [*] Але гэтым разам яе далі разам са страхоўкай для дзяржавы: гарантыяй па вяртанні пазыкі выступілі акцыі ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынгу. Згодна з дамовай, калі ў 2026 годзе прадпрыемства не зможа разлічыцца па гэтай пазыцы, холдынг у складзе 29 кампаніяў з розным адсоткам уласнасці пяройдзе пад дзяржаўны кантроль. [*]
«Гэта стандартная ўмова некамерцыйнага крэдыту. Фактычна, трэба было ўспрымаць гэты крэдыт як дзяржаўную падтрымку. Таму што нізкая працэнтная стаўка і ўмовы (у выпадку чаго мы на гэтую суму ў цябе павялічым долю дзяржавы ў статутным фондзе) — гэта класічныя ўмовы аказання дапамогі прадпрыемству», — патлумачыў Сяргей Чалы, вядоўца праграмы «Чалы:Эканоміка» на БРЦ.
Чакаць да 2026 году не давялося. Ужо ў 2024-м гігант машынабудавання паказаў чысты прыбытак усяго ў 100 тыс. беларускіх рублёў (≈ $31 тыс.). [*] [*] Агульная запазычанасць прадпрыемстваў холдынгу вырасла яшчэ на траціну і перавысіла мільярд рублёў (≈ $310 млн), з якіх 167 млн (≈ $51 млн) былі ўжо пратэрмінаваныя. [*] Шакуцін не меў, чым сплочваць даўгі — на мове фінансаў гэта азначае непазбежнае банкруцтва. І на пачатку 2025 году дзяржава прыйшла па свае акцыі, пасля чаго холдынг перавялі пад вонкавае кіраванне. [*] [*] У прававой дзяржаве ненаўмыснае давядзенне кампаніі да банкруцтва звычайна не прыводзіць да крымінальнай адказнасці ўласніка, але ў Беларусі існуе іншая практыка: буйных бізнесоўцаў могуць пакараць за няўдалае гаспадаранне сваёй прыватнай уласнасцю. Шакуціна гнеў уладаў аднак абмінуў. Замест гэтага даўгі «Амкадору» з часоў яго кіравання выкупілі, разам з заводамі, на якія гэтыя даўгі запісаныя, — і ацанілі ўсё прыкладна ў паўтары разу вышэй за рэальную вартасць.
Але Шакуцін не застаўся без справы. Аналіз структуры ўласнасці ягонай бізнес-імперыі пасля пераходу холдынгу «Амкадор» пад дзяржаўнае кіраванне сведчыць, што бізнесовец захаваў за сабой кампаніі, якія надалей убудаваныя ў ланцужок вытворчасці амкадораўскай тэхнікі або займаюцца ейнымі продажам і тэхнічным абслугоўваннем. Агулам 24 фірмы: у 12-ці Шакуцін — мажарытарны ўласнік, у шасці мае мінарытарныя долі, з астатнімі шасцю звязаны праз сям’ю. Акцыі гэтых кампаніяў не былі гарантыяй па пазыцы на $44,5 млн, а значыцца дзяржава не магла на іх прэтэндаваць.
«Гэта кажа пра тое, што Шакуцін сапраўды таленавіты бізнесовец. Ён вельмі прыгожа аформіў гэтую здзелку ў тым плане, што ён аказваецца ў выйгрышы нават у выпадку, калі ён аказаўся ў страце. То бок, калі дзяржава, не дай бог, усё‑такі, здарыцца цуд, і выратуе гэтае прадпрыемства, то ён жа яшчэ акажацца пастаўшчыком ключавых камплектуючых і тэхналагічных рашэнняў, без якіх яно функцыянаваць не можа. То бок, ён пазбавіўся ад цэнтру стратаў, захаваўшы сабе тое, што ад гэтага прадпрыемства засталося цэнтрам прыбытку. Гэта выдатная ідэя», — патлумачыў Сяргей Чалы.
