Антыфэйк / фактчэк

Сёння

АНТ пераклаў на Літву адказнасць за затрыманыя ў Беларусі фуры

На белдзяржТБ распавялі, што літоўскія ўлады арганізавалі «калапс мясцовай транспартна-лагістычнай галіны».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 23.03.2026
На АНТ заявілі, што менавіта Літва не выпускала свае фуры з Беларусі і нічога не рабіла для развязання сітуацыі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што пасля закрыцця мяжы літоўскі бок дазволіў сваім перавознікам вярнуцца і афіцыйна прасіў беларускія ўлады даць грузавікам выехаць, тады як рашэнне, з-за якога яны фактычна захраслі ў краіне, прыняў ужо Менск.

Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка дазволіў выпусціць амаль дзве тысячы літоўскіх і польскіх фур, прычэпаў і паўпрычэпаў, якія амаль пяць месяцаў знаходзіліся ў Беларусі пасля часовага закрыцця мяжы з Літвой. Перад выездам перавознікам усё ж давядзецца аплаціць іх захоўванне. Першапачаткова стаўка складала €120 на содні — гэту суму ў беларускіх дзяржаўных медыях назвалі «мінімальнай па Еўропе» (гэты фэйк каманда WTF ужо выкрыла). Зараз тарыфы за захоўванне зменшылі ў 3–7 разоў.

На дзяржаўным беларускім тэлеканале АНТ фінансавыя страты лагістычных кампаній патлумачылі дзеяннямі літоўскіх улад. У навінавым выпуску ад 23 сакавіка 2026 года расказалі:

«А вось як усё пачыналася. Халодны кастрычнік 2025-га, сотні машын захрасаюць у корку на мяжы з Літвой. Людзі не могуць вярнуцца дахаты, у час давесці груз, ён псуецца, у кіроўцаў няма ежы і лішніх камандзіраваных, але літоўскі бок усё гэта не хвалюе. <...> Спыніць цалкам рух праз Шальчынінкай і абмежаваць асобным катэгорыям твараў праз Мядзінінкай — вось што раптам вырашыла Літва пад канец кастрычніка. За такой фармулёўкай па сутнасці калапс мясцовай транспартна-лагістычнай галіны, страты для перавознікаў, заказчыкаў, выдаткі з нашага боку».

Літва сапраўды зачыняла мяжу ў кастрычніку 2025 года. Аднак вяртацца сваім грузавікам яна не забараняла. Для грамадзянаў Літвы і ў цэлым Еўразвязу дзеяў вынятак, які дазваляў ім вярнуцца. Гэта пацвярджалі і афіцыйныя заявы літоўскага ўрада.

Рашэнне, з-за якога фуры захраслі ў Беларусі, прыняў беларускі бок. 31 кастрычніка 2025-га ўрад забараніў рух еўрапейскіх грузавікоў, а таксама літоўскіх і польскіх прычэпаў і паўпрычэпаў па тэрыторыі краіны. Гэта захада стала адказам на закрыццё мяжы Літвой. Пасля гэтага машыны ўжо не маглі даехаць да мяжы і пакінуць Беларусь.

Далей у сюжэце АНТ сцвярджалі:

«Было вырашана забяспечыць парадак у прымежжы, дапамагчы кіроўцам. Дальнабойнікі перагналі фуры і акуратна паставілі на адмысловыя стаянкі, што аплачваюцца €120 у суткі. Час ішоў, але грошы сваіх грамадзянаў Літва не лічыла, проста апусціла шлагбаумы і стварыла літоўскім дый польскім перавознікам фінансавыя праблемы, якія не збіралася развязваць і пасля аднаўлення руху на мяжы з 20 лістапада».

Гэта інфармацыя таксама не адпавядае фактам. Як мінімум двойчы Вільня афіцыйна звярталася да беларускіх улад з просьбай дазволіць выезд грузавікоў і прапанавала для гэтага стварыць «эвакуацыйны калідор». Беларускі бок на гэтыя звароты адказаў адмовай. У Менску настойвалі, што такія пытанні павінны вырашацца на больш высокім палітычным узроўні.

Літва са свайго боку пайшла насустрач перавознікам і адкрыла мяжу на дзесяць дзён раней за запланаваны тэрмін, каб паскорыць вяртанне фур. Аднак і гэта не дапамагло: грузавікі ўсё адно не маглі выехаць, бо іх працягвалі ўтрымліваць ужо ўнутры Беларусі. Прычыну гэтага наўпрост агучыў дзяржсакратар Рады Бяспекі Аляксандр Вальфовіч:

«Яны знаходзяцца [у Беларусі] толькі па адной прычыне: таму што кіраўніцтва Літвы не хоча ісці на канструктыўны дыялог на палітычным узроўні».

Асобнае пытанне — кошт стаянкі. Да моманту адкрыцця мяжы 20 лістапада фуры прастаялі прыкладна тры тыдні. Калі б ім тады адразу дазволілі выехаць, пры стаўцы €120 на содні стаянка аднаго транспартнага сродку абышлася б прыкладна ў €2400. Зараз тарыфы зменшылі ў 3–7 разоў. Але да гэтага моманту фуры прастаялі ў Беларусі ўжо амаль пяць месяцаў. Таму нават пасля зніжэння расцэнак выніковыя сумы апынуліся супастаўнымі з першапачатковымі ці нават вышэй. Для счаплення гэта каля €6900 (па курсе на 27 сакавіка 2026 года), для паўпрычэпа — каля €4600, для цягача без прычэпа — каля €2350. Пры гэтым не ўсе кампаніі могуць адразу аплаціць такія налічэнні. Пакуль грошы не ўнесеныя, транспарт з тэрыторыі Беларусі не выпускаюць.

Такім чынам, АНТ прэзентаваў сітуацыю так, быццам Літва кінула сваіх перавознікаў і нічога не рабіла для іх вяртання. Аднак літоўскі бок дазваляў сваім грамадзянам вярнуцца, звяртаўся да беларускіх улад з просьбай даць грузавікам выехаць і нават раней за тэрмін адкрыў мяжу. Фуры ж засталіся ў Беларусі з-за рашэння, прынятага ўжо ў краіне.