Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Цэны на бульбу ўзляцелі ў 8 разоў». Як News.by ператварыў біржавы рост у харчовы крызіс у Еўропе

Аўтары дзяржаўных медыяў не ўдакладнілі, што гаворка ішла не пра цэны ў крамах.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 11.05.2026
У навінах Першага інфармацыйнага тэлеканалу заявілі, што Еўропа стаіць на парозе харчовага крызісу, а цэны на бульбу нібыта ўзляцелі ў восем разоў. Гэта маніпуляцыя: гаворка ідзе не пра рознічныя, а пра біржавыя цэны. Яны выраслі пасля падзення да рэкордна нізкіх значэнняў, але ўсё адно застаюцца ніжэйшымі за ўзроўні 2023 года і пачатку 2025-га.

Кантэкст: У 2026 годзе плошчы пасадкі бульбы ў Беларусі павялічаць на траціну, заявілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Было 17 тыс. га, стане 22 тыс. Прычына — дэфіцыт бульбы ў крамах летась. Год таму Мінсельгасхарч ужо абяцаў аддаць пад бульбу больш зямлі, але на практыцы гэтага не адбылося: у статыстыцы Белстату паводле вынікаў года бульбяныя ўгоддзі засталіся ранейшымі. У свежых заявах прэс-служба міністэрства фактычна паўтарыла леташнія абяцанні: цяпер ёсць 17 тыс. га, а стане на 5000 больш.

У навінах 11 траўня 2026 года на Першым інфармацыйным тэлеканале (News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі) паведамілі, што «ў Еўропе цэны на бульбу ўзляцелі на 800%»:

«Еўропа стаіць на парозе харчовага крызісу. Праз дэфіцыт угнаенняў і крызіс у Хурмузскай пратоцы цэны на бульбу ўзляцелі ў 8 разоў. Акрамя таго, сітуацыю пагаршае і паліўны крызіс. Дарагое паліва і дэфіцыт сыравіны б’юць па фермерскіх гаспадарках. Прагнозы несуцяшальныя: следам за бульбай непазбежна падаражэюць мяса і малако».

Бульба ў Еўропе сапраўды падаражэла, але не ў восем разоў для пакупнікоў у крамах. Аўтары Першага інфармацыйнага тэлеканалу не ўдакладнілі важную дэталь: гаворка ідзе пра біржавыя цэны, а не пра розніцу. На біржы цана вырасла прыкладна з €2 да €18,5. Але гэта цана не за кілаграм, а за 100 кг бульбы. На першы погляд рост выглядае рэзкім. Але ў пераліку на кілаграм карціна ўжо не такая драматычная. Раней на еўрапейскай біржы за кілаграм бульбы плацілі каля €0,02 — прыкладна сем беларускіх капеек. Цяпер гатовыя плаціць каля 60 капеек. Гэта не падобна да парога харчовага крызісу.

Прычына рэзкага росту — нізкая база. Год таму ў Еўропе быў рэкордны ўраджай бульбы. Празмернасць гародніны прывяла да падзення цэн. Кошт кармавой бульбы нават апускаўся ніжэй за нуль.

Да красавіка 2026 года біржавая цана бульбы знізілася да мінімальных адзнак за апошнія пяць гадоў. На фоне спекуляцыяў пра вайну вакол Ірану за апошні месяц яна падскочыла да €18 за 100 кг. Але нават пасля гэтага рост не выглядае беспрэцэдэнтным. У пачатку 2025 года 100 кг бульбы каштавалі каля €35 — прыкладна ўдвая даражэй, чым цяпер. У траўні 2023 года цана даходзіла прыкладна да €50 — амаль утрая вышэй за цяперашнюю.

Рознічныя цэны таксама не пацвярджаюць тэзіс пра рэзкае крызіснае падаражэнне. Напрыклад, у Польшчы кілаграм бульбы на момант публікацыі прадаюць прыкладна за €0,45, у Францыі цэны пачынаюцца ад €0,7, а ў Нямеччыне бульбу можна купіць крыху танней за €1.

Для параўнання: у Беларусі бульба ў Е-dostavka каштуе ад €0,3 за кілаграм.

Так Першы інфармацыйны тэлеканал выдаў рост біржавой цаны пасля моцнага падзення за прыкмету харчовага крызісу ў Еўропе. Але рознічныя цэны на бульбу не пацвярджаюць такую выснову.