Нацыяналізацыя страт
Перадача акцыяў у 2025 годзе не паставіла кропку ў перадзеле імперыі Шакуціна. На пачатку таго ж году ён перапісаў долі ў сваіх беларускіх кампаніях на жонку і сына — што можа сведчыць пра спробу вывесці гэтыя актывы з-пад магчымых фінансавых прэтэнзіяў дзяржавы. [*] [*] [*] [*]
А ў кастрычніку выданне «Наша Ніва» паведаміла аб затрыманні бізнесоўца і пазней удакладніла, што Шакуцін правёў у следчым ізалятары тры дні. Пасля гэтага адбылася серыя падзеяў, якія складана спісаць на выпадковасць: узнікае ўражанне, што дзяржава і новае кіраўніцтва «Амкадору» спрабавалі націснуць на бізнесоўца.
Напрыканцы кастрычніка генеральны дырэктар дзяржаўнага холдынгу Аляксандр Яфімаў выдаў распараджэнне, у якім забараніў падпарадкаваным прадпрыемствам разлічвацца ці вяртаць пазыкі 24 фірмам, што належаць або звязаныя з Шакуціным ці ягонай сям’ёй. [*] Праз месяц, у лістападзе, пад кантроль дзяржавы перайшоў ЗАТ «Амкадор-Пінск», пра гэта ў тэлефоннай размове нам паведаміў намеснік дырэктара гэтага прадпрыемства. Акцыі «Амкадор-Пінску» не былі часткай гарантыяў па вяртанні дзяржаўнай пазыкі і 73% з іх належалі сям’і Шакуціна.
Нам невядомыя дэталі гэтай здзелкі, але нейкім чынам дзяржава атрымала кантроль над адным з найбуйнейшых заводаў пад брэндам «Амкадор», які пасля падзелу застаўся ў прыватных руках. [*] А яшчэ праз месяц, у снежні 2025 году, бізнесовец перааформіў частку сваёй расейскай дылерскай сеткі на жонку, як зрабіў гэта раней і з часткай беларускіх кампаніяў. [*] [*] У тэлефоннай размове з журналістам БРЦ ні сам Шакуцін, ні ягоная жонка Марыя не захацелі назваць прычыну змены ўласнасці.
Мінула яшчэ два месяцы, і ў лютым 2026-га паміж холдынгам і Шакуціным, здаецца, запанаваў мір. Дзяржаўны «Амкадор» пагадзіўся абмеркаваць выкуп расейскай дылерскай сеткі, а таксама абмен долямі акцыяў са сваім былым уласнікам. Генеральны дырэктар прадпрыемства распарадзіўся стварыць дзеля гэтага працоўную групу з фірмай ТАА «Спамаш», якая належыць Шакуціну і ягонай сям’і. Што адбылося далей і наколькі рэалістычна, што абмен будзе завершаны, нам невядома — ніякіх публічных сведчанняў пра вынікі працы групы няма. Мы спрабавалі ўдакладніць гэта падчас тэлефонных размоваў і ў Шакуціна, і ў холдынгу: Шакуцін прапанаваў звяртацца да гендырэктара, а адказны за стварэнне групы намеснік гендырэктара параіў тэлефанаваць у прэсавую службу.
Калі план па абмене спрацуе, Шакуцін можа вярнуць сабе прынамсі частку таго, чым валодаў да 2025 году і што давялося аддаць дзяржаве.
Нягледзячы на не заўсёды мірны перадзел былой імперыі Шакуціна, беларускі бюджэт ні на дзень не перастаў субсідаваць кліентаў, якія набываюць тэхніку «Амкадор» праз прыватную расейскую дылерскую сетку бізнесоўца і ягонай жонкі. Для пакупнікоў бесперапынна дзейнічае праграма кампенсацыі лізінгавых плацяжоў у памеры дзвюх трацін ключавой стаўкі Цэнтральнага банку РФ. Для іх гэта азначае таннейшую тэхніку, а для дылера — патэнцыйна большыя продажы і, адпаведна, большы прыбытак. Дзевяць кампаніяў расейскай дылерскай сеткі «Амкадор», якая засталася ў прыватнай уласнасці сям’і Шакуціна, зарабілі ў 2024-м €6 млн. У той жа год прадпрыемствы холдынгу «Амкадор», якія ў 2025 годзе перайшлі дзяржаве, сумарна паказалі страты на рэалізацыі тэхнікі на $7 млн. [*]
«Прыватызацыя прыбытку, а калі што — нацыяналізацыя страт», — падсумаваў у каментары БРЦ Сяргей Чалы вынік супрацы Шакуціна з дзяржавай.
