Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў напісаў артыкул для газеты «СБ. Беларусь сёння» пра тое, як Літва і яе народ пацярпелі ад санкцый супраць Беларусі. У ёй ён заклікаў літоўцаў да «цывілізаваных зносін са сваімі суседзямі». Каментуючы гэты крок, палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры «Альфа Радыё» 27 верасня 2024 года заявіў, што ў Літве без Беларусі — бяда з эканомікай.
«У якім стане сёння літоўская эканоміка, якая па інфляцыі сёння першая ў Еўрапейскім Звязе? Чаму гэта ўсё? Праз агрэсіўную, непрыязную палітыку Літвы», — сказаў палітолаг.
На самой жа справе ў Літве самая нізкая інфляцыя сярод краін Еўрапейскага Звязу. Гадавы паказнік у жніўні 2024 года склаў 0,8%, у верасні, па папярэдніх дадзеных, яшчэ менш — 0,4%. Гэта значыць, што тэмпы росту інфляцыі ў Літве ў 15 разоў ніжэйшыя, чым у Беларусі. У нас гадавы паказнік у верасні дасягнуў 6%.