Кантэкст: За першыя 10 дзён войны на Блізкім Усходзе ў рэгіёне скасавалі больш за 40 тыс. рэйсаў, з-за чаго пацярпелі больш за 7,5 млн пасажыраў. Медыі паведамілі, што шмат якія турысты соднямі жывуць у аэрапорце Дубая, чакаючы свае рэйсы. Некаторыя адразу купляюць квіткі на ўсе магчымыя кірункі, каб трапіць на адзін з іх.
Вядоўцы Międzynarodowe Radio Białoruś («Міжнароднае радыё Беларусь» — дзяржаўная беларуская міжнародная радыётрансляцыя і медыя‑платформа, якая зʼяўляецца структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампаніі), якое транслюе на Польшчу, Давід Карбанара і Томаш Шміт расказалі, што польскія ўлады нібыта кінулі сваіх грамадзянаў у небяспечным рэгіёне, тады як Беларусь сваіх эвакуявала.
— Цяпер засталіся на Блізкім Усходзе, палякі не былі вывезены польскімі ўладамі, таму што, здаецца, няма магчымасці. <...> А ў Беларусі пару тысяч улады вывезлі з улікам сітуацыі на Блізкім Усходзе, — сказаў Шміт у эфіры праграмы Na Fali Wydarzeń («На хвалі падзей»).
— Так. Але калі Беларусь дала рады, то і Польшча павінна клапаціцца пра сваіх грамадзянаў. Ведаем, што так не зробіць. Але прычына ў тым, што ў Беларусі кіруе ўлада, якая клапоціцца пра грамадзянаў і пра грамадства, — працягнуў Карбанара.
Гэтыя развагі прагучалі ў эфіры 10 сакавіка 2026 года. Да таго моманту Польшча ўжо прыняла 55 рэйсаў з палякамі з Блізкага Усходу. Агулам з рэгіёну эвакуявалі 9772 чалавекі. Гаворка не толькі пра камерцыйныя рэйсы. За грамадзянамі, якім патрабавалася медычная дапамога, польскія ўлады адправілі вайсковыя самалёты. Яшчэ два ўрадавыя барты вылучылі пад эвакуацыйныя рэйсы. З іх дапамогай вярнулі больш за трыста чалавек.
У Беларусь за гэты ж час вярнуліся 2360 чалавек. «Белавія» выканала для гэтага 11 рэйсаў.