Правал плану выратавання
Нягледзячы на стратнасць холдынгу, улады не збіраюцца яго ліквідаваць.
«Там тысячы людзей, яны чакаюць адказу: нас дзяржава кіне ці не. Вы ім наўпрост скажыце ад майго імя: <...> мы нікога кідаць не збіраемся, там працуюць нашыя людзі», — запэўніваў у чэрвені 2025-га Аляксандр Лукашэнка, падчас сустрэчы з новым генеральным дырэктарам холдынгу «Амкадор».
Слабыя фінансавыя паказнікі і высокая запазычанасць прадпрыемстваў, якія перайшлі пад кантроль дзяржавы, змусілі чыноўнікаў у кастрычніку 2025 году распрацаваць неадкладны план выратавання — дакумент, паводле якога першым крокам стала выдача «Амкадору» з бюджэту чарговых 250 млн рублёў ($83 млн на момант напісання плану) пазыкі. Тут жа склалі паэтапны графік аплаты ўсіх даўгоў холдынгу, які мае расцягнуцца на больш як паўстагоддзя, да 2087 года. Пры гэтым чыноўнікі заклалі ў прагноз на наступныя 60 гадоў стабільны штогадовы прырост продажаў амкадораўскай тэхнікі. То бок разлік на тое, што за гэты час прадпрыемствы холдынгу не сутыкнуцца з ніводным крызісам ці спадам продажаў.
Аптымістычныя прагнозы чыноўнікаў разбіліся аб рэальнасць у першы ж год працы холдынгу пад кантролем дзяржавы. Па афіцыйнай статыстыцы, у 2025-м продажы сельскагаспадарчай тэхнікі на ключавым для беларускіх вытворцаў рынку — у Расеі — праселі на 30%. Дылеры «Амкадору» не сталіся выключэннем:
«Гэтая сітуацыя на рынку, яна датычыць без выключэння ўсіх, як беларускіх вытворцаў і экспарцёраў, так і расейскіх вытворцаў. <...> Канешне, лічбы канкрэтныя я вам не магу назваць, якая ў нас прасадка, таму што гэта камерцыйная таямніца, але я думаю, што вы смела можаце карыстацца інфармацыяй з адкрытых крыніцаў», — сказаў у тэлефоннай размове Аляксандр Санюк, намеснік дырэктара расейскага дылерскага цэнтру «Амкадор-Спамаш» у Ніжнім Ноўгарадзе, якому журналіст БРЦ прадставіўся супрацоўнікам іншага расейскага выдання.
Гэта азначае, што ўладам давядзецца альбо пераглядаць план аздараўлення холдынгу, альбо кампенсаваць правал дадатковымі ўліваннямі. У такім выпадку «Амкадор» рызыкуе папоўніць шэраг беларускіх машынабудаўнічых гігантаў, якія трымаюцца пераважна на дзяржаўнай падтрымцы — як МАЗ і МТЗ.
Мы спрабавалі атрымаць каментар ад Аляксандра Шакуціна. Цягам 20-хвіліннай размовы бізнесовец не адказаў на пытанні па сутнасці і з прыкметнай крыўдай у голасе параіў звяртацца да новага гендырэктара холдынгу «Амкадор» Аляксандра Яфімава:
«Я нічога не ведаю, а ён усё ведае, на ўсё адкажа. Ён кіраўнік «Амкадору». Ён разумны».
Холдынг «Амкадор» наш афіцыйны запыт праігнараваў. Жонка бізнесоўцы, Марыя Шакуціна, таксама адмовілася адказаць на зададзеныя ёй пытанні і папрасіла кіраваць усе запыты да мужа.