Кантэкст: У Беларусі 15 сакавіка адзначылі Дзень Канстытуцыі. Веданне галоўнага закона краіны беларускія чыноўнікі, якія ўпершыню паступаюць на дзяржаўную цывільную службу, павінны будуць пацвярджаць у новым фармаце кваліфікацыйнага экзамену: ён будзе праходзіць у выглядзе кампʼютарнага тэсту, а для паспяховай здачы трэба слушна адказаць мінімум на 60% пытанняў. Акадэмія кіравання пры прэзідэнце падрыхтавала дапаможнік на больш чым 400 старонак, па якім сушукальнікі могуць рыхтавацца да экзамену. У яго, апроч Канстытуцыі, увайшлі асновы кадравай палітыкі, ідэалогіі, рэгулявання эканомікі і справаводства.
Абмяркоўваючы 9 сакавіка 2026 года тэму Канстытуцыі ў перадачы «Азаронак. Наўпрост» на тэлеканале СТБ, галоўны рэдактар газеты «Менскі курʼер» Кірыл Казакоў заявіў, што краіны, якія лічаць сябе дэмакратычнымі, самі не могуць служыць прыкладам дэмакратыі і таму не маюць права патрабаваць яе ад Беларусі. У якасці аргумента ён прывёў Ізраіль.
«У 99-м годзе хто быў прэмʼер-міністрам Ізраілю? Нэтаньягу. У 2006 хто быў прэмʼер-міністрам Ізраілю? Нэтаньягу. У 2012 хто быў прэмʼер-міністрам Ізраілю? Нэтаньягу. Хто цяпер прэмʼер-міністр Ізраілю? Нэтаньягу. А дзе змяняльнасць? А дзе тая самая змяняльнасць, пра якую беларусам расказваюць на працягу ўсёй нашай апошняй сучаснай незалежнасці, што ў нас павінна быць вось такая колькасць прэзідэнтаў? Што наш Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка павінен быў пайсці тады», — сказаў Казакоў.
Бэньямін Нэтаньягу сапраўды ўпершыню стаў прэмʼер-міністрам яшчэ ў 1990-х і агулам займаў гэты пост тройчы. Але яго прэмʼерскія тэрміны не былі бесперапыннымі. Першы раз ён узначальваў урад з 1996 па 1999 год. Потым вярнуўся на гэты пост толькі ў 2009 годзе і заставаўся прэмʼер-міністрам да 2021-га. У трэці раз Нэтаньягу заняў гэту пасаду пад канец 2022 года.
За час паміж яго прэмʼерскімі тэрмінамі ў Ізраілі змянілася яшчэ пяць кіраўнікоў ураду. З 1999 па 2001 год прэмʼер-міністрам быў Эхуд Барак, з 2001 па 2006-й — Арыель Шарон, з 2006 па 2009-й — Эхуд Ольмерт, з 2021 па 2022-й — Нафталі Бэнэт, а потым, у 2022 годзе, — Яір Ляпід.
Паміж першым і другім прэмʼерскімі тэрмінамі Нэтаньягу прайшло дзесяць гадоў. За гэты час ён паспеў папрацаваць кансультантам у сферы высокіх тэхналогіяў, а таксама займаў пасты міністра абароны, фінансаў і замежных спраў, пасля чаго зноў вярнуўся ў парламенцкую палітыку.
На пасту прэмʼер-міністра Нэтаньягу ў суме правёў каля 18,5 года — гэта рэкорд для Ізраілю. Аднак яго палітычнае даўгалецце тлумачыцца не адсутнасцю змяняльнасці самой па сабе, а здольнасцю дамаўляцца з рознымі палітычнымі сіламі.
Таму параўнанне Ізраілю з Беларуссю ў гэтым выпадку некарэктна. Пакуль у Беларусі ўлада шмат гадоў застаецца ў руках аднаго і таго ж прэзідэнта, у Ізраілі за той жа перыяд прэмʼер-міністрамі былі шэсць розных палітыкаў.