Кантэкст: Доналд Трамп заявіў, што заблакаваная Іранам Хурмузская пратока ў нейкі момант сама сабой адкрыецца. Ён таксама абвінаваціў краіны NATO у баязлівасці за нежаданне дапамагчы яму адблакаваць гэту пратоку. Праз Хурмузскую пратоку ідзе транспартаванне нафты з Персідскай затокі ў шмат якія краіны свету, а пасля таго як Іран у адказ на ракетныя ўдары ЗША заблакаваў яе для суднаходства, цэны на нафту выраслі.
На беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе. Вядоўца «Нашых навін» Аляксандр Аверкаў у выпуску 17 сакавіка 2026 года расказаў пра супраціў Ірану:
«Інтэнсіўнасць удараў Тэгерану дзівіць нават Трампа. Кіраўніка Белага дому зноў спыталі пра тэрміны завяршэння канфлікту».
Потым гледачам паказалі фрагмент гутаркі Трампа з журналістамі 16 сакавіка і суправадзілі яго такім перакладам:
«Я думаю, гэта адбудзецца вельмі хутка. Але дакладна не на гэтым тыдні. Я быў абавязаны далучыцца да гэтай аперацыі, але я не чакаў такога супраціву. Мы былі ў шоку. У іх велізарная моц, у іх тысячы ракет. Я думаў, што Іран упадзе нашмат раней. Людзі ў большасці сваёй не разумеюць, што гэта вялікая шахматная партыя. Гэта шахматы вельмі высокага ўзроўню. І я маю справу з вельмі разумнымі гульцамі».
Аднак у арыгінале ў гэты момант Трамп казаў пра іншае. Яго словы датычылі рэакцыі фондавага рынку на падзеі на Блізкім Усходзе і ўзросту цэн на нафту.
«Хочаце ўбачыць, як фондавы рынак абваліцца? Пачніце дазваляць ім біць вас ядравымі ўдарамі. Я сказаў гэта сёння зранку: я думаю, гэта вельмі маленькая цана, якую трэба заплаціць. І, праўду кажучы, я думаў, што ён зваліцца значна мацней, калі хочаце ведаць праўду. Я меркаваў, што ён зваліцца значна мацней толькі таму, што людзі не разумеюць у поўнай меры, што гэта вялікая шахматная партыя на вельмі высокім узроўні. Гэта шахматы вельмі высокага ўзроўню, самога высокага», — сказаў прэзідэнт ЗША ў сыходным фрагменце.
То бок у гэтым эпізодзе Трамп нічога не казаў ні пра тысячы ракет, ні пра моц Ірану, ні пра тое, што чакаў яго хуткага падзення. Гэтыя словы наклалі на арыгінальнае відэа як пераклад, хоць зместу сыходнай рэплікі яны не адпавядаюць.
Пры гэтым пытанне пра тэрміны завяршэння вайны ў гутарцы сапраўды гучала. Журналіст спытаў Трампа, ці можа канфлікт скончыцца ўжо на гэтым тыдні. Ён адказаў: «Вядома». Журналіст удакладніў: «Ці зробім мы гэта?» Трамп адказаў: «Не думаю. Але гэта адбудзецца хутка».
У іншых сваіх выступах Трамп сапраўды называў Іран магутнай краінай і згадваў, што ў яе ёсць «тысячы і тысячы ракет». Але сэнс гэтых словаў быў іншым. У час прэсавай канферэнцыі 9 сакавіка 2026 ён казаў:
«Іран — вельмі магутная краіна. <…> З часу іх апошняга нападу ў іх назапасіліся тысячы і тысячы… У іх былі тысячы і тысячы ракет і ўсяго іншага. Вялікая частка з гэтага зараз знішчана».
Не пацвярджаецца і інфармацыя з сюжэту АНТ пра тое, што Трамп нібыта не чакаў супраціву. Замест гэтага ён заяўляў, што не чакаў удараў Ірану па суседніх краінах, якія не маюць дачынення да канфлікту. Няма і падстаў сцвярджаць, што Трамп чакаў хуткага падзення Ірану. Наадварот, яго выказванні на гэту тэму мелі процілеглы сэнс: паводле слоў Трампа, вайна ідзе з апярэджаннем графіка.
Такім чынам, у навінах тэлеканалу АНТ рэальныя словы Доналда Трампа пра рынак і нафту выдалі за выказванні пра вайсковую моц Ірану і нечаканы супраціў. Гледачам паказалі перакручаны пераклад, які змяняе сэнс яго рэплікі і стварае памылковае ўражанне, быццам прэзідэнт ЗША публічна прызнаў сілу Тэгерану і ўласны пралік у ацэнцы канфлікту.